Наверх

Нядзвецкі Восіп Маркавіч (1908-1959)

Опубликовано: 4 дня назад (14 февраля 2020)
Блог: SharukhoGEO
Просмотров: 3
0
Голосов: 0
Нядзвецкі Восіп Маркавіч (1908-1959)
Даследчык Арктыкі, герой лядовага дрэйфу на параходзе “Г.Сядоў”, Герой Савецкага Саюза (другі герой-магілеўчанін апасля О. Ю. Шміта, абодва атрымалі гэтае званне за гераізм менавіта ў Арктыцы). Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (арх. Нордэншэльда, 1965). Нарадзіўся 10 (23) ліпеня 1908 г. у в. Цішоўка Магілёўскага раёна. Выхоўваўся ў дзіцячым доме. Пачаў працоўную дзейнасць у 1924 г. качагарам Магілёўскай цукеркавай фабрыкі, працаваў будаўніком чыгункі ў Магілёўскай вобласці (1926-1928), слесарам на заводзе “Анега” у Петразаводску (1928-1930), служыў у арміі (1930-1934, нам. кам. узвода, Беларуская ваенная акруга). Пасля таго як асвоіў прафесію машыніста кацельных установак, яго бяруць на працу машыністам ледакола “Ермак”. Удзельнік вызвалення з лядовага палону параходаў “Садко”, ”Малыгін”, ”Г.Сядоў” (1937), якія знаходзіліся ў навуковай экспедыцыі ў моры Лапцевых. “Сядова” выратаваць не ўдалося і карабель вымушаны быў дрэйфаваць разам з ільдамі. Сярод 15-ці добраахвотнікаў, якія замянілі экіпаж “Сядова” быў і В.М. Нядзвецкі (дрэйф працягласцю ў 812 дзён і 6100 км суправаджаўся шчыльнымі навуковымі даследаваннямі, назіраннямі за змяненнем магнітнага поля, лядовага становішча і інш.). Не аднойчы экіпажу і судну пагражала небяспека. Аднаго разу ільды так сціскнулі судна, што тое нахілілася і стала залівацца сцюдзёнай вадой з хуткасцю 35-40 т/гадз. Машынная каманда пад кіраўніцтвам Восіпа Маркавіча ўручную ледзь паспявала адпампоўваць толькі ¼ прыбываючай вады. Тады машыністы судна сталі даваць нырца ў сцюдзёную ваду, каб прамасленым пакуллем “задраіць” адтуліну. За праяўлены гераізм у выратаванні судна і падчас дрэйфу ўсе 15 смельчакоў былі ўдастоены прысуджэння вышэйшага звання – Герой Савецкага Саюза з уручэннем Залатой Зоркі Героя і Ордэна Леніна (1940). Перад вайной паспеў скончыць адзін курс Прамакадэміі. У 1941-1942 гг. працаваў ва Уладзівасточным параходстве, у 1942-1943 – ст. інспектар Галоўнага ўпраўлення Паўночнага марскога шляху, начальнік палярнай станцыі на востраве Белы (Карскае мора). Удзельнік Вялікай Айчыннай. З сакавіка 1944 да красавіка 1945 г. – начальнік тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага ў складзе войск 1-га Беларускага фронта; прымаў удзел ў Люблін-Брэсцкай, Варшаўска-Познанскай, Усходне-Памеранскай вайсковых аперацыях. Цяжка паранены пад Гданскам ў красавіку 1945 г. У 1945-1946 гг. – начальнік тэхнічных майстэрняў Гданскага ваеннага порта. Вярнуўся з войска ў жніўні 1946 г. З 1946 г. працаваў на палярных станцыях: 1946-1950 - на м. Лескіна (Таймыр, начальнік), 1950-1953 – на м. Ванкарэм (Чукотка, начальнік), 1953-1955 –на м. Чалюскін (нам. нач. радыёцэнтра), 1955-1958 - на востраве Тыртава (арх. Нордэншэльда, начальнік), 1958-1959 – на востраве Ушакова (Карскае мора, начальнік), май-снежань 1959 - на м. Арктычны (в. Молатава, начальнік). Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 г. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.
БІБЛІЯГРАФІЯ: Нядзвецкі В.М. //БелСЭ.-Мн., 1973.-Т.7; Недвецкий Иосиф Маркович //Навечно в сердце народном: Справочник.-3-е изд.-Мн., 1984; Нядзвецкі В.М. //БЭ у 18тт. – Т.11. – Мн.: БЭ, 2000; В.П. Нядзвецкі // Нашы знакамітыя землякі: географы і геолагі – ураджэнцы Магілёўскай вобласці: Біёграфа-бібліяграф. даведнік / Аўтары-склад.: А. Катлёнак, Г. Рыдзеўскі, У. Хамякоў і інш.; Пад агульн. рэд.І.М. Шарухі. – Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2004; Хамякоў У.Г. Нядзвецкі Іосіф Маркавіч – 105 год //Магілёўскі мерыдыян. – Т.13 –Вып. 1-2. (2013.-№1-2).
І.М. Шаруха, А.В. Шадракоў
Нешатаев Н.И. | Омельянчук М.В.
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!