Наверх
Гідранімія Глыбоцкага раёна
Автор: Раиса Овчинникова
Опубликовано: 2139 дней назад (22 апреля 2013)
Блог: Топонимика родного края
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 7 раз — последний 24 апреля 2013
Просмотров: 2734
|
+6↑ Голосов: 6 |
Глыбоччына – азёры, рэкі і іх назвы
Прадмова
На паўночным захадзе Віцебскай вобласці ляжыць маляўнічы азёрны край – Глыбоччына. На плошчы 1.8 тысяч квадратных кілометраў знаходзіцца болей за сто вялікіх і малых азёр. Некаторыя азёры яшчэ мала кранула цывілізацыя, яны чыстыя, багатыя натуральнай расліннасцю і жыўнасцю. Палова тэрыторыі раёна выкарыстоўваецца пад сельскагаспадарчыя патрэбы. 24 працэнты ад агульнай плошчы займаюць лясы. У раёне працуе доследны лясгас, а ў яго складзе дзейнічае дэндралагічны парк у вёсцы Арэхоўна. Наяўнасць вялікай плошчы лясных масіваў і вадаёмаў садзейнічае развіццю розных форм турызма і адпачынку.
Асабліва прывабныя глыбоцкія краявіды вясной і летам. Над берагамі азёр і балацін лётаюць буслы, пранізліва крычаць кнігаўкі, шапацяць чараты. Няма ні гулу машын, ні тлуму горадоў, толькі плёскат хваль стварае прыемны лёгкі гукавы арнамент. А водар паветра ні з чым не параўнальны. Ці то парфум вербы, ці то дыханне альхі з асінай, узрушальны водар фіялак і сасёнак на узгорках, а можа проста пах чысціні. Дыхай і жыві! У лясных пушчах тут водзяцца ласі і дзікі, ваўкі і лісы, рысі і куніцы, у некаторых месцах можна бачыць пасяленні баброў. Прывабная Глыбоччына для рыбакоў, бо ў мясцовых вадаёмах водзяцца больш за дваццаць відаў рыб.
Са старажытных часоў у такіх прыгожых і прыдатных для жыцця мясцінах сяліліся людзі. Насельнікі азёрнага края, працавітыя і ўмелыя, выраблялі з-пад лясоў ляды, вырошчвалі на іх зерне і грэчку, каноплі і лён, гадавалі скаціну, рабілі розныя гаспадарскія прылады, будавалі ўтульныя драўляныя хаты і прыгожыя каменныя касцёлы, цэрквы і палацы. Святыя намоленыя духоўныя месцы і такая ж чыстая пракаветная прырода навокал. Гэта – святая спадчыня нашых продкаў. Яе трэба не толькі берагчы, даглядаць, захоўваць, але і па магчымасці адраджаць, ўзнаўляць тое, што знішчана віхурамі часу, стыхіямі, войнамі і недасведчанымі людзьмі. За гэта прырода аддзячыць спаўна – яна падорыць светлыя думкі, прыдасць зарад новых сіл і энергіі
Глыбокае вядома сваімі унікальнымі архітэктурнымі помнікамі. Сярод іх Траецкі касцёл; царква Раства Багародзіцы; кармеліцкі манастыр, якім любаваўся сам Напаліён; манастыр базіліан у Беразвеччы. На мясцовых могілках у Глыбокім захавалася памятная калонна ў памяць Канстытуцыі 1794 года. Дзіўна, але яе не знеслі ні гады ліхалеццяў, ні савецкія ўлады. На могілках ёсць яшчэ адна славутасць - магіла з прозвішчам вядомага літаратурнага героя Мюнхаузена. Глыбоцкі Мюнхаузен памёр 31 сакавіка 1878 года ў адзін дзень са сваёй жонкай і хто ён быў у рэальнасці, ніхто ўжо не ведае.
Некаторыя лічаць, што Глыбоччына знаходзіцца далёка ад прамысловых і культурных цэнтраў краіны, што жыць тут сумна і няпроста з эканамічнага погляду. Але дзякуючы менавіта гэтым умовам глыбаччане заўсёды працавалі з падвоенай энергіяй і славіліся сваімі рамёствамі і гандлем. Першымі прадпрыемствамі, якія з’явіліся ў горадзе ў канцы дзевятнаццатага стагоддзя, былі вінакурны, півавараны і кандытарскі заводы. І як адзначалася ў “Памятнай кніжцы” Віцебскай губерніі, жыхары Глыбокага “не мелі канкурэнтаў па гандлю ў радыусе 100 км”. Заняцце гандлем і цяпер асноўны занятак для многіх сучасных жыхароў раёна. Глыбачан абслугоўваюць 248 магазінаў патрэбкааперацыі і 99 прыватных магазінаў і шапікаў. У верасні 2006 года ў Глыбокім адчыніў дзверы першы супермаркет.
Глыбокае вядома ў Беларусі і за яе межамі сваімі якаснымі харчовымі прадуктамі. Глыбоцкая згушчонка карысталася заслужанай славай яшчэ ў часы СССР. Яе вырабляе буйнейшы ў СНД малочнакансервавы камбінат. У горадзе працуюць мясакамбінат, кансервавы, піваварны, камбікормавы заводы, якія шмат прадукцыі адпраўляюць на экспарт у блізкае і далёкае замежжа. У гарадскім пасёлку Падсвілле дзейнічаюць ільнозавод і завод харчовых прадуктаў. У раёне моцная сельская гаспадарка, развіваецца будаўнічы комплекс.
Дзякуючы той жа аддаленасці раёна ад вялікіх гарадоў з прышлым некарэнным насельніцтвам тут захоўваецца чысціня мовы і нават чысціня генафонду нацыі. А калі беларускія географы і геадэзісты ў выніку складаных разлікаў устанавілі, што ў раёне возера Шо знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, глыбаччане не здзівіліся і з гумарам ахрысцілі сваё мястэчка “Пуп Зямлі”. А колішні дэпутут беларускага парламента Васіль Хрол наогул прапанаваў зрабіць з Глыбокага беларускі Лас-Вегас з казіно і забаўляльнымі ўстановамі. Маючы сучасныя сродкі камунікацыі – інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачанне, мабільнік, аўтамабіль можна быць у цэнтры любых з’яў і падзей, абы было да гэтага жаданне. Дарэчы, з Глыбокім можна азнаёміцца на некалькіх цікавых сайтах у інтэрнэце, а вось літаратуры краязнаўчай, геаграфічнай і картаграфічнай па Глыбоцкаму раёну ў мінскіх кнігарнях амаль няма. Хаця Глыбоцкая зямля славутая і знакамітымі людзьмі і выбітнымі месцамі. Назавем толькі некалькі імёнаў, сярод іх: славуты сярэднявечны воін, мужны багатыр вайны 1621 года, полацкі каштэлян Мікалай Зяновіч; асветніца, спонсарка іезуіцкіх школ і Віленскай абсерваторыі, мсціслаўская кастэлянша княгіня Альжбэта Пузыня (з Агінскіх); стваральнік беларускага тэятра Ігнат Буйніцкі; мастак і археолаг Язэп Драздовіч; палітык і гісторык Вацлаў Ластоўскі; палітычны дзеяч і архітэктар Клаўдзій Дуж-Душэўскі; польскі пісьменнік Тадэвуш Даленга-Мастовіч; рускі пісьменнік Лявон Ракоўскі; савецкі авіяканструктар Павел Сухі. Сярод вядомых дзеячоў навукі, культуры, літаратуры і мастацтва таксама нямала глыбаччан. Сярод іх біёлаг, член-каррэспандэнт НАН РБ, доктар біялагічных навук, прафесар Андрэй Майсяёнак, мастак Уладзімір Нікіфараў, паэтэсса Марыя Баравік, журналіст і паэт Уладзімір Шломан, журналіст Уладзімір Скрабатун, нястомны краязнаўца Генадзь Камель, ксёндз Йозеф Булька. Дзякуючы пастырскай і сацыяльна-культурнай дзейнасці апошняга вёска Мосар у Глыбоцкім раёне стала адной з прыгажэйшых у нашай краіне. Спалучэнне прыроднай чысціні і высокай чалавечай духоўнасці заўсёды дае плён.
1-2 верасня 2012 года Глыбокае стала культурным цэнтрам Беларусі, тут было праведзена рэспубліканскае Свята Пісьменства. На свяце прысутнічалі навукоўцы, пісьменнікі, госці з многіх краін Еўропы. Горад сустрэў свята абноўленым і памаладзелым. Да свята на плошчы былі ўстаноўлены помнікі сваім славутым землякам. У музеі арганізавана выстава беларускіх старадрукаў, на вуліцах і плошчах на спецыяльных стэндах былі прадстаўлены выдавецкія навінкі. На некалькіх пляцоўках ішлі культурныя і канцэртныя праграмы. Кожны рэгіён Віцебшчыны абсталяваў на вуліцах горада свае падвор’і. Асабліва прыгожы горад стаў вечарам, калі ўдзельнікі свята і глыбачане адзначылі мерапрыемства ў вулічных кавярнях. Надвор’е спрыяла святочнай атмасферы, было цёплым і камфортным.
Гістарычныя ўпамінкі і сучасныя водныя аб’екты
Горад Глыбокае ўпершыню ўпамінаецца ў Літоўскай Метрыцы пад 1514 годам як панскі двор. Але археалагічныя знаходкі даюць магчымасць меркаваць, што першыя пасяленні на гэтым месцы існавалі яшчэ ў жалезным веку. Назву горада і іншыя мясцовыя тапонімы можна знайсці на многіх сярэднявечных картах. На карце Мацея Струбіча, выдадзенай у 1566 годзе ў Кёльне, адзначаны пасяленні Глыбокае (Hluboki), Пліса (Pliβa) і Шоша (Soβa). У паланізаванай форме назва Глыбокага (Glebokie) пададзена на карце Пахалавецкага 1579 года. Тут прыведзены і іншыя вядомыя назвы Падзісення: Германовічы (Hermanovice), Лумій (Lumij), Бабынічы (Bobonice), Езэрнічы (Ezernienuce), Псуя (Psina), Шоша (ßosna), Плісса (Plissa), Заборы (Zabore), Галубічы (Holubicz). Вельмі цікавыя звесткі адшукаліся на карце Літвы Герхарда Меркатара, выдадзенай у 1595 годзе. Горад Глыбокае (Hlubokiе) на карце намалёваны на рацэ Галубок (Hоlubok), на карту нанесены таксама населеныя месцы: Галубічы (Hоlubісzе), Псуя на р.Псуя, Шоша (Soβa), Пліса і Бабынічы (Вовеnicz) на рэчцы, прытоку возера Пліса. З гэтых звестак вынікаюць такія ж цікавыя вывады. Або Меркатар пераблытаў назвы суседніх рэк Галбеіцы (варыянтная назва якой яшчэ Галубіца, Заражанка, а А.Сапуноў прыводіў варыянты Оубія і Обія) і Бярозаўкі, або Бярозаўка таксама называлася раней Галубок, Галубіца. Параўнайце назву пасялення Галубічы непадалёку. Аснова гэтых тапонімаў ГАЛ- роднасная балотным тэрмінам тыпу ГАЛА. Тады і назва самога горада Глыбокага можа паходзіць ад папярэдняга наймення ракі Бярозаўкі - Галубок. Сустракаем назву горада Глыбокага і на картах Літвы 1607 і 1613 гг. На карце Віленскага і Троцкага ваяводстваў, выдадзенай у Парыжы д’Абервіллем пад 1665 годам, можна знайсці басейн Дзісны, яе прытокі і мястэчкі Падзісеншчыны: Камай, Лынтупы, Мядзёл, Паставы, Лучай, Озумічы, Мосар, Осінгарадок, Дунілавічы, Глыбокае, Галубічы, Плісса, Псуя, Бабыніч і іншыя. На карце Яна Непрэцкага 1749 года прадстаўлена мноства мясцовых тапонімаў: Осінгарадок, Облей, Вузенне, Озунічы, Полово, Мосар, Плісса, Псуя. Назва горада Глыбокага пададзена ў двух варыянтах: Hlyboke i Glebokie.
Мясцовыя землі ў сярэднявеччы належылі двум буйным магнатам – Зяновічам і Корсакам. Рака Бярозаўка і два возеры Вялікае і Кагальнае дзялілі пасяленне на дзве часткі. З ХVІ і да канца ХVІІІ стагоддзя паўднёва-заходняя частка, якая належыла Зяновічам, уваходзіла ў склад Віленскага ваяводства; паўночна-ўсходняя частка шляхецкай сям’і Корсакаў знаходзілася ў Полацкім ваяводстве. Пасля далучэння мясцовых земляў да Расійскай імперыі ў 1793 годзе Глыбокае ўвайшло ў Дзісенскі павет Мінскай, а з 1842 года - Віленскай губерніі. З 1920 і да верасня 1939 года – Глыбокае знаходзілася ў саставе Польшы, з’яўлялася цэнтрам Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. З 1939 і па 1991 год Глыбоччына была ў складзе СССР. Зараз горад Глыбокае – раённы цэнтр Віцебскай вобласці Рэспублікі Беларусь, знаходзіцца за 187 км ад г.Віцебска.
Па тэрыторыі раёна праходзяць сучасныя аўтамабільныя шляхі, галоўныя з іх: Полацк – Вільна, Глыбокае – Дзісна, Докшыцы – Глыбокае – Шаркаўшчына. У 1897 годзе да Глыбокага была падведзена чыгунка, праз якую горад стаў звязаны з Крулеўшчынай, Варапаева, Маладзечна і Полацкам.
Глыбоччына – старажытны край, дзе захаваліся не толькі ўнікальныя куточкі чыстай прыроды, але і ўнікальныя пракаветныя назвы рэк, азёр, балот, лугавін, лясных урочышч, старажытных курганаў, вёсак і палёў. Многія паселішчы ўзнікалі на берагах рэк і азёр і бралі ад іх свае назвы - Азёркі, Азерцы, Запруддзе, Узрэчча, Псуя, Свіла. Сама назва цэнтра раёна адлюстроўвае сваю геаграфічную адметнасць – Г Л Ы Б О К А Е. Адразу адчуваецца характарнасць, веліч прыроды. Па адной з версій Глыбокае так названа, таму, што ляжыць ў глыбокай даліне, па другой – назва ўтворана ад варыянтнага наймення возера Глыбокае, яно ж і Вялікае. Такая версія добра стасуецца з мясцовай геаграфіяй. Возера Доўгае, якое знаходзіцца на тэрыторыі Глыбоцкага раёна, сапраўды самае глыбокае на Беларусі – яго глыбіня 53.7 м. Вельмі паважаныя глыбіні і ў возера Гінькава – 43.3 м. Ужо старажытныя насельнікі края ведалі аб адметнай глыбіні гэтых азёр. А дакладна азёрныя глыбіні вымералі гідролагі і азёразнаўцы з дапамогай прыбораў толькі ў ХХ стагоддзі.
Яшчэ ў сярэднявеччы ў Глыбокім быў заснаваны кальвінскі збор. Іосіф Корсак у 1639 годзе пасяліў у Глыбокім кармелітаў босых, за гэта кармеліты павінны былі трымаць “элементарную школу” з шляхецкім канвіктам (інтэрнатам), бібліятэку з трыма тысячамі спраў, гравюрамі, геаграфічнымі картамі, фізічны кабінет, аптэку і шпіталь. У фізічным кабінеце былі ўстаноўлены фізічныя, астранамічныя і метэаралагічныя прыборы. Пасля закрыцця ордэна ў пачатку ХІХ стагоддзя частка навуковых збораў была перададзена ў Віленскі музей.
У другой палове ХІХ стагоддзя ў Глыбокім працавала народнае вучылішча. З 1895 года мясцовы загадчык пошты і тэлеграфа Ф.А.Батвіновіч паміма сваёй асноўнай працы стаў праводзіць інструментальныя назіранні за тэмпературай паветра, накірункам ветру і рознымі з’явамі надвор’я. А ў суседняй Дзісне, колішняй сталіцы павету, назіраць за ападкамі з дапамогай дажджамера пачалі яшчэ раней – з 1877 года. Перад Вялікай Айчыннай вайной у Пліссе, тады раённым цэнтры, была адчынена метэаралагічная станцыя. У гады Вялікай Айчыннай вайны (у ліпені1943 года) па тэрыторыі Глыбоччыны прайшоў магутны смерч. Сваім хобатам смерч падняў з возера Доўгае высокі слуп вады разам з рыбай і водарасцямі, затым гэтую ваду выліў на беразе непадалёку. Такія сюрпрызы надвор’я, дзякуй Богу, бываюць нячаста. Клімат Глыбоччыны вельмі прыдатны для жыцця і адпачынку. Тэмпература паветра у самым цёплым месяцы ліпені складае ў сярэднім +17.6°, тэмпература самага халоднага месяцу студзеня –7.1°. Ападкаў выпадае за год амаль 600 мм. Вегетацыйны перыяд доўжыцца 184 дні.
Гідраграфія раёна прадстаўлена ў асноўным рэкамі і азёрамі сістэмы Заходняй Дзвіны. Толькі кавалачак паўднёва-ўсходняй мяжы паміж Глыбоцкім і Ушацкім раёнамі займае р.Чэрніца, левы прыток Беразіны Дняпроўскай і на самым паўднёвым захадзе да Глыбоцкага раёна прымыкае вярхоўе р.Сэрвач, прытока Віліі. Такім чынам, на тэрыторыі раёна знаходзіцца вадападзел паміж трыма рачнымі басейнамі: Заходняй Дзвіны, Немана і Дняпра. Сярод рэк няма вялікіх па памеру, самыя найдаўжэйшыя - Бярозаўка і Мнюта, правыя прытокі Дзісны. Галоўны накірунак цячэння рэк Ауты, Бярозаўкі і Мнюты на поўнач. Азёры раёна большай часткай належаць да группы, якае мае назву па самым значным возеры группы – Доўгінская. Ланцужок азёр гэтай сістэмы працягнуўся праз тэрыторыю раёна з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход: Гінькава, Свядава, Доўгае, Шо; ён аб’яднаны рачной сістэмай рэчкі Шошы. Да першага ланцужка пад невялікім вуглом падыходзіць яшчэ адзін: Кулёк, Молена, Івесь, Белае. Праз цэнтр раёна праходзіць другая сістэма азёр: Бярозаўскае, Карпікаўскае, Белае, Мурамшчына, Сётаўскае, Вялікае, Кагальнае, Бяглец, Крывое, Ластавіцкае, Чачалеўскае. Па рысах малюнка азёрных сістэм можна бачыць як рухаўся апошні ледавік, дзе ён стомлена адпачываў на Свянцянскай стадыі і пакінуў тут горкі і ўзвышшы, а дзе сердаваў і рыў ад злосці глыбокія лагчыны і пячоры, якія залівала вада і дзе пасля ўтварыліся глыбокія лагчынныя азёры тыпу Доўгае, Свядава, Гінькава. Ледавік паступова адыйшоў далей на паўночны захад, і ад плоскага мелкага вадаёма ля ледавіка засталася напамінкам катлавіна возера Шо.
З мэтай захавання асабліва цэнных і ўнікальных па сваёй прыродзе азёрных ландшафтаў, важных для навуковых даследаванняў водных аб’ектаў, у 1979 годзе на тэрыторыі раёна былі створаны гідралагічныя азёрныя заказнікі “Доўгае” і “Белае”.
Адыйшлі ў нябыт ледавікі, змяніліся кліматычныя эпохі. Змянялася і насельніцтва краю. Першымі ўслед за ледавіком каля 10 тысяч год таму назад сюды прыйшлі прымітыўныя плямёны індаеўрапейцаў і паўночных еўраазіяцкіх плямён. У іх сутыкненні нараджалася мясцовая культура. Старажытныя плямёны займаліся паляваннем, рыбнай лоўляй і збіральніцтвам, таму сяліліся па берагах рэк і азёр. У гэтых месцах археолагамі былі знойдзены мезалітычныя і неалітычныя крамянёвыя прылады для палявання і працы, старажытная кераміка. Менавіта з тых далёкіх часоў прыйшлі да нас многія назвы азёр, рэк і балот. Славянскі этнас, які атрымаў развіццё на пачатку мінулага тысячагоддзя, не толькі пераняў і ўтрымаў гэтыя назвы, але і карыстаўся імі з разуменнем доўгія стагоддзі. Ад старажытных плямён засталіся не толькі нямыя курганы, стаянкі, гарадзішчы, але і рэшткі старажытнай мовы ў выглядзе назваў ўрочышч, рэк, азёр і балот. Гэтыя назвы з дзяцінства ўваходзіць у нашу свядомасць як частка роднай беларускай мовы і не здаюцца чужымі. Вучоныя тапанімісты паступова расшыфроўваюць таямнічыя карані і канчаткі. І “мова вады”, дзякуючы сваёй гістарычнай захаванасці, аказваецца вельмі інфарматыўнай крыніцай для навукоўцаў.
Гісторыя роднай зямлі даецца ў рукі толькі тым, хто ставіцца да яе з павагай. Мноства легендаў складзена мясцовымі жыхарамі пра схаваныя ў зямлі, або ў азёрных глыбінях скарбы і багацці. І часта гэтыя легенды апраўдваюцца. Яшчэ ў 1968 годзе малады беларускі археолаг Георгій Штыхаў ўбачыў над полем ля вёскі Гараўляны мільгаценне сініх аганькоў. Народная прыкмета сцвярджае, што так да сябе звычайна падманьвае скарб. Археолаг даверыўся народным прыкметам і знайшоў тут чыгунок з 500 срэбранымі манетамі і рознымі ўпрыгожваннямі. А колькі скарбаў яшчэ чакаюць сваіх адкрывальнікаў.
Глыбоччына – край вялікіх таямніц. Нездарма мастацкія летуценні Язэпа Драздовіча сягалі адсюль ў глыбіні космасу. Ёсць сведчанні і зваротнай сувязі. 22 снежня 2000 года над вёскай Папшычы з’явіўся ярка-ружовы шар. Ён павісеў нейкі час над вёскай і аддаліўся на ўсход. Таямнічае з’явішча назіралі многія мясцовыя жыхары. Што выглядалі касмічныя прышэльцы – невядома.
А ў ноч з 15 на 16 ліпеня 2012 года ў небе назіраўся яркі аб’ект, які з вялікім грукатам упаў на зямлю, ад чаго ў дамах трэсліся сцены, вокны ідзверы. Хутчэй за ўсё гэта быў метэарыт.
Слоўнік назваў рэк і азёр
1. Агурнёўка.
2. Адлівак
3. Азярко
4. Азярцо
5. Акунёва
6. Акунёва
7. Акунёва
8. Алаізберг (Лойсберг)
9. Аржаніца
10. Аута
11. Баброва (Бабровае)
12. Барысаўка
13. Без назвы ля возера Азярцо
14. Белае
15. Белае (Бяле)
16. Белае
17. Белае
18. Брыкеце
19. Беразвечча, гл. Вялікае
20. Бяглец
21. Бярозавае (Бярозаўскае)
22. Бярозаўка (Бярэжвіца)
23. Восава (Восаўскае)
24. Вялец
25. Вялікае (Беразвечча)
26. Вялікі Супонец
27. Вярхі
28. Гаранскае
29. Гінькава
30. Глыбачка
31. Гнілое
32. Горацкае
33. Гулідаўскае
34. Дабрылаўка
35. Даўжанка
36. Дзегцяроўскае
37. Доўгае
38. Жакаўскае
39. Забельскае
40. Заветак
41. Івесь
42. Кагальнае
43. Казённае
44. Каменнае
45. Камінскае
46. Карпікаўскае
47. Качанава
48. Круглае
49. Крупіца
50. Крывое
51. Кулёк
52. Ластавец
53. Лебядзінец
54. Лідніца (Лыдніца)
55. Лучайка
56. Люціца
57. Маласць
58. Малы Супонец
59. Маргва
60. Марцыбылінскае
61. Мнюта (Мнюціца)
62. Мнюта
63. Молена
64. Мосар
65. Мурамшчына (Загорскае)
66. Мушкацкае (Мушка)
67. Мылічына
68. Мядзвёдкаўскае Першае
69. Мядзвёдкаўскае Другое
70. Нарушоўскае
71. Нехрысць
72. Падлужнае (Падлазнае)
73. Падаута
74. Паловіца (Шкунціца)
75. Парэцкае
76. Пліса
77. Пліса
78. Псуя
79. Пыршчына
80. Пятроўскае
81. Сапунец, гл. Вялікі Супонец
82. Свіліца
83. Свісла
84. Свіслянка
85. Сволпа
86. Свядава
87. Сельцы
88. Сетаўскае (Сеты)
89. Станульскае (Станулёўскае)
90. Сухамерынка
91. Сэрвеч
92. Удзела
93. Хралы
94. Царкавішча
95. Царкоўнае
96. Чарніца
97. Часцінка, гл. Лідніца
98. Чачалеўскае
99. Чысцянка, гл. Лідніца
100. Шкунціца, гл. Паловіца
101. Шо (Сшо)
102. Шоша (Соша)
103. Шубніцкае
104. Шылаўскае
Звесткі пра рэкі і азёры, паходжанне іх назваў
Агурнёўка (варыянт Агурнееўка) – рака, левы прыток ракі Свіліца. Даўжыня 7,4 км. Пачынаецца за 1.5 км на паўднёвы захад ад в.Шарагі Падсвільскага пасялковага савета, упадае ў Свіліцу за 2,5 км на паўночны ўсход ад в.Стрынадкі.
Назва ракі ўтворана ад назвы населенага пункта Агурні. А чаму так называецца вёска? Каб адказаць на гэта пытанне трэба зрабіць падрабязны марфалагічны расклад гэтага слова. А- прэфікс перад коранем + корань –ГУР- + канчатак –НІ. Канчатак указвае на множны лік. Так, звычайна, называюць населены пункт па прозвішчах жыхароў. У назве ракі канчатак –ЁЎКА, ён мае памяншальнае значэнне. Такі канчатак прыдаецца звычайна невялікім водным аб’ектам. Для асновы магчыма паходжанне ад славянскага тэрміна “гара”, “гурка”. У А.Сапунова пры апісанні Дзісенскага павету (1896 год) назва вадатока пададзена як ручай Огурковка.
Адлівак – невялікае возера ў басейне Мнюты. Звязана ручаём з возерам Пліса.
Назва возера сведчыць аб выточнасці з возера, з якога “адліваецца вада”.
Азярко – возера ў басейне ракі Шошы. Знаходзіцца за 0,1 км на поўдзень ад возера Івесь. На беразе возера в.Хралы Псуеўскага сельскага савета.
Плошча 0,01 км кв. Даўжыня 0,15 км. Найбольшая шырыня 0,15 км. Даўжыня берагавой лініі 0,35 км. Схілы катлавіны на ўсходзе да 5-7 м, на захадзе да 3 м, разараныя. На поўначы і поўдні пойма забалочаная.
Возера злучаецца ручаямі з азёрамі Івесь і Белае.
Назва возера паходзіць ад звычайнага і яснага геаграфічнага наменклатурнага тэрміна АЗЯРКО “невялікае возера”. Назва сведчыць аб адсутнасці адметнасці воднага аб’екта. Лінгвісты называюць такія тэрміны апелятывамі, або агульнымі імёнамі. Бо яны адпавядаюць не аднаму аб’екту, а класу аднолькавых прадметаў. Калі слова пачынае абслугоўваць адзін прадмет, адно канкрэтнае азярко, яно становіцца ўласным асабовым іменем, як у нашым выпадку. Канчатак –КО сведчыць аб невялікіх памерах воднага аб’екта.
Азярцо – невялічкае возера на поўдзень ад возера Акунёва, в.Валодзькава на паўночным беразе.
Назва возера ўзнікла аналагічна назве Азярко.
Акунёва – возера ў басейне ракі Мнюта. Знаходзіцца за 12 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае, за 3 км на поўдзень ад в.Шчэрбы. На беразе возера вёска Валодзькі.
Плошча 0.49 км кв. Найбольшая глыбіня 11.8 м, сярэдняя 3.4 м. Даўжыня 0.97 км. Найбольшая шырыня 0.6 км. Даўжыня берагавой лініі 2.7 км. Аб’ём вады 1,69 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя і галечныя, на поўначы і паўночным усходзе тарфяністыя. Дно пясчанае і ілістае. Амаль палова возера занята расліннасцю.
Злучаецца меліярацыйным каналам з возерам Пліса. На схілах берагоў сустракаюцца крыніцы.
Назва возера быццам бы зразумелая і ўтворана ад назвы рыбы – АКУНЯ. Падобных назваў у гідраніміі Беларусі многа: Акунец, Акунёвец, Акунёўка, Акунь і іншыя. Але, магчыма і іншая этымалогія. Гэта можа быць позняе пераасэнсаванне славянскім насельніцтвам незразумелай старажытнай асновы, якая хутчэй за ўсё паходзіць ад гідранімічных тэрмінаў тыпу ВОКА (ОКА), АКНО. Яны выразна прысутнічаюць ў назвах р.Акунёўкі (варыянт ОКА), азёр Акно, Окана, Аконцэ ў сiстэме Заходняй Дзвiны. Такія геаграфiчныя тэрмiны звычайна мнагазаначныя: АКНО – “крыніца”, "яма сярод багнiстага балота", ВОКНIШЧА "невялiкае, але вельмi глыбокае прыроднае возера", польскае ОКО ВОДНЕ "палонка", латышскае АКА "калодзеж", лiтоўскае AKIС "вока, вомут". Улічваючы геграфічныя рэаліі можна зрабіць вывад, што сваёй назвай возера можа быць абавязана і крыніцам. Семантычнае значэнне назвы - “возера з крыніцамі”, або “возера з акунямі”.
Акунёва – возера ў басейне ракі Нача. Знаходзіцца за 38 км на паўночны ўсход ад ад г.Глыбокае, за 0.2 км ад возера Каравайна.
Плошча 0.07 км кв. Даўжыня і шырыня 0.32 км. Даўжыня берагавой лініі 1.05 км. Схілы катлавіны вышынёй да 2 м на паўночным усходзе пад лесам, часткова пад забалочаным хмызняком.
Упадае ручай з возера без назвы, выцякае ручай у возера Каравайна.
Назва возера – глядзі этымалогію вышэй.
Акунёва – возера ў басейне ракі Шоша, за 26 км на ўсход ад г.Глыбокае, паміж азёрамі Крывое і Белае, ля в.Бабруйшчына.
Плошча 0.006 км кв. Даўжыня 0.1 км. Найбольшая шырыня 70 м. Берагі пад хмызняком.
Назва возера - глядзі этымалогію вышэй.
Алаізберг (варыянт Лойсберг) – возера ў басейне ракі Свіліцы, за 16 км на усход ад г.Глыбокае. Знаходзіцца ў заходняй частцы г.п.Падсвілле.
Плошча 0.48 км кв. Найбольшая глыбіня 9 м, сярэдняя 3.2 м. Даўжыня 1.9 км. Найбольшая шырыня 0.42 км. Даўжыня берагавой лініі 5.09 км. Катлавіна складаная. Схілы катлавіны вышынёй 5-7 м, на ўсходзе пад лесам. Дно плоскае пясчанае, зарастае слаба.
Выцякае ручай у раку Свіліцу.
Гаспадарчае выкарыстанне: выкарыстоўваецца для мясцовых патрэб як вадапой жывёлы, зарыблена серабрыстым карасём. У апошнія гады моцна забруджваецца, што прыводзіць да замораў рыбы.
Назва возера па выгляду чысты германізм, быццам бы ўтвораны ад нямецкага імя АЛОІЗ і БЕРГ “гара”. Але гістарычныя формы назвы: Аліосберг, Алісберг, Красіцкае, пададзеныя А.Сапуновым, сведчаць аб іншым паходжанні гідроніма. Геаграфічны тэрмін АЛЁС на Беларусі звычайна азначае “нізкае забалочанае месца”.
Аржаніца – рака, левы прыток ракі Бярозаўкі, працякае праз возера Чачалеўскае. Выток за 2 км на паўночны ўсход ад в.Крулеўшчына, упадае ў Бярозаўку ля в.Русакі Абрубскага сельсавета. Даўжыня 35 км. Даліна трапецападобная, шырыня даліны ў верхнім цячэнні 0.4 – 1 км, ніжэй возера Чачалеўскага 2- 2.5 км. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні каналізавана.
Выдатныя мясціны. На левым забалочаным беразе ракі на поўнач ад в.Аржаніца на пагорку знаходзіцца старажытнае гарадзішча ранняга жалезнага веку. Яшчэ адно старажытнае гарадзішча пад назвай Гарадок на левым беразе ракі ля в.Падгаі Абрубскага сельскага савета ляжыць на паўночнай частцы марэннай грады, якая выходзіць на бераг ракі. Гарадзішча датуецца раннім жалезным векам.
Назва ракі ў В.А.Жучкевіча быццам бы паходзіць ад назвы расліны АРЖАНІЦЫ. Але такое тлумачэнне супярэчыць законам тапанімікі, навукі аб геаграфічных назвах. У аснове назваў водных аб’ектаў звычайна зашыфраваны геаграфічныя тэрміны тыпу “возера”, “рака”, “пратока”, “крыніца”, “балота”. Каб устанавіць паходжанне назвы раскладзем яе на састаўляльныя часткі. Прэфікс А- + аснова -РЖ- + суфікс -Н- + канчатак -ІЦА-. Вакальнасць перад коранем –РЖ-, з’явілася, калі націск з асновы быў перанесены на другі склад, а сама аснова страціла сваю вакальнасць. Тое, што ў аснове назвы ляжыць геаграфічны тэрмін сведчыць назва яшчэ адной ракі Аржаніцы ў басейне Беразіны. Асновы АРЖ-/РЖ-/РАЖ-/РОЖ-/РУЖ-/РЫЖ-/РЭЖ- нярэдкія ў складзе беларускіх тапонімаў, параўнай назвы возера Аржвета ў басейне Бірвіты, варыянтную назву ракі Галбеіцы перад ўпадзеннем у возера Галбея – Зарэжжа, Заражанка і іншыя гідронімы - Аржоўка, Ржавец, Ржаўка; з вакальнасцю асновы Рожава, Ружанка, Арыжня. Падобныя гідронімы ёсць і ў басейне р.Акі - Аржа, Аржань. Аснова АРЖАН- сустракаецца і на тэрыторыі Сібіры. На санскрыце АРЖАН азначае “мінеральная вада”. Роднасная разглядаемай старажытная аглушаная аснова -РШ-, параўнайце беларускія тапонімы Аршыца, Орша, Оршына. Многія назвы рэк з элементамі -РЖ- звычайна звязваюць з іржавым, цёмным, брудным колерам вады. Поўны аналаг нашай назвы - рака Аржаніца, прыток Беразіны, як раз мае варыянтную назву Чорная. Але, у нашым выпадку, улічваючы геаграфічны ландшафт, можна больш упэўнена лічыць паходжанне асновы –РЖ- ад стражытнага геаграфічнага тэрміна ў значэнні “возера”. Аснова ўваходзіць у стратыграфічны рад тыповых азёрных асноў. Тое, што рака працякае праз возера Чачалеўскае, сведчыць на карысць азёрнай версіі.
Канчатак –ІЦА мае памяншальны сэнс. Звычайна такія канчаткі ў назве маюць невялікія водныя аб’екты.
Аута – рака, правы прыток Дзісны на тэрыторыі Глыбоцкага і Міёрскага раёнаў. Даўжыня 47 км, выцякае з возера Падаута. Асноўныя прытокі: Нехрысць, Ісцянка справа; Жадзіца, Улінец злева. Упадае ў Дзісну за 3 км на паўднёвы захад ад г.Дзісна. Каля в.Ялоўцы Старынкаўскага сельскага савета на рацэ плаціна і сажалка плошчай 18,3 га.
Выдатныя мясціны. На левым і правым берагах Ауты на захад ад в.Чарневічы Празароцкага сельскага савета курганныя могільнікі крывічоў, якія датуюцца ІХ-ХІ стагоддзямі.
На правым беразе ракі на паўночны ўсход ад в.Шчаўкуны Празароцкага сельскага савета старажытнае гарадзішча. Знойдзены прадметы днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі. Гарадзішча датуецца VI стагоддзем да н.э. – IV стагоддзем н.э.
Назва ракі – амаль у некранутым выглядзе данесла да сучаснасці старажытны тэрмін фінамоўнага паходжання АУТТО - “нізіна, парослая лесам”, “глухі лес”, “балота ў лесе”. Падобныя тэрміны ёсць і ў балцкіх мовах. Назва характэрызуе прыродны ландшафт, на якім пачынаецца і працякае рака. І.Стрэльбіцкі адзначаў у Фінляндыі назву возера Аутти-ярви. Улічваючы паходжанне асновы перакладаць гідронім на беларускую мову як АВУТА непажадана, бо гэта вядзе да скажэння першаасновы. У А.Сапунова рака мае ў ніжнім цячэнні варыянтныя назвы Язніца і Осмерка. Назва Язніца ўтворана ад наймення населенага пункта Язно. Варыянт Осмерка мае ў аснове тыповы старажытны элемент –СМ- балотнай семантыкі.
Баброва (варыянт Бабровае) – возера ў басейне ракі Шошы, за 24 км на ўсход ад г.Глыбокае. Знаходзіцца сярод лесу, непадалёку ад в.Бабруйшчына. Плошча 0.28 км кв. Даўжыня 1.18 км. Найбольшая шырыня 1.2 км. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м. Берагі на поўдні супадаюць са схіламі.
Злучаецца пратокай з возерам Крывое.
Назва возера – заатапонім. Яшчэ нядаўна на возеры сапраўды існавалі пасяленні баброў. Такія гідронімы тыповыя для Беларусі, сярод іх: назвы азёр Баброва ў Гарадоцкім, Бабровіцкае ў Івацэвіцкім, Баброўна ў Расонскім; рэчак Баброўка ў Мсціслаўскім, Слаўгарадскім, Смаргонскім, Шумілінскім і іншых раёнах.
Барысаўка – возера ў басейне ракі Мнюты, у 20 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокаае, у 1.5 км на захад ад в.Кавалёва. Знаходзіцца сярод забалочанага кустоў’я, уздоўж паўночнага берага луг. Плошча 0.02 км кв. Даўжыня 0.24 км, найбольшая шырыня 0.11 км, даўжыня берагавой лініі 0.52 км.
Назва возера мае патранімічнае паходжанне, утворана ад асабовага імя Барыс. Суфікс –АЎКА сведчыць аб невялікіх памерах воднага аб’екта.
Без назвы – невялікае возера на захад ад возера Азярцо, на паўднёвы захад ад возера Акунёва.
Назва возера не ўстаноўлена. Прасцей за ўсё на карце надпісаць “возера без назвы”. Як няма людзей без імён, так і няма безназоўных геаграфічных аб’ектаў. Само слова НАЗОЎНІК сведчыць аб гэтым. Ну а калі сапраўды азярко безназоўнае, давайце прыдумаем яму імя, варыянты для называння: прыродная адметнасць, навакольны ландшафт, адраснасць, суседства з населеным месцам, прозвішчы мясцовых жыхароў, вытворчая дзейнасць і г.д.
Белае – возера ў басейне ракі Аржаніца. Знаходзіцца за 3 км на паўднёвы усход ад г.Глыбокае. На беразе в.Чачалі Абрубскага сельскага савета.
Плошча 0,1 км кв. Даўжыня 0,46 км. Найбольшая шырыня 0,27 км. Даўжыня берагавой лініі 1,27 км. Схілы катлавіны вышынёй 5-7 м, у асноўным разараныя. На беразе расце хмызняк.
Назва возера з’яўляецца назвай–характарыстыкай, якая звычайна даецца азёрам з чыстай светлай вадой, з дадатнымі якасцямі. Толькі ў басейне Заходняй Дзвіны такіх найменняў больш за сорак. Менш распаўсюджана з’ява, калі назва БЕЛАЕ даецца нейкаму пустыннаму месцу. Маладзейшае па ўзросту ўтварэнне такіх назваў у якасці колеравай характарыстыкі. У забалочаных месцах БЕЛЫМ можа называцца забалочанае возера. Роднасныя тэрміны: славянскае БЕЛЬ “махавое балота”, балтыйскае БАЛА, ПЕЛЬ “балота”. Славянскі канчатак –АЕ вельмі характэрны для назваў азёр, ён мае граматычныя сувязі з апелятывам “возера”.
Белае (варыянт Бяле) – возера ў басейне ракі Дабрылаўка. Знаходзіцца ў 12 км на поўнач ад г.Глыбокае. На паўночна-заходнім беразе знаходзіцца в.Бушыкі, на паўднёва-ўсходнім – в.Залессе (Азерцы).
Плошча 0.55 км кв. Найбольшая глыбіня 9.8 м, сярэдняя – 4.3 м. Даўжыня 1.76 км. Найбольшая шырыня 0.87 км. Даўжыня берагавой лініі 5.36 км. Аб'ём вады 2.36 млн. м³. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй да 22 м, месцамі парослае зараснікамі вербалозу, вольхай. Берагі маюць складаную канфігурацыю, выцягнутую у мерыдыяльным напрамку. Падводная частка катлавіны складаецца з трох плёсаў: паўночна-ўсходняга (глыбінёй 6.2 м), цэнтральнага (глыбінёй 9.8 м) і паўднёва-заходняга (глыбінёй 6.2 м). Дно каля берагоў пясчанае, на глыбіні ілавата-гліністае.
У возера ўпадае ручай з возера Загорскае, выцякае ручай у раку Дабрылаўка.
Выдатныя мясціны: Ля ўезду ў в.Залессе з боку в.Зубкі – курганны могільнік уздоўж дарогі ў лесе. З другой паловы ХVІ стагоддзя вядомы дзве вёскі Залессе, адно проста Залессе, другое Залессе-Астроўна. Апошняе знаходзілася па апісанню А.Сапунова на беразе возера Астравок. На ўсходняй ускраіне вёскі Залессе паміж азёрамі Белае і Мурамшчына сядзібны комплекс, былое уладанне Корсакаў. Апошні ўладальнік - граф дэ Моль. Сядзіба была сфармавана ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, уключала ў сябе сядзібны палац з вежай, гаспадарчыя пабудовы, стайню, млын. Будынкі былі пабудаваны з чырвонай цэглы ў стылі неаготыкі. Пейзажны парк на схілах азёр плошчай 8 га. У дрэвастоі звычайныя мясцовыя дрэвы і экзоты: хвоя Веймутава, лістоўніца еўрапейская, ліпа амерыканская і ліпа буйналісцёвая. У парку ўстаноўлены помнік партызанам на месцы баёў з мясцовай самааховай моладзі ў час ВАВ. Былы палац у 1976 годзе разабраны калгасам на цэглу, хаця быў яшчэ ў даволі неблагім стане. Захаваліся стайня і гаспадарчыя пабудовы. На месцы вадзянога млына ў 2007 годзе назіраюцца толькі падмуркі. Вада з падпруды па камяністаму ложу ўліваецца ў ручай з вышыні 3-4 метраў, разбіваецца на камянях, ад гэтага ў паветры стаіць пастаянны гул. Мясцовыя жыхары так і называюць гэтае месца - «ШУМ». Далей ручай шырынёй каля метра цячэ сярод зарасніку невялікімі крутымі меандрамі да возера.
На высокім схіле возера ля в.Бушыкі Залесскага сельсавета знаходзіцца праваслаўная царква. Ля яе на раскідзістых соснах гняздоўі буслоў. З вышыні адкрываецца цудоўны далягляд на панараму возера. Месца вельмі маляўнічае. Паветра найчысцейшае. Можна адпачываць, займацца рыбалкай, купаннем, фатаграфаваннем, назіраннем за птушкамі, наведаць царкву і мясцовыя могілкі.
Гаспадарчае выкарыстанне: возера выкарыстоўваецца для мясцовых гаспадарчых патрэб, вядзецца прамысловы лоў рыбы.
Назва возера характэрызуе прыгожы прыродны ландшафт, чысціню азёрнай вады.
Народныя легенды: Адно з узвышшаў ля в.Залессе называецца Царкавішча, або Пагарышча. Кажуць, што тут стаяў горад з кляштарам і замкам, які разбурылі шведы. Ад горада быццам бы засталіся толькі падземныя скляпенні з захаванымі тут багаццямі і гарэлкай.
Белае – возера ў басейне ракі Свіліца. Плошча 0.14 км кв. Найбольшая глыбіня 11 м. Даўжыня 1.4 км. Найбольшая шырыня 0.8 км. Знаходзіцца на поўнач ад г.п.Падсвілле. Берагі спадзістыя, забалочаныя, паўночны і ўсходнія пад лесам і зараснікамі хмызняку. Возера зарастае.
Назва возера, хоць і падобная на папярэднюю, але атрымала яе ад наймення забалочанай мясцовасці. На балотную адзнаку ўказвае і назва ракі Свіліцы.
Белае – возера ў басейне ракі Шоша, знаходзіцца за 36 км на ўсход ад г.Глыбокае, у 7.8 км на паўднёвы ўсход ад в.Псуя.
Плошча 0.59 км кв. Найбольшая глыбіня 24.7 м, сярэдняя 9.7 м. Даўжыня 2.13 км. Найбольшая шырыня 0.57 км. Даўжыня берагавой лініі 4.78 км. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны пад лесам, на поўначы і паўночным захадзе месцамі разараныя. Берагі на поўдні і паўночным захадзе нізкія, тарфяністыя; на захадзе і ўсходзе высокія пясчаныя, пад лесам. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводдзе запоўнена сапрапелем, зарастае. Паласа надводнай расліннасці ад 0 да 150 м, падводнай да глыбіні 4 м. На глыбіні да 11 м распаўсюджаны рэдкі від імха фантыналіса, які ўтварае плаваючыя астраўкі.
Выдатныя мясціны. Больш 51% вадазбора заняты лясамі і расліннасцю. Маляўнічыя лясныя ландшафты вакол возера ствараюць унікальны прыродны комплекс. З мэтай захавання прыроды гэтага эталоннага па чысціні возера тут ў 1979 годзе створаны азёрны заказнік “Белае” плошчай 950 га. На берагах возера пасяленні баброў.
Гаспадарчае выкарыстанне: возера з’яўляецца месцам адпачынку, праводзіцца прамысловы лоў рыбы.
Назва возера – дадатная характарыстыка, аналагічнага паходжання, як і назва возера Белае ў басейне ракі Дабрылаўка.
Беразвечча, гл. Вялікае.
Брыкеце, гл. Свіліца.
Бяглец – возера ў басейне ракі Бярозаўка, на паўднёвы ўсход ад г.Глыбокае. Плошча 0.07 км кв. Даўжыня 0.39 км. Найбольшая шырыня 0.25 км. Даўжыня берагавой лініі 1.05 км. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м, разараныя, на поўначы да 3 м , пад лугам. На паўднёвым усходзе пойма забалочаная. На беразе возера знаходзіцца кавярня, абсталяваны месца адпачынку.
Злучаецца ручаём з возерам без назвы.
Назва возера мае балотную семантыку, аналагічна назве возера Белае ў басейне р.Свіліцы. Гук –Г- у корані ўстаўны, канчатак –ЕЦ мае памяншальны сэнс. Значэнне назвы - “невялікае балотнае азярко”.
Бярозавае (варыянт Бярозаўскае) – возера ў басейне ракі Дзісна, за 16 км на поўнач ад г.Глыбокае. На заходнім беразе возера в.Бярозавікі, на паўночна-ўсходнім - в.Залессе.
Плошча 0.56 км кв. Найбольшая глыбіня 3.2 м, сярэдняя 1.8 м. Даўжыня 1.12 км. Найбольшая шырыня 0.70 км. Даўжыня берагавой лініі 4.33 км. Аб’ём вады 1.03 млн. м куб.
Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 8 м, на усходзе і паўднёвым усходзе да 20 м, пераважна разараныя. Берагі пясчаныя, парослыя кустоўем, часткова забалочаныя. Вакол возера тарфяністая пойма. Мелкаводдзе пясчанае, на глыбіні ілістае. Расліннасць да глыбіні 1.8 м, шырыня паласы ад 8 да 80 м. Возера рыбнае. На беразе сельскія могілкі.
Гаспадарчае выкарыстанне: выкарыстоўваецца для мясцовых гаспадарчых патрэб – як вадапой для жывёлы, месца сцёку з фермы. Праводзіцца прамысловы лоў рыбы.
Назва возера, здаецца, паходзіць ад назвы вёскі Бярозавікі, а тое – ад прозвішча мясцовых жахароў, утворанае ў саю чаргу ад назвы дрэва БЯРОЗЫ. Але насцярожвае навакольны балотны ландшафт. У гідраніміі значэнне старажытнаславянскай асновы тыпу БАР-/БЕР-/БІР-/БЯР-/БР- “балота”. Падобныя асновы часта сустракаецца на тэрыторыі Беларусі, параўнайце назвы рэк, азёр і балот гэтага тыпу: Барань, Баршчы, Беразіна, Бер’е, Берашча, Брышы.
Бярозаўка (варыянт Бярэжвіца) – рака, правы прыток Дзісны. Даўжыня 53 км. Пачынаецца з возера Падлужнае, працякае праз г.Глыбокае, упадае ў Дзісну ніжэй на 4 км ад г. Шаркаўшчына. Асноўныя прытокі: Аржаніца, Маргва, Гнілуха злева, Дабрылаўка і Стуканаўка справа. Даліна ў верхнім цячэнні трапецападобная, пасля ўпадзення Маргвы вузкая, шырынёй 0.5-3 км. Пойма пераважна двухбаковая, шырынёй ад 50 да 500 м. Рэчышча часткова каналізавана, на прыродных участках звілістае, шырынёй ад 14 да 20-30 м.
Назва ракі ў А.Сапунова – Березвица, Березбица, Березвечь, Берёзовка. Гідронім можа быць фітатапонімам, або мець балотную семантыку. Суфікс –ІЦА мае памяншальнае значэнне.
Воранаўка – рака, прыток возера Плісса. Назва прыведзена і ў А.Сапунова.
Назва ракі на першы погляд утворана ад назвы вёскі Воранава. Але існаванне аналагічных гідронімаў – Воранаўка, прыток возера Споры на Пастаўшчыне; азёр Ворань у Лепельскім і Міёрскім раёнах даюць магчымасць прапаноўваць і іншыя меркаванні. Малаверагодная сувязь з назвай птушкі ВАРОНЫ. Хутчэй за ўсё назва ўтворана ад прыбалтыйска-фінскага тэрміна ў значэнні “возера”. Тады назва вёскі Воранава можа быць другаснай.
Восава (варыянт Восаўскае) – возера ў басейне ракі Лучайкі, за 12 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае. На беразе в.Восава.
Плошча 0.12 км кв. Найбольшая глыбіня 12 м. Даўжыня 0,7 км. Найбольшая шырыня 0.6 км. Схілы катлавіны нізкія забалочаныя. Дно возера на ўсходзе пясчанае, на астатняй частцы ілы, сапрапель.
Назва возера мае аналагі. Параўнайце назвы: ракі Восава (прытока Дзітвы), Восаўскай канавы ў Касцюковіцкім раёне, вёсак Восава ў Бабруйскім, Докшыцкім, Мінскім іншых раёнах. Гук –В- прыдадзены да кораня тапоніма па нарматывах беларускай мовы. Лічыцца, што ў аснове падобных тапонімаў старабеларуская назва дрэва асіны “оса”, “ось”. Назву Восава, такім чынам, можна аднесці да фітатапонімаў. Этымалогія не канчатковая.
Вялец (варыянты Велец, Белец) – возера ў басейне р.Мнюта, за 20 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае. На заходнім беразе в.Вялец.
Плошча 0.22 км кв. Найбольшая глыбіня 11 м, даўжыня 1.8 км. Найбольшая шырыня 0.8 км. Схілы катлавіны нізкія, забалочаныя, на ўсходзе да 3-4 м. Дно пясчанае і глеістае, зарастае.
Праз возера працякае р.Мнюта, у возера ўпадаюць некалькі ручаёў.
Выдатныя мясціны. Ля возера знаходзіцца гранітны валун “Чортаў камень”. У вёсцы Вялец старажытная драўляная царква ХVІІІ стагоддзя, помнік народнага драўлянага дойлідства. Побач двухярусная шатровая званіца. Тут жа можна азнаёміцца з сядзібамі вяночнай пабудовы, старымі гумнамі і ветракамі.
Назва возера складаецца з тыповай гідранімічнай асновы ВЕЛ-/ВЯЛ- і канчатка –ЕЦ. Канчатак характэрны для невялікіх водных аб’ектаў, параўнайце падобныя азёрныя назвы: Бяглец, Крывец, Ластавец, Псавец, Ржавец, Рудавец, Супанец, Шаранец. Аснова ВЕЛ- сустракаецца ў назвах іншых водных аб’ектаў, сярод іх азёры Велле ў Полацкім і Расонскім раёнах, возера Веліжжэ ў Петрыкаўскім рёне. З іншай вакальнасцю ВІЛ- назвы ракі Віліі (Вяллі), прытока Немана і возера Вілія ў басейне Сажа і іншыя. В.А.Жучкевіч рабіў спробу вытлумачыць назвы азёр Вялец, Велле і ракі Віліі ад славянскага атрыбута ВЯЛІКІ. Але супрацьлегласць значэнняў кораня і канчатка кідаецца ў вочы. А версія паходжання гідроніма ад назвы расліны хвашча ОВЕЛЬ зусім казачная.
Першасны воблік асновы ВЕЛ- лёгка рэканструіраваць з веданнем законаў лінгвістычнай стратыграфіі. Прамежкавасць гука Л паміж С і Т, дае нам формула С→Л→Т. Асновы тыпу *ВЕС- і *ВЕТ- маюць ясны паўночны характар. Сучаснае фінскае ВЕСІ/ВЕЦІ азначае “вада, плёс”. Сапаставім аснову гідроніма з іншымі фінамоўнымі тэрмінамі: комi ВОЛ/ОЛ "ручай, пратока", карэльскiм ВАЛУО "лiцца".
Магчымае значэнне назвы Вялец - “невялікае возера”, або “праточнае возера”.
Вялікае (варыянты Беразвечча, Глыбокае) – возера ў басейне ракі Бярозаўка, на паўночна-заходняй ускраіне г.Глыбокае.
Плошча 0.89 км кв. Найбольшая глыбіня 5.7 м. Даўжыня 2.15 км. Найбольшая шырыня 0.73 км. Даўжыня берагавой лініі 5.4 км. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м., на ўсходзе і паўночным усходзе да 16 м., на паўночным захадзе пад лесам. Берагі месцамі забалочаныя. Возера складаецца з вялікага паўночнага і малога паўднёвага плёсаў. Паласа расліннасці ад 10 да 100 м.
Упадаюць два ручаі і пратока з возера Кагальнага, сцёк па пратоцы ў возера Падлужнае.
Выдатныя месцы: Беразвецкі базіліянскі манастыр. Назва населенага пункта Беразвеч уворана ад назвы возера, упершыню ўпамінаецца ў дакументах пад 1519 годам, у час ваенных дзеянняў рускіх войск. У 1638 годзе уладальнік Беразвечча Іосіф Корсак зрабіў даравальны надпіс на заснаванне базіліянскага манастыра. Манастыр і службы пры ім былі збудаваны к 1700 году. У 1782 годзе было заснавана шасцікласнае вучылішча.
Назва возера з разраду тыповых славянскіх азначэнняў-атрыбутаў, якія характэрызуюць памеры возера, форму катлавіны, характарыстыкі берагоў і дна. Аналагічныя назвы: Малое, Высокае, Верхняе, Ніжняе, Крывое, Круглае, Мелкае. Назва возера Глыбокае магло даць імя самому гораду Глыбокаму. Варыянтная назва Беразвечча намнога старажытней, чым назвы Вялікае і Глыбокае. Падзяляецца на дзве ясныя гідранімічныя асновы БЕР- балотнай семантыкі і ВЕЧ- “вада, плёс, возера” . Апошняя аснова прысутнічае ў назвах ракі Вячы і азёр Вечыца, Вечалле.
Вялікі Супонец – возера ў басейне ракі Альзініца, на мяжы Глыбоцкага і Ўшацкага раёнаў, сярод лесу. На беразе в.Скрабатуны Псуеўскага сельскага савета.
Плошча 0.42 км кв. Найбольшая глыбіня 23.8 м. Даўжыня 0.96 км. Найбольшая шырыня 0.55 км. Даўжыня берагавой лініі 2.62 км. Аб’ём вады 3.52 млн. м. куб. Схілы катлавіны вышынёй 15-18 м., на поўначы пад лесам, на паўночным захадзе разараныя. Дно складаецца з меляў і западзін. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, на глыбіні – сапрапелістае. Паласа расліннасці па берагах 8-50 м да глыбіні 5 м.
Злучана пратокай з возерам Малы Супонец.
Назва возера Вялікі Супонец утрымлівае ў сабе атрыбут “вялікі”. Звычайна атрыбуты тыпу ВЯЛІКІ-МАЛЫ даюцца сумежным водным аб’ектам, як і ў нашым выпадку, бо побач знаходзіцца возера Малы Супонец. Сам гідронім Супонец складаецца з асновы СУП- + суфікс –Н- + канчатак –ЕЦ. Канчатак характэрызуе невялікія памеры воднага аб’екта. Улічваючы чаргаванне гукаў В і П ў гідраніміі корань СУП- можна параўнаць з роднаснай асновай СВ-/САВ-. Аснова СУП-, з іншай вакальнасцю САП-, без вакальнасці СП- паходзіць ад старажытнага тэрміна ў значэнні “выток з возера”. Менавіта такія геаграфічныя тэрміны яшчэ захавалася ў жывых фінаугорскіх мовах. Аналагічныя асновы маюць назвы беларускіх рэк і азёр і суседніх тэрыторый: Сап, Сапагоўка, Сапшо, Перасопенка, Спанаўка, Спіцы, Спонка, Спораўскае, Спорня, Споры, Спорыца, Спушанка, Спягліца, Іспол, Успол, Успер. Асновы гэтага тыпу настолькі распаўсюджаны ў гідраніміі, что маюць глабальны характар, параўнайце: Сап - назва Іртыша ў вытоках; возера і рака Тон-ле-Сап у басейне Меконга.
Вярхі – возера ў басейне ракі Мнюта, за 21 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае, на паўночны захад ад возера Вялец.
Плошча 0.09 км кв. Даўжыня 0.47 км. Найбольшая шырыня 0.2 км. Даўжыня берагавой лініі 1.28 км. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м, разараныя. Па берагах хмызняк.
Выцякае ручай у раку Мнюта.
Назва возера – здаецца тыповай славянскай, яснай і зразумелай. Але трэба прыдаць увагі, што аснова назвы ВЕР-/ВЯР- з’яўляецца тыповай для паўночнай гідраніміі. Такія ж асновы ў назвах азёр Вера, Верына, Нечвор, Вяркуда ў басейне Заходняй Дзвіны. Таму, этымалогія гідроніма можа мець паходжанне з прыбалтыйска-фінскіх моў, параўнай фінскае, эстонскае ЯРВ, ЯРВІ, саамскае ЯВРЭ “возера”.
Гаранскае – возера ў басейне ракі Шоша, за 14 км ад ад г.Глыбокае. Плошча 1.6 км кв. Даўжыня 0.17 км. Найбольшая шырыня 0.13 км. Даўжыня берагавой лініі 0.45 км.
Знаходзіцца на балоце, парослым хвояй.
Назва возера – ў радзе аналагічных гідронімаў тыпу Гарна, Гарнасвечча, Агрэня, Граннё. Найбольшы давер вызывае версія паходжання назвы возера ад старажытнага славянскага тэрміна ў значэнні “балота”. Тым больш, што возера акружана балотам. Суфіксальнае афармленне –СК- можа сведчыць аб другаснасці назвы, утварэння яе ад назвы паселішча.
Гінькава – возера ў басейне ракі Нехрысць, за 33 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае.
Плошча 0.51 км кв. Найбольшая глыбіня 43.3 м, трэцяе месца па глыбіні ў РБ. Даўжыня 2.2 км. Найбольшая шырыня 0.29 км. Даўжыня берагавой лініі 4.84 км. Аб’ём вады 7.97 млн. м куб. Схілы катлавіны вышынёй 20-30 м, крутыя, зарослыя кустоўем. Берагі супадаюць са схіламі. Зона мелкаводдзя вузкая. Дно да глыбіні 6-10 м пясчанае, на глыбіні ілістае. Частка возера носіць назву Правалішча, бо тут рэзка ўзрастаюць глыбіны. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.
Возера належыць да сігава-снятковых вадаёмаў, водзяцца таксама вугры, платва, шчупакі, укляя.
Выдатныя мясціны. З вяршыні ўзгоркаў адкрываецца прыгожы пагляд на возера, якое знаходзіцца быццам у цясніне. Возера вядома таксама сваёй святой крыніцай. Кожны год да крыніцы ладзяцца пілігрымкі, хросныя хады ад праваслаўнай царквы Параскевы ў Чарневічах. Вада з крыніцы вельмі сцюдзёная, але веруючыя акунаюцца ў яе з галавой.
Адно з мясцовых знакамітасцяў – карставыя пячоры, якія знаходзяцца ля в.Сахновічы. Яшчэ А.Сапуноў апісваў старажытны цагляны свод, які вёў ў пячору. Нядаўна побач з першай пячорай знайшлі яшчэ тры меншых. Цікавыя легенды пра гэта месца запісаў калісьці краявед Іван Іванавіч Волкаў. Быццам бы тры сястры з Варшавы схавалі ў пячорах сваё багацце і заваражылі гэтае месца. Сясцёр саслалі ў Сібір і іх багацце так нікому і не адкрылася. Іншыя лічаць, што ў пячорах знаходзіцца клад імператара Напаліёна.
На астраўку паміж берагам возера і рэчкай Даўжанкай, якая выцякае з возера, утварыўся маляўнічы куток, які называюць “Галубавы сад” па прозвішчу апошняга ўладальніка маёнтка у 30-я гады. Раней маёнтак належыў пану Чаховічу, ён складаўся з драўлянага палаца і капліцы. У садзе раслі экзатычныя расліны, у садках плавалі дзівосныя рыбіны. Зараз тэрыторыя парка абнаўляецца мясцовымі ўладамі і плануецца арганізацыя заказніка на плошчы 18 га.
Назва возера ў тапанімічным слоўніку В.А.Жучкевіча не ўпамінаецца, ён прывёў толькі падобныя назвы вёсак Гіневічы, Гіновічы, якія выводзіў ад беларускіх прозвішчаў. На мясцовае паходжанне назвы возера ўказвае існаванне ў раёне некалькіх вёсак з аднатыпнымі найменнямі - Гінькі ў Мамайскім, Пліскім, Карабоўскім сельскіх саветах Глыбоцкага раёна і ў суседнім Пастаўскім раёне. У А.Сапунова ў Дзісенскім павеце было ўказана возера Гінялі. Можна згадзіцца з версіяй паходжання назвы вёскі ад прозвішча Гінько, сэнсавае значэнне якога “тонкі, выцягнуты, хуткі”.
Глыбачка – возера ў басейне ракі Шоша, за 24 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае, за 1.3 км ад в.Германоўшчына Псуеўскага сельскага савета, сярод лесу.
Плошча 0.04 км кв. Даўжыня 0.38 км. Найбольшая шырыня 0.12 км. Даўжыня берагавой лініі 0.9 км. Схілы катлавіны да 18 м, на поўдні да 7 м. На паўночным усходзе і захаде пойма забалочаная.
Назва возера – тыповая ў гідраніміі, ясная славянская. У Беларусі сем азёр Глыбачак, абсалютных цёзак. Суфікс –АЧКА сведчыць аб невялікіх памерах возера. У радзе роднасных азёрных назваў: Глыба, Глыбач, Глыбокае, Глыбочына, Глыбочыца, Глыбошчына і іншыя.
Гнілое – невялікае возера на паўднёвы захад ад возера Акунёва, непадалёку вёска Валодзькава.
Назва возера характарызуе навакольны азёрны ландшафт.
Горацкае – возера ў басейне ракі Аута, за 28 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае. На беразе в.Горкі і в.Дворышча Плісскага сельскага савета.
Плошча 0.06 км кв. Даўжыня 0.37 км. Найбольшая шырыня 0.35 км. Даўжыня берагавой лініі 2.05 км. Схілы катлавіны да 15 м, пад кустоўем, на захадзе і ўсходзе часткова разараныя.
Назва возера – ясная славянская, адтапанімічная, утворана ад назвы паселішча Горкі з дапамогай суфікса –ЦК-. Назва вёскі паходзіць ад геаграфічнага тэрміна “гара”.
Гулідаўскае – возера ў басейне ракі Маргва, за 13 км на захад ад г.Глыбокае, на ўсход ад в.Гулідава Карабоўскага сельскага савета.
Плошча 0.27 км кв. Даўжыня 0.8 км. Найбольшая шырыня 0.35 км. Даўжыня берагавой лініі 1.95 км. Схілы катлавіны вышынёй 2-3 м, парослыя кустоўем, месцамі разараныя.
Выцякае ручай у раку Маргву.
Назва возера складаецца з асновы ГУЛ- + тыповы азёрны фармант –Д- + адтапанімічны суфікс –СК- + канчатак –АЕ. Суфікс –СК- заўсёды падказвае, што назва геаграфічнага аб’екта і прозвішча людзей з такім суфіксам ўтворана ад назвы паселішча. У нашым выпадку гэта в.Гулідава. Але факт, што аснова ГУЛ- паўтараецца ў назвах воз.Гульбеза ў басейне Страчы, р.Гулянкі ў басейне Беразіны наводзіць на думку, што назва возера была першаснай. Зразумела, што значэнне асновы ГУЛ- павінна быць звязана з тэрміналогіяй тыпу “вада”, “возера”, “вадаём”. І такая думка падцвердзілася. Нямецкі дыялектны тэрмін ГЮЛЬ азначае менавіта “лужына, вадаём”. Сэнс назвы возера Гулідаўскага - “азёрны вадаём”.
Дабрылаўка – рака, правы прыток ракі Бярозаўкі. Даўжыня 32 км. Выток за 1 км на поўдзень ад в.Забор’е. Упадае у раку Бярозаўку ля в.Грыцы Ўзрэцкага сельскага савета. У нізавым цячэнні працякае праз возера Пятроўскае. Даліна трапецападобная, шырынёй ад 0.3 да 2 км. Пойма шырынёй 0.1-0.3 км. Рэчышча ад вытоку да возера Пятроўскага каналізавана.
Назва ракі раскладаецца на корань ДАБР- + азёрны суфікс –Л- + канчатак –АЎКА. Канчатак звычайны для невялікіх рэчак, мае памяншальнае значэнне. Корань ДАБ-/ДАБР- мае вялікае распаўсюджанне ў гідраніміі Беларусі, але хоць выглядае вельмі па-славянску, мае больш старажытнае паходжанне. Значэнне асновы празрыстае – “выток з возера, ці балота”. Аналагічныя тапонімы: Дабасна, Дабранка, Дабрасень, Дабраслаўка, Дабрыха, Дабрыца, Добрыя Мыслі, Добруш, Добрына, Добрыч і іншыя.
Даўжанка – пратока з возера Доўгае ў возера Шо.
Назва ракі ўтворана ад назвы возера Доўгае.
Дзегцяроўскае – возера ў басейне ракі Бярозаўка, за 6 км на поўнач ад г.Глыбокае. На паўночным беразе в.Дзегцяры Удзелаўскага сельскага савета.
Плошча 0.2 км кв. Даўжыня 0.62 км. Найбольшая шырыня 0.2 км. Даўжыня берагавой лінііі 1.32 км. Схілы катлавіны да 5 м, пераважна разараныя.
З усходняга заліва выцякае ручай у возера Шубніцкае.
Назва возера другасная, утворана ад назвы населенага пункта Дзегцяры. А тое ў сваю чаргу паходзіць ад назвы жыхароў, якія займаліся дзягцярным промыслам.
Доўгае – возера ў басейне ракі Шоша, за 32 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае, у 2 км на поўдзень ад в.Зябкі.
Плошча 2.6 км кв. Гэта самае глыбокае возера Беларусі, найбольшая глыбіня 53.7 м, сярэдняя 16.6 м. Самыя вялікія глыбіні прыракаваны да двух плёсаў - паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга. Яны падзелены падняццямі дна, называемых “гарамі”. Даўжыня возера 6 км. Найбольшая шырыня 0.7 км. Даўжыня берагавой лініі 14.9 км. Аб’ём вады 43.17 млн. м. куб. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны вышынй да 30 м, на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе да 10 м. Берагі зліваюцца са схіламі, на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе нізкія. Катлавіна выцягнута ў паўночна-заходнім напрамку. Форма возера нагадвае вузкую горную цясніну, абмежаваную схіламі. Круцізна схілаў 35-40°. Толькі паўночна-заходнія і і паўднёва-ўсходнія часткі бальш палогія. На схілах растуць елкі і дубы, густыя альховыя зараснікі. Падводная частка таксама вельмі стромкая. У цэнтральнай частцы возера некалькі западзін. Зона мелкаводдзя вельмі вузкая, пясчаная і пясчана-галечная. На глыбіні гліна і ілы, ў паўночна-заходнім плёсе сустракаецца азёрная жалезная руда – ліманіт у выглядзе жалвачкоў і канкрэцый. Летам звычайна праграваецца толькі верхні слой вады да глыбіні 5-7 м, на глыбіні тэмпература вады не вышэй +5.5°. У вадзе многа кіслароду.
Возера зарастае мала. Значныя ўчасткі пясчанага і камяністага берагу зусім голыя. На некаторых месцах зараснікі трыснягу і чароту. Да глыбіні 5-7 м пранікаюць рдэсты. Глыбей да 10-12 м сутракаюцаа імхі. У гарачыя ліпеньскія дні паверхня возера зацвітае ад водарасцей, але вада застаецца чыстай і празрыстай. Ранней вясной таксама можна назіраць цвіценне чырвоных мікраскапічных водарасцей Асцылляторыі Рубэнсіс. Пасля веснавога ледалому яны знікаюць да наступнай вясны.
У верхніх слаях вады жывуць вялізныя шчупакі, ляшчы, судакі, акуні, карасі, ліні, вугры, уклея, плоткі, краснапёрка, гусцера, яршы. На глыбокіх плёсах добрыя ўловы снятка. У вадзе жыве рэлікт ледавіковага перыяду – рачок лімнакалянус, занесены ў “Чырвоную кнігу”.
Возера слабапраточнае. У паўднёвай частцы – пратока ў возера Шо, на паўночным захадзе пратока злучае Доўгае з возерам Свядава. Упадаюць сем ручаёў, самы значны з возера Псуя.
Выдатныя мясціны. На беразе пасяленні баброў. Возера і прыбярэжная частка ў 1979 годзе аб’яўлены заказнікам. Плошча заказніка 3300 га.
На беразе вёскі Зябкі і Доўгае Зябкаўскага сельскага савета. У в.Зябкі знаходзяцца хрысціянскія могілкі з камянямі, млын. Каля в.Новыя Зябкі на беразе возера курганны заказнік. Некаторыя курганы абкладзены камянямі. Пра курганы мясцовым насельніцтвам складзена мноства легенд. Адны лічаць, што гэтыя курганы насыпалі французы ў 1812 годзе. Па другой легендзе іх пакінуў цар Іван Жахлівы, калі ішоў ваяваць з літоўскім і польскім войскам. Таму курган паміж в.Зябкі і р.Сволпай называюць “Царскай гарой”. Ля вёсак Доўгае і Слабада на беразе Сволпы шмат курганаў-валатовак, якія па народных легендах пакінулі волаты-асілкі. А.Сапуноў адзначаў на беразе возера Доўгае і ля аднаіменнай вёскі 50 курганаў-валатовак. А ў лясным урочышчы Цатоўшчына знаходзілася дарога з бярвенняў, якая лічыцца была збудавана князем Вітаўтам.
Язэп Драздовіч называў возера Доўгае беларускім Байкалам. Абрысы схілаў напаміналі мастаку горны пейзаж.
Пра возера і мясцовых жыхароў вельмі паэтычна напісала прафесар БДУ азёразнаўца Вольга Піліпаўна Якушка: “Пастаянныя зносіны з прыродай гэтых дзіўна прывабных і немнагалюдных месц робіць непрыкметны дабратворны ўплыў на чалавека. Паблізу азёр жывуць гасцелюбівыя, працавітыя людзі: вясёлая і ўдумлівая моладзь і нястомныя старыя. Многія пражылі на возеры ўсё сваё жыццё і прывязаліся да яго, як да роднай хаты”. Па легендах мясцовых жыхароў на возеры сустракаюцца глыбіні да 70 сажняў, дзе жывуць вялікія пачварныя стварэнні. Тут, як апісвала Вольга Піліпаўна, быў злоўлены паўпудовы шчупак, нагадваючы нільскага кракадзіла. Рыбалка на возеры багатая, але няпростая, абумоўлена складаным рэльефам дна. Позняй восенню ў донных ямах назапашваецца сняток, а летам падчас нерасту ў берагоў калышуцца хвалі з уклейкі.
Па берагах возера развіваецца агратурызм, тут можна правесці адпачынак на сельскіх сядзібах у вёсках Зябкі і Саннікі.
Назва возера – тыповая славянская, належыць да разраду атрыбутыўнай лексікі, як Белае, Крывое, Вялікае, Малое і г.д.
Жакаўскае – возера ў басейне ракі Дабрылаўка, за 15 км на поўнач ад г.Глыбокага. На беразе в.Кур’янава Узрэцкага сельскага савета.
Плошча 0.15 км кв. Даўжыня 0.6 км. Найбольшая шырыня 0.42 км. Даўжыня берагавой лініі 1.62 км. Схілы катлавіны невыразныя, берагі нізкія, на поўначы і паўднёвым усходзе сплавінныя, месцамі пад лесам.
Выцякае ручай у раку Дабрылаўка.
Назва возера мае роднасныя сувязі ў басейне Заходняй Дзвіны, у вярхоўях Дзвіны знаходзіцца возера Жакто. Семантычнае напаўненне асновы ЖАК- можа быць звязана з балоцістым навакольным ландшафтам. Суфіксальнае афармленне сведчыць, што назва возера магла ўзнікнуць і ад назвы пасялення тыпу Жакі. Параўнай аналагічную назву вёскі ў Пастаўскім раёне паблізу Лынтуп.
Забельскае (варыянт Кур’янава) – возера ў басейне ракі Бярозаўка, за 4 км на поўнач ад г.Глыбокае. На паўднёвым мысе в.Забелле Удзелаўскага сельскага савета.
Плошча 0.44 км кв. Найбольшая глыбіня 2.1 м, сярэдняя 1.2 м. Даўжыня 1.51 км. Найбольшая шырыня 0.49 км. Даўжыня берагавой лініі 4.72 км. Аб’ём вады 0.52 млн. м³. Катлавіна лагчынна-астатковага тыпу. Схілы катлавіны 3-9 м, разараныя, на поўдні 14-15 м пад лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе сплавінныя. Пойма шырынёй да 50 м, часткова забалочаныя. Дно возера плоскае, сапрапелістае. Зарастае ў прыбярэжнай частцы. На поўдні востраў плошчай 0.7 га.
Злучана ручаём з азёрамі Марцыбылінскае і Мушкацкае.
Гаспадарчае выкарыстанне: выкарыстоўваецца для мясцовых бытавых патрэб, прамысловага і аматарскага лову рыбы.
Назва возера ўтворана ад славянскага тэрміна БЕЛЬ “верхавое чыстае махавое балота” і прыстаўкі ЗА-, якая прыдае тапоніму характар назвы-арыентыра. Семантычнае значэнне “возера за беллю”, “возера за махавым балотам”. Аналагічных назваў у славянскай гідраніміі мноства. Варыянтная назва Кур’янава ўтворана ад назвы населенага пункта, а тое ад беларускага прозвішча Кур’ян.
Заветак – ручай, прыток ракі Лідніцы. Адзначаны А.Сапуновым.
Назва ручая азначае “закрут, паварот, меандр”.
Загорскае, гл. Мурамшчына.
Івесь – возера ў басейне ракі Шоша, за 36 км на ўсход ад г.Глыбокае. на паўночны ўсход ад возера Шо.
Плошча 0.55 км кв. Найбольшая глыбіня 26 м, сярэдняя 8.7 м. Даўжыня 2.12 км. Найбольшая шырыня 0.44 км. Даўжыня берагавой лініі 4.8 км. Аб’ём вады 4.71 млн. м. куб. Схілы катлавіны 10-15 м, у асноўным разараныя, на поўдні пад лесам. Берагі пясчаныя, парослыя кустоўем. Пойма забалочаныя, шырынёй да 200 м. Дно з чаргаваннем западзін і меляў. На возеры востраў плошчай 1 га. Вада вельмі празрыстая.
Упадаюць ручаі з азёр Молена і Белае, выцякае ручай ў возера Шо.
Выдатныя мясціны і гаспадарчае выкарыстанне: На беразе возера знаходзіцца вска Івесь. Псуеўскага сельскага савета. У вёсцы створаны культурна-гістарычна-турыстычны цэнтр, які прапануе жадаючым камфортны адпачынак на беразе возера. Цэнтрам праводзяцца экскурсіі вакол возера, падчас якіх наведваюцца археалагічныя помнікі, месцы партызанскіх баёў. На возеры праводзіцца прамысловы і аматарскі лоў рыбы. Звыш 36% тэрыторыі вадазбору пад лесам, дзе можна весці збор ягад і грыбоў.
Назва возера прыбалтыйска-фінскага паходжання. Аснова назвы –ВЕС- даволі распаўсюджана на фінамоўных тэрыторыях. Параўнай эстонскае і фінскае ВЕСІ, ВЕЗІ “вада, плёс”. У Фінляндыі падобныя элементы шырока прадстаўлены ў назвах азёр: Івесі, Весанто, Ванкавесі, Васкавесі, Латвавесі, Маласвесі, Орівесі, Пулавесі, Хауківесі. У Беларусі аналагічныя асновы ў назвах азёр Будавескага, Вісяты, ракі Аўсянкі (Овсянки).
Кагальнае – возера ў басейне ракі Бярозаўка ў межах горада Глыбокае.
Плошча 0.155 км кв. Максімальная глыбіня 5, сярэдняя 2.86 м. Даўжыня 0.62 км, максімальная шырыня 0.38 км. Даўжыня берагавой лініі 1.68 км.
Гаспадарчае выкарыстанне: возера выкарыстоўваецца як сцёк з кансервавага камбіната і горада Глыбокае. Возера з’яўляецца месцам адпачынку глыбачан, праводзіцца аматарскі лоў рыбы.
Назва возера ўтворана ад наймення яўрэйскай грамады – КАГАЛА.
Казённае - возера ў басейне ракі Шоша, за 22 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае.
Плошча 0.1 км кв. Даўжыня 0.5 км. Найбольшая шырыня 0.38 км. Даўжыня берагавой лініі 1.72 км. Схілы катлавіны вышынёй да 10 м, на поўдні і ўсходзе да 5 м, пад лесам.
Назва возера –– тыповы адміністратыўны тапонім, параўнайце аналагічныя назвы возера Казённага ў Дубровенскім раёне, Казённай канавы ў Кіраўскім раёне.
Каменнае – возера на ўсход ад в.Германоўшчына. Назва–характарыстыка. Можа сведчыць аб камяністым характары дна, але можа быць утворана ад прысутнасці крыніц па берагах возера ў выніку семантычнай сувязі КРЫНІЦА-КАМЕНЬ. Параўнай рускае ГЛАЗ, польскае GLAZ “камень”, нямецкае GLASS “шкло”, “акуляры”. У латышскай мове AKMENS азначае ”камень”, але Акмяніца – ручай, які выцякае з крыніцы.
Камінскае – возера ў басейне ракі Дабрылаўка, за 8 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае. На беразе в.Азярцы Мамайскага сельскага савета.
Плошча 0.07 км кв. Даўжыня 0.4 км. Найбольшая шырыня 0.25 км. Даўжыня берагавой лініі 1 км. Схілы катлавіны на захадзе вышынёй да 15 м, парослыя кустоўем; усходнія вышынёй да 3 м, пад лугам.
Злучана ручаём з ракой Дабрылаўка.
Назва возера па сваёй структуры тыповы другасны тапонім. Утвораны ад іншай тапанімічнай назвы, ці прозвішча.
Карпікаўскае – возера ў басейне ракі Паловіца, за 17 км на поўнач ад г.Глыбокае. На паўночным беразе вёска Карпікі Залесскага сельскага савета.
Плошча 0.21 км кв. Даўжыня 1.2 км. Найбольшая шырыня 0.2 км. Даўжыня берагавой лініі 2.68 км. Схілы катлавіны 5-10 м пераважна разараныя.
З возера выцякае рака Паловіца.
Назва возера ўтворана ад назвы населенага пункта Карпікі. А тое ў сваю чаргу можа паходзіць ад прозвішча мясцовых жыхароў тыпу Карпік, Карпека.
Качанава – возера ў басейне ракі Аута, за 28 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае. На беразе в.Качанава (на карце адзначана як нежылая). Паблізу в.Шчаўкуны Празароцкага сельскага савета.
Плошча 0.07 км км кв. Даўжыня 0.39 км. Найбольшая шырыня 0.32 км. Даўжыня берагавой лініі 1.18 км. Схілы катлавіны на поўдні і захадзе да 10 м, пад сельгасугоддзямі і кустоўем.
Выцякае ручай ў раку Ауту.
Назва возера ўтворана ад назвы пасялення, а тое - ад прозвішча Качан.
Круглае – возера ў басейне ракі Быстрыца., за 38 км на паўночны ўсход ад г.Глыбокае.
Плошча 0.25 км кв. Даўжыня 0.62 км. Найбольшая шырыня 0.52 км. Даўжыня берагавой лініі 1.85 км. Схілы катлавіны вышынёй да 3 м, пад хмызняком.
Выцякае ручай ў раку Быстрыца.
Назва возера ясная, у аснове прыкмета, якая характэрызуе форму катлавіны.
Крупіца – ручай, прыток ракі Лідніцы. Назва прыведзена А.Сапуновым.
Назва ручая ясная славянская. Значэнне назвы – “крыніца, рэчка, незамярзаючая зімой”. Вада з такіх месц лічылася гаючай. Аналагічная назва рэчкі Крупіца ў Чэрвеньскім раёне, ручая Крупец ў Мінску, рэчак Крупка ў Лідскім, Чавускім і Круглянскім раёнах.
Кручынка - невялікая рэчка, прыток возера Доўгае. Бярэ пачатак з крыніцы.
Назва ракі – гідронім-характарыстыка, “рака з паваротамі, меандрамі”. Паэтычна піша пра рэчку глыбоцкі краязнаўца Уладзімір Скрабатун: “Кручынка...сапраўды выкручваецца сярод купін, зарасніку трыснягу, абыходзіць пагоркі, выспы, завалы”.
Крывое – возера ў басейне ракі Шошы, за 26 км на ўсход ад г.Глыбокае. На беразе в.Лявонавічы Псуеўскага сельскага савета.
Плошча 0.32 км кв. Даўжыня 1.2 км. Найбольшая шырыня 0.25 км. Даўжыня берагавой лініі 3.15 км. Схілы катлавіны вышынёй да 5 м, пад лесам і хмызняком, на поўдні часткова разараныя. Берагі высокія, на ўсходзе зліваюцца са схіламі.
Злучана ручаямі з возерам Баброва і возерам без назвы.

Крывое – возера ў басейне ракі Дзісна, за 2.5 км на паўднёвы ўсход ад г.Глыбокае.
Плошча 0.05 км кв. Даўжыня 0.4 км. Найбольшая шырыня 0.17 км. Даўжыня берагавой лініі 0.9 км. Знаходзіцца сярод балоцістай раўніны.
Праз возера працякае ручай, які ўпадае ў возера без назвы ў г.Глыбокае.

---------------------------------------------------------------------------------------------------------

Комментарии (0)
Нет комментариев. Ваш будет первым!