Наверх

Смагароўка і Слоўсць

Опубликовано: 1515 дней назад (9 декабря 2014)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 3 раза — последний 9 декабря 2014
Просмотров: 1458
+3
Голосов: 3
Смагароўка і Слоўсць
(Артыкул надрукаваны ў лістападаўскім нумары “Краязнаўчай газеты” №44 (541) за 2014 год)

У нумары 39-м “Краязнаўчай газеты” пісьменнік Уладзімір Шулякоўскі напісаў пра няўдалае напісанне дарожнымі службамі назвы вёскі Смагароўка Чэрвенскага раёна. Мяне здаўна цікавіць той жа тапонім і вось чаму. Ля нашай вёскі Лагоўская Слабада Мінскага раёна, перайначанай чыноўнікамі у 1981 годзе на Лугавую Слабаду, працякае рэчачка Слоўсць (Слоуст). Вытокі яе былі раней з крыніц ля вёсак Загор’е і Заямачнае паблізу пасёлка Сосны, цяпер гэтых крыніц няма, але рэчачка яшчэ прабівае сваю дарогу сярод бяскрайніх сельгаспалёў на поўдзень да ракі Волмы. У “Слоўніку Геаграфічным каралеўства Польскага” напісана, што Слоўсць цячэ лясамі апчацкімі і вельмі рыбная. Лясоў тых даўно ў паміне няма, яўрэі-прадпрымальнікі выразалі яшчэ да рэвалюцыі, а кудзеркавыя вербы і чорныя алешыны патрушчылі савецкія меліяратары ў сярэдзіне 50-х гадоў. Рыбы таксама мала, а ракі, якія аж кішэлі ў 50-я гады, зніклі беспаваротна ад прымяняемых у сельскай гаспадарцы хімічных угнаенняў. Цяпер Слоўсць – гэта меліярацыйны канал, даўжыня ад вытокаў да ўпадзення ў Волму каля 22 кілометраў.
Чытачы газеты могуць спытацца, а прычым да Смагароўкі рэчка пад назвай Слоўсць? Паспяшаю адказаць – мае самае прамое дачыненне. Справа ў тым, што рэчка Слоўсць упадае ў Волму як раз за вёскай Смагароўка. І назва вёскі ўтворана менавіта ад назвы рэчкі, якая раней называлася Смоўсць, або Смавеж. А карэнныя жыхары вёскі Апчак і Лагоўскай Слабады рэчку і цяпер завуць Смоўж. Такі варыянт назвы нават зарэгістраваў мой былы настаўнік прафесар Вадзім Андрэевіч Жучкевіч.
У “Блакітнай кнізе Беларусі” (1994) вытокі Слоўсці занеслі аж на дзесятак кілометраў убок. Невядомы аўтар артыкула напісаў, што Слоўсць пачынаецца за 1 км на ПдЗ ад в. Лебядзінец. Праўда, непадалёку ад Лебядзінца з балота выцякала раней з вузкай даліны пад назвай Язвы рэчачка Язвінка, цяпер танюсенькі канал адсюль ўпадае з правага боку за Апчаком у Слоўсць. Літаральна на днях пабывала ў гэтым месцы і жахнулася. Сучасныя магутныя бульдозеры Бярэзінскай ПМС знішчаюць пойменныя прыгожыя бярэзнікі і альшанікі, якія палаюць у кастрах. А гэта ж зусім побач з Мінскам. Няўжо да гэтага часу меліяратары не разумеюць, што невялічкае балота з рэчачкай прынясе больш карысці для мінчан, чым высушанае поле. Тым больш, што побач сельгаспалі актыўна займаюцца пад забудову. І гэта таксама няправільна.
А з былога дрыгвяністага “Страшнога балотца” ля в.Гузгалаўка пачыналася яшчэ адна рэчачка Смавежка, якая ўпадала ў большую Смавежу за Слабадой. Цяпер гэта амаль сухі канал, у які часта прарываюцца сцёчныя воды з пасёлка былога саўгаса “Волма”, а ў гэтым годзе сюды правялі падземны калектар-сцёк з прадпрыемстваў, якія будуюцца на месцы былых фермаў саўгаса. Ну і мясцовыя новыя забудоўшчыкі актыўна забруджваюць гэты канал сваім бытавым і будаўнічым смеццем. Але вернемся ад экалогіі да тапаніміі.
Тлумачэнне Уладзімірам Шулякоўскім назвы Смагароўка ад слова СМАГА, якое вельмі падобна па гучанню, можна лічыць толькі народнай этымалогіяй. У аснове любой назвы воднага аб’екта ляжыць старажытны водны геаграфічны тэрмін, гэта навуковая аксіёма. Трэба толькі знайсці такі тэрмін у жывых, або мёртвых мовах. З гістарычных варыянтаў назвы рэчкі Слоўсць - Смоўж (Смовж, Смовеж), Смоўсць (Смовсть) выдзялем дзве асновы: СМ- + -ВЖ-/-ВС-. І першая, і другая асновы добра вядомы ў гідраніміі. Прыклады першай асновы ў гідронімах: Асмато, Смердзь, Смержаў, Смонка, Соміна, Сомінскае, Усмынь. А ў Міёрскім раёне знаходзіцца поўны аналаг па назве – возера Смоўж.
Другая аснова -ВЖ-/-ВС- яшчэ больш распаўсюджана, яе значэнне простае – “вада”. А што ж азначае першы корань? Семантыка асновы таксама ясная - “балота”. Прыклады захаваліся ў старажытнаславянскай, польскай і іншых мовах. Нават у сучаснай беларушчыне існуе геаграфічны тэрмін СМУГА “слабы сцёк вады з балота, “туман над балотам”. Цікава, што злева ў Слоўсць упадае ручай Сямёнаўка. Так незразумелы ўжо для позніх насельнікаў края корань СМ- ператварылі ў знаёмае хрысціянскае імя Сямён.
Вядомыя савецкія тапанімісты В.Н.Топароў і О.Н.Трубачоў у “Лінгвістычным аналізе гідронімаў Верхняга Падняпроў’я” прыводзілі і варыянтную назву нашай ракі - Смоласць. Адкуль яны ўзялі такі варыянт невядома. Гідронім Смоласць сапастаўляўся імі з літоўскім Smalstys. Значэнне апошняга вучоныя не прыводзілі.
Для нашай этымалогіі фізіка-геаграфічныя доказы самыя лепшыя – рэчка Смоўж працякала раней па вельмі забалочанай мясцовасці. Ды і цяпер басейн Смаўжы-Слоўсці ахоплівае вялізарны масіў асушаных і неасушаных балот.
Вернемся яшчэ раз да кнігі Топарава і Трубачова. Дык вось, знайшла там яшчэ назву ракі Смогоревки (варыянт Смогорянка і Морчанка), прытока Хмосці Дняпроўскай. Дарэчы ў назве Хмосці той жа старажытны корань *СМ-, толькі пераўтвораны ў працэсе гістарычнага развіцця ў ХМ-. Яшчэ адна вёска Смагароўка існавала да рэвалюцыі ў Беластоцкім павеце. Так што, назва Смагароўка не адзіная на гэтым свеце і паходзіць ад старажытнага геаграфічнага тэрміна. Яна сведчыць, што вёска стаіць на рэчцы, якая працякала і працякае па нізіннай балоцістай мясцовасці. Што ж тычыцца напісання назваў на дарожных указальніках, то тут недарэчнасці па кожнай другой назве. Значыць, такія ў аўтадораўцаў навуковыя эксперты. Назву трэба напісаць правільна.
Смагароўка пасля пракладкі ў 30-я гады мінулага стагоддзя прамой аўтатрассы на Чэрвень аказалася ў баку ад новай дарогі. А да гэтага яна знаходзілася ў больш выгадным становішчы з левага боку старога Ігуменскага тракта. А з другога боку за трактам ішло рэчышча Смоўсці.
Аўтар цікавых успамінаў “Рысы майго пакалення” мясцовы ўраджэнец, геолаг Вячаслаў Шыдлоўскі ўпамінаў і варыянтную назву вёскі Смагароўка – Уласаўцы. Назва магла быць утворана ад асабовага імя Улас, або ад тэрміна “уласнасць на зямлю”. А закончу свой допіс адной цікавай здагадкай. Калісьці многа гадоў таму назад гісторык М.Ф.Спірыдонаў спытаў мяне, ці сустракала я ў нашай мясцовасці (паўднёвы ўсход Мінскага раёна) назву пасялення Ботчычы, якое ў сярэднявеччы ўваходзіла ў маёнтак Гатава-Новы Двор. Ён меркаваў, што Ботчычамі маглі раней называцца вёскі Забалацце, ці Дварэц, якія знаходзілася з розных бакоў велізарнага балота Омшар, па заходняй акраіне якога і працякае Слоўсць. Але ўлічваючы наступны тэкст гістарычнага дакумента XVІ стагоддзя, прыведзенага ў томе 14 АВАК (с.360): “В селе Ботчичах гоны бобровые рекою Волмою и рекою Смовстью водле стародавного обычаю, которых гонов добре ведоми подданные Бочицкие”, можна западозрыць, што Ботчычы маглі існаваць на месцы вёскі Смагароўка, або дзесьці паблізу. Баброў ля сучаснай Смагароўкі няма. А вось на балоце Омшар за Забалаццем назірала ў гэтым годзе пагрызеныя бабрамі дрэвы і хатку ў азярынцы.



Каменны валун у рэчышчы Слоўсці, які нагадвае маленькага
маманта, каля в.Дуброва Мінскага раёна. На гарызонце балота Омшар.


Слоўсць пасля выхада з Апчацкага балота


Святы камень на беразе Слоўсці ля былога Ігуменскага тракта


Напісанне в.Дуброва (націск на “о”) з памылкай як “Дубрава”
Таямнічыя люстэркі | Смілавічы і Дукора
Комментарии (1)
алексей саматыя # 26 октября 2017 в 14:41 0
Так, мая бабуля з Марцыбылишак называла рэчку Смоуж, на ей и мае дзяцинства прайшло. Верхнюю частку вельми перакапали у 1980 пры будауництве маскоускай шашы. Яшчэ дадам што тады рэчка значна харчавалася штучнай свидравинай-фантанам у Заямачным, дзе было и возера. Свидравину спынили у сярэдзине 1990х, тады и возера зникла, а рэчка амаль перасохла.