Наверх

Экскурсія Мінск-Таллін-Стакгольм-Рыга-Мінск

Опубликовано: 84 дня назад (26 декабря 2015)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 4 раза — последний 26 декабря 2015
Просмотров: 170
+4
Голосов: 4
Вандроўка: Мінск-Таллін-Стакгольм-Рыга-Мінск
17.12.- 21.12.2015 года

Адправіліся ў вандроўку з Кастрычніцкай плошчы Мінска ў 20.00 на камфартабельным аўтобусе з эстонскімі нумарамі. Дакументы атрымалі з рук аднаго з кіроўцаў Івана. Ехаць у аўтобусе больш 800 км да Талліна ды яшчэ ноччу вельмі цяжка. Спачатку заныла галава, пасля зацяклі ногі. Выручалі крыху прыпынкі, але ненадоўга. На мяжы з Літвой беларуская мытня і памежнікі правяралі ўвесь багаж праз металадэтэктар. Таксама і на літоўскай мяжы ў Медзінінкаі, дзе звяралі адбіткі пальцаў. Вялікі палец на левай руцэ ў мяне пашкоджаны падчас велатрэніроўкі, таму звяралі і два іншыя пальцы. У адной жанчыны, у якой атрымоўваліся дрэнныя адбіткі, праверылі дадаткова яе багаж. На праходжанне мяжы затрачваецца роўна тры гадзіны, а ехалі да яе ўсяго дзве гадзіны. Ноччу каля Рыгі на адной з заправак падсаджваецца экскурсавод, маленькая, жвавая, гаваркая. На латышска-эстонскай мяжы пад раніцу спыняемся, снедаем хто чым. Адны даядаюць ссабойкі, другія бягуць у кавярню. Стравы коштам 1-3 еўра. Здаем грошы мясцоваму тураператару па 75 еўра. Праязджаем у Эстоніі праз горад Пярну. Дарога ў цемры, але бачна, што навокал у асноўным лясныя і балоцістыя пейзажы, рэдкія хутары. Прыбываем у Таллін каля 10.30 гадзін у тэрмінал “Д”, невялікі адпачынак і адпраўляемся аўтобусам у падарожжа па сталіцы Эстоніі. Назва Таллін перакладаецца як “дацкі горад”. Заснаваны ў 1219 годзе. Пражывае каля 400 тысяч жыхароў. Праязджаем гістарычны цэнтр, агляду перашкаджае невялікі дождж і густы туман. Вежы тонуць у глыбіні туману і іх наканечнікі і флюгеры зусім нябачныя.

Вежа Олевістэ

Затым едзем на знакамітае Пеўчае поле. Па дарозе нам паказваюць сціплы домік Пятра Першага, які заваяваў Таллін у 1709 годзе. Пасля для цара пачалі будаваць прыгожы палац, архітэктарам якога запрасілі быць Мікалу Мікецці. Парк Кадрыорг названы ў гонар царыцы Екацярыны, так па эстонску вымаўляецца “даліна Екацярыны”. У парк для азелянення па прыкладу Версаля прывезлі каля 500 розных дарослых дрэў, ружы і кветкі. Парк займаў плошчу каля 100 га, з якіх дайшлі да нашага часу каля 40 га. Подсцілкавая мясцовая парода – шэры даламіт, таму дрэвы тут растуць не хутка. У Кадрыоргу дзейнічае музей сучаснага мастацтва. Эстонія – маладая краіна. Узнікла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, таму першай яе прызнала суседняя, таксама стаўшая незалежнай пасля рэвалюцыі Фінляндыя. Кіраўніком краіны з’яўляўся Стараста рэспублікі, з 1939 – Прэзідэнт рэспублікі. У парку знаходзіцца прэзідэнцкі Палац і знакамітае Пеўчае поле. Першае свята песні было праведзена яшчэ ў 1860 годзе ў Тарту (раней Дзерпт). На Пеўчым полі раз у 5 год збіраюцца хары і танцавальныя калектывы з усёй Эстоніі і Прыбалтыкі. Адначасова можа збірацца ў хор каля 25 тысяч чалавек. Ініцыятарам правядзення такіх святаў у савецкія часы быў вядомы эстонскі кампазітар Густаў Эрнесакс, якому на краі Пеўчага поля ўстаноўлены Ганаровы помнік. Ён разам з гледачамі слухае і назірае за дзеяннямі свята.

Густаў Эрнесакс і аўтар

Далей едзем на аўтобусе ў прэстыжны ўзбярэжны раён Пірыта, названы так па мясцовай рацэ. Тут пражывае нават вядомая спявачка Ганна Вескі. На заліве да Алімпійскіх гульняў 1980 года быў збудаваны невялікі алімпійскі комплекс для правядзення спаборніцтваў па паруснаму спорту. На беразе стаіць помнік загінуламу ў пачатку 20-га стагоддзя парашутысту з металічных перакуручаных труб, якія сімвалізуюць перакручаныя стропы парашута. Прыгожы помнік на беразе затануламу да рэвалюцыі парому “Эстонія”.

Помнік затануламу парому ў ПІрыце
З гістарычных помнікаў назіраем па дарозе сцены былога велічнага манастыра біргіцянак. На беразе многа валуноў, але пляж пясчаны, пясок шэраваты.
Вярнуліся ў Стары горад, прайшлі пешкам вуліцы Доўгая нага, Кароткая нага, вуліцы Суддзі і Міравога суддзі.

Вадасток на вуліцы Доўгая Нага ў выглядзе бота

Пастаялі ля праваслаўнага сабора Аляксандра Неўскага, зямлю для якога купілі ў Вышгарадзе 100 год назад, дзеля чаго знеслі тут дзве мясцовыя старажытныя пабудовы. Пры царскай уладзе ў кожным горадзе ставіліся такія храмы для “упроченія” правячай праваслаўнай веры. У часы незалежнай Эстоніі храм хацелі знесці, але колішні кіраўнік дзяржавы заступіўся за храм. Думаецца, што зрабіў ён гэта правільна. Зносіць помнікі і храмы і ставіць на іх свае часовыя, перш за ўсё неэканомна і негістарычна. Хай стаяць, як помнікі шчаслівым, або нешчаслівым часам.

храм Святога Аляксандра Неўскага

Непадалёку знаходзіцца таллінскі Домскі сабор, галоўны лютэранскі храм Эстоніі. У сярэднявеччы ў храме хавалі пад шырокімі плітамі знакамітых гараджан. Захаваліся дзве такія разьбярскія пліты, якія стаяць у алтарнай частцы храма. З прыхаду храма нават простыя рамеснікі цэха абутнікоў і мяснікоў выкупілі сабе месцы для пахавання. Калі заходзіш у храм, то паднятыя купалы цэнтральнай часткі як бы падымаюць і ўзвышаюць цябе над падлогай, адчуваецца нейкая лёгкасць. Ікон у храме няма, ёсць толькі выява Ісуса Хрыста ў цэнтры, лютэране не хрысцяцца. Седзячы на лавах храма мы слухалі тлумачэнні мясцовага гіда, якая проста зачаравала нас сваімі гістарычнымі ведамі. Аказалася ў храме пахаваны астанкі героя Чэсменскай марской біткі адмірала Джэймса і славутага падарожніка Івана Фёдаравіча (Адама ў сапраўднасці) Крузенштэрна. Гады жыцця Крузенштэрна 1770-1846. Па сценах храма развешаны старажытныя майстэрскі выкананыя разьбярамі гярбы мясцовых магнацкіх радоў. на якія скарыстоўвалася да 10 рознасцяў дрэў.
У час кароткай экскурсіі заходзіць у іншыя музеі часу не было. Хацелася наведаць марскі музей у вежы Тоўстая Маргарыта, але не ўдалося. Паназіралі падчас абзорнай экскурсіі за вежамі ў тумане – Олівіста, Старога Томаса, Доўгага Германа, Дзявічай вежай і Кек ін дэ Кёк. Назва апошняй азначае па нямецку “Зазірні на кухню”. Таму што варта на гэтай вежы магла назіраць раніцай, што варыцца і смажыцца ў ніжэйшых доміках таллінцаў. А ў Дзявічую вежу маглі трапіць дзяўчаты, якія не хацелі выходзіць замуж за нялюбага, або за іншыя ўчынкі. Царква Святога Олафа, або Олівіста, пабудаваная ў 13-м стагоддзі на месцы купецкага скандынаўскага двара, у сярэднявеччы па сваёй вышыні 159 метраў была самай высокай у Еўропе. Зараз гэта баптысцкая царква. На здымку яна добра бачна. А вось вежа пад самым знакамітым флюгерам з выявай “Старога Томаса”, абаронцы Талліна, амаль была нябачная ў тумане. Можна было толькі зафатаграфаваць бліжэйшы да назіральнай пляцоўкі флюгер з пеўнікам.

Пеўнік на вежы папярэджвае таллінцаў аб небяспецы, вежа са Старым Томасам на фота справа

Пасля сканчэння экскурсіі дружна рушылі ў магазін, дзе прадаецца эстонскі брэнд - лікёр “Вана Таллінн” (стары Таллін). У магазіне даюць спрабаваць гэтага напою па 20 грам. Далей з суседкай па аўтобусу шукалі знакамітыя шакаладкі фірмы “Калеў”, знайшлі іншыя дацкія і швейцарскія ў вялікім супермаркеце ля гасцініцы “Віру”. На рыначку купілі прыгожыя магніцікі са знакамітасцямі Талліна, на іншыя магазіны часу не засталося. Бо ў 18 гадзін 18 снежня мы адчалілі на велічным пароме “Вікторыя І” фірмы Таллінк ад прычала порта ў напрамку Стакгольма. Ісці да парома і сыходзіць з яго трэба па спецыянальных крытых калідорах працягласцю каля аднаго кілометра. Каму цяжка можна адпачыць па дарозе на крэслах. Уваход адразу на пяты паверх парома. Аўтобусы і машыны заганяюцца на ніжнія палубы. Гэты паром пабудаваны ў Фінляндыі ў 2003 годзе, мае 9 палуб, даўжыня 193 метры, шырыня 29 метраў. Было спачатку страшнавата ў цемры, мора навокал бушавала, да таго ж імжэў дробны дождж. Але ў каютах было настолькі ціха, цёпла, утульна, што пра дзікае надвор’е звонку адразу забыліся. Летам можна зусім не купляць каюты, а набываць танныя палубныя білеты, бо мора летам большай часткай спакойнае. Паснедалі хто ў кафэ, хто ў рэстаране-буфеце, эканомныя сваім і пайшлі на шпацыр па караблю. На шостым паверсе працавалі магазіны з касметыкай і рознымі таварамі. Купляла толькі нарэзкі мяса і вэнджанай каўбасы па 2,5 еўра за 100 грам. Зацікавілі кансервы з лася, дзіка па 4,40 еўра і дзікага мядзведзя па 14,40 еўра. Аналагічнае мяса можна было заказаць у буфеце-рэстаране, але дужа дорага. Два вечары ішла канцэртная праграма з ансамбля спевакоў і групы кабарэ. Тут жа пасля праводзіліся латарэі Бінга і Лато, коштам па 3 еўры. У якасці выйгрыша даваліся бутэлькі шампанскага, водкі Абсалют, віскі, Вана Талінна, цукеркі і ільготныя ваўчары на наступныя паездкі. Залы на 6 і 7 паверхах былі поўнасцю запоўнены адпачываючымі. У асноўным у снежні гэта былі жыхары Талліна, сярэдняга ўзросту, часта з дзецьмі, якія актыўна ўдзельнічалі ў латарэях, танцавалі. У нашай групе была таксама палова сямейных пар, і адзін прадпрымальнік з Маладзечна быў з двума дзецьмі. Многа было пенсіянераў, бо віза для беларускіх пенсіянераў на паездку ў Швецыю бясплатная. Ды і агульны кошт паездкі быў невялікі. Адчувальны кошт для беларусаў – гэта кошт абеду і вячэры ў рэстаране-буфеце – 30-50 еўра. Раніцай у фастфудзе самая танная яда – аўсяная каша-порыдж за 2,5 еўра. У Талліне ў ратушы ў кавярні можна было ўзяць паляўнічую полеўку усяго за 2 еўры. Кіпяцільнікамі на караблі забаронена карыстацца, штраф за гэта немалы. Лепей не рызыкаваць. У 23 гадзіны звычайна віншавалі тых у каго на дні вандроўкі прыходзіліся дні нараджэння. Спявалі на трох мовах “Хэппі бёзды ту ю” і налівалі бакал шампанскага. Але я пра свой юбілей прамаўчала, тым больш я не аматар шампанскага нават на халяву. А вось хацелася сыграць у казіно, ды не было з кім пайсці. І ў сауну за 5 еўра ўсяго хацела схадзіць на 9-ю палубу, але не хапіла часу. Затое наглядзелася вечарам і раніцай прыроды Балтыкі, асабліва патрэсныя шхеры – невялікія астравы, якіх ў заліве ля Стакгольма налічваецца каля 24 тысяч. На многіх зусім маленькіх выспах плошчай меншай за мой агарод стаяць маленькія домікі-дачы. На іншых астраўках людзі жывуць круглы год. Яны могуць разлічваць толькі на саміх сябе (Дарэчы, нашы турысты, забыліся школьны курс геаграфіі і блыталі паняцці – шхеры і фіёрды). Паромы ходзяць толькі на самыя вялікія астравы.

На здымку шхеры яшчэ ў змроку


Шхеры днём

Ноччу па нашаму часу у 3 гадзіны паром спыняецца на Аланскіх астравах, якія належаць Фінляндыі. Гэтыя астравы пасля дыскатэкі я двойчы праспала. Спіцца ў каютах пасля аўтобусаў і танцаў вельмі добра, засынаеш з першай хвіліны, гайдае рэдка. Я трапіла ў 4-мясцовую каюту класа “В”. Ложкі шырокія, утульныя, душ, туалет, усё побач. Вада мяккая, піла з-пад крана і нічога.

Аўтар на лесвіцы парома, навокал люстры і зіхаценне пазалочаных пярыл

Аўтар на палубе на зваротным шляху
У Стакгольме праехалі на абзорнай эксурсіі праз некалькі астравоў. Бо горад – гэта, сапраўды, паўночная Венецыя, стаіць на залівах і так званым возеры Меларэн.

Першы малюнак з выявай Стакгольма пад рэдкай прыроднай з'явай - сонечным галло


Панарама Стакгольма

З вялікай гордасцю мы беларусы ўспрымалі інфармацыю экскурсавода, што тут зусім нядаўна наша зямлячка Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. І быццам разам з ёю ў думках праязджалі ў ганаровай кавалькадзе на карэце па той жа вуліцы, што і яна, толькі на сучасным аўтобусе. Аўтобус спыніўся ля Каралеўскага Палаца, дзе некалькі хвілін мы назіралі змену Ганаровага каравула. У шведскай арміі служба неабавязковая. Але большасць моладзі – дзяўчаты і хлопцы адбываюць армейскі год, таму што без гэтага ім кар’ера ў краіне не свеціць. І ў Ганаровай варце мы бачылі некалькі дзяўчат. Калі адбываецца свята, то Ганаровую варту суправаджае ваенны аркестр, на гэты раз толькі адзін барабаншчык. Форма варты цікавая – стальныя каскі, чорныя шынялі, белыя пальчаткі, сінія з белымі лампасамі нагавіцы, бліскучыя чаравікі, у руках салдаты трымалі аўтаматы, прыстаўленыя да пляча.

Ганаровая варта пад сценамі Каралеўскага палаца

Ганаровая варта на маршы

На бакавым фасадзе Каралеўскага палаца стаяць скульптуры знакамітых вучоных, у тым ліку Карла Ліннея, які быў не толькі славутым батанікам, але і аўтарам 100-градуснай шкалы тэрмометра. Таму тэрмометры з такой шкалой называлі ў 18-м стагоддзі шведскімі.

Каралеўскі палац з скульптурай Карла Ліннея, на фота пасярэдзіне


Каралеўская царква

Палова группы набыла квіткі на экскурсію ў Каралеўскі палац, а я з іншымі аднадумцамі вырашыла паглядзець музей карабля Вазы на востраве Юргордэн. Свабодную гадзіну мы правялі на старажытных вулачках горада, адна з якіх мае ўсяго 90 см шырыні. У сярэднявеччы ў дамах забаранялася вешаць на вокнах фіранкі, гэта для таго, каб каралеўскія зборшчыкі падаткаў бачылі, хто чым займаецца, адпаведна і бралі за гэта. У адным з двароў не помню чыёй амбасады знаходзіцца маленечкая скульптурка жалезнага хлопчыка, да якой кідаюць манеткі і загадваюць жаданні, гладзячы хлопчыка па галоўцы.

Скульптура жалезнага хлопчыка ў двары амбасады

Яшчэ адзін помнік побач быў пастаўлены “жалезнаму купцу”. Наогул старажытных крэпасных пабудоў, цэркваў, помнікаў шмат, запомніўся конны помнік Георгія-пераможцы, які перамагае дракона з птушынай галавой.

Помнік Святому Георгію-пераможцу

Турысты і мы ў іх ліку далей свідравалі па пешаходнай вуліцы з сувенірамі. Тут мы купілі магніцікі, падносікі з выявамі Швецыі і Стакгольма. Астатнія сувеніры былі дужа дарагія. Упершыню сустрэлі ўзброеных паліцэйскіх, аказалася, што бедныя бежанцы з паўднёвых краін сабраліся ў гэты дзень на мітынг у цэнтры горада са сваімі патрабаваннямі да ўладаў.

Знакаміты чырвоны дом, на месцы якога былі забіты датчанамі 80 шведаў

Музей карабля Вазы аказаўся даволі цікавым. Да яго мы ехалі на супрацьлеглы бераг ад Гамластана. У музеі пануе лёгкі змрок, гэта, мусіць, для таго, каб падтрымліваць строгія тэмпературныя і вільготнасныя рэжымы. Прыгожы карабель, пабудаваны з дубовых ствалоў на працягу трох год, упрыгожаны сотнямі скульптур, маючы па бартах сотні гармат, затануў амаль адразу пасля спуску на ваду 10 жніўня 1628 года. Прычынай паслужыла малая асадка судна, недагруз у трум баласта з камянёў, адчыненыя гарматныя аканіцы і паднятыя парусы на 4 мачтах пры моцным ветры. Карабель прайшоўшы крыху па гавані, нахіліўся ад парыву ветра, зачапіў ваду і пайшоў на дно. У 17-м стагоддзі былі падняты з дапамогай вадалазнага колакала толькі 53 бронзавыя гарматы. Карабель праляжаў у гавані некранутым 330 год. Пакуль адзін энтузіяст не выявіў яго ў 1956 годзе, амаль замытага ілам, толькі мачты тырчэлі. Пад караблём вадалазы вымылі 7 каналаў, прапусцілі па іх канаты і ў 1961 годзе пачаўся паступовы пад’ём Вазы. На паверхню карабель паднялі 24 красавіка 1961 года, але ў Савецкім Саюзе ўсе былі заняты палётам Гагарына і да нацыянальнай справы Швецыі нікому не было справы. Яшчэ 30 год вялікія сродкі былі затрачаны на тое, каб паступова, арашаючы драўніну спецыяльнымі растворамі, дабіцца яе захавання. Рэшткі карабля нагадвалі вялікі пазл, які паступова быў складзены вучонымі і рэстаўратарамі. Нават устанавілі асобы маракоў, якія затанулі разам з караблём і шкілеты некаторых былі знойдзены пры пад’ёме судна. Абслугоўвалі Вазу 145 маракоў і 300 салдат пры гарматах. Знойдзены былі сотні рэчаў – ядры, гарматы, мушкеты, кухонны посуд, бочкі, абутак і іншае. Карабель і скульптуры па бартах і на карме былі раней расфарбаваны, але пры рэстаўрацыі было вырашана нічога не фарбаваць, бо цяпер немагчыма стварыць такія ж фарбы, якімі карысталіся стваральнікі карабля.

Карма карабля Ваза


Узноўлены карабель Ваза

Нікога за затапленне карабля не пакаралі, бо незадоўга да сканчэння будаўніцтва памёр галоўны падрадчык, а ўсе дакументы падпісваў сам кароль Густаў ІІ Адольф Ваза. Яго стрыечны брат Жыгімонт ІІІ Ваза, вельмі падобны на брата знешне, быў у гэты час польскім каралём і нашым Вялікім князем. Мала хто ведае, што з 1592 года тры гады Швецыя і Польша з ВКЛ былі адной краінай. Ну а пасля каралём Швецыі стаў дзядзька Жыгімонта ІІІ і пачаліся бясконцыя войны з Швецыяй за вяртанне Жыгімонта на шведскі трон. Непрыемна ў музеі карабля Ваза ўразіла карта 17-га стагоддзя. На ёй абазначаны назвы Калінінграда як Кёнігсберг, а вось былая нашая сталіца ВКЛ Вільня як Вільнюс. Калі вядома, што Вільня стала Вільнюсам па змове Молатава-Рыбентропа толькі ў 1939 годзе. Нават пры царскай уладзе і да 1922 года, г.зн. да Рыжскай змовы, Вільня заўсёды іменавалася сталіцай Беларусі.
На славутым стакгольмскім метро праехаць не ўдалося, элементарна не хапала часу. Зробім гэта ў наступны раз. Акраіны Стакгольма меней цікавыя ў параўнанні з Мінскам, яны простыя і шэрыя. Многа веласіпедаў і іх стаянак. Курыць і піць з бутэлек піва на вуліцах Стакгольма забаронена. Нельга і фатаграфаваць дзяцей, ні на вуліцах, ні ў вучэбных установах. Шведскім школьнікам не задаюць дамашніх заданняў, уся падрыхтоўка адбываецца ў сцянах трохступенчатых школ.
Вярнуліся Са Стакгольма ў Таллін раніцай 20-га. Аўтобус, які з’ездзіў з намі ў Швецыю, ужо чакаў нас на прыстані. Зваротны шлях праз Пярну да Рыгі быў не такі цяжкі. Адзінае, што азмрочыла, мяне элементарна аблічылі ў кавярні на эстонскай мяжы на 10 еўра, бо я не ўзяла з сабой акуляры. Падманьвалі і на пароме пры абмене валюты. Падсунулі аднолькавую па памерах нікелевую манету Нідэрландаў у 2 і ½ гудьдэны замесц 5 шведскіх крон. Далей у Рызе не сустрэлася з сяброўкай, бо тая пераблытала дзень сустрэчы. Прыйшлося пакінуць падарункі ў магазінчыку сувеніраў, а сяброўцы паведаміла аб гэтым па электроннай пошце, калі вярнуліся дадому.
Вярталіся на Мінск праз асветленую агнямі Вільню, мяжу праходзілі на пераходзе “Каменны Лог”. Аўтобусаў турыстычных было не проста многа, а вельмі многа, 20, ці 30. Бо як раз у гэты час яны вяртаюцца з закупаў, ці падарожжаў у выхадны дні. Але нам удалося прайсці мяжу ізноў за тры гадзіны, дзякуючы вопыту кіроўцаў. У чатыры гадзіны раніцы былі ў Мінску, да Аўтазавода мяне падвезлі спадарожнікі па вандроўцы і праз поўгадзіны на першым аўтобусе я была дома. Падарожжа скончылася!
P.S. У сваім кароткім апісанні вандроўкі забылася напісаць, што мне дапагала выбраць і аформіць дакументы для гэтай паездкі выпускніца нашага геафака 2015 года Алеся Залужная, якая працуе менеджэрам па турызму у Travel Haus. Дзякуй Алеся!
Вадзім Андрэевіч Жучкевіч | Нечаканая знаходка
Комментарии (2)
pavel kauryha # 26 декабря 2015 в 20:31 -1
Вельмі цудоўна напісана, надзвычайна яскравыя ўражанні, на столькі, што пасля прачытання застаюцца самае галоўнае -- усе вобразы, якія атрымала аўтарка блогу Раіса Аўчыннікава на працягу свайго геаграфічнага падарожжа па прасторах Прыбалтыкі і Скандынавіі, прайшлася па тых вуліцах і Каралеўскіх палацах, на якіх аставіла свой незабыўны след на вякі наша беларуская сусветна вядомая пісьменніца, першая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі -- Святлана Алексеевіч. Вялікі Дзякуй!

Алина Королёва # 27 декабря 2015 в 15:31 +2
Супер!