Наверх

Эпідэміі ў гісторыі нашага народа

Опубликовано: 1518 дней назад (7 мая 2014)
Рубрика: Без рубрики
Просмотров: 1073
+3
Голосов: 3
Эпідэміі ў гісторыі нашага народа

Слова эпідэмія паходзіць ад дзьвух грэчаскіх асноў “на” і “народ”, так што літаральна эпідэмія азначае “тое, што насылаецца на народ”. Арэал эпідэміі можа займаць адзін лакальны населены пункт, а можа і цэлую краіну. Інтэнсіўная эпідэмія, якая распаўсюджваецца на вялікіх тэррыторыях называецца пандэміяй. За пісьмовую гісторыю выпадкі масавых захворванняў у розных народаў адзначаны настолькі часта, што можно здзівіцца, як чалавецтва наогул да гэтай пары яшчэ існуе. Адна з самых першых вядомых гісторыкам эпідэмій адзначана ў старажытных Афінах – тут хвароба чумы цягнулася ад 431 да 404 года да нашай эры. У 165-168 гг. ужо нашай эры чума моцна апустошыла еўрапейскія гарады і вёскі. А ў сярэдзіне шостага стагоддзя ў Візантыі пры імператары Юсцініане пачалася пандэмія бурбоннай “юсцініанавай” чумы, якая доўжылася 60 год і забрала амаль 100 мілліёнаў жыццяў у Еўропе, Азіі, Сірыі і Егіпце. Другая сусветная пандэмія чумы ў 14-м стагоддзі пачалася з Азіі і прайшла праз Еўропу і Афрыку. Толькі ў Еўропе загінула чвэрць насельніцтва. Яшчэ чатыры стагоддзі чума праяўлялася слаба, але ў 1892 годзе зноў ярка ўспыхнула трэцяя хваля пандэміі чумы ў Азіі. Толькі ў Індыі памёрла больш 6 мільёнаў чалавек.
Эпідэміі воспы яшчэ старажытней, захворванне было апісана ў Егіпце ўжо чатыры тысячы год назад. А ў Японіі першая эпідэмія воспы адзначана пад 736 годам.
У старажытнасці эпідэміі лічыліся карай Божай, насланай на людзей за іх грахі. Каталізатарамі людскіх эпідэмій і эпізаотый (масавых захворванняў сярод жывёл) звычайна станавіліся прыродныя і сацыяльныя катаклізмы, войны, перасяленні народаў, нашэсці насякомых і грызуноў, неураджайныя гады, кліматычныя экстрэмумы, сонечная актыўнасць. У старажытных рускіх і беларускіх летапісах эпідэміі звычайна называліся морамі, пошасцямі і паветрыямі, таму што людзі здаўна заўважылі сувязь хвароб з кліматам. Яшчэ адна старажытная славянская назва чумы – чарэмная нежытавіца або чорнае нежыццё. Больш зразумелае нам найменне – гарачка, таму што хваробы звычайна суправаджаліся высокай тэмпературай. Былі і іншыя найменні – язва, зараза.
Адзін з першых упамінкаў пра мор сярод людзей, скаціны, лясных і палявых звяроў на тэрыторыі старажытнай Русі падаецца ў Ніканаўскім летапісе пад 979 годам. А ў Лаўрэцьеўскім летапісе паведамлялася аб падзяжы коней у войску князя Уладзіміра ў 1042 годзе.
Даставерныя сведчанні аб чуме на Русі прыпадаюць на 1083 год, калі ў Кіеве 13 чэрвеня памёр ад гэтай хваробы князь Усевалад. У 1090 годзе ў Кіеве чума выкасіла амаль 9 тысяч чалавек. К 1092 году чума дабралася да Друцка і Полацка. У Полацку лічылі, што хваробу распаўсюджваюць карлікі і мерцьвякі на конях, мала хто з жыхароў тады ўцалеў. Эпідэміі ў гэтыя гады на беларускіх тэрыторыях суправаджаліся страшэннай спякотай, ляснымі і балотнымі пажарамі, нашэсцямі саранчы. З 1096 года многагадовая эпідэмія чумы пачалася ў Егіпце. Ад яе загінула каля мільёна жыхароў Егіпта.
Каб выратавацца ад цяжкіх хвароб у многіх народаў сусвету было распаўсюджана ахвярапрынашэнне людзей і жывёл. У старажытным Тураве існавала павер’е, што княгіня Тураўская магла збаўляцца ад хвароб прынясеннем ахвяр. Так яна загадала закапаць жывымі ў зямлю немца, бабра і мядзведзя і быццам бы ад гэтага “язва” спынілася. У гонар збаўлення горада ад эпідэміі была адсыпана гара Бабруйкова.

У 1115 годзе ішлі бясконцыя войны паміж рускімі княствамі. Уладзімір Манамах зімой зрабіў напад на Мінск, а яго дзеці – на Друцк. Летам было горача і нават ў паўночным Ноўгарадзе “поізмроша коні все”. Пры няўдалым паходзе князя Юрыя Далгарукава з растоўцамі і суздальцамі на Кіеў у 1154 годзе ў іх войску пачаўся небывалы мор на коней, “якога не было ніколі”. Міжусобная вайна 1157 года на працягу 10 тыдняў паміж полацкім войскам Ізяслава і тураўскім войскам пад Пінскам прывяла таксама да цяжкага мора сярод людзей і падзяжа коней. У наступным годзе цяжкі мор сярод коней і быдла адзначаўся Цвярскім летапісам ў Ноўгарадзе, там жа апісаны падзеж коней у 1204 годзе.
1211 год - мор у Літве на людзей і жывёл. У Францыі ў 1235 годзе пачалася страшная эпідэмія чумы, якая суправаджалася вялікім голадам - людзі елі траву, як жывёлы.
Быццам бы ад гневу Божага ў 1284 годзе адбыўся масавы падзеж коней, быдла і авечак у Літве, Ляхах, Русі, сярод татар. У 1291 і 1298 гадах мор на коней і скаціну ў Ноўгарадзе, а ў 1302 – мор на людзей і скаціну па ўсёй зямлі рускай. У 1312 годзе неураджай і мор у Літве, Пруссіі і Прыбалтыцы, ад голаду вымерлі ўсе коні і хатнія жывёлы. Летапісы адзначаюць на нашых землях мор сярод жыхароў пад 1318 годам.
У 1320 годзе з пустыні Гобі пачалася другая хваля пандэміі чумы. У 1341 годзе маравая язва спустошыла Полацк, загінула тут і свойская скаціна. У 1346 годзе прайшоў вялікі мор ў краінах Еўропы, Азіі і ва ўсходніх краінах. Праз два гады ізноў чума ў Полацку. Успышка бубоннай чумы 1348-1349 гадоў у Францыі і Англіі была названа “бічом Божым”, які караў жыхароў за іх грахі. Кліматычна цёплы і сыры 1349 год спрыяў развіццю гэтай эпідэміі па ўсёй Еўропе. Праз тры гады вялікі мор быў адзначаны ў многіх рускіх гарадах. У 1358 і 1362 гадах эпідэміі ў Польшы выкасілі палову насельніцтва. Гарачае лета 1374 вызвала мор сярод людзей і жывёл у рускіх гарадах. У 1388 годзе ад чумы ў Смаленску насельніцтва горада загінула амаль поўнасцю, засталіся жывымі толькі 10 чалавек.
У 1425 годзе ў беларуска-літоўскіх землях “паветрые срогае пановала”, таму вялікі князь Вітаўт і кароль Ягайла пакінулі горад і жылі ў пушчы. Пад 1440 годам летапісцы адзначылі страшэнную доўгую зіму і мор на быдла. 1448 год - мор на коней і высокая смяротнасць сярод насельніцтва. А у 1473 годзе стаяла незвычайная сухмень у прыродзе і, як следства, ізноў узнікла паветрые. А ў Англіі ў 1485 годзе назіралася эпідэмія “потавай гарачкі”.
Вялікае геаграфічнае адкрыццё Амерыкі ў 1492 годзе прынесла ў старую Еўропу эпідэмію сіфіліса, якая дабралася праз Францыю і Венгрыю да тэрыторыі сучаснай Беларусі праз пяць год. Хваробу называлі “нямоцай французскай” і спачатку не ведалі як яе лячыць. У сваю чаргу еўрапейскія канкістадоры завезлі ў Новы Свет букет розных захворванняў, ад якіх у мясцовых народаў не было іммунітэта. У 1493 годзе ў Санта-Дамінга ўзнікла эпідэмія воспы. 1521 год – ад эпідэміі воспы вымерлі цэлыя плямёны па Лацінскай Амерыцы. 1560 год – пік захворванняў воспай у Бразіліі. У 1576 годзе ад воспы ў Перу вымерла каля двух мільёнаў чалавек.
1505 год – мор у ваколіцах Слуцка, 1506 - мор у Мінску вялікі, які “стаяў нямала па ўсёй зямлі”. Эпідэмію ангельскай потавай гарачкі адзначалі летам 1530 года сучаснікі ў гарадах і вёсках, яна працякала пры высокай тэмпературы, суправаджалася галаўнымі балямі, санлівасцю. Нашэсце саранчы на польскія і беларускія землі прывяло да голаду і гібелі хатняй скаціны ў 1536-1541 гг. У сярэдзіне 16-га стагоддзя ў 1552-1553 гадах ізноў “срогае і ядавітае паветрые” ў Літве, нават ярмаркі адмянілі. У 1556 годзе маравая язва спустошыла Полацк. 1563 год – чума ў Віцебску і Невелі, гарады і мястэчкі абязлюдзелі. На наступны год мор ў Вільне, у 1566-1567 - у Полацку. Праз год масавае нашэсце мышэй, якія з’явіліся пераносчыкамі многіх хвароб. Яшчэ праз два гады новы мор на беларускіх землях, які прынеслі татарскія войскі. 1570 год – у летапісах пазначана “срогая гарачка”. 1571-1572 гады – моцны мор у Літве і Польшчы, які ізноў прыйшоў праз Русь ад татар. Польскі кароль памёр у дарозе, уцякаючы ад эпідэміі ў Прагу. У 1588-1590 гадах моцныя хваробы ў літоўскіх гарадах, у тым ліку ў Навагрудку.
Баркулабаўскі летапіс адзначыў у 1597-1598 гадах эпідэміі ў Магілёве. 1599 год - эпідэміі з голадам на беларускіх землях. 1600 год – страшны мор у Полацку, вымерла 15 тысяч гараджан, адначасова з поўдня на беларускія землі адбылося нашэсце саранчы.
Пачатак 17-га стагоддзя супадае з самым халодным кліматычным перыядам тысячагоддзя. Летам 1601 год дождж ішоў 12 тыдняў, ранні замаразак восенню і суровая зіма далі ў выніку страшны голад і хваробы. У гэтым годзе мор прыйшоў да жыхароў суседняй Масковіі. Баркулабаўскі летапіс адзначыў павальны мор у Магілёве з вясны 1602 года. Кожны дзень хавалі ў ямах па 5-30 чалавек. Хворых, апухлых ад голаду было незлічона. А хто пайшоў ад голаду Уніз (на Украіну), усе па дарозе памёрлі. Паміралі ў гарадах і мястэчках, сёлах, у пусташах, на дарогах, у лясах. Сярод хвароб пералічаны “гарачка” і “бегункі”. У меншых памерах мор быў у Вільне. У Полацку ў 1604 годзе працяг цяжкай эпідэміі, нават вучні Полацкай Акадэміі пераехалі ў Вільна.
У 1608 годзе адзначана першае захворванне воспай на Беларусі. У Баркулабаўскім летапісе паведамляецца, што воспай хварэлі ў асноўным дзеці, а сярод коней і сабак панавала эпідэмія бешанства. 1624 і 1625 гады – маравое паветрые ў Вільне, Гродне, Брэсце і другіх гарадах. У тым жа 1625 годзе эпідэмія чумы ў Велікабрытаніі, ад якой памёрла 35 тысяч жыхароў. 1630 год – “срогі мор” у Вільна, мор у горадзе Магілёве ад якога памёрла некалькі соцен гараджан. 1653 – у Вільне цяжкая зараза і мор. З 1653 і па 1658 год эпідэміі на Мінскіх землях. У 1654 годзе эпідэмія “язвы” ў Навагрудку. 1655 год – падзеж скаціны пад Быхавам. 1656 год – “маравая язва” на Брэсцкіх землях. Ураджэнец Віцебскага края, каралеўскі сакратар, Ян Антоній Храпавіцкі ў сваім “Дыярыушу” дакладна адзначыў калі і адкуль з’явілася тут “срогая гарачка”. А “паказалася” яна ў пачатку кастрычніка 1656 года з Падляшша, дзе эпідэмія была моцная. У жніўні 1657 года эпідэмія пашырылася і Храпавіцкі запісаў: “паветрые на многіх месцах зачалося барзо”. Ад чумы 1656 года на італьянскіх землях памёрла 60 тысяч чалавек. 1660 – маравая язва ў Полацку, у 1664 - Мінску. У гэтыя ж гады - эпізаотыі сярод жывёл на Магілёўшчыне і іншых беларускіх землях. Трынаццігадавая вайна паміж ВКЛ і Масковіяй на працягу 1654-1667 гадоў, якая суправаджаліся традыцыйна росквітам хвароб і эпідэмій, прывялі да страты амаль паловы насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У 1665-1667 гг. вялікая эпідэмія чумы ў Англіі. У Лондане ад чумы памёрла 10 тысяч чалавек. Будучы славуты вучоны Ісак Ньютан толькі пасля спынення эпідэміі змог вярнуцца ў Кембрыдж. У 1672 годзе ў Італіі праявілася “чорная чума”.
У 1695 годзе цяжкую заразную хваробу апісаў у сваім дыярыушу Мінскі стараста Крыштоф Завіша. Людзі цярпелі сударгі, мелі жудасны апетыт, ад боляў збягалі ў лясы.
У 1708 годзе зафіксавана бешанства коней і сабак у Радашковічах, многія жыхары былі пакусаныя і памёрлі. 1709-1711 гады – “найцяжэйшы мор” з голадам ў Вільне, Віцебску і другіх беларускіх гарадах падчас руска-шведскай вайны. Масавыя эпідэміі ў 1709 годзе ў Польшы і Львове. У 1710 годзе мор у Дзінабургу, голад у Прусіі, ад голаду елі падаль і людзей. У Віцебску маравое паветрые доўжылася цэлы год. У Вільне штодзённа памірала па 100 чалавек. У 1711 годзе ад жорсткага мора вымерла некалькі соцен жыхароў Кобрына, горад абязлюдзеў. У тыя ж гады з 1709 па 1711 па ўсёй Еўропе панавала чума буйнарагатага быдла, ад якой загінула паўтара мільёна жывёл.
Па ўспамінах Крыштафа Завішы ён у 1719 годзе вярнуўся ў Літву з кіеўскіх маёнткаў у сувязі з пашырэннем паветрыя. 1720 – мор на беларускіх землях. У тым жа годзе чума ў Францыі, на наступны год эпідэмія адзначалася нават у Амерыцы ў штаце Массачусэтс. 1752 гады – ізноў мор на Беларусі. У 1752 годзе ў Віцебску паздыхалі каровы. У 1755 годзе моцная эпідэмія ў Смаленску.
У 1771 годзе пачалася эпідэмія чумы ў Маскве. Каб прадухіліць распаўсюджванне інфекцыі мітрапаліт спрабаваў забараніць веруючым наведваць ікону Багалюбскай Багамацеры, што прывяло да так званага “чумнога бунту”. Праваслаўнымі вернікамі былі разгромлены Чудаў і Данскі манастыры, а сам мітрапаліт забіты.
1792 год – ад эпідэміі чумы ў Егіпце памёрла каля 800 тысяч насельніцтва. 1799 год – эпідэмія пашырылася на тэрыторыю Афрыкі.
У кастрычніку 1799 года ў Ігуменскім павеце пачалася эпізаотыя сярод быдла, за два тыдні загінула 700 галоў буйнарагатай жывёлы.
У пачатку 19-га стагоддзя на літоўска-беларускіх землях панавала эпідэмія воспы сярод хатняй жывёлы. Каб прыпыніць яе кіраўніцтва Віленскага універсітэта ўвяла ў Устаў навучальных устаноў абавязковае навучанне “воспеннай навуцыі” і правілам прывіўкі.
У 1811 годзе разам з нябеснай каметай і страшнай гарачынёй, пажарамі з дымнай імглой праз усё лета на Беларусі адзначалася ціфозная “гарачка”.
1812 год – жорсткі мароз напачатку восені, голад і эпідэміі падчас вайны. Сярод французскага і расійскага войскаў эпідэмія ціфа выкасіла да адной трэці састава. Масавая конская эпізаотыя “гнілой гарачкі” на працягу двух гадоў. На конях немагчыма было ездзіць. Праз нашу тэрыторыю для сілкавання армій пераганяліся вялікія статкі жывёлы, ад якой мясцоваму быдлу і коням перадаваліся розныя інфекцыі. У 1813 годзе мноства хворых і раненых пасля вайны ў беларускіх гаспіталях. Ва ўсіх паветах, дзе праходзілі рускія і французскія войскі, адзначаліся затым сярод жыхароў эпідэміі венерычных захворванняў. У студзені 1813 года Бабруйскі павятовы лекар Поль данёс, што ў павеце на “нэрвовую гарачку” хварэюць мужчын 219, жанчын 174, памёрлі мужчын 49 і жанчын 38.
У 1821 годзе ўпершыню на тэрыторыі Беларусі адзначаны туберкулёз. 1826 год – моцная спякота з мая і на працягу лета прыводзіць да эпідэмій і эпізаотый. Падчас ваенных кампаній 1828 і 1830 года многа эпідымічных захворванняў сярод расійскіх войск на нашай тэрыторыі.
1831 год – халера ў Полацку, Чурылаве, Мінску, Віцебску, Лепелі і іншых беларускіх і расійскіх гарадах. Паміралі і простыя сяляне і багатыя гараджане. У Полацку ад гэтай цяжкай хваробы сканаў нават вялікі князь Канстанцін Паўлавіч Раманаў, сын сын Імператара Паўла І.
Існуе легенда пра спыненне эпідэміі халеры ў Росіцы. Быццам бы аднаму жыхару на бярозе ўбачылася выява іконы, пасля чаго эпідэмія пайшла на спад. На гэтым месцы ўдзячныя жыхары Росіцы пабудавалі царкву, якую назвалі Пятнічнай.
У тым жа 1831 годзе на Беларусі адзначана і птушыная эпізаотыя. 1834 – эпідэмія гарачкі ў в.Запруддзе маёнтка памешчыка Карказовіча Дзісенскага павета. У 1837 годзе халера з’явілася ў Валынскай губерніі на мяжы з Мінскай, таму ў Мінску былі прыняты папераджальныя санітарныя меры па яе недапушчэнню. 1839 - падзеж скаціны ў мястэчку Цімкавічы. 1846 – эпідэмія ліхарадкі ў Пінску, чума буйнарагатай жывёлы ў маёнтку Лахва і падзеж жывёлы ў вёсцы Ложка Бабруйскага павета; ў тым жа годзе з’яўленне масавага захворвання сіфілісам ў маёнтку “Старыя Коні”. 1848 – халера ў Мінску і Полацку. 1849 – 1851 гады – чума буйнарагатай жывёлы ў Рэчыцы, Пінску, Бабруйску, Мазырскім павеце. 1852 – халера ў Брэсце і Кобрыне, 1853 – у Мінску і Віцебскай губерніі, у 1854 – больш слабая у Мінску, у 1855 – у Магілёве і восенню ізноў у Мінску, а таксама ў Бабруйскім, Слуцкім і Мозырскім паветах. Спачатку халеру не ведалі як лячыць, пускалі кроў з рукі, або нагі, прапаноўвалі піць гарачае пітво і гарэлку. Быў забаронены на час існавання хваробы продаж малака і гародніны, памыі залівалі дзёгцем.
Памёрлых ад эпідэміі халеры ў Мінску хавалі на могілках у раёне Залатой Горкі. Калі эпідэмію халеры ўдалося перамагчы канчаткова, у гонар гэтага ў горадзе быў пастаўлены помнік у выглядзе чатырохкутніка з крыжом на высокім слупе. А на Залатой Горцы на сродкі мінчукоў быў узведзены на месцы капліцы касцёл Святога Роха. Гэты святы ў Францыі лічыўся заступнікам ад розных эпідэмій. Касцёл быў асвечаны ў 1864 годзе. А за год да гэтага ў Мінску адзначалася “эпідэмія дзіцячая”.
У “Памятнай кнізе Віцебскай губерніі на 1861 год” адзначана, што ў 1859 годзе ў губерніі ад заразных хвароб здохла 10 тысяч адзінак хатняй жывёлы. “Виленские губернские ведомости” №57 за 1865 год паведамлялі аб ціфападобнай гарачцы ў Геранёнскай воласці Ашмянскага павета, ад якой захварэлі 35 чалавек, з іх два памёрлі. Тут жа распаўсюдзілася і дзіцячая скарлатына. А ў Лідскім павеце ў Астрынскім сельскагаспадарчым таварыстве адбылася ўспышка чумы хатняй рагатай скаціны, 14 штук здохла і тры яшчэ хварэлі.
У 1866 годзе ў Тураве быў адзначаны падзеж жывёлы, таму тут па старажытнай традыцыі закапалі ў зямлю жывымі чорную цёлку, чорнага ката і пятуха. Чума буйнарагатай жывёлы праяўлялася спарадычна і ў другіх паветах. Праз Бабруйскі павет была занесена ў Ігуменскі.
У 1865 годзе ў Кіеў з Бердзічава пранікла азіяцкая халера. У 1866 годзе халера паказалася і ў Мінску. Першымі на тэрыторыі Ігуменскага павета 27 снежня халерай захварэлі і памёрлі дзве жыхаркі вёскі Сініло, бо вёска знаходзілася пры Ігуменскім тракце непадалёку ад Мінску. Праз вёску працякала ніжэй горада і рака Свіслач, у якую маглі таксама трапіць забруджаныя воды. Памёрла і 17-гадовая дзяўчына, якая пасцірала ў Свіслачы пасля хворай цёткі бялізну. Захворванне шырылася спачатку па павету ўздоўж Ігуменскага тракта ў напрамку на поўдзень, праявілася ў вёсках Забалацце, Карзуны і мястэчку Смілавічы, затым у Ванькоўшчыне, Борках, Аляксееўцы, Зацітавай Слабадзе, Вузлянах, Лешніцы, весках Вязі і Капланцы, Яршах, Усе, Магільне, Шацку, Валер’янах і ў самім павятовым горадзе Ігумене. У Ігумене захварэлі летам 1867 года 50 чалавек, з іх памёрла 23, большай часткай памерлыя былі з бедных яўрэйскіх сем’яў. Інфекцыю атрымлівалі ў асноўным жыхары, якія выязджалі па справах, або на гандаль у Мінск. Прычыны захворвання халерай урачы звязвалі ў той час з метэаралагічнымі ўмовамі і паніжэннем азона ў паветры. Але строгія санітарныя меры пры выпадках захворвання прымяняліся. Не дапускаўся кантакт з інфіцыраванымі дамамі, сметнікі і ўборныя апрацоўваліся жалезным купарвасам і дрывяным воцатам. Забаронены былі сходы, гульні ў карты, начныя праменады. Халера доўжылася ў павеце са снежня 1866 па верасень 1867. Самы цяжкі перыяд прыйшоўся на ліпень-жнівень і першую палову верасня 1867 года.
З Кіеўскай губерніі ў 1867 годзе халера пранікла і ў суседні Пінскі павет Мінскай губерніі. У шасці населеных пунктах (Вулька, Белае, Юхнавічы, Купацічы, Гарадзішча, Малодкавічы) было адзначана 96 захварэўшых, з якіх памерла 42.
У 1868 годзе ў Лешніцкім прыходзе пасля галоднай вясны ў пачатку лета ад невядомай хваробы здохла амаль уся скаціна. Там жа ў 1870 назіралася эпідэмія крывавага паносу, ад якога некаторыя жыхары сканалі. У 1871 годзе ў Лешніцы ізноў адзначалася эпідэмія халеры, якой захварэў нават сам святар, многія жыхары памёрлі. У 1874 у сяле была ўспышка натуральнай воспы, ад якой была таксама высокая смяротнасць.
У 80-х гадах 19-га стагоддзя ў Мінскай губерніі ўзнікалі эпідэміі воспы, крывавага паносу, коры, ціфу, скарлатыны, дзіфцерыта, коклюша. У 1885 годзе ў губерніі на кор захварэла 3575 чалавек, з іх 326 памёрла. Cярод эпізаотый – чума буйнарагатай жывёлы, сібірская язва, часотка, выпадкі конскага сапа.
Летам 1892 года – халера ў Полацку, зімой там жа эпідэмія інфлюэнцы. Восенню таго ж года халера адзначалася ў некаторых паветах Гродзенскай губерніі – в.Неплях Брэсцкага, вв.Новае і Радкевічы Слонімскага паветаў, інфекцыю завезлі мясцовыя сяляне, якія вярнуліся з расійскіх губерній. Захварэла 74 чалавекі, памёрла 27. Ціфам захварэлі 7208, памёрлі 428. Іншыя массавыя захворваніі па губерніі – крывавы панос, бугарчатка, пнеўманія, кор. Грыпам захварэла 2106, памёрлі 24 чалавекі. Эндэмічнае захворванне па губерніі – малярыя.
У 1894 годзе ўзнікла эпідэміія халеры ў в.Убібацькі на Любаншчыне, 46 чалавек захварэла, з іх 20 памерла.
У 1908 годзе з’явіліся выпадкі халеры ў Мінску. У Інфекцыйнай бальніцы быў падрыхтаваны спецыяльны блок для хворых. У 1909 годзе халера адзначылася ў Дзвінску і Віцебску, з’явілася ў Полацку. У Падзвінні халера з 15 чэрвеня па 1 снежня захапіла 386 населеных месц, захварэла 3415 чалавек. Пік эпідэміі прыйшоўся на летнія месяцы ў ліпені і жніўні, тады ж адзначаліся і моцныя дажджы.
У пачатку 20-га стагоддзя на першае месца выйшлі эпідэміі грыпу. У 1909 годзе толькі ў Мінскай губерніі на грып захварэла 39252 чалавекі, у 1910 – 59797, у 1911 – 50894, у 1912 – 70884, у 1913 годзе 80509 чалавек. У гэтыя ж гады адзначаліся масавыя захворванні малярыяй, скарлатынай, бугарчаткай, халерай, корам, воспай, коклюшам, ціфам, сіфілісам. Сярод жывёл адзначаліся эпізаотыі сібірскай язвы, яшчура, часоткі, бешанства, туберкулёза, мыта і іншых. Так у 1908 годзе ў Белавежскай Пушчы адзначана чума кабаноў, у 1910-1912 гг – эпізаотыя сібірскай язвы сярод аленяў.
Па статыстычных дадзеных у 1913 годзе на тэрыторыі Беларусі адзначаны наступныя массавыя захворванні насельніцтва: брушны ціф – 25281, сыпны ціф – 4840, скарлатына – 18420, малярыя – 19518, дзізентэрыя – 13708, коклюш – 14637, дзіфцерыт – 11554 чалавек; у меншых памерах былі захворванні воспай і корру.
У 1918 годзе - грандыёзная эпідэмія грыпа “іспанкі”, якая пачалася пасля Першай сусветнай вайны ў Кітаі, затым захапіла ўсю Еўразію, Афрыку і Аўстралію. Усяго захварэла 500 міліёнаў чалавек, з іх памёрла 20 мілліёнаў.
У час Першай Сусветнай вайны на Каўказе і Туркестане адзначалася цяжкая эпідэмія малярыі. Мой тата, удзельнік той вайны, падхапў гэтую злую хваробу на турэцкім фронце. Доўга хварэў, але, дзякуючы крэпкаму маладому арганізму, змог хваробу перамагчы. А вось у асобных раёнах Каўказа і Сярэдняй Азіі смяротнасць ад малярыі была вельмі высокая.
Падчас рэвалюцый 1917 і грамадзянскай вайны 1918-1921 гадоў у Расіі адзначалася эпідэмія сыпнога ціфа, ад якой памёрла каля трох мільёнаў чалавек. У 1918-1920 гг. у Ігуменскім павеце Мінскай губерніі адзначаўся сыпны і зваротны ціф, у 1920 – дзізентэрыя, у 1921-1922 гг. – халера і чума.
У 1928 годзе па Міншчыне хадзіла свіная эпідэмія. Вясной падохлі ўсе свінні ў в.Бардзілаўка Самахвалавіцкага раёна, летам і восенню ў в.Загор’е Перажырскага сельсавета, ў Капацэвічах Старадарожскага раёна і в.Падмажжа Чырвонаслабадсклга раёна.
З пачаткам масавай калектывізацыі ў 1929 годзе і кліматычнымі засухамі пачатка 30-х гадоў звязаны голад і ўзнікненне эпідэмій ціфа, малярыі, дзізентэрыі на тэрыторыі Украіны, Паволжжа, Паўночнага Каўказа.
А вось статыстычныя дадзеныя па БССР. Захворванні малярыяй: 1933 – 7436 чалавек, 1934 – 9562, 1935 – 30363, 1936 – 29988; захворванні сыпным ціфам: 1933 – 18567, 1934 – 13416; дзізентэрыя: 1933 – 4099, 1934 – 55264 чалавек.
У часы Вялікай Айчыннай вайны сярод мірнага насельніцтва адзначаліся эпідэміі розных хвароб, асабліва сыпнога ціфа. Прадпрымаліся спробы массавага біялагічнага заражэння ваюючых армій як з савецкага, так і з нямецкага боку. Так пад Сталінградам па загаду камандавання Чырвонай Арміі былі наўмысна заражаны сыпным ціфам суслікі. Савецкія стратэгі лічылі, што нямецкая группоўка панясе моцныя страты ад прымянення гэтага віда біялагічнай зброі. Але хвароба перакідвалася месцамі і на савецкіх салдат.
На тэрыторыі Беларусі немцы прымянілі спробу массавага заражэння грамадзянскага насельніцтва ў лагеры Азарычы з разлікам, каб ад хворага насельніцтва эпідэмія перакінулася на наступаючыя чырвоныя войскі.
У пасляваенныя часы лічылася, што сусветная і савецкая медыцына атрымала перамогу над многімі відамі эпідэмічных хвароб. У 70-я гады была ліквідавана воспа. Значна паменшылася захворванне туберкулёзам.
Але час ад часу на поўдні СССР успыхвалі захворванні халеры, адно з іх адбывалася летам 1970 года. У арэал гэтай эпідэміі трапіла група студэнтаў геафака БДУ пасля экскурсіі-практыкі на Каўказе, прыйшлося студэнтам жыць нейкі час заблакаванымі ў цягніку.
У 1979 годзе пад Свярдлоўскам узнікла эпідэмія сібірскай язвы, якая магла мець штучную прыроду ў выніку ўцечкі гэтага віда біялагічнай зброі з ваеннага прадпрыемства. У 1990-1993 гадах японскія тэрырысты з арганізацыі “Аум Сінрекё” спрабавалі наўмысна заразіць жыхароў Токіё гэтай страшнай інфекцыяй. А ў 2001 годзе ў ЗША невядомай арганізацыяй распаўсюджваліся пісьмы з той жа інфекцыяй сібірскай язвы.
Успышка грыпу “азіяцкага” тыпу адбылася ў СССР у 1957 годзе, у 1968 – эпідэмія “ганконгскага” грыпу. У ЗША ад гэтага грыпу сканалі 33800 чалавек. У 1976-1978 гадах у СССР пракаціўся “рускі грып”. Ім хварэлі ў асноўным дзеці і маладыя людзі.
Ад, так званай, нядаўняй эпідэміі птушынага грыпу 2003 года памёрла па ўсяму свету толькі 300 чалавек. Магчыма штучнае паходжанне гэтай эпідэміі, бо існуюць паведамленні аб знаходжанні на розных кантынентах птушак з ужыўленнымі чыпамі гэтай хваробы. Ад формы грыпу А/Н1N1, які яшчэ называюць свіным, або конска-свіным, у 2009 годзе захварэла на Беларусі больш сотні чалавек. Вядома, што на 23 лістапада было падцверджана захворванне 179 чалавек, з іх 13 памёрла. Усяго грыпам і ОРЗ захварэла ў 2009 годзе на Беларусі каля мільёна чалавек.
Калі прытрымлівацца асноўных прынцыпаў санітарыі і гігіены, праводзіць масавую вакцынацыю насельніцтва, пужацца асабліва няма чаго, у гісторыі, як бачым, бывала і намнога страшней. А вось чаго не бывала раней, дык гэта наўмыснага стварэння штучных сусветных эпідэмій і татальнага запужвання насельніцтва сродкамі інфармацыі. “Каму выгадна?” – пыталіся яшчэ старажытныя юрысты. Адказ – “сусветным фармацэўтычным кампаніям”, найбольш тыражыруемы, але паверхневы. Нездарма эпідэмія грыпу ў 2009 годзе супала па хвалі з сусветным фінансавым крызісам. Зімы апошніх трох гадоў прайшлі спакойна, са звычайнымі абвастрэннямі вірусных захворванняў.
Затое лета 2013 года прынесла новы сюрпрыз у выглядзе эпізаотыі афрыканскай чумы на беларускіх свінагадоўчых комплексах і ўласных падвор’ях сялян. Вытокі заражэння крыліся ў няякасных кармах, пастаўленых з-за межаў рэспублікі.
Што чакае нас у будучым? Абнадзеімся на лепшае.
История службы погоды | Гісторыя клімата Беларусі
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!