Наверх

П.В.Шэйн

Опубликовано: 2565 дней назад (14 января 2013)
Блог: SharukhoGEO
Редактировалось: 1 раз — 14 января 2013
Просмотров: 814
0
Голосов: 0
П.В.Шэйн
(1826-1900)
Павел Васільевіч Шэйн –вядомы беларускі і рускі фалькларыст і этнограф, Правадзейны член Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства і яго Паўночна-Заходняга аддзела, уладальнік Вялікага залатога Увараўскага медаля геаграфічнага таварыства (1884).
Нарадзіўся П.Шэйн у Магілёве ў яўрэйскай купецкай сям’і. З прычыны цяжкай хваробы, бацькі памясцілі яго ў Кацярынінскі шпіталь у Маскве (1843). У 1848 г. П.В.Шэйн адмовіўся ад іудаізма і прыняў лютэранскую веру. Скончыў нямецкае вучылішча пры лютэранскай царкве Св.Міхала ў Маскве (пры гэтым у вучылішчы адначасова з вучобай займаўся выкладаннем рускай мовы ў малодшых класах).
У 1851-73 г.г. працаваў выкладчыкам у розных павятовых вучылішчах і гімназіях Тулы, Віцебска, Калугі і інш. гарадоў. Нейкі час працаваў у Яснапалянскай школе графа Л.Талстога. З 1881 г. жыў у Пецярбургу.
Далучэнню П.Шэйна да філалогіі паспрыяў паэт і міфолаг Ф.Мілер, які пазнаёміў маладога даследчыка з К. і С.Аксакавымі, Ф.Глінкай, С.Шавыровым і інш. Збіраннем і публікацыяй вуснай народнай творчасці П.Шэйн захапіўся пад уплывам Ф.Глінкі. Выдаў адну з першых у Расіі “Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці”. У час працы ў Віцебску арганізаваў экспедыцыі па зборы матэрыялаў вуснай народнай творчасці беларусаў на Палессе і Міншчыну. У сваёй працы шырока выкарыстоўваў створаную ім сетку мясцовых карэспандэнтаў (сярод якіх былі і М.Рымскі-Корсакаў, А.Астаф’еў, А.Астроўскі, Я.Карскі, Ю.Крачкоўскі, А.Багдановіч, М.Нікіфароўскі, Я.Лучына, З.Радчанка і інш.). Выдаў зборнікі “Рускія народныя песні” (1870), “Беларускія народныя песні” (1874, больш за 1000 тэкстаў), “Велікарус у сваіх песнях, абрадах, звычаях, вераваннях, казках, легендах і т.п.”. Багаты фальклорна-этнаграфічны матэрыял змешчаны П.Шэйнам у яго трохтомным (1887-1902) даследаванні “Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” (апісанні сямейна – каляндарных абрадаў, прыведзены казкі, легенды, паданні, песні, прыпеўкі, звесткі па матэрыяльнай культуры беларусаў), за якую навуковец атрымаў Вялікі залаты медаль геаграфічнага таварыства.
Памёр П.В.Шэйн 14 (27) жніўня 1900 г. ў Дубултах. Пахаваны ў г.Рыга.

2.1. 1.Некрашэвіч С. К сталеццю ад дня нараджэння П.В.Шэйна //Полымя.-1926.-№6.-С.116-129; 2.Новиков Н.В. Павел Васильевич Шейн.-М., 1972.-223с; 3.Шэйн П.В. //Этнаграфия Беларуси: Энц.-Мн.,1980.-С.542-543; 4.Шэйн П.В. //Энц. лит. и мастацтва Беларуси.-Мн., 1987.-Т.5.-С.611; 5.Цішчанка І.К. Шэйн Павел //Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр.слоўнік. У 6тт.-Мн., 1995.-Т.6.-С.438-439; 6.Махнач Т.М. Бібліяграфія П.Шэйна //там жа.-С.439-441; 7.Л.Гурковіч. П.В.Шэйн //Географы і геолагі –ураджэнцы Магілёўскай вобласці.-Магілёў, 1995.-С.51-52; 8.Яцкевіч З. Павел Шэйн: (Фалькларыст і этнограф, ураджэнец Магілёва) //Веснік Магілёва.-1993.-22 апр.-С.6; 9.Кароткіна М. Жыццё прысвечанае фальклору //Магіл.ведамасці.-1996.-5 снеж.-С.6.
(Т.М.Шаруха)
О.Ю.Шміт | М.Н.Хадаровіч
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!