Наверх

Возера Ван

Опубликовано: 1582 дня назад (22 октября 2014)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 4 раза — последний 23 октября 2014
Просмотров: 1179
+6
Голосов: 6
Возера Ван
(да стагоддзя пачатку Першай Сусветнай вайны)

Яшчэ ў раннім дзяцінстве я чула ад таты расказы пра далёкія краіны Закаўказзя, дзе давялося яму служыць падчас Першай Сусветнай вайны. Маладому беларускаму хлопцу, прапаршчыку Іллю Аўчыннікаву, будучаму выкладчыку геаграфіі, пашчаслівілася вучыцца ў сонечным Ціфлісе (Тбілісі), на свае вочы пабачыць біблейскую двухгаловую гару Арарат, пабываць на азёрах Ван у Турцыі і Урмія ў Персіі (зараз Іран).

Возера Ван на фоне гары Арарат
Вада ў возеры Ван была вельмі салёнай, саланей марской у шэсць разоў. Тата расказваў, што можна было ляжаць на паверхні вады і не тануць. Жыхары ўзбярэжжа выкарыстоўвалі азёрную ваду для прання і адбелівання бялізны, бо па хімічнаму складу яна была насычаным содавым настоем. Толькі там, дзе ў возера ўпадалі невялікія рэкі, вада была крыху менш салёнай. Ля возера да пачатку вайны стаяў вельмі прыгожы горад пад той жа назвай Ван з насельніцтвам каля двухсот тысяч чалавек. Горад патанаў у духмяных садах. Палова Вана была турэцкай, палова армянскай. У выніку міжусобіцы спачатку армяне спалілі турэцкую частку, а пасля туркі выразалі ўсё армянскае насельніцтва горада. Яшчэ больш жорсткімі за туркаў былі мясцовыя плямёны курдаў. У выніку ад горада засталіся руіны, рэшткі якіх да гэтай пары можна бачыць у наваколлі сучаснага Вана.
Геаграфічныя звесткі пра возера Ван наступныя. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы Турцыі, паблізу мяжы з Іранам. Плошча воднага люстэрка складае 3755 квадратных кілометраў. Даўжыня возера - 119 км, сярэдняя глыбіня - 171 метр, а максімальная – аж 451 метр. Па сваёй форме возера нагадвае трохкутнік. На возеры маецца некалькі астравоў – Атрэк, Ахтамар, Гадзір (Лім), Чарпанак і інш. Возера бяссцёкавае, мае сілкаванне ад чатырох невялікіх рэк, а таксама за кошт таяння снягоў і скупых у гэтай мясцовасці дажджоў. Над возерам узвышаюцца патухлыя вулканы Немруд і Сюпхан. На схілах Немруда можна бачыць дзіўныя велічэзныя рэшткі гіганцкіх скульптур невядомай цывілізацыі. Само возера Ван ляжыць на вышыні 1640 метраў над узроўнем мора. Раён возера сейсмічны, адзін з моцных землятрусаў адбыўся ў кастрычніку 2011 года.
Гістарычна гэтая мясцовасць належыла да старажытнай армянскай дзяржавы Урарту, якая існавала з восьмага па шостае стагоддзе да нашай эры. Сталіцай Урарту быў горад Тушпа. На востраве Ахтамар у дзесятым-адзінаццатым стагоддзях знаходзілася рэзідэнцыя армянскіх цароў Арцрунідаў. На гэтым жа востраве захаваўся помнік раннявечнай армянскай архітэктуры – царква Святога Хрыста, якая ўпрыгожана выразанымі з каменя барэльефамі і ўзорамі.
Да славутасцяў Вана адносяць мясцовую пароду белых кацянят з рознакаляровымі вачыма. Для турыстаў прыдумана прыгожая легенда пра мясцовага азёрнага цмока, хаця, можа які “Ваназаўр” сапраўды жыве тут з дагістарычных часоў.
Цікавая тапанімія гэтага раёна. Назва возера па адной версіі лічыцца этнонімам і паходзіць быццам бы ад назвы старажытнага народа ван, па іншай версіі – ад армянскага слова ван “жыллё”, “месца”. У ассірыйскіх надпісах возера запісана як Ванні, ва ўрарцкіх- Біа-на ў значэнні “храм + камень”. Грэчаскі географ Страбон пакінуў таксама апісанне гэтага возера, якое ён называў Арсене і Тоспітас. Па армянску ў старажытнасці возера называлася яшчэ Арджыш і Наіры. У назве нашага беларускага возера Нарач амаль падобная аснова, толькі вакальнасць крыху іншая. Турэцкія найменні возера – Ахлат (Хілат) і Ціррых, апошняя назва ўтворана ад наймення мясцовай рыбы “тарэхі”, азёрнай фарэлі. Гэтай унікальнай рыбцы ў горадзе Ван пастаўлены нават помнік.
Як і ўсе прыродныя аб’екты апошнім часам возера Ван мае сур’ёзныя экалагічныя праблемы, праўда, не такія грозныя як у возера Урмія ў Іране, якое проста можа хутка высахнуць і знікнуць. Праблемы ёсць палітычныя і тапанімічныя. Сучаснае мясцовае курдскае насельніцтва дабіваецца, каб назву возера пісалі на курдскі манер - “гола Уане”. Туркі ў сваю чаргу хацелі б сцёрці з гісторыі былую армянскую прысутнасць у краі і памяняць назву Ван на старажытную турэцкую назву - Датванскае мора. Горад Датван стаіць якраз на беразе возера.
У Турцыі, як і ў СССР пры бальшавіках, існуе тэндэнцыя да перайначвання былых назваў у палітычных мэтах. У турэцкіх падручніках геаграфіі забаронена ужываць армянскую назву гары Арарат, па турэцку гэта Агры-Даг “крывая гара”. Праўда, самі армяне таксама называюць біблейскае прыстанішча Ноя не Араратам, а Масісам. Тлумачэнні тапоніма Масіс таксама розныя. Армянскія даследчыкі лічаць, што ён утвораны ад імя цара Амасіса, іншая версія – ад іранскага тэрміна ў значэнні “вялікі”, “светлы”. Назва Арарат прадстаўляе сабой ассірыйскае найменне гістарычнай дзяржавы Урарту. Персы называлі Арарат Кухі-Нух “гара Ноя”, а курдскае насельніцтва - “вогненная гара”.
Цікавая рэч з палітычнымі перайменаваннямі адбывалася і з назвай возера Урмія ў Іране, якое з 1926 па 1980 год насіла назву Рэзайе, дадзенае ў гонар мясцовага шаха Рэза-шах-Пехлеві. З падзеннем дынастыі Пехлеві возера ізноў стала Урмія.
Татавы ўспаміны паслужылі іскрынкай для напісання верша пра тую далёкую ад нас вайну:
“Далёка за даллю
Ёсць возера Ван.
З яго ў Расію
Ідзе караван.
Ваенны абоз
На самлелай дарозе,
А нехта аб доме
Спявае на возе.
Спякота і горы,
Руінаў пустыня.
А дома чакаюць
Хоць слоўка пра сына.
Што з хлопцам тым будзе?
Ніхто не спазнае…
Да Полацка песня
Не далятае.”

Але прапаршчыку Аўчыннікаву пашчасціла вярнуцца на пачатку 1918 года з турэцкай вайны на бацькаўшчыну.
Гусі адлятаюць | Николай Николаевич Юденич
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!