Наверх

М.С.Ратабыльскі

Опубликовано: 2565 дней назад (14 января 2013)
Блог: SharukhoGEO
Редактировалось: 1 раз — 14 января 2013
Просмотров: 740
0
Голосов: 0
М.С.Ратабыльскі
(1914-1985)
Буйны беларускі навуковец Мікалай Станіслававіч Ратабыльскі большую частку свайго жыцця прысвяціў справе служэння геаграфіі. Яго навукова-педагагічная дзейнасць – яркі эпізод у гісторыі геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.
Мікалай Станіслававіч Ратабыльскі нарадзіўся 6 мая 1914 г. у в.Сакольнічы Крычаўскага раёна. Пасля сканчэння Крычаўскай сямігодкі, у маі 1932 г. М.Ратабыльскі паступіў на падрыхтоўчыя курсы Магілёўскага педінстытута. У 1932-33 г.г. вучыўся на сацыяльна-эканамічным аддзяленні інстытута, якоя неўзабаве на пачатку 1934 г. было пераўтворана ў геафак.
У 1937 г. М.С.Ратабыльскі скончвае геаграфічны факультэт педінстытута. Маладога настаўніка геаграфіі накіроўваюць на працу ў г.Крупкі (настаўнік геаграфіі і гісторыі, намеснік дырэктара). Два гады (1939-41) М.Ратабыльскі працуе асістэнтам кафедры фізгеаграфіі БДУ, вучыцца ў аспірантуры.
З пачаткам вайны, Мікалай Станіслававіч быў эвакуіраваны ў станіцу Абадзехская Краснадарскага края, дзе ў верасні-кастрычніку 1941 г. ён працаваў настаўнікам геаграфіі мясцовай сярэдняй школы. З 17 кастрычніка 1941 г. да 15 верасня 1945 г. М.Ратабыльскі знаходзіўся ў дзейнічаючай арміі (пайшоў у армію добраахвотнікам). М.С.Ратабыльскі на працягу года вучыўся ў Свядлоўскім пяхотным вучылішчы на паскораных курсах малодшых афіцэраў (1941-42). У складзе Заходняга фронта лэйтэнант Ратабыльскі камандаваў мінаметным узводам, потым быў перакладчыкам разведаддзела штаба Другога Беларускага фронта. Удзельнік вызвалення Беларусі ад фашысцка-нямецкіх захопнікаў. Старшы лэйтэнант Ратабыльскі за ваенныя заслугі быў узнагароджаны ордэнами Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, дзвума медалямі.
У 1945/46 нав.годзе Ратабыльскі завяршаў вучобу ў аспірантуры БДУ. З 19 жніўня 1946 г. Мікалай Станіслававіч быў залічаны на працу ў Магілёўскі педінстытут у якасці старшага выкладчыка кафедры геаграфіі. У 1953 г. ім абаронена кандыдацкая дысертацыя (“Краявіды басейна сярэдняга Сожа ў межах Магілёўскай і Паўночнай часткі Гомельскай вобласці”). М.С.Ратабыльскі з’являўся не толькі буйным вучоным і педагогам (аўтар і сааўтар больш за сем дзесяткаў навуковых прац, у т.л. 8 кніг), але і здольным кіраўніком, арганізатарам. На працягу шмат гадоў Мікалай Станіслававіч узначальваў кафедры фізгеаграфіі (1954-68), краіназнаўства (1968-73), быў дэканам геаграфічнага факультэта (1952-54), узначальваў фізіка-матэматычны факультэт (1953-54).
Дацэнт (1960) М.С.Ратабыльскі чытаў студэнтам курс фізічнай геаграфіі замежных краін, аховы прыроды.
Член геаграфічнага таварыства (з 1947) М.С.Ратабыльскі актыўна ўдзельнічаў у чатырох з’ездах Усесаюзнага таварыства, двух з’ездаў Геаграфічнага таварыства БССР. М.С.Ратабыльскі ўзначальваў секцыю фізічнай геаграфіі Магілёўскага аддзела таварыства, актыўна працаваў у шэрагах таварыства аховы прыроды, з’являўся лектарам таварыства “Веды”. Мікалай Станіслававіч увайшоў у гісторыю геаграфічнага факультэта і як першы летапісец гісторыі геаграфічнай адукацыі ў МДПІ.
Пасля закрыцця геаграфічнага факультэта МДПІ, дацэнт Ратабыльскі ў 1975-81 г.г. працаваў на кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання, дзе чытаў курсы агульнага землязнаўства, аховы прыроды.
Памёр славуты беларускі географ пасля цяжкай хваробы 1 студзеня 1985 года – у новым годзе яму давялося пражыць толькі некалькі хвілін.
Помнікам М.С.Ратабыльскаму з’яўляюцца яго навуковыя працы. Усяго М.С.Ратабыльскім было напісана больш за 70 навуковых прац, у т.л. 8 кніг, якія не згубілі сваёй актуальнасці і сёння. І зараз студэнты педфакультэта вывучаюць агульнае землязнаўства па падручніках М.С.Ратабыльскага (у сааўт з П.А.Лярскім), выкарыстоўваюць яго дапаможнік для практычных заняткаў.

1.1. 1.Пять туристических маршрутов по Могилёвской области: (В помощь руководителям походов).–Могилев, 1957 (у сааўт); 2.Очерки по географии Могилёва и его окрестностей.-Могилёв, 1959 (у сааўт); 3.География: Уч.пособ. (у сааўт).–Мн., 1963; 4.Общее землеведение и краеведение.-Мн., 1976 (у сааўт); 5.Могилёвская область.–Мн., 1968 (у сааўт); 6.Магілёўская вобласць //БелСЭ, т.6.-Мн., 1972; 7.География в Могилёвском пединституте //География в школах и вузах Белоруссии.-Мн., 1975; 8.Знай, люби и охраняй родную природу.-Мн., 1976 (у сааўт); 9.Пособие по географии для поступающих в вузы.–Мн., 1978 (у сааўт); 10.Практические занятия по землеведению и краеведнию.–Мн., 1978; 11.Землеведение и краеведение.–Мн., 1978, 1987. (у сааўт).
2.1.1.Ридевский Г.В. Научно-педагогическая деятельность Н.С.Ратобыльского.// Y-я абласныя Магілёўскія краязнаўчыя чытанні. - Магілёў, 1994. -С.108- 111; 2.Рыдзеўскі Г. М.С.Ратабыльскі //Географы і геолагі-ураджэнцы Магілёўскай вобласці. -Магілёў, 1995.-С.33-34; 3.Лярский П.А. Ратобыльский Н.С. //Педагог.(МГПИ).–1997.-№5; 4. Ратабыльскі М.С. //Прафесары і выкладчыкі геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. 1934 – 1978: Бібліяграфічны даведнік //Склад. І.М.Шаруха /Пад агульн.рэд. І.М.Шаруха, Т.М.Шаруха. –Магілёў, 2000. –С.60-62.
(П.А.Лярскі, Г.У.Рыдзеўскі, І.М.Шаруха).
С.Д.Ракоўскі | А.М.Розін
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!