Наверх

Аб гідронімах Эсса, Лепель і Улла

Опубликовано: 1744 дня назад (1 мая 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 5 раз — последний 8 июля 2013
Просмотров: 1014
+3
Голосов: 3
Аб гідронімах Эсса, Улла, Лепель і іншых

Перш чым прыступіць да разгляду вышэй названай гідраніміі, географу-тапанімісту трэба ўважліва вывучыць па спецыяльнай літаратуры гідраграфічныя характарыстыкі гэтых аб’ектаў, навакольны ландшафт. Бо за кожным гідронімам трэба ў першую чаргу бачыць рэальны аб’ект на рэальнай мясцовасці. Па-другое, трэба падабраць аналагічныя тапонімы і гідронімы, скласці геаграфічны арэал распаўсюджвання падобных назваў. Па-трэцяе, крытычна праштудзіраваць усе папярэднія тапанімічныя версіі, не зважаючы на аўтэрытэты, адкінуўшы прымітыўныя выдумкі больш стогадовай даўнасці. І толькі пасля аналізу сабранага матэрыяла можна прыступіць да выпрацоўкі ўласнай думкі наконт узроста, моўнай прыналежнасці і этымалогіі разглядаемых гідронімаў з прымяненнем вядомых метадаў – гістарычнага, параўнальна-сапастаўляльнага і лінгвістычнага.
Лепш за ўсё тапанімічнае даследаванне пачынаць з экспедыцыі да вывучаемых аб’ектаў. Азнаямленне на мясцовасці дае не толькі яснае прадстаўленне аб фізіка-геаграфічных характарыстыках, але і фармуе чалавечае ўражанне ад аб’екта. Гэта часта дапамагае зразумець мысленне старажытнага чалавека, які назваў раку, або возера менавіта пад уражаннем ад убачанага і пазнанага. Калі аб рэках Эсса і Улла можна сказаць проста, што гэта невялікія па памерах, звычайныя для нашай паласы вадатокі, якія працякаюць праз прыгожыя ландшафты Верхнебярэзінскай, Чашніцкай і Полацкай нізінаў, то возера Лепель пакідае зусім іншае ўражанне. Яно нагадвае марскую затоку, амаль з марскім па чысціні паветрам і сваесаблівым мікракліматам. Востраў на возеры – ідэальнае месца, дзе людзі маглі бяспечна існаваць, адгароджаныя ад знешняга нападу вадой. Але галоўная дадатная інфармацыя аб возеры ў тым, што праз яго можна праплыць у раку Уллу, а па ёй далей у Дзвіну. Водныя шляхі былі галоўнымі ў жыцці старажытных плямён, гралі вялікую гаспадарчую і абарончую ролю ад сярэднявечча і да пракладкі чыгуначных шляхоў у другой палове XIX стагоддзя. Адзначым і мы гэтую рысу – праточнасць.
Першы вывад - усе тры разглядаемыя геаграфічныя аб’екты звязаны паміж сабой. Рака Эсса ўпадае ў возера Лепель, працякае праз яго, а ўжо пад іншай назвай Улла выцякае з возера. Даўжыня першага адрэзка 84 км, даўжыня другога – 123 км, дададзім сюды невялікі прамежак паміж імі, атрымаем агульную даўжыню адзінай воднай артэрыі Эсса-Лепель-Улла каля 210 км. Што нам дае гэтае веданне? Лагічны вывад аб магчымасці тоеснасці назваў Эсса і Улла.
Для доказу гэтага вывада патрэбна веданне, што з падняццем кончыка языка (апекса) гук “С” заканамерна мог перайсці ў гук “Л”. Карэннае -С- у аснове маюць некалькі назваў беларускіх рэк: Іса ў басейнах Немана і Обалі, Оса ў басейне Немана і Заходняга Буга, Уса ў басейнах Беразіны, Немана, Дняпра, Іпуці, Дзясны, за межамі рэспублікі арэалы назваў Уса ў басейнах Акі, Пячоры, Чулыма, Енісея. Там жа ў Сібіры р.Оса – прыток Ангары. У Ханты-Мансійскай Аўтаномнай акрузе амаль поўная цёзка нашага гідроніма – р.Эсс, прыток ракі Конды. А ў Сібіры А.П.Дульзан прыводзіў назву ракі Эссес “божай ракі”. Заўсёды крытычна ставімся да “святых” этымалогій у назвах водных аб’ектаў. Таксама лічым памылковай этымалогію гідронімаў тыпу Уса ад літоўскага азначэння дрэва ясеня – UOSIS, прапанаваную яшчэ ў 1897 годзе прафесарам Адэсскага універсітэта А.А.Качубінскім, хаця яе слепа паўтаралі нават вядомыя савецкія акадэмікі-філолагі В.Н.Топараў і О.Н.Трубачоў (1962). Несумненнае ўзнікненне такіх назваў ад падражання гуку ліючайся вады. Індаеўрапейскі корань *UIS меў менавіта такое значэнне - “вада”, “рака”. Некаторыя жывыя мовы ў розных моўных сістэмах захавалі падобную семантыку ў геаграфічнай тэрміналогіі. Так у хантыйскай мове АС – “рака”, “вялікая рака”, “вялікая пратока”; ОС на бурацкай і салонскай мовах - “вада”; мангольскае УС – “вада”, “рака”; ненецкае СЕ – “пратока”, “рэчка, якая выцякае з возера”.
Назвы тыпу Улла з карэнным гукам –Л- таксама не адзінкавыя, што падцвярджае іх паходжанне ад роднасных геаграфічных тэрмінаў. У гэты рад уключым назву р.Улы (Пелясы) у басейне Немана, ракі Улінец - прытока Ауты, рэк Ульянкі, Ульянаўкі, Уліцы ў басейне Дняпра на тэрыторыі Беларусі. Сходныя па гучанню назвы рэк Улья адшукаліся ў Іспаніі і на Далёкім Усходзе ў басейне Ахотскага мора. А ў Балівіі Улла-Улла – гэта высокагорны запаведнік.
На мове аднаго з плямён кетаў УЛ, УЛЬ – гэта “вада”, “рака”. Нават у такой далёкай ад нас Манчжурыі УЛ – таксама “рака”. У беларускай міфалогіі захавалася прадстаўленне аб вадзе з крыніц, святой вадзе ў сувязі з імёнамі Алена і Улляна. І ў нашых бліжэйшых суседзяў з Украіны таксама існаваў падобны зварот да вады: “Добры дзень, вада Улляна”. Так старажытны тэрмін з азначэннем “вады” замацаваўся ў розных па паходжанню, але падобных па сугуччу пазнейшых хрысціянскіх імёнах.
Стратыграфічна назва Эсса старэй, чым Улла, на гэта ўказвае яшчэ і галосная Э- на пачатку слова. Галосная У- больш маладая. Канчатак –А узнік пад уздзеяннем славянскага апелятыва РАКА. Калі ісці па стратыграфічнай шкале далей, то з назвы *Ул магла ўтварыцца назва тыпу *Ут, а затым *Уд і такія варыянты гідраніміі ў рэальнасці існуюць. Напрыклад: рр.Уць і Удага, прытокі Сажа. Лінгвісты В.Н.Топараў і А.Н.Трубачоў аснову *uda лічылі балцкай, нават яцьвяжскай, семантычнае значэнне асновы яснае - “вада”. У сучаснай латышскай мове “вада” - гэта UDENS. Такое ж значэнне меў старажытна-грэчаскі тэрмін HYDOR "вада". Да гідраніміі гэтага тыпу можна прылічыць назвы рэк тыпу Выдранка/Удранка ў басейнах Дняпра і Немана. Памылкова даследчыкамі выказвалася думка, што такія назвы быццам бы паходзіць ад назвы воднага звярка – ВЫДРЫ. Але ў сапраўднасці наадварот. Назва звярка, воднай жывёлы, сама ўтворана ад слова, якое ўвасходзіць да апелятыва ў значэнні “вада”. Калі заглыбляцца ў настратычныя сувязі, то можна знайсці адпаведнасці з самадыйскім УД “вада”.
Падсумоўваючы даследаванне этымалогіі назваў Эсса і Улла можна зрабіць адзіны вывад – гідронімы паходзяць ад старажытных геаграфічных тэрмінаў у значэнні “вада, ліючаяся вада, рака”. Невялікая заўвага наконт напісання назваў гэтых рэк на беларускай мове – лічым няправільным напісанне без падваення карэнных зычных, як Эса і Ула. У рускай мове: Эсса, Улла, у артыкуле прытрымліваемся менавіта такой формы.
Мой былы настаўнік, прафесар Вадзім Андрэевіч Жучкевіч, у “Кароткім тапанімічным слоўніку” (1974) услед за А.А.Качубінскім не зусім верна паўтарыў, что Эсса з’яўляецца прытокам Уллы. Больш правільна сказаць, што Улла – працяг Эссы. І пра ўтварэнне гідроніма ўласнай думкі Жучкевіч не меў, спаслаўся на таго ж Качубінскага, быццам бы гідронім паходзіць ад балцкага тэрміна ESE “брод”. Дададзім, што ў А.А.Качубінскага было яшчэ сапастаўленне з літоўскім EZE “рыбалоўная межа”. Назву ракі Уллы Жучкевіч таксама сапастаўляў, як і Качубінскі, з балтыйскімі тэрмінамі OHLA, OHLIS у значэннях “дробны каменьчык”, “галька”, “скала”. Яшчэ больш такіх прымітыўных збліжэнняў можна знайсці ў дарэвалюцыйнага даследчыка Ю.Ю.Трусмана, які да вышэй названых варыянтаў дадаваў сугучны шведскі тэрмін у значэнні “баярышнік” і нават рускае слова УЛЕЙ. Канешне, гэтыя меркаванні даўно сталі тапанімічным анахранізмам. Калі ўжо шукаць у назве Улла “балтыйскі след”, то перш за ўсё трэба нагадаць латышскае ALUOTS “крыніца”. А з фінскай мовы нагадаем ALA - “ніжняе, нізменнае”. Прыклады карэльских гідронімаў: Аланярви, Юля-ярви.
Звернемся да гістарычных крыніц. Першыя ўпамінкі пра паселішча на Улле адносяцца да XIV стагоддзя. Звесткі пра Уллу можна знайсці ў многіх гістарычных дакументах, напрыклад, у Метрыцы ВКЛ пад 1562 годам у апавяшчальным лісце караля Жыгімонта Аўгуста пералічваюцца жыхары, якія мелі свае маёнткі і аседласці “у Лукомлі, на Уле, в Дуніловічох, у Глубоком, в Мядзеле і в Борысове”. Ну і, канешне, назва Уллы стала знакамітай пасля перамогі войск ВКЛ у 1564 годзе.
У энцыклапедычным слоўніку Ф.А.Бракгауза і І.А.Эфрона назва Улла падаецца як Ульянка, а Эсса – як Есса (1896). Такая ж форма гідроніма Есса ўжыта ў “Кароткім апісанні ўнутранага суднаходства Расійскай Імперыі” (1802).
А вось у XVI стагоддзі раку Эссу называлі яшчэ і Лепель. Удзельнік вайны з Масковіяй (1578-1582) Рэйнгольд Гейдэнштэйн так пісаў у сваіх “Запісках”: “Кароль Жыгімонт-Аўгуст заснаваў Лепель на востраве возера, ўтвараемы ракой Лепель”. І далей: “Вышэй упамянуты Лепель упадае ў раку Уллу”. На карце Мацея Струбіча (1589) паселішча Lepel адзначана на востраве возера, праз якое працякае рака без назвы. А сама рака (Эсса) пачынаецца на карце таксама з возера.
В.А.Жучкевіч у “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” прывёў цытаты з Пісцовай кнігі Маскоўскай дзяржавы XVI стагоддзя: “ниже озера Лепля две версты, а после того на озере Лепле литовские люди город поставили”. “Да в той же волости сельцо Белое и Ледное, стоят по обе стороны озера Лепля”.
Акадэмік М.В.Бірыла зафіксаваў у пісцовых кнігах XVI стагоддзя ўласнае імя Лепля. Назва пасялення Лепля другасная - вытворная ад наймення возера. Як бачым, ранняя гістарычная назва Лепельскага возера і паселішча – Лепля. Канчатак –ЛЬ заканамерна ўтварыўся з –ЛЯ пры пераходзе назвы воднага аб’екта на паселішча. А вось як ужываў гэтую назву вядомы беларускі філолаг Фёдар Іванавіч Янкоўскі, калі апісваў новую аўтамабільную трассу - “бяжыць амаль ля Лепля”.
Пра паходжанне назвы возера Лепель існуе больш 10 версій. Пра гідронім у савецкі час пісалі многія вучоныя, у тым ліку расійскія тапанімісты В.А.Ніканаў, А.І.Папоў, картограф Я.М.Паспелаў; беларускія вучоныя - географ В.А.Жучкевіч, філолаг В.П.Лемцюгова, гісторык Л.М.Лыч, супрацоўнік Лепельскага музея І.Ю.Януш, беларускія краязнаўцы і яшчэ шмат хто. Інтарэс да гэтай назвы праяўляюць і самі тубыльцы края – простыя лепельчане. Некалькі разоў на тэму назвы Лепеля даводзілася пісаць і аўтару гэтага артыкула.
Адна з так званых народных этымалогій сцвярджае, што некалі возера ўбачыла сама царыца Екацярына і сказала, што яно “лепей” за ўбачаных перад гэтым. Спрабавалі звязаць назву і са словам “ляпіць”, быццам бы тут ганчары ляпілі добрыя гаршкі і жбаны. Большая частка з такіх народных этымалогій не мае доказнай навуковай аргументацыі.
Адзін з даследчыкаў мясцовых назваў Віцебскай губерніі Ю.Ю.Трусман (1897) запісаў назву возера як Лепль (Ліпль). Ён сапастаўляў яе з эстонскім LIBL ”плавацельнае пяро, лісцінка”, і яшчэ з сугучнымі азначэннямі матылька, ліпы, ліпунца. Беларускі архівіст Д.І.Даўгяла звязваў назву возера з латышскім тэрмінам LEPA “азёрная руда”.
Усё той жа А.А.Качубінскі прапанаваў версію ўтварэння назвы ад латышскага наймення дрэва ліпы - LEEPA, тое самае літоўскае LIEPA, або ад латышскага LEНРА “азёрная ружа, німфея”. Канчатак –ЛЬ ён лічыў аналагічным, як у гідронімах Мемель, Ільмень. Жучкевіч паўтарыў варыянт этымалогіі Качубінскага ад слова ЛІПА і нагадаў у сувязі з гэтым назву латышскага горада Ліепая. Сапраўды, назва Ліепая быццам бы мае ў аснове падобны корань, але напомнім, што ранейшая назва горада – Лібава. Яна ўтворана ад наймення мясцовай ракі Лібавы. А назва апошняй з ЛІПАЙ ніяк не не суадносіцца.
Вядомы савецкі тапаніміст В.А.Ніканаў (1966) спачатку прывёў думку А.А.Качубінскага аб балцкім паходжанні гідроніма Лепель ад назвы дрэва ЛІПЫ, але адначасова прызнаў, што назва возера магла быць атрымана славянскім насельніцтвам у спадчыну ад фінамоўнага народа, які жыў на гэтай тэрыторыі яшчэ да прыхода сюды балтаў. Ніканаў назву Лепель сапаставіў з эстонскім тапонімам Leppa.
Валянціна Пятроўна Лемцюгова ў сваёй кнізе “Тапонімы распавядаюць” (2008) цалкам паўтарыла дваістую думку В.А.Ніканава.
Катэгарычна наконт Лепеля выказаўся маскоўскі картограф Я.М.Паспелаў. На яго думку гідронім чыста балцкі, аснова ад латышскай назвы дрэва ЛІПЫ і яе абрамляе балцкі суфікс -el-.
Яшчэ адзін варыянт этымалогіі Лепеля на запыт мясцовага краязнаўчага музея прыслалі калегі з Рыжскага музея гісторыі, літаратуры і мастацтва імя Я.Райніса. З павагай адношуся да латышскіх тапанімістаў. Ганаруся знаёмствам з філолагам Э.Рудзітэ, сустрэчамі з Валіяй Фрыцаўнай Дамбэ, вучаніцай стваральніка сучаснай латышскай мовы акадэміка Яна Марцевіча Эндзеліна. Нажаль Э.Рудзітэ і В.Дамбэ ўжо няма ў жывых. А вось з калегай тапанімістам-географам Вітай Страутніецэ падтрымліваем з часоў СССР самыя цесныя сувязі. Але чамусьці лепельскія музейшчыкі паслалі запыт не да дзейных латышскіх тапанімістаў, а да музейшчыкаў, не спецыялістаў у галіне тапанімікі. Ну а тыя не ламалі сабе галаву, проста паўтарылі версію вядомага нямецкага філолага М.Фасмера, што назва Лепель паходзіць паходзіць ад прыбалтыйскага азначэння жоўтага гарлачыка. Прыйшлося яшчэ раз праглядзець артыкул пра Лепель ў этымалагічным слоўніку рускай мовы Фасмера. Аўтар пра паходжанне назвы возера Лепеля пісаў наступным чынам: “Из древнерусского *Лъпль с l epentheticum». І далей вучоны спасылаўся на думку літоўскага моваведа Казіміра Бугі, які выводзіў гідронім з латышскай праасновы *Lepja, параўноўваў яе з латышскім lepa «гарлачык, вадзяная лілія” і літоўскім lepis «белакрыльнік балотны».
Так што аўтар версіі пра гарлачыкі не сам М.Фасмер, а яго папярэднік К.Буга. І гарлачыкі ў іх яшчэ не жоўтыя. Праўда, сучасны руска-латышскі слоўнік перакладае латышскае lepe як “водная ружа” і “жоўты гарлачык”. Гомельскі філолаг А.Ф.Рогалеў у “Назвах бацькаўшчыны” (2011) прывёў першай балцкую версію і прыпісаў да яе, як доказ, прысутнасць на Лепельшчыне артэфактаў штрыхованай керамікі. Праўда, латышскую аснову lepe ён ужо пераклаў не як “жоўты”, а “белы гарлачык ”. Версію паходжання назвы Лепель ад фінамоўнага азначэння дрэва АЛЬХІ Рогалеў прывёў таксама. У якасці прыклада аналагічнага славянскага дыялектнага тэрміна ўзяў у Фасмера толькі рускае ЛЕПЕШНЯК “вербалоз, алешнік”, хаця на Беларусі сваіх аналагічных прыкладаў шмат.

Марфалагічны склад гідроніма Лепель просты, падраздзяляецца на аснову ЛЕП- + канчатак –ЛЬ. Канчатак зараз нясе простыя службовыя функцыі, але, можна меркаваць, што ён утвораны ад старажытнага тэрміна ў значэнні возера і роднасны азёрным канчаткам тыпу –С/-Т. Стратыграфічна мог узнікнуць у той жа час, што і назва Улла. Яго другасная пазіцыя сведчыць аб спосабе ўтварэння, калі да асабовай назвы воднага аб’екта дабаўляўся род аб’екта – ВОЗЕРА, РАКА. Такая сістэма называння характэрна для паўночнай гідраніміі. На Беларусі падобныя канчаткі мае невялікая группа гідронімаў.
Тапанімія з асновай ЛЕП- вядомая ў гістарычнай тапаніміі. І.Я.Спрогіс у слоўніку старажытнай жамойцкай зямлі XVI стагоддзя прывёў некалькі назваў з асновай ЛЕП-, у тым ліку Леплочын, Лепежы, Лепета.
Намі сабраны мноства аналагічных прыкладаў прысутнасці асновы ЛЕП- у назвах водных аб’ектаў, сярод іх: р.Лепенка ў басейне Віліі, р.Лепясоўка ў басейне Мухаўца; рр.Лепша ў Архангельскай і Валагодскай абласцях, р.Лепцерка – прыток ракі Альхоўкі ў басейне Нявы, руч.Лепуй у басейне Пашы, р.Лепелейка ў Мардовіі, гістарычная р.Лепса ў Сямірэчанскай вобласці; у басейне Акі гідронімы - Лепельской, Лепкуляй, Лепетня, Леплей, Леплейка, Лепьевка. Нават у Сібіры ёсць такая таямнічая гідранімія – Тайлеп, Шушлеп, Урлеп. Але больш за ўсё прыкладаў з Карэліі і Паўночнага Захада Расіі: Леписта, Леппя, Леп-озеро, Леппя-лампи, Леппенярви, Лепсозеро, Лепсара, Лепсари, Лепручей, Леппяниеми, Леппясюрья і іншыя. Што аб’ядноўвае гэтую гідранімію, які агульны геаграфічны сэнс? Адзін з магчымых адказаў – назва дрэва АЛЬХІ, якая звычайна расце на нізкіх месцах, у поймах рэк і па берагах азёр. Прывядзём азначэнне дрэва альхі ў сучасных фіна-угорскіх мовах - LEPP (эстонская), ЛЕПЕ (мардоўская), НОЛПО (марыйская), LЕPPA (фінская, карэльская). У беларускай мове таксама захаваўся падобны мясцовы геаграфічны тэрмін - ЛЯПЕШНІК “алешнік”, “альховыя кусты з гразкімі багністымі месцамі і сенажатнымі лужкамі” (М.І.Каспяровіч, І.Я.Яшкін). Цікава, што адзін з прытокаў Уллы носіць назву Альшанка. Альшанак па Беларусі дзесяткі. Ёсць у басейне Уллы і возера з таямнічай назвай Нюля, амаль такая ж назва ў марыйскай рэчкі Ноля, якая перакладаецца з марыйскай мовы як “альховая”. Нашы далёкія продкі сяліліся па берагах рэк і азёр, навакольны прыродны ландшафт аказваў на іх жыццё вялікі ўплыў. Таму часта старажытныя людзі найбольш важныя характарыстыкі выкарыстоўвалі пры называнні водных аб’ектаў. Сумніўна, што гарлачыкі адыгрывалі вялікую ролю ў жыцці старажытных плямён, а вось дрэвы выкарыстоўваліся для розных патрэб: пры будаўніцтве жылля і гаспадарчых пабудоў, як паліва, як матэрыял для мэблі, прыладаў працы, у суднабудаванні, для пракладкі гацяў, будаўніцтва мастоў і г.д.
Савецкі даследчык фінаўгорскай тапаніміі А.І.Папоў раней іншых даследчыкаў выказаў думку аб паходжанні назвы Лепель ад фінамоўнага азначэння дрэва альхі. І калі мне патрапілася ў пачатку 80-х гадоў яго даследванне, было вельмі ўсцешна, што нашы думкі саўпалі. Яшчэ адзін доказ фінамоўнай версіі этымалогіі Лепеля быў знойдзены зусім нядаўна ў працы карэльскага краязнаўцы Е.А.Балашова “Метамарфозы Карэльскага перашыйка” (2005). Не сакрэт, што тут пасля вайны ў палітычных мэтах мясцовая фінамоўная тапанімія поўнасцю была заменена на рускамоўную. Адно з пасяленняў называлася Леппеля. Як тут не ўспомніць варыянт, калі назву Лепель пісалі з двума літарамі П – Леппель (Бракгауз і Эфрон, 1896). Дзякуй, што ў нас перайменаванне не зайшло так далёка, як у Карэліі, а то б замесц Лепеля мелі б якую Ліпаўку. Хаця горад Дрыссу з незразумелай для іх назвай чыноўнікі ўсё-такі перайменавалі на Верхнядзвінск.
Беларускі гісторык Леанід Міхайлавіч Лыч у сваёй кніжцы “Назвы зямлі беларускай” (1994) прывёў некалькі дыскусійных версій паходжання назвы гарадка Лепель, у тым ліку і нашу пазіцыю. А вось здзіўленне вызваў краязнаўца Ю.А.Татарынаў, у нарысе пра назву Лепеля (2006) ён прыпісаў адкрыццё фінамоўнага паходжання гідроніма Лепель гомельскаму філолагу А.Ф.Рогалеву.
Але вернемся да разгляду этымалогій гідронімаў Лепель і Улла. У розныя часы адзін і той жа тэрмін мог набываць іншае значэнне. Так і семантыка азначэння АЛЬХІ развівалася спачатку ад азначэння забалочанай нізкай мясцовасці, а пасля ўжо перайшло на дрэва, якое звычайна расло на гэтай нізіннай мясцовасці. Яшчэ Трусман заўважыў сувязь “альховых” назваў з беларускімі тэрмінамі АЛЬСА, АЛЁС, АЛЬСАВІНА ў значэнні “дрыгва, топкае месца”. Цікавы прыклад знойдзены і ў кнізе А.І.Папова “Следы времён минувших” (1981). Так у даследуемым ім рэгіёне Пскоўшчыны р.Алоль выцякае з возера Алешно і паблізу вытокаў знаходзяцца яшчэ два возеры Алолё.
Дададзім у рашэнне лінгвістычнай задачы рэканструкцыю асновы ЛЕП- у *SEP, то семантычнае значэнне гэтай асновы ўжо іншае – “выточнасць”, “праточнасць”. І гэта тлумачэнне вельмі падыходзіць для нашай воднай сістэмы Эсса-Лепель-Улла. Як яшчэ адзін доказ прывядзём прыклад з таго ж Карэльскага перашыйка – тапонім Сеппяля. Вышэй упамянутая сібірская гідранімія з асновай –ЛЕП паходзіць ад тэрміна ў значэнні “вада, рака”, або невялікая рэчка з возера”. Гэта семантыка найбольш падыходзіць і да нашай назвы. Лічым, што ў назве Лепель спачатку было закладзена сэнсавае напаўненне ВЫТОЧНАСЦІ, ПРАТОЧНАСЦІ. Пасля назва магла суадносіцца з азначэннем нізкіх, забалочаных месц, затым з назвай дрэва АЛЬХІ. Надуманае сугучча з балцкім азначэннем дрэвы ЛІПЫ не падцвярджаецца вакальнасцю гідроніма. Народная семантыка назвы па сугуччу з беларускімі словамі ЛЕПЕЙ, ЛЕПШЫ суадносіцца з дадатнымі характарыстыкамі воднага аб’екта і служыць на карысць функцыянавання назвы. Так што наша тапанімічная задача, аказалася, атрымала мноства рашэнняў і кожнае з іх мае права быць ісцінай, праўда адно больш, а другое менш.
Об истории метеонаблюдений в Столбцах | Карнель Пелікша
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!