Наверх

Канфэрэнцыя ў Акадэміі навук да 100-годзьдзя БНР

Опубликовано: 99 дней назад (15 марта 2018)
Рубрика: Без рубрики
Просмотров: 393
+2
Голосов: 2
15 сакавік 2018
• Ігар Карней





Удзельнікі канфэрэнцыі да 100-годзьдзя БНР у Інстытуце гісторыі НАН

У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук 15 сакавіка пачала працу Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «БНР у гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці». На пленарным паседжаньні і ў сэкцыях будзе заслухана блізу паўсотні дакладаў.

У першы дзень канфэрэнцыі навукоўцы адзначалі, што, нягледзячы на ўсе складанасьці і супярэчнасьці, прыкметы дзяржаўнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі былі навідавоку. Лідэры БНР зрабілі практычныя крокі па арганізацыі гандлю, распрацавалі комплекс захадаў, накіраваных на стварэньне ўласнай фінансава-крэдытнай сыстэмы.
Народны сакратарыят БНР праводзіў рэгістрацыю беларускіх грамадзянаў, якім выдаваліся адпаведныя пасьведчаньні, а зь лета 1918-га быў уведзены агульнаграмадзянскі пашпарт БНР. Былі прынятыя атрыбуты дзяржаўнасьці: герб, сьцяг, пячатка. Найбольш значных посьпехаў Народны сакратарыят дасягнуў у галіне культурна-асьветніцкай дзейнасьці.

Інфармацыйны стэнд з тэмай канфэрэнцыі

Разам з тым неспрыяльныя геапалітычныя абставіны не дазволілі Беларусі дамагчыся дзяржаўнага сувэрэнітэту. БНР як дзяржава не адбылася, але зь яе абвяшчэньнем пытаньне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці ўвайшло ў парадак дня эўрапейскай геапалітыкі.
«Адбыцца як незалежная дзяржава: ня дзякуючы, а насуперак»
Аляксандар Каваленя, доктар гістарычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт НАН Беларусі
«Зразумела, што дзяржаваўтваральныя працэсы беларускага народу вядуць адлік не ад ХХ стагодзьдзя, яны маюць глыбінныя карані. Тым ня менш менавіта 1918 год стаў тым рубіконам, калі і грамадзтва, і нацыянальныя лідэры прыйшлі да разуменьня неабходнасьці стварэньня самастойнай рэспублікі з назвай Беларусь. Абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі не было выпадковай зьявай. Акурат у той няпросты і празьмерна супярэчлівы гістарычны пэрыяд сышліся аб’ектыўныя і суб’ектыўныя ўмовы для рэальнага афармленьня нацыянальнай дзяржаўнасьці. Ня дзякуючы, а насуперак усяму мы здолелі адбыцца як незалежная дзяржава».
«Пакутлівы шлях да сябе: генэзіс беларускай нацыянальнай ідэі»
Ігар Марзалюк, доктар гістарычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў
«Падзеі трэба аналізаваць зыходзячы з навуковых пазыцый. Абвясьціўшы 25 сакавіка незалежнасьць, беларускі рух разьвіваўся ў асноўным як антыпольскі. Антон Луцкевіч, будучы старшыня Рады народных міністраў, прызнаваў, што гэта супрацьвага шавіністычнаму польскаму рэжыму. У сваю чаргу, Нацыянальны сакратарыят падкрэсьліваў, што абвяшчэньне БНР ня ёсьць варожым актам супраць Расеі, толькі супраць бальшавікоў. То бок — ня здрада, не калябарацыя, а рэальная палітыка. Казаць пра БНР як „калябаранцкую дзяржаву“ таксама няма падставаў, бо ад 1925 году такога ўтварэньня не існавала, паўнамоцтвы былі перададзеныя БССР».

Літаратура, прысьвечаная абвяшчэньню незалежнасьці БНР

«Беларуская нацыянальная дзяржаўнасьць: народ, эліта, падзеі»
Мікалай Сьмяховіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык цэнтру новай і найноўшай гісторыі Беларусі Інстытуту гісторыі НАН
«Ці была БНР дзяржавай, або ўсё застопарылася на ўзроўні дзяржаўнасьці? Права нацыі на самастойнае разьвіцьцё не маглі падараваць беларусам ні расейскія бальшавікі, ні немцы. Таму гэта практычна ўвасобіў сам беларускі народ. Назва дзяржавы можа зьмяняцца, але дзяржаўнасьць застанецца — як права нацыі на самастойнае вызначэньне. Існуюць гістарычная і нацыянальная формы дзяржавы, БНР адносіцца якраз да нацыянальнай. Проста яна засталася недабудаванай, толькі і ўсяго. Па-першае, не дазволіла гістарычная сытуацыя. Па-другое, адсутнасьць кансалідацыі нацыянальнай эліты. Прыблізна як і сёньня: частка глядзіць на ўсход, іншыя — на захад».
«Беларуская Народная Рэспубліка: дзяржава ці ідэя дзяржавы?»
Яўген Мірановіч, доктар габілітаваны, прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту (Польшча)
«Я трымаюся тэзы, што ў сакавіку 1918 году меў месца працэс стварэньня дзяржавы. Аднак з шэрагу аб’ектыўных прычынаў — зьнешніх і ўнутраных — так і ня склалася перадумоваў, каб рэалізаваць праект на справе. Нехта бачыў сябе ў складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі, іншыя меліся будаваць савецкую беларускую дзяржаву, патрыёты настойвалі на поўнай аўтаноміі. Абвяшчэньне незалежнасьці не было аднагалосным — найперш псыхалягічна ня ўсе былі гатовыя, што парываюцца сувязі з Расеяй. У той жа час стаўка на Нямеччыну аказалася беспадстаўнай. Рэзкая зьмена арыентацыі з усходу на захад выклікала ўнутраны канфлікт у структурах беларускага руху».

Навуковая канфэрэнцыя да юбілею абвяшчэньня БНР

«Архіў пэрсонаў і падзеяў: дакумэнты БНР праз 100 гадоў»
Віктар Кураш, дырэктар Дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэрства юстыцыі Беларусі
«Захоўваюцца сотні сьведчаньняў, якія тычацца дзейнасьці актыву БНР, а таксама палітычных, вайсковых і культурніцкіх арганізацый. Група дакумэнтаў дыпляматычнага характару — па мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы 1919 году, Рыскай дамове і канфэрэнцыі Лігі Нацый у Жэнэве 1921 году. Зьвесткі, якія тычацца Першага Ўсебеларускага зьезду, пратаколы паседжаньня Менскай гарадзкой думы пра ўхваленьне Другой устаўной граматы. Багата матэрыялаў пэрсанальнага характару — партрэты Гаруна, Ластоўскага, Тарашкевіча, калектыўныя здымкі, на якіх Скірмунт, Езавітаў, Захарка і шэраг іншых дзеячоў БНР».

Хто выступае на канфэрэнцыі

Цягам двух дзён з дакладамі на навуковай канфэрэнцыі выступяць вядомыя гісторыкі, дасьледчыкі тэмы БНР.
• Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, прафэсар Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук («Раман Скірмунт як палітык БНР»).
• Валянцін Мазец, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН («БНР — першая форма нацыянальнай беларускай дзяржаўнасьці»).
• Ніна Стужынская, кандыдат гістарычных навук, дацэнт («Ядвігін Ш.: праблема палітычнага выбару ў 1918–1919 гадах).
• Павал Церашковіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт («Беларусы ў кантэксьце нацыянальнага адраджэньня народаў заходняга памежжа Расейскай імпэрыі»).
• Алег Латышонак, доктар, прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту ("Беласточчына і беластачане за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку).
• Натальля Гардзіенка, кандыдат гістарычных навук, намесьніца дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва («Эміграцыйныя архівы БНР).
• Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафэсар («Параўнальны аналіз палітыкі Беларускай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь у сфэры адукацыі»).
• Уладзімер Ляхоўскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ («Нацыянальна-дзяржаўныя атрыбуты БНР: гісторыя стварэньня»).
• Эмануіл Ёфэ, доктар гістарычных навук, прафэсар Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта імя Максіма Танка («Макар Краўцоў — аўтар слоў гімна Беларускай Народнай Рэспублікі»).
• Марыя Міцкевіч, кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэньня «САКАВІК» («Жыцьцё і лёс чальца Рады БНР Міхася Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа»).

Ігар Карней
У Менску ўрачыста адкрылі памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў.
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!