Наверх

Аб тапаніміі тыпу ПЕЛІКА, ПЕЛЬ

Опубликовано: 391 день назад (13 октября 2013)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 1 раз — 18 октября 2013
Просмотров: 142
+2
Голосов: 2
Геаграфічныя рэаліі тапаніміі тыпу ПЕЛІКА, ПЕЛЬ

У нумары 26 “Краязнаўчай газеты” за ліпень гэтага года ў цудоўным артыкуле пра “памяць стагоддзяў у беларускіх тапонімах” перакладчыка Якуба Лапаткі ўпамінаецца і назва мясціны Пеліка на Расоншчыне. Для аўтара паходжанне і этымалогія тапоніма засталася таямніцай. Нажаль ён не апісаў, што гэта за мясціна. Між тым тып і фізіка-геаграфічная характарыстыка аб’екта тапаніміі іграе галоўную ролю пары вызначэнні этымалогіі.
Перш за ўсё пашукаем аналагічныя тапонімы на тэрыторыі нашай краіны. А іх багата, гэта і населеныя пункты і назвы прыродных урочышч. Сярод іх выдзяляюцца назвы балот і асабліва тарфяных балот. Ёсць цудоўная крыніца для тапанімічных даследаванняў – гэта апісанне тарфяных радовішчаў БССР 1955 года. Адтуль возьмем спіс назваў балот аналагаў (з былым адміністратыўным падзелам): Апеліца (Лепельскі раён); Гачаўская Пель, Запелямі, Стаўпельскае (Васілевіцкі раён), Харупель (Клецкі раён); Пелле (Капаткевіцкі раён); Вялікая Пель, Дубоўская Пель, Малая Пель (Хойніцкі раён); Пелева (Чачэрскі раён).
Адсюль выцякае магчымае сэнсавае значэнне асновы ПЕЛЬ як “тарфянае балота”. Падцвярджэннем гэтай этымалогіі з’яўляецца літоўскі многазначны тэрмін PELKE “балота, тарфянік, багна, мокры луг, лужына”. Балцкае паходжанне гідраніміі гэтага тыпу прызнавалі класікі тапанімічнай навукі ад А.Качубінскага, А.Пагодзіна, К.Буга да нашага В.А.Жучкевіча. Даследаваннем падобнай тапаніміі на тэрыторыі БССР займаўся і Н.І.Талстой (1967). У яго беларускае ПЕЛЬКА “палонка”, на Гомельшчыне ПЕЛ “чыстае, не парослае лесам і кустамі балота”, ПЕЛА “нізкае, мокрае месца ў лесе, парослае травой, ці мохам”, “нізкі, незаараны участак поля, дзе стаіць вада”, “больш сухое месца на балоце”.
У “Мікратапаніміі Беларусі” (1974) прыведзена мноства падобных мікратапонімаў. Пеліка – лес ля в.Навасёлкі Бярэзінскага раёна. Пеля – “поле і лес, пасека” ў Старадарожскім раёне. Пеляка – “пустое поле” ля в.Рудня Астравітая Чэрвенскага раёна. Пеляхі – “урочышча, пасека” ў Старадарожскім раёне. Пялекі – “урочышча, лес” ля в.Старыя Смільгіні Воранаўскага раёна.
Аналагічныя назвы маюць і водныя аб’екты, якія знаходзяцца на забалочанай мясцовасці. Сярод іх возера Палік (Пелік) ў Барысаўскім раёне, возера Пеліканы ў Браслаўскім раёне ў басейне Дрысвяты, рака Пеляка – левы прыток Струны басейна Віліі, рака Пеляса – прыток Котры, басейна Немана, рака Пела - правы прыток Віліі, басейна Немана. Другаснымі, утворанымі ад назваў балот і водных аб’ектаў, з’ўляюцца назвы населеных пунктаў, сярод іх: Пелека Смалявіцкага, Пелюкі Дзяржынскага, Пеляўцы Шчучынскага, Пелькаўшчына Іўеўскага, Пеляса Воранаўскага, Пелішча Камянецкага, Пеляка Пастаўскага, Пялікі Шаркаўшчынскага раёна і іншыя.
Нельга не звярнуць увагу на шырокую распаўсюджанасць тапаніміі на ПЕЛ-, у тым ліку на поўдні рэспублікі, што сведчыць аб яе прыналежнасці да пласта старажытна-еўрапейскай тапаніміі. Магчымы і больш старажытныя сувязі, бо за межамі рэспублікі падобная гідранімія сустракаецца таксама. У рэспубліцы Комі ёсць рака Пела, яе назва выводзіцца з мовы комі як “крывая, звілістая”. А на Урале ў знакамітым метэарытам Чэбаркульским раёне цячэ рака Пель. Ёсць рака Пеля і ў Горкаўскай вобласці. Яе сапастаўляюць з мардоўскай асновай ПЕЛЬ “палова”, але гэта сапастаўленне для гідронімаў мала падыходзіць. У Кіраўскай вобласці адзначаны выраз “вада пеліць” у значэнні “вада круціцца”. А вось яшчэ прыклады з карэльскай гідраніміі: Пелеги, Пеледа, Пелено, Пелесем, Пелечь, Пелусозеро, Пелюга. А самы дзіўны роднасны гідронім адшукаўся ў басейне Верхняй Абі на тэрыторыі Ханты-Мансійскай Аўтаномнай Акругі – гэта назва ракі Пехгыщ-Пелик-Игол.
Улічваючы лінгвістычную стратыграфію можна ўказаць і на прамежкавасць асновы ПЕЛ- паміж ПЕС- і ПЕТ-, якія маюць звычайна “воднае” значэнне. Прыкладамі першай групы з’яўляюцца гідронімы Опса, Опсас, Песенка, Песна, Пестуніца, Псавец, Псёл, Псіжа, Псуя. Прыклады гідраніміі на ПЕТ-: рэкі Пет, Петас, Петенейка і Птань у басейне Акі; Пето, Петя-ярві, Петя-йокі у Карэліі; Пета-оя – прыток возера Анежскага; рака Пет на Верхняй Волзе; ручай Петь – прыток ракі Вялікай; рака Петьяха ў Мары-Эл; рэкі Гнилопять і Чернопеть у Еўрапейскай частцы РФ; Чэрпеціца, Прыпяць, Пціч у РБ.
Гісторыя метэаназіранняў у Быхаве | Вялікая вайна, або Першая Сусветная
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!