Наверх

Аб назве ракі Жодзінкі

Опубликовано: 2127 дней назад (13 апреля 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 1 раз — 14 апреля 2013
Просмотров: 1031
+4
Голосов: 4
Аб назвах страдаўніх і годных

(артыкул надрукаваны ў апошнім 14-м нумары Краязнаўчай газеты,
красавік 2013 года)

Аб старажытных беларускіх гідронімах яшчэ ў 1993 годзе мною быў падрыхтаваны вялікі артыкул для часопіса “Спадчына”. А яго назву - “Мова вады” - мне падказаў сам Ніл Гілевіч. Са студэнцкіх часоў займаюся гэтай тэматыкай. Таму з цікавасцю пачала чытаць артыкул Уладзіміра Сіўчыкава і канкрэтна радкі пра назву ракі Жодзінкі. Нагадаю, што адносна назвы гэтай ракі я выказвала сваю думку ў часопісе “Падарожнік” №4 за 1997 год ў краязнаўчым раздзеле “Наш край” у артыкуле “Бярэзіна і яе назвы”. Назвы басейна Бярэзіны ў сваёй пераважнай большасці даславянскія і гучаць для славянскага вуха вельмі таямніча і незразумела. Злева Бярэзіна прымае Гайну, Плісу, Рову, Чапу, Ушу, Пентрыцу, Усу, Свіслач, Продзвінку, Сведзь, а справа – Масковіцу, Жартайку, Лютку, Начу, Сху, Мужанку, Манчу, Гуцянку, Олу і іншыя прытокі. Для вопытнага гідраніміста ўсе гэтыя назвы не з’яўляюцца загадкай і даўно расшыфраваны, як і назва Жодзінка.
Пачнем аналізаваць яе этымалогію з варыянта В.Жучкевіча – паходжанне быццам бы ад літоўскага тэрміна ЖОДЗІС “слова”. Варыянт В.Лемцюговай – ад нейкага ўласнага імя Жаден. А як жа тады з законамі тапанімікі? А яны няўмольна сведчаць, што ў назве гідронімаў абавязкова ляжыць геаграфічны тэрмін з сэнсавым значэннем “вада, ручай, рака, пратока, возера” і г.д. Для аналізу гідроніма заўсёды падбіраецца рад аналагаў. Пабудуем такі рад, у ім назвы беларускіх рэк, азёраў і балотаў – Жадунь, Жадунька, Жада; у Расіі – назвы возера Охват-Жаденье, ракі Вітажэткі; у Еўропе – Гранд Жэт, Пціт Жэт і іншыя. Дапоўнім гэты рад рэканструкцыяй кораня ЖАД-, якому мог папярэднічаць глухі варыянт *ШАТ-. Гэты корань у назвах водных аб’ектаў тыпу Шаць, Шатура. У далёкім арабскім свеце тэрмін ШАТ азначае “рака”. Успомнім Шат-эль-Араб – “рака арабаў”. Гэты ж корань з іншай вакальнасцю ШЕТ – “рака” на мове кетаў, абарыгенаў Сібіры, варыянты гэтага кораня СЕС, ТЕТ, ЧЕТ, ДАТ, УЛ. А цяпер параўнайце з гэтымі асновамі назвы беларускіх водных аб’ектаў - Сесіто, Цётча, Чэцьверць, Датына, Улла. Цікава было б даведацца, ад якіх асабістых імён можна вывесці гэтыя паэтычныя сістэмныя гідранімічныя найменні? Без адказу.

Падагулім, сэнс назвы Жодзінка просты – “вада, рака”. Канчатак –КА малады і ўзнік нядаўна, характэрны для невялікіх вадатокаў. Аснова ЖОД- у гідроніме суправаджаецца суфіксам -Н-, такі ж у назвах Жадунь, Жадзенне, Датына, Дзвіна і іншых. Суфікс можа паходзіць ад службовага канчатка –Т, а той ад тэрміна ў значэнні “вада, возера”. Паходжанне гідроніма вельмі старажытнае, пэўна, індаеўрапейскае, і маюцца настратычныя сувязі з іншымі моўнымі сістэмамі. Такім чынам да археалогіі 12-га стагоддзя даплюсуем яшчэ многа, многа год - узрост самога гідроніма.
Каб развеяць памылковыя стэрэатыпы, якія тапанімісты адзін за адным паўтараюць дзесяткі год у сваіх кабінетных опусах, выкладу сваю думку наконт паходжання яшчэ двух гідронімаў басейна Беразіны. Найцікавейшы гідронім – назва ракі Гайны. Сустракаецца на Беларусі адзінкава. У В.Жучкевіча проста букет домыслаў аб паходжанні гэтай назвы – і ад слова ГАЙ і ад літоўскага апелятыва AJNIS “унук”. Класікі гідраніміі акадэмікі В.Топараў і А.Трубачоў звалілі, як заўсёды, незразумелы ім гідронім да кучы балцкіх. Але Вадзім Андрэевіч вельмі ўдала прывёў гістарычны варыянт назвы як Айна, указаны яшчэ М.К.Любаўскім. Сапраўды, у гістарычных Метрыках ВКЛ гідронім запісаны так. І тут, у гэтай форме, і крыецца разгадка паходжання назвы. Гэтая назва занесена да нас з далёкіх паўднёвых, ці ўсходніх краінаў. АЙН на персідскай і таджыцкай мовах азначае “крыніца”, у арабскіх краінах – “калодзеж, артэзіянскі калодзеж”. А вось аналагічная тапанімія: р.Айна – прыток Іртыша, р.Айна ў вярхоўях Енісея, некалькі назваў Айн-Булак у Казахстане. Звыш 100 назваў тыпу Айн-Ата, Айн-Іса, Айн-Тура, Айн-эль-Араб у арабскім свеце, нават у Бібліі я знайшла крыніцу пад назвай Айн-Табіга. Тое, што на Беларусі падобная назва воднага аб’екта адзіная, пацвярджае яе далёкае паходжанне. А цяпер адгарніце “Блакітную кнігу” і пачытайце звесткі пра выток Гайны (Айны) - з крыніцаў. Што і патрабавалася даказаць.
Нача – назва непрыкметнай балоцістай рэчачкі, левага прытока Бярэзіны. А яшчэ такое ж найменне носяць некалькі рэчак, прытокі Заходняй Дзвіны, Дзітвы, Бабра і Лані. За межамі рэспублікі – рака Нача, прыток Обшы, у вярхоўях Заходняй Дзвіны; яшчэ адна рака Нача – прыток Ловаці. Калі назва мае столькі аналагаў – шукай у яе аснове падобную фізіка-геаграфічную характарыстыку. І такой характарыстыкай стала забалочанасць. Апускаю тут крытыку этымалогій мастадонтаў тапанімікі ад В.Жучкевіча да больш ранніх К.Буга, Г.Герулліса, Т.Лер-Сплавіньскага. Бо іх варыянты аснованы толькі на сугуччах у розных мовах. Доказам этымалогіі служыць назва балота Начка ля Халопенічаў; характарыстыка забалочанага прыазёрнага ландшафту возера Начоўкі ў басейне ракі Нішчы; нізкія, месцамі забалочаныя берагі і ў возера Нячвор у басейне ракі Палаты. А вось апісанне ракі Начкі, верхавіны ракі Котры ў Лідскім павеце, змешчанае ў Слоўніку Каралеўства Польскага: “Бярэ пачатак у багнах і плыве мокрай далінай”. Той, хто шукае, абавязкова знаходзіць. І пошук праасновы для такіх назваў адшукаўся ў мардоўскай мове, дзе тэрмін НАЧКА захаваўся ў назве рачулкі і перакладаецца яна як “балотная”.
Вось такія мае думкі аб старажытных і годных нашай мове назвах. Прыдумваць пра іх нічога не трэба, яны самі пра сябе апавядаюць, трэба толькі ўслухацца.

Старшыня секцыі тапанімікі Геаграфічнага Таварыства
Раіса Аўчыннікава
Некоторые принципы номинации гидронимов | Гідранімія Глыбоцкага раёна
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!