Наверх

Кліматычныя ўмовы вайны 1812 года

Опубликовано: 1562 дня назад (6 ноября 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 6 раз — последний 7 ноября 2013
Просмотров: 1180
+4
Голосов: 4
Кліматычныя асаблівасці 1810-1813 гадоў і вайны 1812 года

Каб зразумець прычыны гібелі “Вялікай арміі” восенню-зімой 1812 года на тэрыторыі Беларусі, трэба ўлічыць экстрэмальныя кліматычныя асаблівасці гэтага года і ступень падрыхтаванасці французскага войска перанесці гэтыя складаныя ўмовы.
Перш за ўсё трэба адзначыць, што клімат Францыі значна адрозніваецца ад умеранага кантынентальнага клімата Беларусі і тым больш ад клімата Цэнтральнай Расіі. Хаця Францыя таксама знаходзіцца ў паласе ўмеранага пояса, але блізкасць Атлантычнага акіяна прыдае яму тыповыя рысы марскога клімата. Таму кліматычныя ўмовы на большай частцы краіны мяккія, клімат цёплы і вільготны. Прыгожае вызначэнне гэтага клімата даў французскі філосаф і метэаролаг 19-га стагоддзя Камілл Фламмарыён. Ён заўважыў, што ў Францыі клімат умераны, але “пасміхаючыяся нябёсы” [І]. Калі сярэднягадавая тэмпература Парыжа за 1806-1820 гады складала +10.6°С, то ў Віцебску такі ж паказчык па дадзеных назіранняў пачатку 19-га стагоддзя налічваў усяго +3.79° Рэамюра, або +4.74°С [ІІ]. Гадавыя тэмпературы паветра ў Маскве былі яшчэ меншыя, чым у Віцебску, амаль на цэлы градус.




Графік хода гадавых тэмператур паветра для Мінска за дзесятыя гады 19-га стагоддзя характэрызаваўся адносна спакойнай гармонікай, разбежка значэнняў была невялікая: 1810 год +5.85°С, 1811 +6.71°С, 1812 +5.05°С, 1813 +6.18°С. Тэмпературны трэнд меў ніспадаючы характар і знаходзіўся крыху вышэй нормы, якая складае для Мінска +5.5°С. У наступны перыяд узбуджанай гармонікі мы бачым рэзкі пад’ём гадавой тэмпературы і яго самы высокі пік за 19-е стагоддзе ў 1822 годзе, затым падзенне ў 1829 годзе.
Хаця на тэрыторыі тагачасных літоўска-беларускіх губерній у гэты час інструментальныя метэаралагічныя вымярэнні праводзіліся ў некалькіх пунктах, але матэрыялаў назіранняў захавалася мала. Гэта назіранні Віленскай абсерваторыі, кнігі надвор’я Магілёўскай гімназіі за 1808-1811 гады, асобныя дадзеныя назіранняў па Віцебску, гадавыя ведамасці павятовых штаб-лекараў. Таму для пабудовы прыведзенага графіка для Мінска быў прыменены метад экстрапаляцыі дадзеных суседніх беларускіх метэастанцый, а таксама матэрыялы станцый Варшавы, Прагі, Берліна, Вены, Парыжа, Шалона, Масквы, Пецярбурга, Дзерпта і іншых. Характэрнай рысай клімата разглядаемага перыяда было ўзрастанне кантынентальнасці, якое праяўлялася моцнай гарачынёй летам і жорсткімі маразамі ў зімовы перыяд. Зіма 1810 года ў Мінску апісана сучаснікамі як “вострая”.
У Пецярбургу маразы ў лютым даходзілі да -30° Рэамюра. Трэба паясніць, што ў пачатку 19-га стагоддзя для метэаралагічных вымярэнняў прымяняліся тэрмометры Рэамюра, якія мелі 80-градусную шкалу, таму для атрымання паказанняў па шкале Цэльсія трэба ўказанныя лічбы перамножыць на каэффіцыент 1.25, атрымаецца -37.5°С. Так жа холадна было і ў Маскве, дзе ў тэрмометрах замярзала ртуць, што бывае пры тэмпературы паветра ніжэй за -39 градусаў Цэльсія [ІІІ]. А ў гэты час у Парыжы мінімальная тэмпература паветра 31 студзеня 1810 года апускалася толькі да -12.3°С [І]. Але зіма 1809-1810 года лічылася для Парыжа вельмі халоднай [ІІІ]. Вясна 1810 года на Беларусі пачалася ў кліматычныя тэрміны, у пачатку красавіка ачысціліся ад лёду Днепр у Магілёве [4] і Заходняя Дзвіна ў Віцебску [5]. Красавіцкае цяпло было непастаянным і 12 красавіка ў Віцебску адзначалі мароз -23° па Рэамюру, што адпавядала -28.75°С [ІІ]. У маі адбыўся яшчэ адзін зварот халадоў, 19-20 мая ў Віцебску выпаў снег, які на “вяршок” (4,45 см) пакрыў палі [ІІ]. Лета было блізкае да нормы, у Віцебску крыху халаднейшым з летніх месяцаў выдаўся жнівень. Восенню і ў снежні амаль палова дзён былі з ападкамі.
Пачатак 1811 года быў халодным, у Вільні сярэднямесячная тэмпература студзеня складала -8.1°С, а ў Маскве -15.2°С. Марозным быў і люты. Вясна 1811 года аказалася багатай на стыхійныя з’явы. 19 красавіка над Віцебскам прагрымела моцная навальніца, але красавік у цэлым быў халодны. У маі ў Віцебску зарэгістравана было толькі 4 дні з ападкамі, для параўнання ў маі папярэдняга 1810 года іх было 14. Сярэдняя тэмпература месяца перавышала на два градусы многагадовую норму [ІІ]. Сярэдняя тэмпература мая для Вільні аказалася яшчэ вышэй +16.7°С. У канцы мая на грамаднай прасторы Белавежскай і Ружанскай пушчаў успыхнулі лясныя пажары, якія працягваліся чатыры месяцы аж да 1 кастрычніка, калі пайшлі моцныя дажджы [6]. Летнія тэмпературы былі высокія. Так у Віцебску 17 чэрвеня зарэгістравалі +26 градусаў па Рэамюру, або +32.5°С. Сярэднямесячныя тэмпературы ў чэрвені і ліпені для Вільні перавышалі 20 градусаў, у жніўні былі толькі на дзесятыя градуса ніжэй. У паветры стаяла імгла ад дымоў, сонца не было відаць усё лета. За страшэннай засухай паследавалі неўраджаі, успышкі розных хвароб, масавы падзёж хатняй жывёлы. Ад гарачыні перасохлі вадапоі і студні, невялікія рэкі і балоты, праз Вілію і Неман жыхары пераходзілі ўброд. Адкрыліся мялізны, камяні і перакаты, плаванне суднаў па гэтых рэках спынілася. Нават у Кіеве ў час вялікіх пажараў Днепр можна было перайсці ўброд [ІІІ]. У канцы лета 27 жніўня на небасхіле назіралася яркая камета, як грозны прадвеснік будучых няшчасцяў.
Лета 1811 года было незвычайным не толькі на нашай тэрыторыі, але і па ўсёй Еўропе. Так 27 чэрвеня ў Пецярбургу адзначалася тэмпература паветра +31.1°С; 6 ліпеня ў Вене +35.7°С, у Капенгагене +33.8°С; 19 ліпеня ў Гамбургу +34.8°, у гэты дзень у Парыжы +31.0°С; 30 ліпеня ў Аугусбургу +37.5°С (па новаму стылю). А ў Ніжняй Саксоніі 20 ліпеня адзначылі экстрэмальную тэмпература паветра +35° Рэамюра (+43.8°С), самую высокую за 100 год [ІІІ]. У Бургундзіі збор вінаграда быў пачаты рана – 14 верасня. Хаця тут 14 красавіка прымаразак загубіў 2/3 пасадак вінаграда, але, дзякуючы цёпламу лету, якасць вырашчанага вінаграда была высокай і віно з яго карысталася шырокай вядомасцю ў Еўропе пад назвай “Каметнага” [І].
Лістапад 1811 года на беларускіх землях быў даволі цёплым, яго сярэднямесячная тэмпература ў Віцебску складала +0.06° Рэамюра пры звычайнай норме -3.63°Р. Пачатак зімы быў багаты на ападкі, у снежні адзначана 17 дзён са снегападамі. Паўсюдна пасля засухі на тэрыторыі Беларусі і Літвы пачаўся такі голад, што 19 студзеня 1812 года Міхал Клеофас Агінскі звярнуўся з асабістым пісьмом да цара аб аказанні дапамогі сялянству [7].
Студзень 1812 года выдаўся надзвычай марозны, мінімальная тэмпература паветра ў Віцебску дасягала -30° па тэрмометру Рэамюра, або -37.5°С. Такія маразы ў 19-м стагоддзі паўтарыліся ў Віцебску толькі ў студзені наступнага года і ў 1835 годзе, калі замярзала ртуць у тэрмометрах і птушкі падалі ў паветры замяртва. Сярэдняя тэмпература паветра студзеня ў Віцебску саставіла -13.17° Рэамюра, пры норме -6.87°Р (стары стыль). Крыху ніжэй нормы была і сярэдняя тэмпература лютага. Снега ў студзені і лютым выпадала дастаткова, метэаназіральнікі налічылі па 10 і 11 дзён са снегам адпаведна [ІІ].
Сярэдняя тэмпература паветра ў Вільне за студзень саставіла -9.2°С, амаль такая ж тэмпература была і ў Маскве. А вось люты і сакавік у Маскве аказаліся вельмі марознымі, намнога халадней, чым на тэрыторыі літоўска-беларускіх губерній.
Вясна ў Францыі была крыху халадней звычайнай. Сакавік па назіраннях Парыжскай абсерваторыі, прыведзеных Фламмарыёнам, меў сярэднюю тэмпературу +5.7°, пры норме +6.3° [І].
На тэрыторыі беларускіх губерній па назіраннях дактароў і штаб-лекараў Віцебскай і Мінскай Урачэбных Упраў характар вясны 1812 года быў наступны:
Рэкі адкрыліся ў пачатку красавіка, асаблівых паводкаў не было. “Празябенні” (праталіны) пачалі адкрывацца з канца красавіка. Летняе цяпло прыйшло з 10 мая [8]. З наступленнем цёплага перыяду па дарогах Прусіі і Польшы да межаў Расійскай Імперыі пачало рухацца французскае войска.
Перад уступленнем “Вялікай арміі” на тэрыторыю Беларусі стаяла звычайнае для чэрвеня надвор’е, якое яшчэ не паспела набраць летнюю гарачыню. 12(24) чэрвеня французскія войскі перайшлі Неман і ўступілі на тэрыторыю Расійскай Імперыі. Сам Імператар Банапарт Напаліён у гэты ж дзень вярхом уехаў каля 16 гадзін у Коўна, у гэты час над горадам праходзіў і нябесны фронт, таму тут ліў моцны праліўны дождж [9]. 16(28) чэрвеня напалеонаўскія войскі ўвайшлі ў сталіцу літоўска-беларускіх зямель – Вільню. Надвор’е было для французаў непрывычна халодным. Асабліва іх данімалі халодныя дажджы па начах, з-за чаго пасля хуткасных пераходаў і перанапружвання па ўспамінах шталмейсцера світы французскага Імператара Армана Каленкура загінула многа салдат з маладой гвардыі і 10.000 коней [10]. Ваенны гісторык Карл Клаузевіц лічыў, што “надзвычай дрэннае надвор’е на працягу першых пяці дзён” і сталі галоўнай прычынай страт французскай арміі Напаліёна падчас дванаццацітыднёвага наступлення [11]. Ваенны медык 1-га армейскага корпуса Мерсье Франсуа (І.Руа) ў сваіх успамінах таксама ўпамінаў аб “абільных халодных ападках, якія наступілі ўслед за ўдушлівай гарачынёй” [12]. Сам Імператар так паведамляў аб гэтых перападах надвор’я сваёй жонцы: “У нас тут быў вялікі жар, цяпер жа вельмі моцныя дажджы” [13].
Яшчэ адзін афіцэр Куанье засведчыў, што 26 чэрвеня было вельмі цудоўнае надвор’е, але 29-га каля 3 гадзін на іх абрынуўся з ровам страшэнны ураган з градам і снегам. Вецер быў такой сілы, што коні не маглі ўтрымацца на месцы, раніцай зямля была пакрыта іх трупамі, загінулі падчас буры нават некалькі маладых салдат [14].
У такіх жа неспрыяльных умовах знаходзілася і расійская армія. Аб гэтым сведчыць дзённік капітана лейб-гвардзейскага Сямёнаўскага палка Паўла Пушчына. “18 (30) чэрвеня ў час пераходу палка ад Свянцян да Даўгелішак ійшоў “пранізлівы дождж”. Назаўтра дождж ійшоў цэлы дзень з перапынкамі. 22-23 чэрвеня - салдаты знемагалі ад гарачыні. 24-га на шляху іх застала бура, а 25-га надвор’е было цудоўным [15].
Сярэдняя тэмпература чэрвеня ў Вільні аказалася блізкай да кліматычнай нормы і склала +17°С. Наступны месяц быў цяплей на два градусы, а жнівень меў сярэднюю тэмпературу +20.3°С. У Маскве тэмпературы ліпеня і жніўня былі роўныя адпаведна +20.6°С і +21.1°С. Некалькі разоў на горад наляталі бурныя віхуры з поўдня, якія ламалі дрэвы, платы, зрывалі дахі з дамоў [16].
На Беларусі ў цэлым лета выдалася даволі гарачым, з частымі навальніцамі і ўлевамі, асабліва ў ліпені. 1 ліпеня, па апісанню афіцэра італьянскай арміі Цэзара Лоаж’е дэ Беллекура, калі яго корпус перайшоў Неман, раніцай у 11 гадзін яны пачулі раскаты навальніцы і пайшоў дождж. Назаўтра 2 ліпеня пачаўся “нечуваны лівень, які доўжыўся паўтара сутак. У выніку дарогі і палі былі падтоплены, стала холадна. Але ўжо з 8-га ліпеня італьянская армія пачала знемагаць ад гарачыні [17]. Пасля моцных ліўняў на рэках падымаўся ўзровень вады, але гэта яшчэ не служыла моцнай перашкодай для водных перапраў. Так войскі генерала Клаперода спакойна 15 ліпеня перайшлі крыху разліўшуюся Беразіну. А ў раёне Магілёва французы пераправіліся праз Днепр, які яны знайшлі неглыбокім і нешырокім у параўнанні з вялікімі еўрапейскімі рэкамі.
Вятры летам былі ў асноўным заходніх і паўднёва-заходніх накірункаў. Надвор’е спрыяла стратэгічным планам Напаліёна. Асаблівых стыхійных бедстваў, апрача чэрвенскай буры, падчас летняй кампаніі не ўзнікала. У параўнанні з мінулагодняй гарачыня была цярпімай. Але простым французскім салдатам прыходзілася цяжка. Так 26-га ліпеня, калі італьянская армія знаходзілася на шляху да Лучэсы, было так горача, што пры адсутнасці водных крыніц салдаты смакталі траву і сцябло раслін [17].
Добрае ўяўленне аб характары надвор’я дае нам дзённік французскага доктара дэ ла Фліза. 20 ліпеня ён быў Смаргоні, тут запісаў, што “гарачыня была зноснай”, таму што войска рухалася праз цяністыя яловыя лясы. У Вілейцы 22 ліпеня - “ноч была гарачая, дапякалі камары”. 24-га - Докшыцы, у час руху дасаджалі “пыл і паўночны вецер”. 26-га – Камень, “мацнейшы зной, моцна папаліла нас сонца” [18]. А рускі лёйб-гвардзейскі капітан Пушчын у час шляху да Віцебска ля Пагарэльца 10 (22) ліпеня адзначыў: “дождж ійшоў увесь час” [15]. Праліўны дождж ійшоў і раніцай 23-га.
З населеных месц жыхары ўцякалі, таму салдаты Вялікай Арміі карысталіся дармавой правізіяй і хатняй скацінай. Частку ежы куплялі ў мясцовых гандляроў-яўрэяў, але з-за недахопу правізіі, яе дрэннай якасці часта галадалі, знемагалі ад дызентырыі і страўнікавых захворванняў. 28.07 падыйшлі да Віцебска “па мацнейшаму жару”. Рускі генерал-лейтэнант А.І.Міхайлоўскі-Данілеўскі пры апісанні вайны 1812 года адзначыў, што калі войскі Напаліёна ўступілі ў Віцебск 16 ліпеня (28.07), то “солдаты были утомлены длинными переходами, палящими жарами, ...недостатком продовольствия”, праз гэта колькасць французскай арміі паменшылася па яго разліках на трэць [19]. Цэзар Лоаж’е пераход да Віцебска днём 28-га апісаў вельмі карцінна: “ішлі па гарачай пясчанай глебе, да такой ступені раскаленай, што яна сляпіла сваім бляскам, падымаліся густыя хмары пылу, гарачыня стаяла страшэнная, тэрмометр падняўся да 29° Рэамюра” [17]. Падобныя ўспаміны пра гарачыню паветра ў Віцебску, калі там знаходзіўся Імператар Напаліён, запісаў А.Каленкур: “гарачыня стаяла тады нясцерпная, і для арміі было б большым шчасцем пакарыстацца нейкім адпачынкам у гэтыя дні” [10]. Доктар дэ ла Фліз адзначыў, што пасля вялікай навальніцы і ліўня прыбыла вада ў Дзвіне. Яшчэ адна навальніца прагрымела над Віцебскам вечарам 30-га ліпеня. Раніцай надвор’е было яснае [18].
“Вышэйшая цеплыня тэрмометра” па назіраннях Енько ў Віцебску складала +26° Рэамюра, або +32.5°С. Такую ж максімальную тэмпературу паветра летам, аналагічную вымярэнням Енько, адзначыў Барысаўскі павятовы доктар медыцыны і хірургіі Іван Гірш [8]. Гэта гарачыня ўнушыла Напаліёну думку, што клімат мясцовых зямель падобны на французскі і не такі суровы, як яго пужалі перад паходам.
У пачатку жніўня наступіў перыяд даждлівага надвор’я. У дзённіку Пушчына за 27 ліпеня (ст. стыль) ў раёне Парэчча: “дождж, дождж узмацняецца” [15]. Італьянец Лоаж’е 9 жніўня ў Янавічах становіцца сведкам страшэннай навальніцы, якая сапсавала дарогі, 10-га там жа ён адзначае дождж. 11-га піша аб дажджы пад Ліёзна, які ілье цэлы дзень. 12-га жніўня дождж не прыпыняўся ні на хвілінку [17].
12-га жніўня французская армія выступіла ў паход. Фліз са сваім палком 13-га быў у Бабінавічах, па дарозе назіраў на палях прыбітае да зямлі бурамі і моцнымі дажджамі жыта. І ў гэту ноч дождж ійшоў да раніцы. Назаўтра перад Оршай была дымная імгла, бо горад гарэў. 15-га з поўдня зайшоў доўгі дождж. 16-га надвор’е праяснілася, стала спякотна [18].
Спякота ад высокай тэмпературы паветра і выпаленне населеных месц, якія сталі актыўна прымяняць рускія на сваёй тэрыторыі, яшчэ больш знясільвалі французаў. 16-га жніўня авангард Вялікай арміі падыйшоў да Смаленска. 17-га адбыўся жорсткі бой, пасля якога горад быў падпалены рускімі і згарэў пры ціхім бязветраным надвор’і. Апісанне надвор’я падчас пажару пакінуў Міхайлоўскі-Данілеўскі: “к вечеру не было ни малейшего ветра, огонь и дым, восходя столбом, расстилались под самыми облаками” [19].
Асабліва гарачыня адчувалася ў час падыходу Вялікай арміі пад Вязьму, многія французскія салдаты ішлі нават без абутку. Рускія войскі звычайна практыкавалі начныя пераходы, а днём у гарачыню адпачывалі [19]. Вязьма тасама падзяліла лёс Смаленска і была спалена. Па ўспамінах галоўнага французскага хірурга Ларрэя ў час пажару дзьмуў моцны вецер і прыпыніць пажар было немагчыма [20]. 29-га жніўня ў Вязьме знаходзіўся дэ ла Фліз, ён апісваў, што французы збіралі і варылі бульбу з мясцовых палёў [18]. А італьянец Лоаж’е 29-га знаходзіўся ў в.Новае. Тут раніцай стаяў туман, але хутка наступіла стамляючая гарачыня. Назаўтра, па яго ўспамінах, пайшоў непрацяглы, але моцны дождж [17].
Гжацк таксама быў падпалены пры адыходзе рускімі, але на горад абрынуўся лівень і прытушыў пажар [20]. Напаліён у Гжацку зрабіў кароткі адпачынак і пераклічку, а салдаты мелі магчымасць падсілкавацца мясцовым ураджаем капусты, якая стаяла на палях. У час пераходу Вялікай арміі ад Гжацка да Барадзіно надвор’е яшчэ было здавальняючым.
Але ноччу 4-га і раніцай па ўспамінах нямецкага доктара Генрыха Рооса ўжо адчуваўся холад, хаця днём сонца прыгравала [21]. Кавалерысты пад Вязьмай 5-га верасня нават адзелі ад холаду шубы [21]. Ноч 5 верасня, калі армія стала на бівуак ля Барадзіно, была халоднай. Топліва на кастры не хапала. Пад раніцу пайшоў дробны дождж, падняўся рэзкі вецер, лагер падтапіла [17]. Днём засвяціла сонца [21], а Грыуа назваў дзень 6 верасня цудоўным [22]. Вечарам было малавоблачнае надвор’е, але вецер быў моцны, які “з выццём гуляў па бівуаках, …на воблачным небе зрэдку прасвечвалі зоркі” [19]. Ноч французскія салдаты правялі на сырой зямлі, выспаліся дрэнна. Многія салдаты і сам Імператар ад холаду застудзіліся. Раніцай 7 верасня было ціха, ў многіх месцах стаяў туман, асабліва ў раёне Горак, дзе знаходзіўся фельдмаршал М.І.Кутузаў і гэта перашкаджала яму сачыць за знаходжаннем войск непрыяцеля. Карыстаючыся туманам на світанні каля 4 гадзін раніцы французская дзівізія Дэльзона з корпуса Віцэ-Караля скрытна падыйшла да Барадзіно, што заўважыў з батарэі Барклай дэ-Толлі і даў загад сваім егерам адыйсці. Пасля ўзыходу сонца туман разыйшоўся [17]. На світанні Напаліён сказаў: “Сёння крыху холадна; але ўзыходзіць прыгожае сонца. Гэта сонца Аустэрліца”. Праўда, па іранічнай заўвазе Сегюра, ад’ютанта Напаліёна, сонца не было на баку французаў, яно сляпіла іх [23]. Надвор’е на працягу ўсяго дня стаяла цудоўнае [24, 25]. У час 15-гадзіннага боя ніякіх метэаралагічных перашкод не назіралася. Вечарам надвор’е стаяла ціхае. Ноч была халодная, але Напаліён забараніў салдатам да поўначы разводзіць агні. Лабому гэты вераснёўскі холад нагадаў месяц снежань у Маравіі [24]. Назаўтра дробны дождж крапіў зямлю, пахаладала, дзьмуў халодны, амаль асенні вецер [11]. Змрочную карціну Барадзінскага поля з дзесяткамі тысяч загінулых воінаў пакінуў Філіп Сегюр: “Усё адпавядала гэтаму кашмару – змрочнае неба, халодны дождж, парывісты вецер” [23]. Хірург Ларрэй, які правёў пасля бітвы 200 аперацый і яшчэ суткі быў заняты перавязкамі, адзначаў у гэтыя вераснёўскія дні вельмі халоднае, часам туманнае надвор’е, пры паўночных і ўсходне-паўночных вятрах [20].
8 верасня днём надвор’е было таксама сонечным, але ноччу падаў дробны дождж, дзьмуў рэзкі вецер [17]. 9 верасня Напаліён прыбыў у Мажайск, дзе яго зусім зваліла ліхарадка і ён страціў голас. Толькі 12-га ён змог выехаць у экіпажы. 13 верасня рускія войскі пакінулі Маскву і ў сталіцу ўступіла армія Напаліёна. Такім пазітыўным вынікам для французаў скончылася летняя кампанія, якой у немалой меры спрыяла надвор’е. Наступны дзень выдаўся падобны на летні [26], “блішчэла яркае сонца” [12]. У гэтую ж ноч у Маскве пачаліся першыя падпалы і ўзніклі пажары. Надвор’е 15-га верасня яшчэ было ціхім і камфортным. Такое ж добрае надвор’е адзначаў доктор Г.Роос 15-га пад Багародскам – папутны заходні вецер і сонечнае надвор’е.
Падчас пажараў у Маскве з 16 верасня ўстанавілася ветранае надвор’е, моцны паўночны (затым усходні і паўднёва-усходні) вецер узняўся ў ноч з 16 на 17 верасня. Каля трох гадзін раніцы пайшоў дождж, вецер крыху сціх. 18 верасня вецер, па сведчанню Марэнгонэ, збіваў з ног. Так прынца Неўшатэльскага моцным парывам ветра ледзь не скінула з балкона [26]. Вецер садзейнічаў распаўсюджванню пажара. Асабліва моцна агонь узгарэўся ў ноч з 18 на 19-е. Днём 19-га таксама ўзнімаўся парывісты вецер. Доктор Г.Роос адзначаў, што надвор’е 18-19-га было прахалодным і даждлівым [21]. Пажар скончыўся 20-га пасля моцнага ліўня [12, 24, 27, 28]. Вецер змяніў накірунак на заходні. Гэта сведчыць, што надвор’е падчас пажару знаходзілася пад уплывам моцнага цыклона, які пасля 20 верасня адыйшоў на ўсход.
У наступны перыяд маскоўская восень аказалася на дзіва цёплай, яна вельмі цешыла французскага Імператара. Напаліён па ўспамінах Каленкура некалькі разоў адзначаў, “што ў Маскве восень лепей і цяплей, чым у Фантэбло” [10].
Але восеньскае надвор’е падманлівае. Доктар Роос піша аб даждлівай і ветранай ночы з 25 на 26-га верасня. З дзённіка Кастэллані: 22 верасня надвор’е не халоднае; 27-га падае снег, які тут жа растае; 28-га надвор’е змрочнае, вечарам марозіць; 29-га дождж; 1–га кастрычніка надвор’е зноснае; 2-га холад кусаецца; 3-га цудоўнае халоднае надвор’е; 5-га цудоўнейшае ў свеце надвор’е [27]. Станоўчыя ацэнкі надвор’я ў дзённіку дэ ла Фліза: 27-га верасня надвор’е было выдатным, сонца свяціла так ярка, як бы вясной; 28-га надвор’е было добрае; 29-га сонца свяціла ярка і цёпла, як у летні дзень [18]. Такое ж цёплае надвор’е зафіксаваў у сваім дзённіку капітан Павел Пушчын у раёне Нары 21 верасня (ст. стыль): “надвор’е было цудоўнае, даўно не было такога” [15]. Гэта былі праявы звычайнага для умеранай паласы Расіі “бабінага лета”.
Надзеючыся на такія ж спрыяльныя зімовыя ўмовы надвор’я Напаліён нават строіў планы зімоўкі ў Маскве, нягледзячы на папярэджанні Каленкура і іншых саветнікаў. Напаліён асабіста правёў даследаванне клімата Рассіі за апошнія 40 год па сабраных адусюль каляндарах. Пасля гэтага ён упэўніўся, што марозы звычайна наступаюць не раней першых лічбаў снежня [29]. Між тым той жа Каленкур закупіў з пачаткам восені для сябе цёплае мехавое адзенне, аддаў загад набыць для падначаленых яму салдат мехавыя рукавіцы і шапкі, падшыць мехам шынялі, загадаў таксама падкаваць шыпамі коней, што дазволіла пазней зберагчы амаль поўнасцю некалькі соцен коней світы Напаліёна. Такую ж падрыхтоўку да зімы зрабілі і польскія кавалерысты. Астатнія французскія войскі праявілі бяспечнасць.

На Беларусі пры дастатку ападкаў і цяпла восеньскі ўраджай на плады і гародніну аказаўся высокім у Віцебскай і Магілёўскай губерніях [30]. Такі ж багаты ўраджай адзначаў і граф Адам Храбтовіч у сваім маёнтку Шчорсы. У Барысаўскім павеце Мінскай губерніі восень была з пачатку верасня сухой, што дало магчымасць сабраць ураджай і “хлеба было ў дастатку”. У Пінскім павеце “ураджай на азімы і яравы хлеб, а таксама і на агародніну, быў даволі добры, толькі ў нізкіх месцах падмок”. З канца верасня пачаліся дажджы з туманамі [8].
Лета і восень са спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і неблагім ураджаем не прынесла беларускаму насельніцтву вялікай радасці, таму што і сяляне, і памешчыцкія маёнткі, былі моцна спустошаны і разграблены праходзячымі войскамі, як французскімі, так і рускімі. Да таго ж там, дзе праходзілі войскі, узнікалі розныя эпідэмічныя захворванні, у тым ліку і венерычныя. Адсюль нарадзіўся знакаміты беларускі праклён: “А пранцы табе!”, што літаральна азначала пажаданне захварэць Францыяй, гэта значыць сіфілісам. У вёсках панавала захворванне хваробай “скорбай” і “гнілой гарачкай”. Адзначаўся масавы падзёж коней і хатняй жывёлы, таму што французы для сілкавання арміі гналі з Еўропы праз паселішчы вялікую колькасць буйна-рагатай скаціны, з якой прыносіліся заразныя хваробы [8]. Таму ў памяці беларускага народа гэты год застаўся як самы “няшчасны” і “апусташальны” год стагоддзя [31]. Такія ж “страшлівыя” эпітэты атрымала зіма 1812 года ў Францыі, таму што яна аказалася ракавой для праслаўленай і непераможнай Вялікай арміі. А ў Расійскай Імперыі яшчэ доўгі час марозныя і снежныя зімы называліся “французскімі” [32].

Руская армія пасля адыходу сканцэнтравалася ў раёне Падольска, затым адыйшла да Пахры, а 20 верасня дасягла Таруцінскага лагера. М.І.Кутузаў улічыў у сваёй стратэгіі наступленне халоднага перыяду, таму прыняў рашэнне дзейнічаць супраць французаў невялікімі атрадамі. Такія дзеянні былі прадпрыняты ўжо 6(18) кастрычніка пад Таруціным, калі па французскаму авангарду быў нанесены моцны ўдар на р.Чарнішне.
12-га кастрычніка ў Маскве было холадна і туманна [27]. 13-га падаў снег [І], стала зусім холадна [12, 27]. 14-га было “вільготна, але не вельмі холадна”, 15-га яснае надвор’е, 16-га – “цудоўнае летняе надвор’е” [27]. 5(17) кастрычніка месцамі ійшоў дождж [15]. З наступленнем халадоў Напаліён нарэшце прыняў рашэнне пакінуць расійскую сталіцу. 9-га кастрычніка ён загадаў зрабіць запасы правізіі на шэсць месяцаў. 17-га салдатам раздавалі водку, хлеб, мехавое адзенне, якое было многімі выкінута. Масавае адступленне французаў з Масквы пачалося 6(18) кастрычніка, раніца гэтага дня была халоднай [21]. Імператар Напаліён выехаў 7(19) кастрычніка. Неба ў гэты дзень па сведчанню Сегюра было бязвоблачным [23]. І будучы славуты пісьменнік Стэндаль таксама адзначаў у гэты дзень яркае сонца і каля трох градусаў марозу. Вялікая армія рушыла ў напрамку на Калугу. У адной з французскіх шыфровак паведамлялася аб планах Напаліёна пры наступленні халоднага надвор’я павярнуць ад Калугі на Смаленск, дзе ён збіраўся зімаваць. І сам Імператар 7(19) кастрычніка пісаў Б.Марэ, што трэба “да наступу халадоў паспець заняць зімовыя кватэры”. Доктар Роос марознай ветранай раніцай 21-га назіраў падаючы снег, які к вечару перайшоў у дождж [21]. 22 кастрычніка ійшоў дождж [26]. 23 кастрычніка Імператар прыбыў у Бароўск і тут, “нягледзячы на дрэннае надвор’е”, пад праліўным дажджом асабіста абследаваў мясцовы ландшафт і берагі рэк. На дрэнны стан дарог 23 кастрычніка з-за дажджу, які працягваўся трое сутак, указваў Марцье [33]. Раніцай 24 кастрычніка Напаліён выступіў з Бароўска да Малаяраслаўца, неба было хмарнае, ішоў дробны дождж [18]. З цяжкасцю пераправіліся праз балоцістую раку Нару. Дарогі сталі гразкімі і непраезднымі для французскай артылерыі. Гэта асабліва праявілася падчас бітвы пад Малаяраслаўцам 24-26 кастрычніка. Пасля ўпартай бітвы за гэты горад Вялікая армія павярнула ў напрамку Смаленска. 25-га сонца праглядывала скрозь густы туман [26], затым крыху праяснілася [18]. Імператар Напаліён начаваў у Гарадні ў хаціне простага ткача, Арман Каленкур запісаў у сваім дзёніку, што “надвор’е не дазваляла адтэрміновываць далей пераход на зімовыя кватэры” [10]. Салдаты начавалі пад адкрытым небам і вельмі цярпелі ад гэтага. 26-га ноч была цёмнай, доўгі час стаяў густы туман. Гаспар Гурго пасля прызнаваў, што надвор’е было цёплым толькі да 25 кастрычніка.
27 кастрычніка Напаліён спыніўся ў Вярэі, дарогі былі ў дрэнным стане, але надвор’е было добрым [21]. Сяржант Бургонь адзначыў, што “ў гэту ноч пачало марозіць” [26]. У выданні “Календара Напаліёна” 1912 года за гэты дзень наступны запіс: “Наступілі халады. Ноччу тэмпература падала да 4 градусаў Рэамюра” [34]. Такую ж тэмпературу, узятую з кнігі Г.Шамбрэ, паўтараў і Дзяніс Давыдаў [35]. “Вельмі холадна” – запісаў у дзённіку Пушчын [15], а нямецкі доктар Роосс наадварот - надвор’е было выдатным [21]. 28-га стаўка Напаліёна знаходзілася ля Успенскага. Доктар Фліз памеціў пра гэты дзень, што”раніца была ясная і абяцала добры асенні дзень”, па начах бывалі замаразкі [18]. Дзённік Кастэллані падцвярджае, што 28-га было халоднае сонечнае надвор’е [27]. А доктар Роос назіраў ноччу выпадзенне снегу і адзначыў, што мноства салдат пачало паміраць ад “ваеннай чумы” (так ён называў тыф, які на Беларусі і Літве меў найменне гнілой і нэрвовай гарачкі) [21]. 29-га Напаліён быў – у Гжацку, дзе “стаяў моцны мароз”. Тут па ўспамінах Каленкура “зіма дала сябе адчуць больш моцна” [10]. А Сегюр лічыў гэты дзень першым зімовым днём. Доктар Роос адзначаў ноч з 29 на 30-га як вельмі халодную. Сяржант Бургонь падчас начоўкі паблізу Гжацка назіраў выпадзенне снегу. Пасля Гжацка дарогі зледзянелі і сталі слізкія. 30-га Бургонь заўважыў, што з-за дрэнных дарог французы сталі пазбаўляцца ад абцяжарваючых рэчаў [26]. Тэрмометр Кастэллані паказаў у гэты дзень 4 градусы марозу па шкале Рэамюра [27]. Першага лістапада мароз крыху памацнеў. У гэты дзень пад Царовым Займішчам палкоўнік Кайсараў з 60 егерамі пад прыкрыццём густога туману напалі на фланг французаў і адбілі частку абозаў [36]. У перыяд знаходжання Імператара 31 кастрычніка і 1 лістапада ў Вязьме надвор’е здалося яму камфортным і ён абнадзеіўся на пацяпленне. 2 лістапада начоўка была ў Семлева, а 3 лістапада ў Слаўкаве, дзе ўпершыню французы ўбачылі снегавое покрыва. Надвор’е па сведчанню Каленкура на працягу паўтара сутак было даволі мяккім [10]. Але 3-га мароз скаваў зямлю [21]. 4 лістапада французскае войска з цяжкасцю рухалася да Дарагабужа, руху перашкаджала вялікая колькасць нападанага снегу. Гэта падцвярджаюць успаміны яшчэ аднаго ўдзельніка паходу: “23 кастрычніка (4.11) пайшоў першы снег, а на трэці дзень узнялася мяцеліца: сонца схавалася за густымі воблакамі, сыры туман напаўняў паветра і потым моцнымі хлоп’ямі пачаў падаць снег. Дзень згубіўся. І неба і зямля зліліся разам. Парывісты вецер з ярасцю свісцеў па лясах, прыгінаючы да зямлі дрэвы, і, нарэшце, зямля ператварылася ў белую нежывую пустыню... снег схаваў неба і, здавалася, яно апусцілася на зямлю, каб белым саванам пакрыць “Вялікую Армію” [38]. Падобна апісаў перамены ў надвор’і Філіп Сегюр: “…у лістападзе неба памянялася, яго лазур знікла. Армія ішла ахутаная халодным туманам, які сгушчаўся ўсё больш і больш, абярнуўся, нарэшце, у грамаднае воблака і нас сталі абсыпаць вялікія хлоп’і снегу. Здавалася, што неба спусцілася і злілося з гэтай зямлёй… Пакуль нашы салдаты з цяжкасцю пракладалі сабе шлях праз бушуючыя снежныя віхуры, вецер намятаў гурбы” [23]. Па трапнаму выразу Сегюра гэта быў “снегавы патоп”. Аналагічнае апісанне гэтых дзён у Франсуа (Руа). “Снег пачаў падаць 4 лістапада, але ён ледзь-ледзь пакрыў сабой зямлю, 5-га яго выпала значна больш, а 6-га лістапада ён паваліў густымі хлоп’ямі і пад парывамі моцнага паўночна-заходняга ветру, ён хутка пакрыў усю беязмежную раўніну..”. Дарогі ўтапталіся і сталі ледзянець [12]. А вось у дзённіку другога медыка Фліза 4-га лістапада ноччу адзначаны дождж, пасля якога дарогі ператварыліся ў гліністую гразь [18], але гэта нейкая памылка. Рэалістычна характар надвор’я за гэтыя дні пракаментаваны ў Дзяніса Давыдава: “23 кастрычніка (4.11) снег, значыцца, сцюжа ўмеранная; 24-га (5.11) снег працягваецца; 25-га (6.11) снег мацней, з ветрам, значыцца, намнога халадней, чым напярэдадні” [35].
5 лістапада ў час знаходжання світы Напаліёна ў Дарагабужы рэзка пахаладала. Днём надвор’е было ясным і сонечным, ноччу пры адкрытым небе мароз узмацніўся. Бургонь сведчыць, што тэмпература падала быццам бы да -20 градусаў [26]. Назаўтра Напаліён начаваў у Міхайлаўцы. У выданні “Каляндара Напаліёна” адзначана пра гэты дзень: “Моцныя халады пачынаюцца. Людзі і жывёлы замярзаюць у снезе” [34]. А раней упамянуты капітан Пушчын запісаў пра 25.10 (6.11) – “снег і вецер”. Назаўтра ён жа пра 26.10 (7.11): “нягледзячы на падаючы снег, холад страшлівы” [15]. Успаміны Лоаж’е: 6-га ў Дарагабужы – “холад, паўночны вецер, неба змрочнае, падае хлоп’ямі снег”. 7-га – “ноч працягвалася 16 гадзін, дзьме ледзяны вецер” [17]. У Фліза пра 7-е чысло – “зрабіўся мароз, ад якога каляіны зрабіліся цвёрдымі як камень”, 8-га - “ноччу выпаў снег, усталявалася зіма” [18]. Роос 7-га лістапада адзначаў густы туман і моцны холад, туман рассеяўся толькі к поўдню, вечарам мароз павялічыўся [21]. Бургонь пра 6-е чысло: “стаяў такі густы туман, што нічога не было бачна, і трашчаў мароз звыш 22 градусаў”, а на наступны дзень узмоцніўся вецер. 8-га увесь дзень быў страшлівы, а ноччу вецер бушаваў у лесе пры 27-градусным марозе. Пасля гэтай ночы занесенымі снегам аказаліся 10 тысяч французскіх коней [26]. Спасылкі Сегюра, Лоаж’е, Ларрэя, Марэнгонэ, Куанье, Бургоня і іншых удзельнікаў пахода на тэмпературу паветра сведчаць, што яны мелі ртутныя тэрмометры сістэмы Рэамюра, але давярацца такім паказанням трэба з асцярожнасцю. Тэрмометры ў той час не параўноўваліся паміж сабой, не павяраліся, таму маглі даваць вялікія пагрэшнасці. К таму ж адны ўдзельнікі пахода прыводзяць дзённую тэмпературу, другія – начную. А паміж імі можа быць да дваццаці градусаў разбежкі.
Прывядзём і ўспаміны А.Каленкура пра гэтыя дні: “7-га ў Пнёвай Слабадзе надвор’е станавілася ўсё больш і больш халодным. Як і раней стаялі моцныя марозы, але небо было ясным і сонечным. К канцу дня стала адчувацца вільгаць і пачалася кароткачасовая адліга”. 8 лістапада марозы ўзнавіліся [10]. Легорн паведамляў у пісьме на Радзіму, што Імператар упершыню ад Масквы перайшоў у карэту, бо “снег, які ійшоў у гэты дзень, і моцны вецер рабілі верхавую язду непрыемнай, ..мароз быў увесь час ад 4 да 8 градусаў” [34]. Сам Напаліён пазней прызнаваў, што марозы сталі пагражальнымі для руху войск толькі з 7 лістапада [39]. Французы спадзяваліся, што ў мароз дарогі стануць больш прыгоднымі для руху артылерыі. Але аказалася наадварот, ледзяныя дарогі зрабіліся яшчэ больш небяспечнымі. Назаўтра 8-га стаўка Напаліёна размяшчалася ў вёсцы Брэдзіхіна. Мароз у гэты дзень быў такі вялікі, што толькі на адным бівуаку замерзлі адразу 300 французскіх салдат [21, 34]. А руская галоўная штаб-кватэра знаходзілася ў Ельні. З-за вялікага холаду ў гэтую ноч рускіх воінаў размясцілі па навакольных вёсках. Так што паказанні тэрмометра Бургоня можа і не такія завышаныя.
8-9 лістапада італьянская гвардыя з цяжкасцю перайшла незамерзлую з рэдкімі ільдзінамі раку Вопь у раёне сучаснага горада Ярцава ўброд, а артылерыя завязла. Перад гэтым у адлігу рака паднялася і знесла масты. Смаленскі краязнавец В.М.Воранаўскі так апісваў ўмовы надвор’я ў час гэтай пераправы: “Вецер і мароз захоплівалі дух, бура ўздымала снежныя віхуры і засланяла святло белага дня” [40]. Філіп Сегюр назваў вецер падчас пераправы праз Вопь невыносным [23]. Пасля пераправы салдатам прыйшлося з цяжкасцю ўзбірацца на абледзянелы бераг і правесці марозную ноч у мокрым адзенні. Французскія салдаты і афіцэры пад камандай Яўгенія Багарнэ акачанелі пры 20-ці градусным марозе і рэзкім ветры, яны не маглі нават прыйсці на дапамогу акружанай казакамі 14-й дзівізіі [23].
На вядомым графіку тэмпературы французскага інжынера Шарля Мінара 9 лістапада на лініі горада Дарагабужа адзначана тэмпература толькі -9° па шкале Рэамюра (-11.25°С) [41]. Пры моцным ветры тэмпература паветра ўспрымаецца звычайна на 10 градусаў ніжэй. Таму ўказанне Сегюра на 20-ці градусны мароз можа мець рацыю. Але, улічваючы, што Напаліён быў у Дарагабужы 5-га, а не 9-га лістапада, тэмпература -9°Р на графіку Мінара можа адносіцца да папярэдняй даты. Яшчэ адно сведчанне пра дзень 9 лістапада ў Грыуа – холадна і густы туман [22]. Дзяніс Давыдаў паўтарае за Шамбрэ - 12 градусаў сцюжы [35].
Пра складаныя ўмовы надвор’я, у якіх аказалася французская армія, Напаліён меў яснае прадстаўленне. У яго свіце знаходзіўся галоўны хірург французскай арміі Дамінік Жан Ларрэй, які паміма сваіх напружаных медыцынскіх абавязкаў па звычаях тых гадоў праводзіў і метэаралагічныя назіранні. Ларрэй меў з сабой маленькі тэрмометр, насіў яго прымацаваным прама да гузікаў шыняля. 9 лістапада па назіраннях Ларрэя, прыведзеных Фламмарыёнам, тэмпература паветра знізілася да -15°С [І]. А ў апісанні Магілёўскай губерніі пра гэты ж дзень 9 лістапада (або 28 кастрычніка па старому стылю) паведамляецца, што ў Смаленску тэмпература паветра апусцілася да -16° Цэльсія, што вызвала страшэнны галалёд [38]. У запісных кніжках капітана Куанье тэмпература паветра за гэты дзень -17°, думаецца, у градусах Рэамюра [14]. У Каленкура пра 9 лістапада: “Маразы стаялі моцныя, але яшчэ цярпімыя” [10]. У Смаленску 9 лістапада Напаліён вярхом аб’ехаў горад, даў адпачынак сваёй гвардыі. Дэзарганізаваная частка французскіх войск не атрымала ў Смаленску ні правізіі, ні цёплага начлега, яе пакінулі за гарадскімі сценамі. Доктар Роос з палком вюртэмбергскіх конных егераў 11 лістапада дабраўся да Смаленска і адзначыў, што мароз крыху памякчэў. 11 лістапада Напаліён у пісьме да сваёй жонкі пісаў: “Надвор’е халоднае, ад 4 да 5 градусаў, зямля пакрыта снегам” [34]. Г.Шамбрэ, які апрацоўваў пазней архіўныя матэрыялы расійскага пахода, так апісаў стан тэмпературы ў гэтыя дні: “9 лістапада тэрмометр адзначыў 12 градусаў ніжэй нуля, 12 і 13-га - 17 градусаў (Рэамюра)” [37]. У Шарля Мінара на адзнацы Смаленска за 14 лістапада больш нізкая тэмпература -21°Р (-26.25°С) [41].
Пасля прыбыцця ў Смаленск войск Яўгенія Багарнэ Імператар назаўтра 14 лістапада пакінуў Смаленск. Дарога са Смаленска на Карытню прадстаўляла “суцэльны лёд” [10]. У Карытні Напаліён заначаваў. Доктар Фліз у дзень 15 лістапада назіраў марознае, яснае, як у Італіі неба, яркае сонца і нясцерпны паўночны вецер [18]. Яшчэ адзін французскі афіцэр 15 лістапада таксама ўпамінаў нізкую тэмпературу ў -25°Р [42]. Доктар Роос адзначаў, што пасля адыходу са Смаленска на працягу двух дзён пахаладала, утварыўся галалёд [21]. Сам Напаліён у 29-м Бюллецені прывёў дадзеныя, што з 14 па 16 лістапада тэрмометр паказываў ад 16 да 18 градусаў ніжэй кропкі замярзання (ад -20° да -22.5°С), а дарогі пакрыліся галалёдам [39].
З-за галалёду ехаць вярхом на конях было немагчыма, таму Напаліён спешыўся і вымушаны быў ісці пешкам з кіёчкам. Стоячы 5(17) лістапада на ўзвышшы пад Красным ён наглядаў за сваёй арміяй, абапіраючыся на звычайны сук. У чатырохдзённай бітве пад Красным французы, стомленыя марозамі і заснежанымі пераходамі, страцілі вялікую колькасць забітымі і параненымі. Фламмарыён, спасылаючыся на Ларрэя, адзначаў 17 лістапада тэмпературу -26.2°С [1], але гэта вызывае сумніў. А вось дэ ла Фліз дае зусім іншую карціну надвор’я, быццам бы ўжо к вечару 16 лістапада мароз змягчыўся, а 17-га ў паветры насіўся туман і была адліга, 18-га – моцны туман [18].
У гэты я ж дні 3(15)-4(16) лістапада адбываліся стычкі паміж рускім корпусам генерала Ф.В.Остэн-Сакэна і войскамі французскага генерала Рэнье, камандуючага 7-м армейскім корпусам, пад Ваўкавыскам і Зэльвай. Ноччу 2 (14) лістапада ў 3 гадзіны рускія войскі пад прыкрыццём мяцеліцы падыйшлі да Ваўкавыска, каб захапіць генерала Рэнье, але вартавыя паспелі іх заўважыць [43]. Гэтыя факты паказваюць, што выпадзенне ападкаў адбывалася па ўсёй тэрыторыі Беларусі ад заходніх да ўсходніх межаў.
Асабліва цяжка прыйшлося французам на адным з заледзянелых спускаў пад Лядамі. Тут сам Імператар і яго світа спускаліся па адпаліраваным лёдзе ў сядзячым становішчы. Пры такіх спусках забівалася многа коней. Калі Імператар з гвардыяй адпачываў у цяпле ў Лядах 17 лістапада, то простыя французскія салдаты мелі бівуак сярод снягоў на абочыне дарогі. “Ійшоў мокры снег, дзьмуў моцны вецер, які пранізваў наскрозь” [26]. У наступны дзень 18-га лістпада наступіла адліга і к ночы пайшоў дождж [21]. У гэты дзень Імператар Напаліён рушыў з Лядаў праз Дуброўна на Оршу. У Дуброўне ён даведаўся аб заняцці Віцебска рускімі войскамі і яму прыйшлося ізноў мяняць свае планы. Сегюр так паведаміў пра характар надвор’я ў Дуброўне: “Неба праяснілася, пачалася адліга” [23].
На Дняпры 18-19 лістапада існавала тонкае лядовае покрыва і корпус маршала Нея змог ухіліцца ад акружэння, перайшоўшы па ім раку ў густым тумане і цемры [І]. У другой палове дня 18-га лістапада стаяў такі густы туман, што авангард 3-га французскага корпуса папаў прама на рускую батарэю [10]. Упамін пра моцны туман, калі Міларадавіч пільнаваў пасля Краснага маршала Нея, адзначаны і ў “Журнале баявых дзеянняў генерал-фельдмаршала Кутузава”. Туман схаваў рух французскіх калон, якія наблізіліся да рускіх на адлегласць карцечнага стрэла [44].
Успаміны французскага сяржанта Бургоня падцвярджаюць гэтыя звесткі: “18 лістапада пасля бітвы пад Красным пачалася адліга... і да самага вечара стаяў такі туман, што ні згі не было відаць... Вечарам ізноў падмарозіла і зрабілася такая галаледзіца, што немагчыма было ўтрымацца на нагах... Ноччу мароз значна ўзмацніўся і суправаджаўся снегам і ветрам...” [26].
Узнікненне такіх туманаў сведчыць аб надзвігу на ахалоджаную паверхню ззямлі больш цёплых паветраных масс. Ларрэй па дарозе ад Краснага на Оршу як раз адзначыў рэзкі скачок тэмпературы на 10-12 градусаў і выпадзенне на працягу некалькіх дзён снегу [20]. Французам удалося перайсці ў Оршы па двух мастах спакойна Днепр, які быў у гэты час незамерзлым.
У складзе рускіх войск па дарозе з Раманава на Оршу Пушчын адзначыў страшэнную распуціцу, якая наступіла 8 (20) лістапада з-за адлігі і дажджу, 21 лістапада цёплае надвор’е яму спадабалася [15].
Французскі Імператар 19-га лістапада быў у Оршы, начаваў у манастыры, 20-га перабраўся ў Барань. Роос таго ж 20-га чысла запісаў, што надвор’е было мяккім, ён нават выкінуў шубу [21]. 21-га ў Оршу прыйшоў з рэшткамі войска Ней. Надвор’е было цёплым. Бургонь сведчыў: “22 лістапада ішлі па дарозе страшна бруднай з-за адлігі, к поўдню дабраліся да Талочына” [26]. Сам Імператар Банапарт у гэтае раздарожжа вымушаны быў ісці пешкам з Коханава ў Талочын [19, 38]. Тое самае піша і Сегюр – “дарогі сталі адтаваць, рухаліся па таламу снегу, па глыбокай вадкай жыжы” [23]. У Талочыне 22 лістапада Напаліёну паведамілі аб захопе французскіх складоў у Мінску арміяй Чычагова.
Па ўспамінах А.Каленкура, калі Напаліён выехаў з Талочына “мароз быў яшчэ моцны, але неба было пакрыта воблакамі, пагражала адліга, і ва ўсякім разе мог пайсці снег. Хворыя замярзалі па начах каля сваіх бівуакоў”. З-за немагчымасці знайсці корм, гінула многа коней [10]. 23 лістапада Напаліён прыбыў у Бобр. Снягі ў наваколлі былі глыбокія [27]. Ш.Мінар на лініі Бабра без даты (можна меркаваць, што гэта адпавядае 23.11) паказаў тэмпературу паветра -11° Рэамюра, або -13.75°С [41].
Сяржант Бургонь вечарам 22 лістапада запісаў, што талы снег падмёрз і задзьмуў моцны паўночны вецер. Затым паваліў моцны снег і тэмпература знізілася да 22 градусаў марозу. К 9 гадзінам вечара снег перастаў і вецер зменшыўся. Небасхіл ачысціўся і на ім сяржант назіраў рэдкую з’яву – паўночнае ззянне. Раніцай з паўночнага боку Бургонь убачыў чорную хмару і праз гадзіну падзьмуў ураганны вецер, пачаў падаць снег. Пасля снег аслаб, неба праяснілася. Праз некаторы час снежны зарад паўтарыўся. 24-га каля поўдня падняўся вецер і падаў густы снег, к вечару ападкі ізноў паўтарыліся [26]. А Франсуа ўпамінаў, што ў гэты дзень “моцны мароз скаваў зямлю” [12].
25 лістапада было марозна, з-за галалёду Напаліён ізноў быў вымушаны ісці пешкам з палкай у руцэ [30]. Ноччу пры падыходзе да Барысава “мароз значна ўзмоцніўся”. Ноч 25 лістапада Напаліён пераначаваў у Лошніцы, а раніцай адправіўся ў Барысаў. Драўляны мост праз Беразіну быў спалены пры адходзе рускімі войскамі. Таму пасля разведкі генералам Карбіна былі падабраны тры іншыя месцы для пераправы – Ухалоды, Штадтгоф і Сцюдзёнка. На світанні 26 лістапада Напаліён сам асабіста вывучаў умовы пераправы ў раёне вёскі Сцюдзёнка. У сувязі з маразамі рака абмялела, брод быў глыбокі толькі на адлегласці 300 французскіх туазаў (1 туаз роўны 1,949 м). 26-га вада стала падымацца, затапіла брод. Па рацэ моцны вецер ігнаў ільдзіны, пераход па лёдзе быў немагчымы. Пантанёры ў ледзяной вадзе таемна пачалі ладзіць дзве пераправы і каля сотні іх загінула там жа ад пераахалоджвання. Пераправа французскіх войск праз Беразіну адбывалася 26, 27, 28 і 29 лістапада. Частка кавалерыі пераплывала раку ўброд. Сам Напаліён прайшоў мост праз Беразіну 27 лістапада з атрадам Рэджыо, за ім пераправіліся Багарнэ і Даву. 27 ноччу салдаты дывізіі Партуна “акачанелі ад марозу” і вымушаны былі здацца ў палон [35]. Рускія войскі на левым беразе Беразіны стрымліваў корпус Віктора. 28-га лістапада ў цяжкі момант Віктор падчас мяцеліцы кінуў на рускіх 350 гесенскіх шэвалераў, барнскіх гусар і польскую пяхоту. Дадзеныя аб “невыноснай мяцеліцы” у час пераправы праз раку падавалі Сегюр і Кастэллані [23, 27]. Марэнгонэ адзначаў выпадзенне моцнага снегу і завываючы паўночна-заходні вецер [28]. Медыку Франсуа ноччу 28-га на пераправе здавалася пры “рэзкім паўночным ветры і густым снезе”, што мароз падвоіў сваю сілу [12]. Куанье засведчыў, што пасля пераправы “снег падаў так густа, што ўсе былі ім аблеплены” [14]. 29-га раніцай было холадна і пахмурна [21]. Перад з’яўленнем казакаў мост праз Беразіну быў спалены, рака ў гэты дзень пачала пакрывацца лёдам, а Напаліён пакінуў штаб-кватэру ў в.Заніўкі. Далей французская армія, дзякуючы ўзмацніўшымся марозам, па насланых гацях даволі паспяхова прайшла праз знакамітыя непраходныя Зембінскія балоты. А вось казакі Платава ў гэтых балотах завязлі [43]. Цікавы факт знаходжання французаў у раёне Зембінскіх балот прыводзіць Філіп Сегюр. Французскія афіцэры на бівуаку ў такія трагічныя часы абмяркоўвалі прычыну ўзнікнення ў гэтай мясцовасці моцных паўночных вятроў. Яны разглядалі правільныя шасціканечныя формы сняжынак і сталі сведкамі рэдкай гідраметэаралагічнай з’явы – з’яўлення на небасхіле яшчэ аднаго падманнага сонца [23]. Такая з’ява можа ўтварацца ў марозным паветры пры моцнай вільгаці. Рускі капітан Пушчын быў 29-га ў Белавічах, дзе яго данімаў “холад і вецер” [15].
На графіку Шарля Мінара тэмпература дня 28 лістапада ў Сцюдзёнцы складала -20°Р (-25°С), а 1 снежня ў раёне Мінска -24°Р (-30°С) [41]. Па назіраннях хірурга Ларрэя 30 лістапада назіралася тэмпература -20°Р (-25°С) [1], Напаліён начаваў у гэты дзень у Плешчаніцах, а назаўтра – у Стайках. 1 снежня, каб сагрэцца, Імператар ішоў услед за сваім экіпажам. 2 снежня ён праз Ілію дабраўся да Сяльца. 3 снежня Імператар прыбыў у Маладзечна. Тэмпература паветра ў Маладзечна апусцілася да -30°С, Нягледзячы на мароз, Сегюр дзень 3 снежня апісаў як “цудоўны, сонца зіхацела, холад быў цярпімы” [23]. Назаўтра быў моцны вецер, 4 снежня ійшоў снег [15]. Рускія войскі пад камандай графа Вітгенштэйна 3 снежня знаходзіліся ля в.Харашэўкі, ад моцнай сцюжы салдат размясцілі для начлегу па мясцовых вёсках [36].
Напаліён з Маладзечна пераехаў у Смаргонь. Адтуль пасля вячэрняй нарады 5 снежня выехаў на Ашмяны, куды прыбыў каля поўначы і туды ж у 16 гадзін прыйшла 34-ая французская дзівізія. Мароз ноччу быў вельмі моцны ніжэй 20° Рэамюра па ўспамінах Ф.Сегюра (у К.Фламарыёна нават -35°С) і ў экскорце Напаліёна засталося толькі 36 улан [39]. Успаміны Ларрэя: “У Смаргоні снег пачаў ісці крышталямі ў выглядзе зорачак. Гэта з’ява стала прадвеснікам моцнага марозу і, сапраўды, ноччу, калі стаялі на бівуаку, ртуць знізілася да 18 градусаў, і хутка да 19, 20, 21 градусаў Рэамюра. Яшчэ да прыходу ў Смаргонь рэкі замёрзлі. Калі ўвайшлі ў Ашмяны мой тэрмометр паказываў 25 градусаў, ноччу 26, на світанні стаяў на 27, у Медніках на 28 градусах. Паміж дзённай і начной тэмпературай не было ніякай розніцы. Сонечныя промні не маглі сагрэць густую атмасферу. Нас ахутваў нейкі дзіўны туман” (радыяцыйны туман, які ўтвараецца пры моцным ахалоджванні падсцілаючай паверхні – Р.А.) [23]. Пасля кароткага адпачынку ў прадмесці Вільні французскі Імператар са сваім шталмейсцерам Арманам Каленкурам 6 снежня выехаў у Коўна. Тэрмометр Каленкура апусціўся ніжэй 20 градусаў Рэамюра і Напаліён так замёрз, што стукаў ад пераахалоджвання зубамі. Пры ад’ездзе з нашай краіны французскі Імператар прычынай сваіх няўдач апошняй вайны назваў клімат [10]. На мяжы ў Вількавішках Напаліён перасеў у сані, бо снегу было многа і на карэце рухацца далей было немагчыма.
Пасля яго ад’езду шостага снежня надвор’е яшчэ больш пагоршылася, “у паветры лёталі ледзяныя іголкі, птушкі падалі замерзлымі ў палёце. Атмасфера была нерухомай і бязгучнай” [23]. 6 снежня ў раёне Маладзечна тэмпература апусцілася да -30°Р, або -37.5°С [1]. Такі ж паказчык тэпературы паветра ў Маладзечна паўтарыў на сваім графіку і Шарль Мінар, апошняя адзнака на яго графіку -26°Р (-32.5°С) у Вільні за 7 снежня [41]. Тэмпература -26°С за 8 снежня ўказана ў рускім выданні кнігі Філіпа Сегюра [23], але правільна ў градусах Рэамюра. А медык Франсуа (Руа) ўказваў яшчэ ніжэйшую тэмпературу за гэты дзень: “7-га тэмпература знізілася да 28° ніжэй нуля па Рэамюру (-35°С) [12]. Тэрмометр Марэнгонэ раніцай 7-га на бівуаку паказваў -24°, а ноччу -29.5°Р. Назаўтра раніцай ртуць тэрмометра сабралася ў цюбіку. І калі Марэнгонэ разбіў тэрмометр, яна аказалася цвёрдай, як куля [28]. Ртуць звычайна замярзае пры тэмпературы паветра ніжэй 39 градусаў марозу. Ад такой нізкай тэмпературы многія салдаты трацілі розум і іх называлі беларускім словам “дурні”. Капітан Куанье быў сведкам таго, што салдаты на вуліцах Вільні не вытрымлівалі звышнізкіх тэмператур і паміралі, нават вароны ў горадзе замярзалі зажыва [14]. 9 снежня, калі асноўная частка французскага войска дасягла Вільні, яно на працягу 10 гадзін не магло ўвайсці ў горад, бо пры моцным 28-градусным марозе мясцовыя вышыні аказаліся зледзянелымі і неадольнымі для змучаных і хворых салдат [23]. Мінімальны экстрэмум гадавой тэмпературы 1812 года ў Парыжы прыпаў на той жа дзень. Так 9 снежня 1812 года назіральнікі Парыжскай абсерваторыі зарэгістравалі гадавы мінімум -10.6°С [І]. 14 снежня ў Вільні тэмпература паветра складала -21°Р. Неба было бязвоблачнае, з-за сцюжы сонца было бляклым [28].
Вільню ўтрымаць французы не змаглі. Пры адступленні з горада пад агнём рускага войска яны забуксавалі на зледзянелых Панарскіх вышынях і гэта адступленне было названа “Панарскай катастрофай” [23].
Нізкія тэмпературы, пранізлівы вецер, мяцеліцы, снежныя заносы, галаледзіцы, пераправы ў ледзяной вадзе, раздарожжа, дрэннае адзенне і абутак, голад, немагчымасць ужывання цёплай ежы, адсутнасць якаснага адпачынку, абмаражэнні і хваробы згубілі “Вялікую армію” не менш, чым непрыяцельскія кулі. Толькі пры пераходзе ад Смаргоні да Вільні загінулі ад марозу 20 тысяч французаў. Ад неспрыяльных умоў надвор’я вялікія страты былі і ў расійскай арміі. Ад Малаяраслаўца да Вільні дайшла толькі трэцяя частка расійскага войска.
У другой палове снежня рэшткі французскай арміі перайшлі за Неман на тэрыторыю Прусіі. Дзякуючы моцным маразам Неман быў пакрыты тоўстым слоем ільда, што аблегчыла пераправу французам. Вайна 1812 года на беларускай тэрыторыі была скончана. На частку французскага войска, якая дайшла да Кёнігсберга, абрынуўся яшчэ адзін кліматычны іспыт. Тэмпература паветра за адзін дзень паднялася тут на 20 градусаў і салдаты пачалі масава паміраць ад тэмпературнага шоку [23].


Графік хода тэмпературы паветра падчас адступлення Вялікай Арміі ў 1812 годзе



Графік хода тэмпературы паветра за два месяцы адступлення Вялікай Арміі ад Масквы да выхаду з тэрыторыі Расійскай Імперыі мае наступны характар. Тэмпературная крывая у другой палове кастрычніка паступова паніжаецца, адпавядае кліматычнай норме. У далейшым яна мае два экстрэмумы-мінімумы, якія прыходзяцца на сярэдзіну дістапада і першую дэкаду снежня.
У сярэдзіне кастрычніка дзённая тэмпература паветра была даволі цёплай, перавышала +10°С, надвор’е было ясным. Далей тэмпература паветра паволі зніжалася, асабліва ў час даждлівага перыяду з 22-га па 24-е кастрычніка. З 27-га пачаліся начныя замаразкі, раніцай назіраліся халодныя туманы. Кароткачасовы мароз прыблізна да -7°С адзначаўся 29-га. Пасля на працягу двух дзён па 1-е лістапада назіралася камфортнае, даволі цёплае надвор’е. З 3-га лістапада пачало ўстанаўлівацца снегавое покрыва. Выпадзенне снегу з моцнымі вятрамі адзначалася ў наступныя пяць дзён па 8 лістапада на фоне паніжэння тэмпературы. У наступныя дні дзённыя тэмпературы складалі 15-16°С, начныя паніжаліся да 26-27°С. Наступленне цёплых паветраных масс к 17 лістапада вызвала рэзкі скачок тэмпературы да плюсавых значэнняў на працягу 18-22 лістапада. Рэзкае пацяпленне стала прычынай парушэння маладога лядовага покрыва на рэках. З 23 лістапада на тэрыторыю Беларусі стала паступаць халоднае паўночнае паветра, якое ўсталявалася на доўгі перыяд аж па студзень наступнага года. У выніку дзённыя і начныя тэмпературы сталі рэзка зніжацца, дасягаючы мінімума з 5-га па 8-е снежня каля -37.5°С, -39°С па дадзеных французскіх афіцэраў.

Графік хода тэмпературы французскага інжынера Шарля Мінара


Як бачым графік хода тэмпературы Шарля МІнара мае прыблізны характар і тычыцца толькі некаторых пунктаў, таму ён не адлюстроўвае ўсёй складанай карціны кліматычных умоў восені-пачатку зімы 1812 года.


Па назіраннях дактароў і штаб-лекараў Віцебскай і Мінскай Урачэбных упраў рэкі сталі канчаткова ў апошніх днях лістапада і тады ж пачалася зіма. Сярэдняя тэмпература снежня ў Вільне склала -12.2°С. Для параўнання сярэдняя тэмпература таго ж месяца ў 1811 годзе была ўсяго 0°С. У снежні па апісанню штаб-лекара Барысаўскага павета часта выпадалі снягі і “вышэйшыя ступені холаду” ў павеце даходзілі да 30 градусаў Рэамюравых (-37.5°С), што падцвярджае вымярэнні французаў.
Па медыка-фізічнай ведамасці лекара Ігуменскага павета Ігнація Пацаноўскага зімой стаялі жорсткія марозы, падчас якіх тэмпература паветра апускалася да -27° Рэамюра, што складае -33.75°С, снегу было умерана [8]. Спасылка на экстрэмальна нізкую тэмпературу па Віцебскай губерніі за 20 студзеня 1813 года -33° Рэамюра, або -41.25°С утрымліваецца ў гадавой медыцынскай ведамасці губерніі [45]. Вельмі прыгожую характарыстыку зімы 1812-1813 гадоў даў Дзінабургскі магістр медыцыны і хірургіі Арлоўскі: “жестокая, снегом обильная, морозы торжествующие” [45].
Вясна 1813 года на тэрыторыі Мінскай губерніі па характарыстыцы штаб-лекараў была большай часткай сухая, з прымаразкамі да паловы мая. Рэкі ўзняліся рана, але паводкі значнай не было. 13 сакавіка ўскрыўся Сож [5], 22-23 сакавіка - Заходняя Дзвіна, якая была пад ільдом 147 дзён. 6 красавіка апоўдні каля 15 гадзін у Віцебску падчас навальніцы падаў буйны град велічынёй з арэх [46].
Лета пачалося даволі пагодным надвор’ем, але пасля было даждлівым, навальніц было мала, жары былі умераныя да +20° па Рэамюру. Полацкі штаб-лекар Мядоўнікаў адзначыў, што “хаця лета было мокрае, але ўраджай быў дастатковы. Бесперапынныя дажджы перашкаджалі ўборцы, лугі знаходзіліся пад вадой” [45].
У Ігуменскім павеце ўраджай на садовыя плады быў невялікі, але лясныя ягады ўрадзілі. Неблагі ўраджай на хлябы быў у Пінскім павеце, праўда, месцамі падмок. А ў Полацку і Веліжы [45] павятовыя штаб-лекары адзначалі пасрэдны ўраджай. Восенню з паловы верасня пачаліся бесперапынныя дажджы, ад іх з паловы кастрычніка ўтварыліся паводкі, якія зносілі грэблі і масты. Марозы пачаліся з 19 лістапада. Рэкі замерзлі ў першых лічбах снежня. А з пачатку снежня тэмпература паветра падала да -20° Рэамюра (-25°С).
Калі коратка падагуліць кліматычныя асаблівасці 1813 года, то атрымаем суровую і снежную зіму, цёплую вясну, даждлівае лета с халодным жніўнем, восень з паводкамі і незвычайна гарачым канцом лістапада і рэзкім пераходам да зімы.
Клімат за ўвесь разглядаемы перыяд 1810-1813 гадоў можна ахарактэрызаваць як умераны, з узрастаннем кантынентальных рысаў, асабліва марознасці зім. Апошні фактар небяспечны для жыццядзейнасці чалавека ў мірны перыяд і, тым больш, - у час палявых ваенных дзеянняў. Пралік Напаліёна быў менавіта ў тым, што ён не улічыў уздзеянне суровага мясцовага клімата на сваіх салдат і афіцэраў, жыхароў паўднёвых краін. Між тым рускія воіны былі прыспасоблены да нізкіх, звычайных для іх зімовых тэмператур. Хаця і сярод іх было многа абмарожаных і хворых. Не ўлічыў Напаліён і іншыя негатыўныя метэаралагічныя фактары – магчымасць ранняга ўстанаўлення снегавога покрыва, нестабільнасць восеньскіх тэмператур, чаргаванне адліг з марознымі перыядамі і з наследуючымі іх галалёдамі, якія не давалі магчымасці ажыццяўляць плануемы рух войскаў. І самы, бадай, знакаміты негатыўны прыродны фактар – адсутнасць стабільнага лёдавага покрыва на вадаёмах Беларусі на працягу лістапада і зімой у час пацяпленняў, сыграў сваю ракавую ролю падчас Бярэзінскай пераправы. Але, заслуга Напаліёна ў тым, што ён першым зрабіў спробу гідраметэаралагічнага забеспячэння дзеючай арміі, выкарыстоўваючы палявыя метэаралагічныя назіранні. Расійскае МВД таксама з 1812 года праз павятовых дактароў і штаб-лекараў пачало рэгулярныя метэаралагічныя назіранні на тэрыторыі беларускіх губерній, якія стала выкарыстоўваць для сваіх патрэб, асабліва медыцынскіх.





Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Віцебску за 1810-1812 гг. (стары стыль, °Р)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 - - - 5.22 8.65 14.23 15.16 12.97 7.71 1.98 -2.17 -6.46
1811 -6.57 -4.04 -0.85 5.66 12.71 14.33 13.90 12.59 5.81 0.82 0.06 -3.47
1812 -13.17 -6.16 - - - - - - - - - -

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Віцебску за 1810-1830 гг. (стары стыль, °Р)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
3.79 -6.87 -4.74 -0.44 5.90 10.90 13.61 15.82 12.77 7.82 1.31 -3.63 -6.99

Лік дзён са снегам і дажджом ў Віцебску (стары стыль)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 - - - 10 14 7 5 5 4 14 17 13
1811 8 8 12 8 4 7 11 4 8 7 9 17
1812 10 11 - - - - - - - - - -

Сярэднія месячныя і гадавыя тэмпературы паветра ў Віцебску за 1810-1846 гг. (інтэрпаляцыя, новы стыль, °Р і °С)

Гад. І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
3.48Р -6.76 -5.68 -2.23 3.21 8.58 11.81 14.40 13.32 9.18 3.50 -1.81 -5.76
4.35С -8.45 -7.10 -2.79 4.01 10.73 14.76 18.00 16.65 11.48 4.38 -2.26 -7.20

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Варшаве за 1810-1812 гг. (новы стыль, °С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 -2.4 -1.6 0.5 4.1 11.5 13.1 18.4 16.8 13.9 5.8 2.6 -0.2
1811 -7.1 -3.6 2.7 5.7 16.5 22.7 22.8 20.3 12.8 9.7 2.2 0
1812 -8.3 -2.9 1.2 3.7 12.7 17.8 18.8 18.1 11.6 10.2 -0.2 -10.5

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Вільні за 1810-1812 гг. (новы стыль, °С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 -3.8 -3.7 -2.5 2.5 11.2 14.2 19.4 18.1 13.9 6.0 0.6 -1.4
1811 -8.1 -5.9 1.8 4.2 16.7 20.6 21.5 19.6 11.6 6.2 1.7 0
1812 -9.2 -5.7 -0.7 2.8 11.0 17.0 19.1 20.3 11.1 9.0 -0.9 -12.2

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Маскве за 1810-1812 гг. (°С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 - -7.6 -4.4 0.8 10.2 15.5 19.1 18.3 10.7 2.9 -4.8 -6.1
1811 -15.2 -10.9 -2.8 -0.9 12.9 20.7 18.0 19.5 8.9 -0.8 -3.2 -3.5
1812 -8.9 -11.3 -7.5 1.4 10.2 16.6 20.6 21.1 - - - -

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Парыжы за 1810-1812 гг. (новы стыль, °С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 -1.7 2.8 8.1 9.3 13.7 17.0 17.8 17.6 17.8 11.6 7.8 5.3
1811 -0.4 7.1 9.1 11.9 17.2 17.4 19.3 17.7 16.8 14.4 8.5 4.6
1812 1.5 6.2 5.7 7.5 15.6 16.1 17.5 18.0 15.4 11.9 4.3 -1.0

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Парыжы за 1806-1820 гг. (новы стыль, °С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
10.6 2.1 4.8 6.3 9.6 14.8 16.5 18.5 18.0 15.4 11.1 6.4 3.4

Сярэднія месячныя тэмпературы паветра ў Мінску за 1810-1813 гг. (інтэрпаляцыя, °С)

Год І IІ ІІІ IV V VI VII VIII IX X XI XII
1810 -2,9 -4.0 -1,7 2,7 11 14.1 18.8 17.5 12.7 4.8 -0.3 -2.5
1811 -10.1 -6.5 0.6 3.2 15.3 21.5 20.9 19.9 11.2 5.5 0.2 -1,2
1812 -10.4 -6.9 -2.9 3.1 11.6 17.3 19.6 19.7 11.6 9.4 -0.4 -11.1
1813 -11.6 -4.4 -0.9 7.1 11.9 14.4 19.6 17.0 14.2 6.6 4.6 -4.4



“Ведомости медико-физические Борисовского уезда за 1812 год”

Весна Реки открылись в начале апреля месяца. Прозябения начались показываться в
начале мая месяца. Весна была постоянна, степень влажности воздуха была
28 цалей, наводнения не было.
Лето Лето было сухо и открылось около 10 мая. Жары и засухи были сильные.
Средний степень жара было 12°, а высочайший 26° Реомюрских; громы были
часто, найпаче в июле месяце.
Осень Осень настала в начале сентября и была сухой, ветры наиболее из севера,
хлеба было в изобилии.
Зима Реки стали в последней половине ноября месяца. Зима была постоянная,
средней степени холода было 15°, а высочайшая 30° Реомюрских [8].


«Топографические замечания по Витебской губернии за 1813 год»

Зима С большим снегом и сильными морозами, давление максимальное 21 декабря, 5 и 6 января до 28 дюймов 2,5 линии; минимальное давление 23 февраля 26 дюймов 9,5 линий; “самая большая стужа” по термометру Реомюра -33° 20 января.
Весна Вначале тёплая, затем сырая. Наивысшее давление 26-27 марта, низкое 6-7 апреля. “Наивысшая теплота” +20° Реомюра 11 и 22 мая, “наибольшая стужа” 4 марта -13° Реомюра.
Лето Большей частью мокрое, в конце – жаркое. Самое высокое давление 25-25 августа, самое низкое – 22 июля. Средняя температура лета +16° Реомюра, наибольшая теплота +23° Реомюра 15 июля, наименьшая +6° Реомюра 20 и 24 августа. Дождливых дней летом – 20, гроз – 10.
Осень Мокрая, дней с дождём 23, со снегом – 12, с туманом - 8. Максимальное
давление 11 октября, наименьшее – 5-6 ноября. Наибольшая теплота +16,5°
Реомюра 30 ноября, минимальная температура -1° Реомюра 25 сентября
[45].

Выкарыстаныя крыніцы і літаратура:

1. Камилл Фламмарион. Атмосфера. Общепонятная метеорология. Полное описание воздушных явлений на земном шаре, СПб, 1900, сс. 338-340, 619.
2. Ваховский В. Климатическое описание Витебской губернии, Вит., 1862.
3. Борисенков Е.П., Пасецкий В.М. Летопись необычайных явлений природы, СПб, 2003, сс. 408, 409.
4. Книга о погодах Могилёвской гимназии, 1808-1811 гг.
5. Штукенберг И. Гидрография Российской империи, СПб, 1844-1849.
6. Живописная Россия, т.3, СПб, 1882, сс. 66, 67, 154, 155.
7. Мальдзіс І. Падарожжа ў дзевятнаццаты век, Мн., 1969, с. 109.
8. НГАБ, фонд 134. вопіс 1, справа 256 (Минская Врачебная Управа, 1813 год).
9. Памятная книга Виленского генерал-губернаторства на 1868 год, Вил., с. 30.
10. Арман де Коленкур. Мемуары. Поход Наполеона в Россию., Жуковский-Москва, 2002.
11. Клаузевиц Карл. Поход в Россию.1812 год, Захаров, 2004.
12. Мерсье Франсуа (И.Руа). Воспоминания о кампании 1812 года и о двух годах плена в России, СПб, 1912.
13. Письма Наполеона к жене // Тарле Е.В. Нашествие Наполеона в Россию. 1812 год, М., 1941.
14. Куанье. Записные книжки капитана // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
15. Дневник Павла Пущина 1812-1814, Л., ЛГУ, 1987.
16. Глинка С. Из записок о 1812 годе // Библиотека Интернет-проекта “1812 год”.
17. Лоажье Цезарь. Дневник офицера Великой Армии, М., Задруга, 1912.
18. Де ла Флиз. Поход Наполеона в Россию в 1812 году, М., Наследие, 2003.
19. Описание войны в 1812 году, по высочайшему повелению сочинённое генерал-лейтенантом А.И.Михайловским-Данилевским, СПб., 1839.
20. Воспоминания хирурга Ларрея Ж.Д. // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
21. Роос Г. С Наполеоном в Россию. Воспоминания врача о походе в 1812 г. СПб, 1912.
22. Воспоминания Гриуа // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
23. Сегюр Филипп. Поход в Москву в 1812 году, М., 1911.
24. Воспоминания Лабома // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
25. Воспоминания Комба // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
26. Воспоминания сержанта Бургоня А.Ж.Б., СПб, 1898.
27. Воспоминания Кастеллане // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
28. Маренгоне Вьон де // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
29. Воспоминания Боссе // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
30. Могилёвская старина., вып. 1-3, 1900-1903.
31. Памятная книга Витебской губернии на 1864 год, СПб, 1864, с. 99.
32. Веселовский К.С. О климате России, 1857.
33. Воспоминания Мартье // Французы в России. 1812 год по воспоминаниям современников-иностранцев, М., Задруга, 1912.
34. Календарь Наполеона 1812 год, М., 1912.
35. Давыдов Д.В. Мороз ли истребил французскую армию в 1812 г. // Библиотека Интернет-проекта “1812 год”.
36. Бутурлин Д.П. История нашествия Императора Наполеона на Россю в 1812 году, ч.2, СПб, 1838.
37. Chambray G. Histoire de l’Expedecion de Russia, Par., 1823.
38. Дембовецкий А. Опыт описания Могилёвской губернии, Мог., 1882, сс. 144-145.
39. 29-й Бюллетень Великой Армии. Молодечно. Декабря 3 дня 1812.
40. Интернетсайт «Война 1812 года на Смоленщине», 2012.
41. Шарль Минар. Картосхема похода Наполеона с графиком температур, 1869.
42. Грачёв В.И. Письма французского офицера из г.Смоленска в 1812 году // Библиотека Интернет-проекта «1812 год».
43. Отечественная война 1812 года. Энциклопедия. М., РОССПЭН, 2004, сс. 63, 64, 84, 143, 532, 537.
44. Журнал военных действий с 3(15) по 7(19) ноября 1812 года Генерал-фельдмаршала Кутузова // Библиотека Интернет-проекта «1812 год».
45. НГАБ, фонд 2513, вопіс 1, справа 25 (Витебская Врачебная Управа, 1813 год).
46. Памятная книга Витебской губернии на 1865 год, с. 116.
Гидрометеорологические наблюдения в Полоцке | История метеонаблюдений в Витебске
Комментарии (1)
pavel kauryha # 14 ноября 2013 в 18:15 +2
Вельмі глыбокі і дасканалы агляд і асабісты аналіз тых далёкіх метэаралагічных умоў вайны з Напалеонам. Генерал зіма мела сваё значэнне ў перамозе над захопнікамі -- беснаватым як і Гітлерам, так і Напалеонам. Раіса Ільінічна аддана папрацавала, скурпулёзна сабрала раскінуты па самых розных крыніцах фактычны матэрыял назіранняў за надвор'ем, апрацавала і абагульніла яго як спецыяліст-метэаролаг, спецыяліст-сіноптык, якая шмат гадоў прапрацавала ў аддзеле сіноптыкі і не згубіла сваю кваліфікацыюі на сёняшні дзень, радуе нас цікавымі матэрыяламі.

Вялікі дзякуй!