Наверх
Карнель Пелікша
Автор: Раиса Овчинникова
Опубликовано: 1890 дней назад (1 мая 2013)
Блог: Блог Раісы Аўчыннікавай
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 3 раза — последний 1 мая 2013
Просмотров: 1168
|
+4↑ Голосов: 4 |
Карнель Герард Пелікша
(краязнаўчыя матэрыялы)
Многія пачуюць гэта імя ўпершыню. Карнель Пелікша - цывільны ваявода Мінскай губерніі падчас паўстання 1863 года. Сёння 1 мая (19 красавіка па старому стылю) спаўняецца роўна 150 год са дня пачатка паўстання на тэрыторыі Мінскай губерніі.
Нарадзіўся будучы ваявода ў 1823 годзе ў маёнтку Стваловічы Навагрудскага павета (зараз в.Сталовічы Баранавіцкага раёна). Бацька Ігнат Янаў Пелікша быў арандатарам радзівілаўскага маёнтка з мястэчкам Стваловічы і вёскамі Палянчыцы, Заполле, Цюкантавічы. Маці - Катарына Пелікша, паходзіла з роду Міладоўскіх.
Месца нараджэння было знакамітым. У Стваловічах скрыжоўваліся два важныя шляхі – Варшаўскі тракт і шлях з Вільна на Пінск. Таму ў пачатку 18-га стагоддзя тут паставілі мытную кантору, у якой бралі падатак з праязджаючых. У 40-х гадах гэтага ж стагодзя ў Стваловічах быў пабудаваны галоўны храм камандорыі мальтыйскага ордэна. Не раз гэтае мястэчка на перакрыжаванні шляхоў станавілася арэнай розных гістарычных падзей. 30 жніўня 1771 года пад Стваловічамі рускія войскі пад камандаваннем А.В.Суворава разграмілі вялікі атрад гетмана М.К.Агінскага. У мястэчку былі пахаваны пяць соцен забітых канфедэратаў.
Несумненна, пра гэтыя смутныя падзеі добра ведалі ў сям’і Пелікшаў. Бацька Карнеля - Ігнат Янаў Пелікша, з’яўляўся дэпутатам Слуцкага павятовага сходу. 9 сакавіка 1806 года яму было падцверджана дваранства і сын Карнель быў таксама зацверджаны ў гэтым стане 5 снежня 1832 года. Па рэвізіі 1834 года Карнель Пелікша запісаны ў сям’і бацькі. Адукацыю Карнель набываў спачатку ў Слуцкай гімназіі, затым у Віленскім Дваранскім Інстытуце. Тут ён вучыўся і сябраваў з будучымі актыўнымі ўдзельнікамі руху 1861-1863 гадоў – Баляславам Свентаржэцкім і Якубам Гейштарам.
Пасля вучобы Карнель ў 1846 годзе прадпрыняў паездкі ў Варшаву і Адэсу. Затым самастойна пачаў працаваць у якасці дзяржаўца ключа Малева і Задвор’е Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў. У 1848 годзе ажаніўся з Марыяй Ванноўскай, стрыечнай сястрой Станіслава Манюшкі. Пасля смерці бацькі з 1852 года правы арэнды маёнтка Стваловічы перайшлі да Карнеля, якога лічылі маладым узорным гаспадаром. У 1853 годзе тэрмін арэнды Пелікшаў скончыўся і Радзівілы яго не працягнулі, а перадалі арэнду Альберту Бертэлю. Таму з 11 красавіка 1853 года Карнель Пелікша ўзяў у арэнду маёнтак Бараўцы пад Бабруйскам.
У Мінскім павеце ў памешчыка Вінцэся Францава Фрыбеса па купчай крэпасці 30 мая 1856 года Пелікша набыў за 4000 рублёў маёнтак Горкі з сяленнямі Апчак і Вінцэсні. Вінцэсь Фрыбес быў сваяком буйных мясцовых землеўладальнікаў Прушынскіх. Землі на ўсход ад Горак у вёсках Сініло і Ізабеллін належылі Ізабелле Фрыбес, роднай сястры Міхаіла Прушынскага. Частка вёскі Сініло адыйшла пасля эксдзівізарскіх судоў ад Прушынскіх да памешчыцы Людзвікі Іваноўскай, а ад той у спадчыню да Віктара і Антонія Ратынскіх. Пелікша 17 мая 1857 года выкупіў і ўладанні Ратынскіх з дапамогай жончыных грошай і заёма сродкаў у шляхціча Ігнація Тараевіча. Тым самым ён стаў уладальнікам сярэдніх памераў маёнтка агульнай плошчай 1263 дзесяціны, з іх участак Горкі складаў 742, участак Сініло - 521 дзесяціны.
Па 10 рэвізіі ў вёсцы Сініло налічвалася 84 мужчынскіх і 103 жаночыя душы, у вёсцы Мацавічы - 10 мужчынскіх і 12 жаночых душ, акрамя гэтага дваровых у маёнтку Сініло - 5 мужчынскіх і 4 жаночыя душы, усяго 218 душ сялян. Двор Сініло меў вельмі стары запушчаны фальварак, таму свой новы двор Пелікша стаў будаваць у 3 вярстах на паўднёвы ўсход ад Сініло ў прыгожай узгаркаватай мясцовасці, адпаведнай назве Горкі. За гэтым дваром былі замацаваны 4 мужчынскія душы дваровых і ў вёсцы Апчак Пелікшы дасталіся яшчэ 52 сялянскія мужчынскія душы. Межы паветаў праходзілі праз маёнтак Пелікшы такім чынам, што двор Апчак-Горкі і вёска Апчак знаходзіліся ў Мінскім павеце, а вёскі Сініло і Мацавічы – у Ігуменскім. Акрамя 780 маргоў добрай урадлівай глебы ў маёнтак уваходзілі лясныя масівы, пойменныя лугі, тарфяныя балоты, рака Свіслач на захадзе і рака Слоўсць, прыток Волмы на ўсходзе маёнтка.
Каб пагасіць даўгавыя абавязацельствы і ўплату працэнтаў па заёмах Пелікша вымушаны быў актыўна займацца рознымі эканамічнымі праектамі. Ён заключыў дагавор на трыманне паштовай Гарадзішчанскай станцыі ў Навагрудскім павеце непадалёку ад родных яму Стваловіч. Прадоўжыў праўленне радзівілаўскім маёнткам Малева праз свайго павераннага ў справах шляхціца Рамуальда Фадзеевіча Максімовіча і арандаваў маёнткі Каралін і Багумілле ў Слуцкім павеце.
Пелікша за пяць год пабудаваў у Горках поўны дваровы комплекс: новы жылы дом, гаспадарчыя пабудовы; стварыў у сваім маёнтку ўзорную сельскую і пераапрацоўчую гаспадарку. Гаспадарка на абодвух участках новага фальварка ў Горках і старога фальварка ў Сініло вялася агульная. Палі ўздымаліся з дапамогай конскай і валовай цягі. У Сініло ўтрымліваліся 10 рабочых валоў і некалькі коней. Эканомам Пелікшы служыў Сцяпура. Ён сачыў за працай мясцовых сялян, а калі не хапала ўласных працаўнікоў, наймаў для сезонных прац каланістаў і сялян з іншых сельскагаспадарчых таварыстваў.
Новы памешчыцкі дом з мезанінам памерам 11 на 7 сажняў быў складзены з сасновага брусу, накрыты гонтай. Вакол яго літарай “П” месціліся гаспадарчыя пабудовы: флігель, кухня, людская, эканамічны дом і хлявы да яго, два дрывяныя склады, леднік, склеп, будовы для прыслугі, за імі скотны двор з валовым млыном, стайня з эканамічным хлявом, хлявы для сена, гумно, птушнік, аўчарня, капцільня, лазня з пральняй, невялікая пабудова для прысніцы з медзі. У маладым, насаджаным Пелікшам фруктовым садзе, быў узведзены невялікі дамок і пры ім парнік з 28 вокнамі, там жа стаяў дамок для каланістаў. Усе пабудовы двара былі зроблены з моцнага сасновага дрэва, крытыя гонтай і толькі асобныя - саломай. Вады на ўзгорку для гаспадарчых патрэб не мелася і Пелікша загадаў пракапаць некалькі каналаў ніжэй на балоце, па якому працякала рачулка Язвінка. Непадалёку, пад самай падэшвай гары, на якой стаяў панскі двор, выкапалі некалькі сажалак, на месцы якіх існуе цяперашняе возера ў Прывольным.
На участку старога маёнтка ў Сініло знаходзіўся жылы дом памерам 6 на 4 сажні, крыты дранкай; пры ім амбар, гумно, скотны двор, аўчарня, піваварня, саладоўня і хлявы.
Агульная плошча маёнтка Апчак-Горкі на пачатку 60-х гадоў 19-га стагоддзя складала 1263 дзесяціны, з іх участак Горкі – 742 і ўчастак Сініло – 521 дзесяціну. Праўда, у розных дакументах гэтыя плошчы падаюцца наадварот.
З паўднёвага і заходняга боку за Апчак-Горкамі пачынаўся Ігуменскі павет. За балотам ля лесу на высокім узгорку стаяў двор паноў Ельцаў, самых блізкіх суседзяў. Крыху далей на паўднёвы захад у лясістай мясцовасці знаходзіўся маёнтак Лебядзінец Феліцыяна Клімантовіча. На захад ад Сініло суседзямі Пелікшы былі памешчыкі Рамановіч, Фрыбес і Прушынскія, на поўначы яго ўладанне межавала з вёскай Трасцянец Іваноўскіх, на ўсходзе па вёсцы Апчак – з землямі генерал-маёршы Гедройц-Юрага, з паўднёвага ўсходу – з вёскай Лагоўскай Слабадой паноў Алявінскіх і Ельцаў.
З паўднёва-заходняга боку ад двара Горкі на Ігуменскім тракце ў нізкай вузкай даліне размяшчалася карчма Лагі дабротнай пабудовы, якую арандаваў за 150 рублёў яўрэй Хвайбіч. Пры карчме мелася і прасторная старэнькая харчэўня.
Карчма ў Сініло ў часы Пелікшы была ўжо даволі старэнькай і давала невялікі даход у 80 рублёў. Трэцяя карчма маёнтка з арэнднай платай 125 рублёў знаходзілася пры сельскай дарозе ў Лысаўшчыне. Хоць корчмы прыносілі неблагія грошы, Карнель быў катэгарычным праціўнікам п’янства і стаў разам з Уладзімірам Ельскім з Ігнатыч заснавальнікам і актыўным дзеячом Таварыства Цвярозасці на Літве. Для таго, каб карчмары-арандатары не спойвалі сялян, Пелікша загадаў падаваць гарэлкі на асобу не больш аднаго шкаліка. Калі хто з сялян хацеў узяць бутэльку гарэлкі, то мог выпіць яе толькі ў сваёй хаце.
Пелікша сам быў добрым гаспадаром і прывучаў да гаспадарлівасці сваіх сялян. Восенню Пелікша скупаў за высокія цэны ў сялян зерне, лён, воўну, каб тыя не збывалі іх за бясцэнак перакупшчыкам. Трымаў у маёнтку магазін, у якім сяляне мелі запасы насення. Арганізаваў нават своеасаблівы сельскі банк, закладны капітал для якога сяляне стварылі самі, працуючы “некалькі год аб’яднанымі сіламі”. Сачыў за парадкам на сялянскіх землях і ў хатах. У кожнай хаце для ацяплення былі пастаўлены цагляныя печы. Для забеспячэння чысціні хлявы для скаціны аддаляліся ад жылых хат. Па прыкладу пана сяляне сталі заводзіць на сваіх сядзібах сады, якія лічыліся ў той час вялікай роскашшу.
Пелікша паважаў працу сялян, лічыў вырошчванне хлеба адным з самых высакародных заняткаў. І сам не цураўся простай працы, мог стаць за плуг і барану, займацца працай у садзе, за што сяляне яго вельмі паважалі.
У сваім маёнтку ён паводзіў сябе, не як пан-барын, а разумны кіраўнік і навучыцель. Для сялянскіх дзяцей пан Пелікша адкрыў вучылішча, дзе разам з ведамі па арыфметыцы і пісьменству вучні набывалі пазнанні аб фізічнай будове сусвету, адметных гістарычных падзеях, народнай медыцыне і рэлігіі. Вучні атрымоўвалі не толькі тэарэтычныя веды, але і практыкаваліся ў рамеснікаў, якія працавалі ў маёнтку Пелікшы. Сам Карнель быў глыбока веруючым чалавекам, лічыў, што без веры ў Бога чалавек сапраўды бедны.
Праявіў памешчык клопат і пра жанчын з дзецьмі, стварыў на еўрапейскі манер невялікі прыют, у якім старэйшыя жанчыны даглядалі немаўлят, пакуль іх мацяркі займаліся гаспадарчымі працамі. Для лячэння хворых і нямоглых сялян пабудаваў лякарню з фельчарам.
У побыце пан Пелікша быў просты і рацыянальны, не меў парадных экіпажаў, слуг у ліўрэях, французскіх павароў. За абедзенны стол разам з панам і яго сям’ёй садзіліся настаўнік, фельчар, слугі і нават дваровыя хлопчыкі.
Апранаўся таксама проста, насіў сціплае адзенне шэрых таноў, толькі чорная хустка выдзялялася на шыі. Летам апранаў венгерку і чатырохвугольную шапку.
Па свайму светапогляду быў гуманіст і ідэаліст, які кіраваўся ўтапічнымі ідэямі аб стварэнні ідэальнага грамадства, калі не ў цэлым сусвеце, то хаця б на тэрыторыі свайго невялікага маёнтка, населенага адукаванымі, працалюбівымі, цвярозымі сялянамі.
Разам з паўсюдзённай прастатой Пелікша быў вытанчанай асобай, які галоўнай роскашшу лічыў для сябе кнігі, творы мастацтва, магчымасць назіраць з вакна прыгожыя прыродныя краявіды. У сваёй бібліятэцы Карнель сабраў лепшыя творы сусветнай і польскай літаратуры. Лічыў бібліятэку важнейшым укладаннем капіталаў. У мастацкай галерэі Пелікшы суседнічалі вытанчаныя габелены, карціны і іконы, скульптуры працы еўрапейскіх і польскіх майстроў. Сярод яго збораў былі цэнныя іконы Яна Вялікага, Яна з Ніццы, розныя выявы Багамацеры, творы Віта Стосса, Любенецкіх, Кунца, Ляксіцкага, Чаховіча, Плонскага, Шмуглевіча. Карнель не любіў пустых свецкіх забаў, замесц іх ён аддаваў перавагу падтрыманню стасункаў са сваімі карцінамі і іконамі, ад якіх набываў адначасова спакой і энергію.
Як мужны і моцны чалавек Пелікша любіў паляванне, выдатна страляў з пісталета. Разам з рэдкімі кнігамі і творамі мастацтва збіраў узоры старажытнай зброі, якая напамінала яму слаўную гісторыю нашага народа. У каллекцыі прысутнічалі булаты і булавы, сякеры, цесакі, чэканы, лукі, самастрэлы, кінжалы, шчыты, дзіды і рагаціны. Многія з іх былі калісьці абліты крывёю воінаў, пра гэта Пелікша напамінаў моладзі, якую хацеў бачыць такой жа мужнай і моцнай, якімі былі продкі.
Пісьменнік Юзэф Крашэўскі, які добра асабіста ведаў Пелікшу, вывеў яго пад імем пана Гутара-Грабы ў сваёй повесці “Дзівадла” (тэятр), перакладзенай на рускую мову як “Чудаки» і ўжо з рускай мовы на беларускую, як “Дзівакі”. Сапраўды, не ўсе тагачасныя абывацелі разумелі ідэалы пана Пелікшы, лічылі яго “дзіваком”, нават насміхаліся над ім. Але Пелікша не кантактаваў з пустымі людзьмі, не траціў час на марныя спрэчкі. Мала таго, ён сваёй разважлівасцю і справядлівасцю мог уладзіць любыя канфлікты паміж варажуючымі суседзямі. Адны яго баяліся, другія адносіліся з павагай і любоў’ю. Пры з’яўленні пана Пелікшы недабразычлівыя і злыя змаўкалі, а людзі добрыя і высакародныя адчувалі яго душэўную цеплыню.
Крашэўскі пакінуў нам дакладнае апісанне пана Гутара-Грабы, якое было непасрэдна спісана ім з рэальнага пана Пелікшы:
“Грунтоўнасць і дабрата бачны былі ў прыемных рысах яшчэ да гэтай пары яго свежага твара. Яму было каля пяцідзесяці год, але бодры мужчына быў поўны сілы, толькі ля віскоў каротка пастрыжаныя валасы пачыналі серабрыцца. Ён мог служыць скульптару мадэллю выявы сілы і спакою, прыгажосці і цудоўнага целаскладу, з выразам дабраты і розуму на твары. Кінуўшы погляд на яго, адразу адчувалася, што гэтую сілу надавала яму не цела, а душа; і што гэта магутная арганізацыя развілася ў ім, дзякуючы працы для бліжніх і над самім сабою.
Высокі, гладкі і да паловы белы лоб узнімаўся над сінімі і яснымі вачыма; крыху навіслыя над імі бровы абрамлялі двума дугамі зрэнкі, поўныя ціхага і прыемнага агню. Сармацкі нос, раскошна закручаныя вусы і чырвоныя вусны, са строгай і круху самотнай усмешкай дапаўнялі яго фізіяномію. Ён трымаўся прама, па-салдацку, з мужным выглядам. Высокія грудзі, шырокія плечы, стройны стан, прыгожыя рукі і ногі былі ў гармоніі з яго фігурай, на якой адлюстравалася яго славянскае паходжанне. Бачна было, што з крывёю, якая цякла ў яго жылах, не змешваўся іншы элемент”. Пагадзімся, што такі прыгожы партрэт свайго героя пісьменнік мог намаляваць, толькі будучы ў яго вельмі ўлюбёным.
Польскія Біяграфічная энцыклапедыя і “Геаграфічны слоўнік каралеўства Польскага” характарызавалі Карнеля Пелікшу як вельмі адукаванага чалавека, узорнага гаспадара, “абывацеля рэдкай высакароднасці і розуму”, “філантропа і мілосніка люду вясковага”. І яшчэ адна цікавая рыса адзначана ў энцыклапедыі: “праводзіў жыццё па-таварыску”. Сапраўды, Карнель меў добрыя стасункі з прадстаўнікамі розных грамадскіх слаёў – ад простага селяніна да губернатара. Адным з блізкіх сяброў Пелікшы быў Эдвард Ваньковіч, у якога ён кватараваў у доме па вуліцы Валошскай, калі бываў у Мінску. У гэтым доме зараз знаходзіцца музей Ваньковічаў.
Каб зразумець атмасферу тагачаснага грамадства, жыццё абывацеляў і нашага героя, саракагадовага адукаванага памешчыка з перадавым еўрапейскім мысленнем, прывядзём геаграфічныя і статыстычныя дадзеныя пра Мінскую губернію.
У 60-я гады 19-га стагоддзя Мінская губернія па сваіх памерах - 8 мільёнаў 164 тысячы 893 дзесяціны, займала 11-е месца ў Расійскай імперыі. Падзялялася на 9 паветаў: Мінскі, Ігуменскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Слуцкі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Мазырскі. Насельніцтва губерніі складала 1 мільён 1 тысяча 335 чалавек, з іх гараджан – 102.328. У Мінску пражывала ўсяго 30.149 чалавек.
Яшчэ на канцы 50-х гадоў Мінская губернія, як і ўвесь беларуска-літоўскі край, жыла спакойна, як у сне, яе не кранула асабліва нават далёкая Крымская вайна 1856 года. З прыходам да ўлады маладога цара Аляксандра ІІ у грамадстве пачалося ажыўленне, з’явіліся надзеі на грамадскія пераўтварэнні, вырашэнне набалелых праблем. Адной з такіх праблем было развязанне сялянскага (власцянскага) пытання. На вёсцы захоўвалася поўная феадальная залежнасць сялян ад землеўладальнікаў, некаторыя паны прымушалі выконваць дваравыя павіннасці і паншчыну ад пяці да сямі дзён на тыдзень. Але трэба адзначыць, што гэта было вялікай рэдкасцю. Тыпавыя інвентары мясцовых маёнткаў 1844-1848 гадоў прадугледжвалі прыгонную працу для мужчын і жанчын працаздольнага ўзросту не больш трох дзён на тыдзень, акрамя гвалтаў, шарваркаў і каравульнай службы. У маёй роднай вёсцы Ігуменскага павета Лагоўскай Слабадзе, якая часткова належыла панам Ельцам, жанчыны-сялянкі наогул мелі самы меншы прыгон па Беларусі – толькі адзін дзень на тыдзень з валочнага надзела, у другой палове вёскі пана Алявінскага – два дні на тыдзень.
Адзін з цікавых планаў зямельнай рэформы прапанаваў у 1857 годзе памешчык Ковенскай губерніі Якуб Гейштар, будучы кіраўнік Віленскага паўстанскага ўрада 1863 года. Большасць паноў і шляхты займала ліберальныя пазіцыі ў адносінах да сялян, ярых прыгоннікаў грамадскі шляхецкі “агол” падвяргаў асуджэнню. У верасні 1858 года быў створаны Мінскі Губернскі камітэт па устройству і паляпшэнню быта сялян пад старшынством маршалка губерніі.
19 лістапада 1861 годзе выйшаў доўгачаканы царскі Маніфест - “Палажэнне аб сялянах, якія выйшлі з прыгону”. Але яшчэ да яго прыняцця асобныя землеўладальнікі дабравольна сталі пераводзіць сялян на чынш (грашовы аброк), паляпшаць умовы іх жыцця, адкрываць для іх, бальніцы і вучылішчы, як гэта зрабіў пан Пелікша ў Апчаку і Сініло.
У 1861 годзе для правядзення зямельнай рэформы ў беларуска-літоўскіх губерніях былі створаны спецыяльныя Камітэты, у якія ўваходзілі выбарныя і назначаныя ўрадам пасрэднікі. Пасрэднікі на месцах у маёнтках ажыццяўлялі перавод сялян на новыя ўмовы валодання зямлёй, вырашалі многія спрэчныя пытанні на аснове дзеючага расійскага заканадаўства. А спрэчных момантаў хапала, гэта і плата за зямлю, карыстанне лясамі, выганамі і выпасамі, адбыванне рэкруцкай павіннасці і іншыя.
Царскія рускія чыноўнікі вінавацілі ў сялянскай галечы “польскіх” паноў, а не існуючую сістэму дзяржаўнай ўлады. Сялянам, былым уніятам-католікам, насільна пераведзеным з 1840 года ў праваслаў’е, праваслаўны цар падаваўся як адзіны і справядлівы заступнік простага народа. Таму сяляне часта выплёсківалі сваю незадаволенасць на сваіх уладальнікаў – праводзілі самавольныя высечкі панскіх лясоў, ламалі агарожы, адмаўляліся адбываць дваровыя павіннасці, плаціць аброк. Так, сялянскія хваляванні адбыліся бліз Мінску ў Папярнянскай воласці і Заслаўлі Мінскага павета.
Другой незадаволенай часткай грамадства была дробная шляхта, арандатары, мяшчане, мелкія чыноўнікі, студэнты і вучнёўская моладзь. У выніку росту гандлёвага і растаўшчыцкага капіталаў многія дробныя землеўладальнікі гублялі свае надзелы, ператвараліся ў сялян, або ішлі на службу ў якасці эканомаў, упраўляючых, леснікоў, слуг, мелкіх чыноўнікаў і ваеннаслужачых. Гэта катэгорыя дамагалася не толькі сацыяльна-эканамічных, але і дэмакратычных змен – роўнасці грамадзян, свабоды карыстання роднымі мовамі, друкавання забароненых кніг і газет, атрымання вышэйшай адукацыі на Радзіме і нават незалежнасці літоўска-беларускага края. Менавіта з гэтай катэгорыі ўтварылася самая рэвалюцыйная, так званая, чырвоная плынь антыцарскага руху. Чырвоныя ў сілу іх разнароднасці падраздзяліся на плыні крайне чырвоных, чырвоных і памяркоўных. Да паўстання 1863 года гэтыя слаі падыйшлі з вялікімі надзеямі, але мелі свае, часта супроцьлеглыя погляды на грамадскія пераўтварэнні.
Вельмі ўплывовай і менш радыкальнай у сваіх поглядах была варства нацыянальнай арыстакратыі, багатага і сярэдняга памешчыцкага класа, або па-мясцоваму зямянства, якая адстойвала ў першую чаргу свае класавыя ўладальніцкія інтарэсы, але і выстаўляла разам з гэтым нацыяналістычныя патрабаванні аб звароце былых польскіх межаў 1772 года. Польскамоўнаму грамадству здавалася, што там, “дзе пральецца кроў паляка”, аўтаматычна ўзновіцца польская дзяржава. Трапна характарызаваў гэтыя імкненні адзін з сучаснікаў, прыбалтыйскі барон Гротус,: “яны былі засляпёныя ў сваім нацыяналізме”. Такая ж думка пазней выказвалася і Эдуардам Вайніловічам – аб загіпназаванасці патрыятычнага грамадства Літвы і Беларусі. Але ў адрозненне ад каронных палякаў мясцовая беларуска-літоўская шляхта планавала дабіцца пераўтварэнняў мірным шляхам, без правядзення палітычных дэманстрацый і ваенных выступленняў. З гэтага асяроддзя ўтварылася так званая плынь “белых”. Яркімі прадстаўнікамі партыі белых сталі ўпамянуты Якуб Гейштар з Ковенскай губерніі і граф Вітальд Старжынскі з Гродзенскай губерніі. “Белыя” па прыкладу Польшы марылі арганізаваць на Літве “Ральнічае (сельскагаспадарчае) таварыства” і “Крэдытнае таварыства”, правобраз банкаў. Звярталіся да ўладаў аб узнаўленні ў Вільні зачыненага універсітэта, але нават адраса з прашэннем да цара расійскія чыноўнікі ў іх не прынялі. Цар ганарліва і абразліва даў зразумець літоўскай шляхце: “хай ведае яна і Еўропа, што тут не Польша”. Царскі ўрад пайшоў толькі на невялікія паслабленні. Актыўна падтрымліваў дэмакратычныя ідэі свайго сябра Якуба Гейштара і Карнель Пелікша.
У пачатку 1862 года Карнель Ігнацьевіч Пелікша на падставе 436 артыкула ХІV тома Звода законаў і Устава аб пашпартах Расійскай Імперыі падаў прашэнне аб афармленні яму замежнага пашпарта для выезда па гаспадарчых справах ў Прусію, Аўстрыю і Англію на паўгода, аб чым адпаведна тройчы было паведамлена ў “Мінскіх Губернскіх Ведамасцях”.
К 1862 году ўсе землеўладальнікі павінны былі скласці так званыя “Устаўныя Граматы” па сваіх маёнтках. У ”Граматах” падаваўся спіс сялян, якія надзяляліся зямлёй, указваліся памеры надзелаў, у тым ліку колькасць ворнай зямлі, сенакосаў і выпасаў.
Перад ад’ездам за мяжу 5 сакавіка 1862 года Пелікша падрыхтаваў і выслаў Міравому пасрэдніку 1-га участка Мінскага павета “Устаўную Грамату” для сялян вёскі Апчак. У “Грамаце” ён падрабязна паказаў памеры зямель ў карыстанні сялян, іх абавязкі перад памешчыкам, планы па паляпшэнню іх землекарыстання шляхам надзялення 10 сялянскіх гаспадарак з Апчака больш урадлівымі землямі без церазпалосіц на землях вёсак Мацавічы і Сініло (з перасяленнем трох гаспадароў у Мацавічы, а семярых – у Сініло). Такім чынам вырашаліся галоўныя праблемы для сялян вёскі Апчак - церазпалосіца, нізкая ўрадлівасць балотных сенакосаў, адсутнасць месц выпаса сялянскай скаціны. За сабой Пелікша пакідаў усе правы па карыстанню рыбнай лоўляй на рэчцы Слоўсць, паляваннем у мясцовых лясных угоддзях, правядзеннем кірамашоў і таргоў, утрыманнем піцейных устаноў. Прыгон з сялянскага ўчастка памерам 15 дзесяцін быў скарочаны на 10%. З 1 сакавіка 1863 года апчацкія сяляне пераводзіліся на аброк і павінны былі за адзін ўчастак плаціць 41 рубель 40 капеек і замесц натуральнай даніны - 2 рублі 78 капеек. Акрамя таго, ім налічваўся пазямельны аброк – у сумме 4 рублі 80 капеек. Цэны былі ўстаноўлены вельмі памяркоўныя, на ўзроўні сярэдніх цэн у навакольных маёнтках.
Аб ад’ездзе за мяжу Карнель Ігнатавіч паведаміў пісьмом ад 8 сакавіка ў маёнтак Малева свайму паверанаму Рамуальду Фаддзеевічу Максімовічу і прасіў яго скончыць справы па “Устаўнай Грамаце” для Апчак-Горак. 18 красавіка 1862 года “Устаўная Грамата” была аб’яўлена сялянам вёскі Апчак Горацкага сельскага таварыства на сходзе ў прысутнасці Міравога пасрэдніка Мінскага павета і добрага сябра Пелікшы Уладзіміра Ельскага і прадстаўнікоў суседніх сельскіх таварыстваў з Трасцянца і Галінова. Сяляне Апчака ўмовамі выкупа былі задаволены.
З паездкі Карнель Пелікша прывёз новае абсталяванне для маёнтка, у тым ліку паравыя машыны для апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У сваім і арэндных маёнтках Пелікша задумаў стварыць поўны цыкл перапрацоўкі зерневых, бульбы, малочнай прадукцыі і воўны. У Еўропе Карнель азнаёміўся з новымі эканамічнымі веяннямі і сам быў прыхільнікам дэмакратызацыі існуючага грамадства.
За час яго адсутнасці ў Літве і Беларусі настрой грамадства стаў яшчэ больш напружаным, антырасійскім і нацыяналістычным. Прадпрымаемыя расійскімі ўладамі меры не маглі спыніць хвалю падняўшагася пратэсту пасля забойства некалькіх чалавек у Варшаве падчас мірнай працэсіі. Актыўны ўдзел у акцыях пратэста прымалі моладзь і жанчыны. Жанчыны насілі чорнае жалобнае адзенне, не хадзілі на балі. Навучэнцы прымацоўвалі да адзення выявы зламанага ў Варшаве крыжа, польскія і ліцьвінскія адзнакі. У касцёлах спявалі каталіцкія і рэвалюцыйныя гімны. І шэраговыя абывацелі і будучыя паўстанцы разумелі, што ўспыхнуўшы агонь абавязкова разгарыцца.
У сталіцы беларускіх зямель Вільні з лета 1862 года чырвоныя стварылі Літоўскі Правінцыяльны камітэт пад началам капітана Л.Звірыждоўскага. У камітэт увайшлі паручнік Я.Козел, выпускнік Пецярбургскага універсітэта К.Каліноўскі, экс-студэнт Э.Вярыга, А.Залескі з Трок, З.Чаховіч з Вілейкі, доктар Б.Длускі, фатограф А.Банольдзі.
Паміж членамі Камітэта ідуць пастаянныя спрэчкі і нязгоды. Камісарам Камітэта ад Варшаўскага ўрада пастаўлены чыгуначнік Дзюлеран (Дэ Лаурэнс), які лічыць сябе ісцінным палякам, а літвінаў называе “неафітамі”. Дзюлеран робіць спробы спыніць р’яныя дзеянні мясцовых чырвоных, але яму гэта не ўдаецца. У сваю чаргу Каліноўскі лічыць Дзюлерана “злым геніем”, які толькі супрацьдзейнічае рэвалюцыйным справам. У хуткім часе Вярыга і Залескі былі арыштаваны, Банольдзі выехаў у Парыж. Частка членаў “Камітэта” на чале з Канстанты (Кастусём) Каліноўскім абвяшчаюць сябе Часовым урадам Літвы і Беларусі, яны падтрымліваюць і перадрукоўваюць адозву “Варшаўскага камітэта” ад 22 студзеня і пачынаюць актыўную падрыхтоўку ўзброенага паўстання. У Вільні імі друкуюцца рэвалюцыйныя дэкрэты і адозвы, інструкцыі для арганізацыі паўстанцкіх атрадаў, якія рассылаюцца па губерніях. Назначаюцца прадстаўнікі ў губерніях і паветах, але моцы ў гэтага ўрада мала і шляхецкі “агол” у большасці настроены супраць яго. У паветах ідзе барацьба паміж назначэннем на пасады прадстаўнікоў “белых” і “чырвоных”. Па ўспамінах К.Кашыца ён атрымаў у лютым ад Гейштара і Яленскага загад узначаліць Навагрудскую павятовую арганізацыю, іначай на гэта месца маглі паставіць крайне чырвонага доктара Барзабагатага. Нягледзячы на заклікі, за увесь час падрыхтоўкі да паўстання чырвоныя назбіралі зусім мала грашовых сродкаў, ружжаў і рэвальвераў. Гэта зразумела, бо чырвоныя ў асноўным былі прадстаўнікамі ніжэйшых бяднейшых слаёў грамадства.
Самастойнасць Каліноўскага не падабалася варшаўскаму рэвалюцыйнаму ўраду. Каб утрымаць кіраўніцтва рэвалюцыйным рухам на Літве, па загаду з Варшавы ў Вільне ствараецца “Аддзел, кіруючы правінцыямі Літвы”, які падпарадкаваецца Нацыянальнаму Польскаму ураду. Узначаліць “Аддзел” даручана Гейштару, а Дзюлеран павінен наглядаць за працай “Аддзела” у якасці камісара. Калі з Варшавы прыйшоў загад аддаць уладу і пячатку новастворанаму “Аддзелу”, Каліноўскі не згадзіўся з гэтым рашэннем і напісаў пратэст у Нацыянальны Польскі ўрад. Праўда, гэты пратэст да Варшавы так і не дайшоў. З 10 сакавіка 1863 года белыя сталі на чале рэвалюцыйных структур. Гейштар узяў на сябе ўнутраныя справы, Аскерка – адказнаць за вайсковыя пытынні, Яленскі - за фінансы, Лапацінскі – за сувязь, Далеўскі – за пячатку і горад Вільна. У паветах Гейштар таксама замяняе чырвоных на сваіх аднадумнікаў. Канстанты Каліноўскага назначаюць спачатку памочнікам Аляксандра Аскеркі, а пасля ў тым жа сакавіку яго накіроўваюць у Гродзенскае ваяводства ў якасці камісара, дзе ён праводзіць на месцах агляды атрадаў, вядзе агітацыю сярод вясковага насельніцтва, збірае звесткі для Дзюлерана. Пасля адхілення Каліноўскага ад кіраўніцтва Гейштар і Яленскі выдаюць брашуру “Голас літоўца”, у якой асуджаюць ідэі Каліноўскага аб самастойнасці Літвы.
У Мінску дзейнічае гурток загаворшчыкаў пад началам былога студэнта Маскоўскага універсітэта Антона Трусава. Загаворшчыкі патаемна сустракаюцца ў кнігарні Аляксандра Валіцкага і на кватэры Трусава. Ужо ў пачатку 1863 года ў Мінску арганізаваны першы атрад паўстанцаў, пасля яшчэ сфармавана каля 20 партый.
Агульнае выступленне Мінскай губерніі прызначаецца на вясну 1863 года. Цывільным начальнікам (ваяводай) Мінскай губерніі часова з’яўляўся Антоні Яленскі. Затым Ян Завіша падказаў Гейштару кандыдатуру Пелікшы. У Мінскай губерніі пражываў у адстаўцы выдатны тагачасны грамадскі дзеяч Баляслаў Свіда, але яго маёнтак знаходзіўся далёка ад Мінска – у Лахве Мозырскага павета, таму на пасаду ваяводы губерніі Гейштар рэкамендаваў Карнеля Пелікшу; яго памочнікам, камісарам ваяводства, быў абраны памешчык Ігуменскага павета Баляслаў Свентаржэцкі; ваенным начальнікам – падпаручнік Павел Дыбоўскі. Усе яны належылі да партыі “белых”, ведалі адзін аднога з часоў сумеснай вучобы ў Вільне.
Выбар Пелікшы быў удалым, бо апошні карыстаўся аўтарытэтам не толькі сярод белых, але і сярод чырвоных. Як буйны землеўладальнік, перадавы гаспадарнік і вядомы грамадскі дзеяч, ён меў добрыя стасункі з назначаным генерал-губернатарам Кушалевым. Кушалеў, насуперак некаторым адмоўным характарыстыкам, часта даволі лаяльна адносіўся да выступаў мінскай моладзі. Аб гэтым захаваліся ўспаміны пісьменніка Янкі Лучыны. Часта бываючы ў генерал- губернатара, Пелікша адным з першых даведываўся аб планах царскіх улад у Паўночна-Заходніх губерніях. Змоўшчыкам было вельмі важна прыцягнуць Пелікшу на свой бок і яны дамагліся ад яго згоды на ўдзел у паўстанні і прыняцця на сябе высокай і адказнай пасады. Думаецца, што зрабіў гэта Карнель пасля доўгіх разваг і з разуменнем наступстваў гэтага ўчынку. Бо ў выніку няўдачы паўстання Пелікша губляў усё – маёнткі, сродкі для існавання сям’і, родных, сяброў і дарагіх людей, Радзіму, альбо нават жыццё. Навошта яму было змагацца за чужыя правы на свабоды, адукацыю і зямлю? Асабіста ў яго ўсё было. Шчаслівая сям’я, даходныя маёнткі і фальваркі; працавітыя сяляне, з якімі меў добрыя стасункі. Але, нягледзячы на сваю матэрыяльную і маральную незацікаўленасць у паўстанні, змрочныя перспектывы пры яго паражэнні, Пелікша зрабіў свой выбар. У гэтым яго кроку праявілася не толькі асабістае, але нацыянальнае і агульначалавечае назначэнне: адзін чалавек жыве толькі для сябе, другі дзеля шчасця іншых. Любыя рэвалюцыі і паўстанні робяцца не дзеля якой асобы, а дзеля будучага шчаслівага жыцця нашчадкаў. Мала хто з рэвалюцыянераў карыстаецца пладамі сваіх рэвалюцый. Як змрочна, але справядліва зазначыў Якуб Гейштар: “у паўстаннях гінуць самыя шляхетныя людзі без усякай карысці”.
Па паказаннях раскаяўшагася паўстанца, ці попрасту здрадніка, Вітальда Парфіяновіча, сам Канстанты Каліноўскі вельмі высока ацэньваў якасці Пелікшы, як арганізатара.
Пана Пелікшу за сяброўства з царскімі саноўнікамі многія патрыятычныя мінскія абывацелі лічылі ледзь не здраднікам, паглядалі на яго скоса. Бо ён паказальна не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях пратэста. Наадварот, кожны дзень Карнель бавіў час у губернскай канцылярыі, гуляў з чыноўнікамі ў карты. Толькі лічаныя людзі ведалі яго сапраўдную ролю. Але мінчане адчувалі, што ў Мінску існуе нейкая патаемная моцная ўлада, якая нябачна кіруе рэвалюцыйнымі дзеяннямі.
Ужо з пачатку вясны 1863 года Пелікша пачаў актыўна рыхтавацца да паўстання – ім агітаваліся да ўдзелу мясцовыя паны і шляхта, назначаліся кіраўнікі партызанскіх атрадаў, дзесяцкія і сувязныя ў розных паветах Мінскай губерніі, збіраліся грошы, стрэльбы і пісталеты, адзенне і харчаванне, набываліся компасы і карты, рыхтаваліся падробныя пашпарты. Прычым Пелікша скрупулёзна і гаспадарліва лічыў усе рахункі. Адам Ваньковіч, уладальнік маёнтка Сляпянка, быў прызначаны цывільным начальнікам Мінскага павета, а яго рэферэнтам - уладальнік маёнтка Пціч Гектар Лапіцкі. Упаўнаважаныя ўрада з Вільні вясной прыслалі ў Мінск патаемную адозву да ваяводы, дзе вызначалася канкрэтная дата паўстання 19 красавіка па старому стылю, або 1 мая па-новаму.
Агульны ваенны план паўстання ў Мінскай губерніі быў распрацаваны вопытным ваеннным, выпускніком Пецярбургскай Артыллерыйскай Акадэміі, паручнікам Генеральнага Штаба Станіславам Ляскоўскім. Да таго ж Ляскоўскі быў мясцовым ураджэнцам і добра ведаў геаграфію губерніі. Паўстанцамі было вырашана дзейнічаць уздоўж чатырох асноўных шляхоў, пралягаючых з Мінска на Вільню, Барысаў, Бабруйск і Нясвіж. Адзін з гэтых шляхоў - паўднёвы Бабруйскі напрамак, або Ігуменскі шлях, праходзіў як раз праз маёнткі Пелікшы.
21 красавіка ваявода Пелікша выдаў Прадпісанне грамадзянскім управам і ваенным рэферэнтам аб выкананні дэкрэта Нацыянальнага ўрада Літвы аб надзяленні сялян зямлёй, аб прыгатаванні запасаў прадуктаў, абмундзіравання і налажэнні падаткаў на патрэбы паўстання.
У Мінск быў дастаўлены Маніфест “Аддзела, кіруючага правінцыямі Літвы” да жыхароў Беларусі з прызывам да паўстання:
“Урад нарадовы польскі
Польша паўстала за вашу і сваю свабоду. Вайна з маскалямі пашыраецца. Паўсюду ільецца кроў. Бог бласлаўляе вас. Хутка будзем вольнымі. Польскі ўрад аб’яўляе ўсім паўсюдна, што са дня аб’яўлення гэтага маніхвеста ўсе роўныя, усе сыны нашай польскай Радзімы, што ўсім сялянам навекі аддаецца зямля, якая была ў іх ужыванні без усялякай паншчыны, чыншу і адпрацоўкі. Парабкам, бабылям і кутнікам, якія пойдуць супроць маскалёў, даруецца 5 маргоў зямлі з маёнткаў казённых. Усім, хто пойдзе ў польскае войска, навекі даецца шляхецтва. Вера для ўсіх свабодная – хто якую хоча. Уніяты, каторых перавялі ў праваслаў’е, могуць вярнуцца да сваёй веры. Подаці цару не плаціць, рэкрутаў не даваць. Браты Беларусы, прышла пара добрая. Прачніцеся і вы, прызваўшы Бога на дапамогу, бараніце волю, зямлю і веру вашу, а Бог вам дапаможа.
3 мая 1863 года.
У кожнай хаце хавайце гэты маніхвест, як грамату аб сапраўднай свабодзе”.
Застаецца здзіўляцца, як у такім маленькім сціслым дакуменце найшлі адлюстраванне такія важныя для любога грамадства пытанні, як:
- дэмакратычны прынцып роўнасці ўсіх грамадзян;
- свабоднае веравыяўленне;
- перадача зямлі сялянам без выкупаў, чыншаў і адпрацовак;
- надзяленне зямлёй беззямельных катэгорый парабкаў, кутнікаў, бабылёў;
- адмена абавязковага рэкрутства;
- наданне шляхецтва асобам, якія пойдуць змагацца за ажыццяўленне аб’яўленных ідэалаў.
Нездарма чытанню гэтага Маніфеста перад непісьменнымі сялянамі ў вёсках надавалася вельмі важнае значэнне.
У ноч з 19 на 20 красавіка з Мінску выйшлі некалькі партый паўстанцаў, якія мелі заданне заходзіць у панскія маёнткі, забіраць зброю, адзенне і правіянт, нападаць на мясцовыя ўправы, паштовыя станцыі і ўрадавых кур’ераў. Паўстанцкія атрады планавалася сканцатраваць ў двух асноўных месцах губерніі – Налібоцкай пушчы і Ігуменскім павеце. Аб першых дзеяннях паўстанцаў на тэрыторыі Мінскай губерніі 26 красавіка пайшло наступнае паведамленне шэфу жандармаў Далгарукаму: “У Мінскай губерніі мяцеж пачынае ўзмацняцца, з 19 па 20 красавіка з горада Мінска выйшла значная колькасць маладых людзей: чыноўнікаў, рамеснікаў і гімназістаў, паміж апошніх нават ёсць дзеці, у розных напрамках каля горада яны злучыліся ў партыі, заходзілі ў памешчыцкія двары, забіралі харчы і коней, а на паштовых станцыях – Прылуцкай па Варшаўскім тракце і Юхноўскай па Барысаўскім тракце ўзялі з кожнай па 20 коней з павозкамі і вазніцамі...”.
Адзін з атрадаў павінен быў узначаліць Антон Трусаў, які 19 красавіка разам з Жукоўскім і Мерло выйшаў з горада па Ігуменскаму тракту да Каралішчавіч. Тут з ім злучыліся гімназісты Яцкевіч і Навіцкі, якія прыйшлі на Каралішчавічы праз Трасцянец. Паўстанцаў на беразе Свіслачы чакаў мясцовы праваднік і яшчэ некалькі сялян, якія размаўлялі простай беларускай гаворкай. Паўстанцы ўзялі коней, але заўважыўшы салдат, павярнулі свой напрамак ад Ігуменскага тракта на ўсход. Хутчэй за ўсё мясцовымі праваднікамі былі сяляне з вёскі Сініло маёнтка Пелікшы, межы якога пачыналіся за мастом праз Свіслач. Адстаўшага ад групы канцылярскага чыноўніка Міхалоўскага злавілі на Ігуменскім тракце каралішчавіцкія сяляне і перадалі яго расійскім салдатам. Міхалоўскі быў узброены простым ружжом, меў пры сабе ў мяшку розныя прыпасы, сухары і перавязачны матэрыял. Паўстанца адвезлі для следства ў Палітычную камісію, але ён быў вытрыманы і не даў асаблівых паказанняў.
Вялікая група мінскай моладзі ў складзе 53 чалавек сабралася к 6 часам раніцы за цвінтаром на Залатой Горцы. На чале атрада, які складаўся у асноўным з гімназістаў, наіўна марыўшых аб гераічных учынках, стаў Васіль Канапацкі, пісец Мінскай палаты грамадзянскага суда. Канапацкі па заданню Трусава правёў атрад праз карчму ў Зялёным лузе і маёнтак Сляпянка (дзе забралі дубальтоўкі і правіянт) на Барысаўскі тракт да Смалявіч. Адтуль па лясах і балотах паўстанцы прайшлі на поўдзень да Клінка (Пуцічолы) на рацэ Волма. Маёнтак Клінок належыў Манюшкам, эканом якіх пакарміў паўстанцаў. Мінскім группам было прадпісана пазбягаць сутычак з ворагам, каб яны маглі дайсці да месца збору паміж вёскамі Марціянаўка і Юравічы на Ігуменшчыне. Тут партыі мінскіх паўстанцаў павінны былі злучыцца з атрадам Станіслава Ляскоўскага. Дарэчы, Марціянаўка належыла сваяку Гектара Лапіцкага – Рамуальду Лапіцкаму і яго маці Тэафіліі.
Яшчэ адзін мінскі атрад ў складзе 30 чалавек сабраўся паблізу ад Камароўскага лесу ва ўрочышчы Халяўшчына, або Арэшнікі. У склад атрада ўваходзілі чыноўнікі, рамеснікі і гімназісты. Па даручэнню Вярбіцкага вучань землямерных класаў Ціт Красоўскі вывеў атрад з горада на Валмянскія лясы, дзе іх павінен быў чакаць атрад Трусава.
Антон Трусаў узначаліў а’бяднаны атрад паўстанцаў. Па характарыстыцы аднаго з членаў атрада Трусава, служачага губернскай пракуратуры Вітальда Гейштара, камандзір атрада, на якога ўскладалі вялікія надзеі, быў ”на язык молодец, на деле очень слаб”. Цэлы тыдзень Трусаў вадзіў атрад па мясцовых лясах у чаканні злучэння з іншымі партыямі паўстанцаў. Мясцовасць была яму незнаёмай, але Трусаў знаходзіў дарогу па картах і компасу. Толькі ля вёскі Нежаўка за Смілавічамі, нарэшце, мінскія атрады сустрэліся. З Ігумена на пошук паўстанцаў 25 красавіка выйшла рота колькасцю ў 160 салдат пад камандай капітана Багаеўскага, яны прайшлі па слядах мінчукоў праз вёску Нежаўка, затым Чарнаву, якую за тры гадзіны да гэтага паўстанцы пакінулі. 27 красавіка карнікі прадоўжылі праследаванне. 28 красавіка раніцай пад Пятровічамі злучаны атрад паўстанцаў акружылі казакі на конях і пешыя салдаты. Паўстанцы спачатку хацелі без бою адступіць, але ззаду з тыла па іх ўдарылі салдаты, і паўстанцы вымушаны былі прыняць бой, які доўжыўся тры гадзіны. Многіх маладых патрыётаў узялі ў палон, другіх пералавілі па лясах казакі разам з мясцовымі мужыкамі. Па звестках царскіх ваенных са 130 чалавек паўстанцкага атрада было забіта 30, трое паранена, яшчэ траіх узялі ў палон. Двое параненых памёрлі па дарозе ў Мінск. Некаторыя “ваякі” адразу з перапуду ўцяклі назад у горад і 30 красавіка з’явіліся да губернатара з пакаяннем, сярод іх былі Яцкевіч, Навіцкі і Камінскі.
Астатнія паўстанцы ад Пятровіч вырашылі прарывацца ў паўднёвым накірунку ўздоўж ракі Волмы. Навакольная мясцовасць была парослая густым лесам, з заходняга і паўднёвага боку цягнуліся непраходныя балоты, што спрыяла скрытнаму адыходу. Усе навакольныя вёскі і дарогі кантраляваліся царскімі войскамі, аб гэтым паўстанцы даведаліся ад мясцовых сялян. Невялікая групка патрыётаў схавалася ў густым лясным урочышчы пад назвай “Казловы Рог”, якое знаходзілася на поўнач ад сучаснай вёскі Забалацце Мінскага раёна. Тут яны ў яме схавалі некалькі “руляў” (ружжаў), якія летам знайшлі мясцовыя пастухі з суседняй вёскі Дварэц. Урочышча “Казловы Рог” прымыкала да балоцістага масіва Омшар, і ўваходзіла ў землеўладанне тых жа Лапіцкіх, якія валодалі Марціянаўкай. На ўсход ад балота пачыналіся землі памешчыка Ельскага. У яго паўстанцы лікам каля 20 чалавек узялі тры падводы, выехалі на Ігуменскі шлях і вечарам накіраваліся па шляху на поўнач да вёскі Сініло. Далейшыя іх планы невядомыя. Ёсць меркаванні, што яны хацелі прабрацца ў Мінск, але, магчыма, проста хацелі адпачыць у вёсцы, якая належыла Пелікшы. Ім не павязло, бо па гэтаму ж шляху на Ігумен у 2 гадзіны ночы з Сініло выйшла рота Вялікалуцкага пяхотнага палка пад камандай капітана Ілякевіча, з якой паўстанцы выпадкова сутыкнуліся ў ноч з 29 на 30 красавіка на тракце перад самай вёскай. Восем паўстанцаў, у тым ліку Гейштар, Жукоўскі, Хруцкі і двое слуг былі схоплены салдатамі Вялікалуцкага палка. Рускія салдаты моцна збілі іх прыкладамі, сарвалі ранцы і разграбілі каштоўнасці і грошы. Затым два ланцугі салдат сталі прачосываць мясцовасць і вымусілі рэшткі атрада пасля перастрэлкі адыйсці ад Сініло. Некаторыя байцы ўцяклі ад салдат ўплаў праз Свіслач. Уцалеўшыя рэшткі патрыётаў дабраліся да Ігуменскага атрада Станіслава Ляскоўскага. Але яшчэ некалькі дзён каралішчавіцкія сяляне за абяцанае ўзнагароджанне ў 5 рублёў лавілі адстаўшых паўстанцаў па лясах і на мосце праз Свіслач. Так ў рукі карнікам яны здалі Фларыяна Міладоўскага, сваяка Пелікшаў.
Яшчэ адзін атрад гімназістаў пад кіраўніцтвам канцылярыста пракурорскай камеры Юліана Сушчэвіча выйшаў з Мінска 19 красавіка пасля збору ў раёне Лошыцы. Атрад направіўся на Дукору, але пад пагрозай сутыкнення з царскімі войскамі некаторыя гімназісты вярнуліся назад і толькі 18 чалавек дайшлі да атрада Ляскоўскага, які дыслакаваўся ў раёне вёскі Суцін, сярод іх былі браты Янішэўскія, браты Дземідовічы, Кукін, Папоў, Лявіцкі.
У Слуцкім павеце 19 красавіка пачала дзейнічаць група Уладзіслава Машэўскага. Яны спілавалі 5 тэлеграфных слупоў ля Сінявінскай станцыі і затым падыйшлі да маёнтка князя Льва Радзівілла, дзе забралі 40 стрэльбаў. Праз два дні ля вёскі Азярцы Ігуменскага павета група была разбіта, 44 чалавекі папалі ў палон, сам Машэўскі забіты, чэцьвера паўстанцаў памёрлі ад ран. Царскімі войскамі былі захоплены 73 стрэльбы, некалькі пісталетаў, шаблі і косы. Акрамя гэтага атрада ў Слуцкім павеце летам былі разбіты партыі Корбута, Лукашэвіча, Хмаровіча і Юндзіллы.
Камандзірам Клецкай партыі паўстанцаў стаў лекар Слуцкай духоўнай семінарыі Антоні Санкевіч. Некаторы час ён працаваў лекарам у маёнтку памешчыка Кяневіча. Справядліва лічыў, што ў першую чаргу, каб сяляне не хварэлі, іх трэба добра карміць і не спойваць у корчмах. Нажаль, атрад Санкевіча быў разбіты ў першай жа стычцы з расійскімі войскамі. Сам паранены Антоні кінуўся ў раку Лошу, з якой не выплыў.
У Барысаўскім павеце непрацяглы час дзейнічаў атрад Кучэўскага і Жаўтка з 11 чалавек і атрад пад камандай Дмухоўскага з 16 чалавек, які быў разбіты 14 мая.
Арганізатарам паўстання ў ваколіцах Ракава ваенным начальнікам губерніі Паўлам Дыбоўскім быў прызначаны Апалінарый Свентаржэцкі. Той вербаваў у атрад не толькі шляхту, але і дваровую моладзь. Але да прызначанага пункта збору прыйшла толькі нязначная частка з абяцаўшых, усяго каля 20 чалавек. Планавалася, што атрад пойдзе да Радашковіч, дзе злучыцца з партыяй Казеллы пад Іліяй. Даведаўшыся, што атрад Казеллы разбіты, ракаўскія паўстанцы вярнуліся дадому. Пасля А.Свентаржэцкі займаўся вярбоўкай моладзі ў Пяршаях, Міхаловічах і Чаркасах. З невялікай сабранай ім групай накіраваўся на Прылукі.
У Прылуках атрад на пачатку паўстання ўзначальваў былы афіцэр Ян Пілечка, затым – адстаўны падпаручнік Павел Дыбоўскі пад псеўданімам Зарэмба. Атрад рушыў па шляху на Вязынь і Станькава, потым да пушчы Целяковай. Да атрада далучыліся мінчанін Валерый Валодзька (Вацлаў Кошчыц), афіцэры Люцыян Рамішэўскі (Рушчыц) і рускі афіцэр Фёдар Ельчанінаў (Гарап). Атрад налічваў 69 чалавек і дзяліўся на два плутоны. Калі пра вопытнага афіцэра Ельчанінава захаваліся самыя пазітыўныя ўспаміны паўстанцаў, то пра камандзіра атрада водгукі былі самыя супрацьлеглыя. Быццам бы Дыбоўскі, як камандзір, нічым сябе не праявіў. Ён не любіў чытаць па вёсках Маніфест Віленскага ўрада аб бясплатным дараванні зямлі сялянам і адмене абавязковага рэкрутства; быў слабым арганізатарам і не прыцягваў у атрад новых членаў. Але па ўспамінах Апалінарыя Свентаржэцкага Дыбоўскі быў як раз неблагім камандзірам, бо меў багаты ваенны вопыт службы ў царскай арміі. Ён падтрымліваў жорсткую дысцыпліну, добра арыентаваўся на мясцовасці з дапамогай карт і компаса. Сам быў вельмі асцярожным, немнагаслоўным, суровым і аскетычным, ніколі не расслабляўся, мала спаў, заўсёды быў начаку. Такой жа тактыцы вучыў і нявопытную моладзь, якую ён бярог і стараўся не ўцягваць у сутычкі з царскімі войскамі. Атрад базіраваўся ў асноўным у лясных пушчах ля засценка Барова, дзе яму дапамагалі мясцовы лекар Улас і сяляне. Праўда, апошнія дапамагалі толькі тады, калі ім добра плацілі з паўстанцкай касы. Як адзначыў А.Свентаржэцкі, просты сялянскі люд з паўстанцамі не пайшоў, а прагматычна стаў на бок таго, хто на той час быў мацнейшы. Спробы злучыцца з іншымі атрадамі не ўдаліся і аднойчы Дыбоўскі з некалькімі чалавекамі адправіўся ў Налібоцкую пушчу на разведку, адтуль у атрад не вярнуўся. Атрад паўстанцаў пасля знікнення Дыбоўскага ўзначаліў Люцыян Рамішэўскі, які атрымаў загад рухацца на Ігуменшчыну. 2 мая падчас стычкі паўстанцаў з 7-й ротай Нова-Інгерманскага палка выявілася няздатнасць маладых паўстанцаў да баявых дзеянняў, было забіта 12 чалавек, частка атрада разбеглася. Рамішэўскі ізноў вярнуў атрад да знаёмага засценка Барова. Яшчэ некаторы час атрад хадзіў па мясцовых пушчах, пакуль не змянілася кіраўніцтва паўстання ў Мінску, пасля чаго стала ясна, што далейшыя надзеі на дапамогу замежных дзяржаў не збыліся. Рэшткі атрада адыйшлі на захад да Белавежскай пушчы, дзе паўстанцы разыйшліся.
Атрад Станіслава Ляскоўскага, пра які ўладам ўжо на пачатку сакавіка данеслі рагачоўскія шынкары, самы моцны на Міншчыне, сфарміраваўся ў Ігуменскім павеце ля маёнтка Багушэвічы (сучасны Бярэзінскі раён) Баляслава Свентаржэцкага. Ужо 17 красавіка на панскім двары сабраліся каля 30 чалавек, сярод іх памешчык з Божага Дара Іван Масальскі, Гектар Карказовіч, Мельхіёр Ваньковіч, чатыры браты Акулічы, Ольгерд Гансецкі, Мамерт Нарвілла і іншыя. Многія памешчыкі прыйшлі ў атрад разам з лакеямі, кучарамі, паварамі і іншай прыслугай. Спачатку члены атрада знічтожылі навакольныя лініі тэлеграфнай сувязі. У Суціне разабралі два масты і зрабілі з іх рэдуты. У навакольных вёсках і маёнтках збіралі мясцовае насельніцтва і зачытывалі ім маніфест рэвалюцыйнага ўрада. Пасля далучэння да атрада паўстанцаў з Мінска, Слуцка і іншых навакольных месц атрад быў рэарганізаваны і падзелены на шасткі і плутоны. Галоўным начальнікам стаў Станіслаў Ляскоўскі (Собэк), вайсковым камісарам прызначаны Баляслаў Свентаржэцкі, касірам – Мельхіёр Ваньковіч. Адбыўся рэйд атрада на мястэчка Ляды, дзе 29 красавіка паўстанцы сутыкнуліся з царскімі войскамі. Пасля жорсткага пяцігадзіннага бою 9 мая пад Юравічамі рэшткі атрада адыйшлі пад Раванічы. Частка атрада перайшла ў Барысаўскі павет, частка направілася пад Асіповічы. Супраць паўстанцаў Ляскоўскага былі накіраваны вялікія карніцкія сілы пад камандаваннем падпалкоўніка Чурскага, а пасля - генерала Русінава. 13 чэрвеня паблізу фальварка Лочын (сучасны Асіповіцкі раён) атрад Ляскоўскага ўступіў у бой з пераўзыходзячымі яго расійскімі войскамі і змог адарвацца ад іх. 23 ліпеня ля вёскі Валадута паўстанцам выпадкова ўдалося захапіць у палон царскага генерала Грунта, які ехаў з Магілёва па інспекцыйных справах. Генерала, які калісьці вучыўся разам з некаторымі паўстанцамі, адпусцілі пад чэснае слова за абяцанне не ўдзельнічаць у карных дзеяннях і ён, сапраўды, сваё слова стрымаў, падаў пасля вызвалення з палону ў адстаўку.
У ліпені расійскае воінскае камандаванне запісала ў журнал баявых дзеянняў, што поўнасцю рассеяла “шайкі Свентаржэцкага, Карказовіча і Ляскоўскага”. Квітнеючы маёнтак Свентаржэцкіх па загаду Мураўёва быў спалены і разараны, а сам Баляслаў па пашпарце віленскага мешчаніна Вайцэхоўскага паехаў у Маскву, а адтуль за мяжу. Але яшчэ доўгі час царскія войскі баяліся аднаго прозвішча Свентаржэцкага, лічылі яго нават чараўніком-чорнакніжнікам. У жнівеньскім рапарце палкоўніка Рэйхарта шэфу корпуса жандармаў Патапаву гаварылася: “Рэвалюцыйны рух у Мінскай губерніі па прычыне прынятых строгіх мер сціхае: мяцежнікі яшчэ паказваюцца невялікімі шайкамі па Мінскім, Барысаўскім, Ігуменскім і Пінскім паветах, і калі войскі не паспеюць іх знішчыць, то першыя маразы пакладуць канец іх блуканню па лясах”.
У чэрвені ў Вільна вяртаецца Канстанты Каліноўскі. У сярэдзіне чэрвеня адбываецца паседжанне кіраўнікоў паўстання, на якім Каліноўскі і яго сябра Малахоўскі выступаюць супраць умяшання ў справы Літвы Варшаўскага ўрада. Кіраўнік паўстанцкага ўрада Якуб Гейштар выступае супраць пазіцыі Каліноўскага і Малахоўскага. У ліпені Гейштара і іншых членаў урада арыштоўваюць. З 22 жніўня Каліноўскі па ўзгадненню з Варшаўскім урадам становіцца на чале паўстання, спрабуе пераламіць яго ход. Пакідае для партызанскіх дзеянняў у лясах невялікія атрады. Пасылае ў Пецярбург Уладзіслава Малахоўскага, каб той угаварыў рускіх дэмакратаў на любыя тэрарыстычныя акцыі на тэрыторыі Расіі. Пост Свентаржэцкага па Мінскай губерніі перадае мінскаму ўрачу Міхаілу Аскерку. 12 верасня для каардынацыі апошніх сіл паўстанцаў на Міншчыне з Вільна быў пасланы ў Мінск малады Іосіф Ямант, брат каханкі Каліноўскага Марыські. Афіцыйна Ямант павінен быў прыступіць да працы ў маёнтку Самуэлева князя Вітгенштэйна Ігуменскага павета, які арандаваў яго бацька. Самуэлева знаходзілася крыху паўднёвей ад маёнтка Апчак-Горкі. У Мінску Ямант і Пелікша сустракаюцца. Паміж імі не ўзнікае разумення. Пелікша пастаўлены на пост Мінскага ваяводы яшчэ сваім таварышам Гейштарам, а Ямант – прадстаўнік чырвонага Каліноўскага. Ямант патрабуе ад Пелікшы адказу, чаму ім не выконваюцца загады Каліноўскага, просіць даць паясненні аб слабым прыцягненні да ўдзелу ў паўстанні сялян. На гэтыя рытарычныя пытанні Пелікша адказвае скупа, агульнымі сказамі. Затым просіць пакінуць яму інструкцыі для праяснення абставін. Зразумела, што ў гэты час у падпарадкаванні Пелікшы паўстанцкіх сіл амаль не засталося. Выконваць загады і інструкцыі Каліноўскага проста не было каму.
Пасля развалу атрада Дыбоўскага Міхаіл Аскерка паведаміў аб сваім ад’ездзе ў Вільню. Яго пасаду Пелікша прапанаваў Лапіцкаму, а пасаду начальніка горада Мінска - Турчыньскаму. Для тых паўстанцаў, якія не хацелі здавацца на міласць цара, рыхтаваліся пашпарты для ад’езду за мяжу. Дзякуючы гэтаму многія паўстанцы выратаваліся. Але царскім вышукачам 22 кастрычніка ўдалося арыштаваць Міхаіла Аскерка, калі ён праязджаў праз горад Востраў пад Псковам.
Пагроза навісла і над самім кіраўніком Мінскага ваяводства. Восенню з вуха ў вуха патрыятычныя мінчане сталі перадаваць звесткі аб сапраўднай ролі Пелікшы, гэтыя звесткі дасяглі і царскіх следчых. Прыблізна пятага кастрычніка Карнель Пелікша, ведаючы, што яго павінны арыштаваць, апавясціў Гектара Лапіцкага аб сваім ад’ездзе ў Пецярбург за замежным пашпартам, а адтуль выехаў за мяжу. Сёмага кастрычніка пасля начнога вобыску быў арыштаваны доктар Пётр Чэкатоўскі. Яго мандат, Мінскага гарадскога начальніка, быў перададзены доктару Багуславу Семірадскаму.
Пасля ад’езду Пелікшы ў дзеяннях Мінскай арганізацыі пачаўся разлад. Адразу адчулася слабасць новага кіраўніцтва, якія не былі “той меры, што Пелікша”. Лапіцкі і Турчыньскі, надзеючыся на дапамогу Францыі, яшчэ трымалі рэшткі атрадаў у лясах, дзеянні якіх былі ўжо чыста дэманстрацыйнымі. Як з болем адзначыў Апалінарый Свентаржэцкі, гэта прывяло толькі да новых ахвяр.
Паводле канфірмацыі Галоўнага ваеннага Начальніка края М.Мураўёва памешчык Карнель Пелікша ў пачатку 1864 года быў завочна асуджаны да павешання і пазбаўлены “правоў стану”, усе яго маёнткі і рухомасць былі падвергнуты секвестру. Дзяржаўная чыноўнічая машына на працягу ўсяго года нястомна працавала ў гэтым напрамку.
27 сакавіка 1864 года Мінская Казённая палата слухала справу аб “удзеле ў беспарадках памешчыка Мінскага павета Карнеля Пелікшы”. 9 ліпеня гэтага ж года Мінскаму Дваранскаму сходу было паведамлена аб распараджэнні Галоўнага начальніка края Мураўёва ад 19 чэрвеня аб тэрміновым пошуку маёмасці дзяржаўных злачынцаў, сярод якіх былі названы імёны Карнеля Пелікшы, Баляслава Свентаржэцкага, Тэадора Ваньковіча і іншых асоб. 12 жніўня 1864 года Мінскае губернскае праўленне ізноў паінфармавала Дваранскі сход аб тым, што “памешчык Карнель Ігнацьеў Пелікша за ўдзел у мяцежы і па канфірмацыі Галоўнага начальніка Края пазбаўлены правоў дваранства”.
Для пошуку маёнткаў і маёмасці асуджаных паўстанцаў ва ўсе паветы Мінскай губерніі былі накіраваны спецыяльныя чыноўнікі. У Мінскі павет – чыноўнік па асабовых даручэннях Станкевіч, тытулярны саветнік Смольскі, губернскі сакратар Славінскі; у Ігуменскі павет – тытулярныя саветнікі Крушэўскі і Раждзественскі, губернскі сакратар Шыбека і падпаручык Іванісаў. Каб папярэдзіць сакрыццё ад секвестру маёмасці ўдзельнікаў паўстання ўлічваліся толькі дакументы і даўгавыя распіскі, выдадзеныя да сакавіка 1863 года.
Царскія вышукачы адшукалі маёнткі і маёмасць Карнеля Пелікшы ў чатырох паветах Мінскай губерніі. Сярод іх: маёнтак Горкі ў Мінскім павеце з рухомасцю на 783 рублі 50 капеек.; маёнтак Сініло ў Ігуменскім павеце; маёмасць на Гарадзішчанскай паштовай станцыі Навагрудскага павета, ацэненая ў 557 рублёў 70 капеек; маёмасць у маёнтках Каралін і Багумілле Слуцкага павета, ацэненая ў 1508 рублёў 12 капеек.
У “Ведамасці аб секвестціраваных і канфіскаваных маёнтках” было адзначана, што маёнтак Горкі быў канфіскаваны 4 мая 1864 года, рухомасць маёнтка ацэнена ў 783 рублі 50 капек, прададзена за 512 рублёў 50 капеек. У справе па накладанню секвестра і канфіскацыі маёмасці кошт двара Горкі, дзе пражывала жонка і пяцёра малалетніх дачок Пелікшы, быў пазначаны ў 15 тысяч рублёў, а маёнтка Сініло - ў 30 тысяч рублёў.
20 кастрычніка 1864 года Часовы Ваенны Губернатар Мінскай губерніі загадаў усім Ваенным начальнікам паветаў далажыць аб ходзе спраў па секвесціраванных маёнтках мяцежнікаў. З Мінскага павета ў Рапарце ад 8 лістапада паведамлялася, што “маёнтак Гуркі з вёскай Обчак” быў секвесціраваны па асабістаму распараджэнню палкоўніка Лосева, члена Следчай Камісіі, і знаходзіцца ў распараджэнні Палаты Дзяржмаёмасці”.
Без гаспадарскага вока маёнткі Пелікшы некалькі год не ўгнойваліся і не араліся, пазарасталі быльніком і кустоў’ем, скаціна часткова была прададзена за бясцэнак. Валовы млын быў зламаны. У фальварку Сініло амаль усе старыя гаспадарчыя будыніны разваліліся, стаялі без дахаў. У тыя гады праз Сініло праляцеў страшэнны смерч, які падымаў у паветра не толькі дахі, але кароў і коней. Толькі ў снежні 1868 года быў дазволены продаж маёнтка Апчак-Горкі як узнагарода за верную службу, былому віцэ-губернатару Мінскай губерніі, пракурору Аляксандру Васільевічу Лучынскаму за 11 тысяч 120 рублёў. Таксама Лучынскі павінен быў сплаціць пры пакупцы даўгі на маёнтак у сумме 15 тысяч 114 рублёў 30 капеек.
У эміграцыі Пелікша спачатку жыў у Парыжы, затым Італіі і Румыніі (Галацы і Ясах). Ён вельмі сумаваў па роднай зямлі і сельскагаспадарчых клопатах. У Ясах набыў маленькі кавалачак зямлі, усяго некалькі маргоў, пасля пад Галічам ці то арандаваў, ці то купіў фальварак Лазараўка. У Нацыянальным Гістарычным архіве Беларусі ў алфавітным “Спісе дваран Мінскай губерніі, пазбаўленых праў стану і высланых у аддаленыя губерніі Расійскай Імперыі за ўдзел у паўстанні 1861-1863 гг.”, у тым ліку ў Арэнбургскі лінейны батальён, у справе за 1870 год разам з прозвішчамі вядомых паўстанцаў на літару “П” - Пякарскага Іосіфа, Пенкевіча Сцяпана, Пуслоўскага Адама прыведзена і прозвішча былога ваяводы - “Пелікша Карнель Ігнацьеў”. Гэта сведчыць аб тым, што Карнелю Пелікшу смяротнае пакаранне было заменена на высылку. Магчыма, Карнель пісаў хадатайніцтва на амністыю, але яна прымянялася толькі да тых, хто не быў у эміграцыі. Пелікша не змог вытрываць адлучэння ад роднай зямлі, ад сям’і і 12 ліпеня 1872 года скончыў жыццё самагубствам. “Атраўлены болем няздзейсненых надзей жыццё ў сябе адабраў”. Перад смерцю Карнель спаліў усе паперы, якія тычыліся паўстання. Чула і паважана пра Карнеля напісаў яго калега і сябра Якуб Гейштар: “Пакінуў найлепшую памяць сярод тых, каторыя яго ведалі”.
Лёсы многіх паўстанцаў Мінскай губерніі аказаліся зламанымі назаўсёды. Сябра Пелікшы - Баляслаў Свентаржэцкі пасля паражэння атрада эмігрыраваў у Францыю, у 1870 годзе прымаў удзел у французска-прускай вайне. У выніку таксама скончыў жыццё самагубствам у Венецыі.
Прысуджаны да катаргі першы ваявода Мінскай губерніі Антоні Яленскі пасля яе адбыцця на Беларусь не вярнуўся, апошнія гады жыў у Кракаве.
Баляслаў Свіда адбываў катаргу ва Усоллі, затым Іркуцку, Табольску і Цюмені. У 1877 годзе яму было дазволена пасяліцца ў Пензе. Памёр усімі забыты ў 1897 годзе ў Каломне, дзе жыла яго дачка. Не змог вярнуцца на Радзіму, але да апошняга часу заставаўся яе вялікім патрыётам і верыў у лепшую будучыню.
Нашчадкі Пелікшы - пяць яго любімых дачок: Вікторыя, Ганна, Стэфанія, Браніслава і Зоф’я. К 1876 году, акрамя няпаўналетняй Зоф’і, іншыя дочкі Карнеля Пелікшы былі ўжо замужам: Вікторыя за Грыгаровічам, Ганна - Багушэўскім, Стэфанія - Сурынам, Браніслава - Харэвічам. З успамінаў Якуба Гейштара стала вядома, что малодшая Зоф’я выйшла замуж за сына Адама Ваньковіча. Больш падрабязныя звесткі пра гэты шлюб ёсць у матэрыялах Шымана Канарскага пра род Ваньковічаў. Там паведамляецца, што ў сям’і Францішка Ваньковіча і Зоф’і-Ядзвігі Пелікшы было двое дзяцей: Томаш і Ганна. Томаш нарадзіўся 20 студзеня 1888 года, у 1897 годзе быў упісаны да кніг Мінскай шляхты, памёр маладым. Ганна нарадзілася 1 лютага 1889 года, была замужам за Юзафам Рышка.
Ад дзядзькі Карнеля Пелікшы – Франца-Фларыяна Янавіча Пелікшы пасля яго хуткай смерці ў 1864 годзе, дочкам паўстанскага ваяводы дастаўся па духоўнаму запавету маёнтак Любін агульнай плошчай 1582 дзесяціны з вёскамі Слабада, Боські, Шкавілаўка (Скавілаўка) ў Кліноцкай воласці Ігуменскага павета. Да маёнтка таксама належылі фальварак, карчма, вадзяны мукамольны млын на р.Свіслач і розная рухомасць. Пасля секвестра маёнтка Горкі жонка Карнеля Пелікшы перабралася з дзецьмі ў маёнтак Любін, які Франц Пелікша набыў у сына Станіслава Манюшкі - Ігната. Жонка Карнеля Пелікшы нават была нейкі час апякуншай малалетніх дзяцей Манюшкі. Пасля смерці жонкі Пелікшы гаспадыняй маёнтка засталася старэйшая дачка былога ваяводы – Вікторыя Грыгаровіч. Малодшая дачка Зоф’я дапамагала Якубу Гейштару пры напісанні біяграфіі яе бацькі. Далейшы лёс нашчадкаў Пелікшы пакуль не выяўлены.
У Апчак-Горках былы сядзібны “панскі дом” выкарыстоўваўся пад жыллё, амбулаторыю, клуб і магазін, ў канцы 70-х гадоў быў знесены. Мясцовыя старажылы лічылі, што перад ад’ездам за мяжу пан Пелікша закапаў ля дому свае багацці і бібліятэку. Дзесьці ў 1980 годзе мясцовы бульдазерыст Мікола Шатраўка пачуў пра былыя панскія багацці і вырашыў дакапацца да скляпоў з дапамогай бульдозера. Ён знёс увесь грунт і адкрыў нечакана вялікае бетоннае падземнае збудаванне без слядоў уваходу. Тамтэйшы дырэктар саўгаса Навіцкі празнаўшы пра гэта, забараніў далейшыя раскопкі. На яго думку гэтыя бетонныя збудаванні зрабілі ў вайну немцы, якія тут мелі ўправу, або гэта былі рэшткі складоў Чырвонай Арміі. Магчыма, нейкія рэчы і цэнную бібліятэку Пелікша мог і схаваць на тэрыторыі свайго маёнтка, бо пры ад’ездзе выказваў думку аб вяртанні. Але Якуб Гейштар успамінаў, што бібліятэка была падзелена паміж рознымі асобамі і прададзена за бясцэнак. Загадку падзямелляў ужо ніхто не разгадае. Бо, без правядзення навуковай археалагічнай і гістарычнай экспертызы, менавіта на месцы рэшткаў сядзібнага дома Пелікшы ў 2007 годзе была пабудавана новая сучасная праваслаўная царква. Некаторыя дваровыя гаспадарчыя збудаванні панскага маёнтка, размешчаныя вакол галоўнага будынка, дайшлі да нашага часу. Сярод іх маленькая маслабойня, дом былой настаўніцы, велізарныя драўляныя гаспадарчыя будыніны, у якіх раней месцілася службы, лякарня і вучылішча. Праўда, усе ацалеўшыя будынкі знаходзяцца ў самым непрывабным стане. З 2007 года адзін дом згарэў, другі разабраны, астатнія выкарыстоўваюцца пад жыллё.
Вучылішча, заснаванае Карнелем Пелікшам, у савецкія часы было ператворана ў чатырохкласную Апчак-Горацкую школу, зачыненую ў 70-я гады дваццатага стагоддзя. У сувязі з наступным рэзкім прыростам насельніцтва прыгараднага пасёлка Прывольны тут у 1985 годзе была адчынена новая сярэдняя школа, у якой пра Пелікшу ніхто і не чуў.
Настаў час узняць з небыцця слаўнае імя Карнеля Пелікшы, успомніць пра добрыя справы гэтага чалавека, разумнага адукаванага гаспадара, філантропа, заступніка і асветніка сялян, паўстанца, і ўшанаваць яго памяць непасрэдна на Міншчыне, у тым жа пасёлку Прывольным, вёсках Апчак, Сініло і ў самім Мінску. Бо ў тым, што наша Беларусь зараз суверэнная дэмакратычная дзяржава ёсць і яго, адпаведны гістарычным магчымасцям, уклад.

Комментарии (0)
Нет комментариев. Ваш будет первым!