Наверх

Магнус Гэдэман - метэаролаг з Васілевіч

Опубликовано: 1402 дня назад (2 апреля 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 3 раза — последний 16 апреля 2013
Просмотров: 566
+5
Голосов: 5
Магнус Гедэман

Вядомы польска-беларускі гісторык Аттон (па-руску Оттон) Хедэман, аўтар кніг аб водных і лясных багаццях Браслаўшчыны, Дзісеншчыны і Белавежскай пушчы, нарадзіўся ў 1887 годзе ў Васілевічах у сям’і датчаніна Магнуса Яна Оттавіча Хедэмана і мясцовай шляхцянкі Ядзвігі Каэтанаўны Андрыеўскай. На рускі манер прозвішча бацькі ў дакументах пісалася як Гедэман. Таму далей будзем ўжываць менавіта такую форму напісання.
Магнус Гедэман атрымаў на радзіме спецыяльнасць агранома, у 1877 годзе па “Высочайшему повелению Государыни Императрицы Марии Фёдоровны” быў прыняты на расійскую службу і ўключаны ў склад “Заходняй экспедыцыі па асушэнню балот” пад кіраўніцтвам генерал-лейтэнанта Іосіфа Іппалітавіча Жылінскага. У “Нарысах прац Заходняй экспедыцыі” (1899) пасада Гедэмана пазначана як інжынер-тэхнолаг. Заходняя экспедыцыя займалася асушэннем і культывацыяй балот у Палессі, Падмаскоў’і, Паволжжы, Разанскім краі і на Пскоўшчыне. Вопыт працы Магнуса Гедэмана і вядомага меліяратара Рычарда Спарро па культывацыі Шувалаўскага балота ў Ніжнім Ноўгарадзе дэманстраваўся на Усерасійскай выставе 1896 года. Аналагічныя працы праводзіў Гедэман на балоце Стаў ля Васілевіч. Як аграном ён актыўна прымяняў для паляпшэння механічных якасцяў тарфянай глебы галандскі метад апясчаньвання.
Заходняя экспедыцыя ўпершыню ў гісторыі беларускай навукі пачала вывучаць клімат Палесся і з гэтай нагоды ёю былі адкрыты метэастанцыі ў Васілевічах, Пінску, Бабічах і Дарашэвічах, дажджамерныя пасты ў Маканавічах і Малых Аўцюцавічах. Гедэман быў прызначаны загадчыкам гэтых метэастанцый. А куратарам метэаралагічных назіранняў экспедыцыі з’яўляўся вядомы расійскі вучоны прафесар Аляксандр Іванавіч Ваейкаў, які некалькі разоў наведываў Беларускае Палессе і напісаў аб гэтым шэраг артыкулаў. Сам Гедэман пражываў з сям’ёй у Васілевічах, меў тут невялікі зямельны надзел. У цэнтры сяла ў садзе мясцовага святара ён абсталяваў з дапамогай Галоўнай Фізічнай абсерваторыі (ГФО) ў Пецярбургу вельмі перадавую на той час метэаралагічную станцыю. Пазней станцыя была перанесена на больш зручнае месца на ваколіцу сяла. Тройчы на дзень з 1878 па 1904 год Магнус Оттавіч сам праводзіў у Васілевічах метэаназіранні. Калі ён бываў у ад’ездзе кваліфікаваныя назіранні праводзіла яго жонка і сын. На метэастанцыі выкарыстоўваліся самыя навейшыя на той час метэаралагічныя прыборы. Назіраліся не толькі тэмпература і ціск атмасфернага паветра, але і тэмпература глебы на розных глыбінях. Асаблівая ўвага на першым этапе прыдавался вывучэнню выпарэння вільгаці з глебы з дапамогай лізіметраў і эвапараметраў. А сам Гедэман вельмі цікавіўся назіраннямі за сонечным ззяннем, прасіў выслаць яму новы сучасны геліёметр канструкцыі Вялічкі.
У 1888 і 1891 гадах працу метэастанцыі ў Васілевічах правяраў вельмі строгі інспектар з Пецярбурга Аляксандр Міхайлавіч Шэнрок. Заключэнне яго інспекцыі: “наблюдатель интересуется делом, также и при контроле его наблюдений в Обсерватории всегда обнаруживалась их добросовестность». А вось як апісваў дзейнасць Васілевіцкай фермы (вопытнага участка) з метэастанцыяй прафесар А.І.Ваейкаў у сваёй працы “Клімат Палесся” (1897): «Фермою заведует М.О.Гедеман и можно конечно иметь доверие к результатам, полученным таким добросовестным и опытным наблюдателем».
Дырэктар Галоўнай Фізічнай абсерваторыі Генрых Вільд таксама высока ацэньваў працу Гедэмана, па яго хадайніцтву Магнус Оттавіч у 1883 годзе атрымаў ад Імператарскай Акадэміі Навук ганаровае званне “Карэспандэнта Галоўнай Фізічнай абсерваторыі”. Узнагарода тытулам “Карэспандэнта ГФО” была больш маральнай, чым матэрыяльнай, грашыма яна ніяк не падмацоўвалася.
Акрамя метэаназіранняў па заданню абсерваторыі Гедэман праводзіў у 1887 годзе астранамічныя назіранні за сонечным зацьменнем. У 1909 годзе ён прымаў удзел у працы Другога Метэаралагічнага з’езда Расіі. Назіранні Гедэмана актыўна выкарыстоўваліся для вывучэння клімата Палесся многімі навукоўцамі і не згубілі сваёй актуальнасці да нашых часоў. Бо чым большы перыяд назіранняў, тым больш даставернасць характарыстыкі мясцовага клімата.
Пасля сканчэння працы Заходняй экспедыцыі на Палессі Магнус Гедэман у 1903 годзе быў залічаны тэхнікам-гідратэхнікам першага разраду Упраўлення Земляробства і Дзяржмаёмасці Мінскай губерніі. Звесткі аб ім за гэты перыяд можна знайсці ў “Памятных кніжках” Мінскай губерніі і архіўных матэрыялах Нацыянальнага Гістарычнага Архіва Беларусі. З 1900 года Гедэману ў Васілевічах стаў дапамагаць у правядзенні метэаназіранняў мясцовы малады хлапец Баляслаў Чайкоўскі,а з 1904 года ён ужо праводзіў іх самастойна на працягу больш сарака год да пачатку ВАВ. У Пінску вельмі кваліфікавана метэаралагічныя назіранні праводзіў Г.Г.Байкоў, а ў Бабічах – Вікенцій Іванавіч Шчэнкін. Гедэман заставаўся афіцыйным загадчыкам гэтых трох метэастанцый аж да звальнення з дзяржаўнай службы ў 1912 годзе.
Справа ў тым, што ў 1905 годзе Гедэман цяжка захварэў “цукровым дыябетам”, для лячэння патрабавалася паездка на воды ў Карлсбад. А ў 1907 годзе ў сям’і Гедэмана адбылася нейкая трагедыя, якую ён “перажываў душой і целам”. Гэта зусім падкасіла здароў’е Магнуса Оттавіча. З-за вялікай занятасці працамі па меліярацыі і метэаралогіі, рамонту будынкаў ён адкладваў паездку на лячэнне, пакуль у 1911 годзе стан здароў’я значна не пагоршыўся. Таму Гедэман папрасіў двухмесячны адпачынак і дазвол паехаць на замежнае лячэнне. Штомесячныя ведамасці па метэаназіраннях для ГФО у гэты час складаў яго сын студэнт. Гедэман, нягледзячы на хваробу, быў вельмі строгім выканаўцам назначаемых яму планаў работ і такім жа аккуратным у метэаралагічных назіраннях і апрацоўцы матэрыялаў. Такія ж рысы ён прывіў і свайму старэйшаму сыну.
Непасрэдным начальнікам Гедэмана быў Інжынер-гідратэхнік гідратэхнічнага аддзела Мінскага Упраўлення Дзяржмаёмасці Яўген Уладзіміравіч Аппокаў, вядомы ўжо на той час вучоны ў галіне гідралогіі і метэаралогіі. Аппокаў вельмі цаніў Гедэмана, але як начальнік разумеў, што трэба шукаць яму замену. У лістападзе 1912 года Гедэману было прапанавана пасля медыцынскага асведчання пайсці са службы на пенсію. Гедэман згадзіўся з гэтай прапановай, але папрасіў пакінуць яго на працы па вольнаму найму з выкананнем толькі абавязкаў загадчыка метэастанцыямі.
Улічваючы нястомную працу М.О.Гедэмана ў галіне меліярацыі і метэаралогіі на працягу 35 год, Інжынер-гідратэхнік Мінскага Упраўлення земляробства і Дзяржмаёмасці Я.У.Аппокаў хадатайнічаў аб назначэнні яму павышанай пенсіі, прыклаўшы да хадатайніцтва пісьмо вядомага рассійскага метэаролага прафесара П.І.Броунава. Пётр Іванавіч Броунаў займаў у гэты час пасаду загадчыка Метэаралагічнага Бюро і быў членам Вучонага Камітэта Галоўнага Упраўлення Землеўпарадкавання і Земляробства. Якраз у 1912 годзе ён асабіста пабываў з візітам на Васілевіцкай метэастанцыі, а таксама ў Бабічах і Пінску, і застаўся задаволеным працай загадчыка і яго назіральнікаў. Пісьмо гэта каштуе таго, каб яго прывесці поўнасцю, бо ў ім утрымліваецца не проста канстатацыя адказнай працы простых службоўцаў дарэвалюцыйнага перыяду – тэхнікаў, назіральнікаў, але і прыклад, як цанілі працу ветэранаў. Гэта як кажуць “для назидания” сучасным начальнікам, якія выганяюць ветэранаў пасля сканчэння кантракта і дзякуй не кажуць.

«Глубокоуважаемый Евгений Владимирович (Аппокаў – Р.А.),
как Вам известно, в июне текущего года я посетил метеорологические станции в Василевичах, Бабичах и Пинске. Они на меня произвели самое лучшее впечатление. Дело под общим руководством М.О.Гедемана ведётся образцово, материал получается в целях изучения климата чрезвычайно ценный. Весьма желательно, чтобы существование этих станций было продолжено и в будущем.
Обращаюсь к Вам с покорнейшей просьбой, не найдёте ли Вы возможность выдачи небольших наград наблюдателям станций: Байкову, Чайковскому и Щенкину; первому рублей 30, остальным по 20.
Кроме того, было бы желательно, по моему мнению, представить к особой награде Байкова, ведущего наблюдения около 30 лет и ещё ранее служившего при экспедиции по орошению Полесья. Нельзя ли ему дать звание Почётного Гражданина и медаль. Это его очень бы поощрило. Не худо бы и увеличить его жалованье хотя бы рублей на 60 в год.
Мне кажется, что следовало бы также, так или иначе, наградить М.О.Гедемана, давно руководствующего делом всех трёх метеостанций, благодаря его неусыпной работе, материал их очень надёжен, чего нельзя, увы, сказать про большинство наших станций. Как поощрить этого труженика, я не знаю, Вам это виднее. Я же только могу ходатайствовать вообще о награждении.

С совершенным почтением искренне преданный Вам
П.Броунов»

Застаецца толькі дадаць, што Гедэмана залічылі па яго просьбе тэхнікам па вольнаму найму з пажалаваннем 720 рублёў на год і на раз’езды па метэастанцыях дадаткова выдзелілі 120 рублёў. Пенсію далі падвышаную - “усиленную из казны» у сумме 480 рублёў на год. А 14 красавіка 1913 года “Монаршей милостью в воздание отлично-усердной службы” М.О.Гедэману быў пажалаваны ордэн Святой Ганны 3-й ступені.
Пасля выхаду на пенсію Гедэман большай часткай пражываў у Гомелі, дзе ён з’яўляўся вернікам Гомельскага касцёла. Адна з апошніх вестак ад Гедэмана паступіла ва Упраўленне Земляробства ў кастрычніку 1915 года, ён прасіў у выпадку неабходнасці дапамагчы эвакуіраваць сям’ю з жонкай, сынам і нявесткай у Палтаўскую губернію. Памёр Магнус Оттавіч 22 сакавіка 1918 года ва ўзросце 67 год і быў пахаваны на наступны дзень на гомельскіх могілках.
Дзеці Гедэмана – упамянуты Аттон-Эдуард і Антон-Уладзіслаў. Сын Аттон-Эдуард менавіта ад бацькі засвоіў любоў да прыроды беларускага краю, якой прысвяціў столькі цудоўных кніг. Шкада, што ён рана памёр ад туберкулёзу ў 1937 годзе ў росквіце творчых сіл. Лёс жонкі Гедэмана і другога сына пры савецкім часе пакуль мне невядомы.
Вышэй адзначаны назіральнік Г.Г.Байкоў працягваў сваю нястомную працу на метэастанцыях Пінск і Бабічы па 1918 год. А дзеці назіральніка В.І.Шчэнкіна – Адам і Марыя таксама сталі метэаролагамі. Адам Вікенцьевіч Шчэнкін перад ВАВ узначальваў адну з самых перадавых беларускіх метэастанцый у Новым Каралёве, створаную яшчэ ў сярэдзіне 19-га стагоддзя А.С.Бялыніцкім-Бірулёй. Нажаль, гэта метэастанцыя ў гады ВАВ была разбурана і пасля вайны не адноўлена.
Традыцыі Гедэмана працягвае ў наш час аграметэастанцыя Васілевічы, якая з’яўляецца адным з лепшых спецыялізаваных падраздзяленняў беларускай гідраметслужбы.
Географ о вальсе | Об известном метеорологе профессоре Н.П.Мышкине
Комментарии (8)
0 # 2 апреля 2013 в 21:08 +2
Я бачу, што скора архіў перакачуе на Геоверсум. Гідраметэаролагі! Хапайце інфармацыю, пакуль яна не падаражала, глынайце яе і палохайце сваімі ведамі настаўнікаў.
Администратор # 2 апреля 2013 в 21:15 +2
Однако следует помнить, что используя информацию данной статьи ссылка на статью и ее автора обязательна.
pavel kauryha # 3 апреля 2013 в 08:11 +2
Лічу, што Раіса Ільінічна валодае вельмі каштоўнай гістарычнай інфармацыяй аб фармаванні і станаўленні нашай нацыянальнай гідраметслужбы. Паяўленне гэтай інфармацыі на Геаверсуме і, як бы гэтая інфармацыя не выкарыстоўвалася іншымі навукоўцамі, яна застаецца і застанецца фрагментарнай і разрозненнай у тым выпадку, калі не надрукаваць абагульняючай цэлай кнігай. Зроблена вялікая праца і ўсё на энтузіазме, па добрай асабістай волі.

Застаецца толькі падзякаваць аўтарку за яе адданасць сваёй справе, за патрыятызм.
Раиса Овчинникова # 3 апреля 2013 в 15:14 +3
Паважаныя калегі, дзякуй за каментарыі. Тое, што я выкладаю на форуме - толькі невялікія залатнічкі з агульнай гісторыі станаўлення метэаралогіі на Беларусі. І абагульняючая праца амаль гатова, справа толькі за пошукам сродкаў на яе выданне. Матэрыял збіраўся на працягу ўсяго жыцця, бо я - метэаролаг у другім пакаленні. Мой тата пачаў назіраць на метэастанцыі Полацк пры Полацкай настаўніцкай семінарыі яшчэ як навучэнец другога класа з 1912 года. Ну а я вырасла на яго школьнай метэастанцыі. Так што наша сям'я ў метэаралогіі 102 гады. Ёсць афіцыйная гідраметслужба, дзе служаць. А ёсць навука гідраметэаралогія, якую любяць. Я належу да апошняй катэгорыі.
0 # 29 апреля 2013 в 20:54 +3
Национальный исторический архив Беларуси. Ф. 295 (Канцелярия минского губернатора). Оп. 1. Д. 3166 (Дело о выдаче паспортов иностранным подданным на право жительства в России, 1870-е гг.). Л. 410–415. Документы за 1875 г. о проживающем в городе Пинске датском подданном Магнусе-Иогане фон Гедемане, уроженце г. Геринга (Ютландия). Есть оригинальные паспорта на датском и русском языках с описанием внешности Гедемана.
Раиса Овчинникова # 30 апреля 2013 в 22:01 +3
Дзякуй пану Ежы за цікавую інфармацыю, абавязкова скарыстаю гэтыя крыніцы. У НГАБ маецца асабістая справа тэхніка М.Гедэмана. Фонд 27, вопіс 4, справа 54.
0 # 30 апреля 2013 в 22:59 +2
Так пан Ежы (паплечнік пана Ўрублеўскага з НГАБ) Вам тады пра гэтую асабістую справу і падказаў smile Заўсёды рад дапамагчы шчыра зацікаўленым даследчыкам. Дзякуй Вам за добрую працу!
Раиса Овчинникова # 2 мая 2013 в 20:41 +1
Дзякуй Юрась яшчэ раз, я здагадалася адразу, што гэта былі Вы. Падкажыце, калі НГАБ працуе пасля святаў.