Наверх

Куторга С.С.

Опубликовано: 4 дня назад (14 февраля 2020)
Блог: SharukhoGEO
0
Голосов: 0
Кутарга Сцяпан Сямёнавіч (1805-1861)
Геолог, прыродазнавец, картограф, падарожнік, стваральнік і першы старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, першы ў Расіі дарвініст і папулярызатар дарвінізму ў студэнцкім асяродку (1860). П.П. Сямёнаў-Цян-Шанскі, успамінаючы свае студэнцкія гады і выкладчыкаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выдзяляў сярод іх як лепшага нашага земляка – Сцяпана Сямёнавіча Кутаргу. Нарадзіўся С.С. Кутарга 24 (12) лютага 1805 г. у г.Мсціслаў. Нягледзячы на тое, што амаль усё яго жыццё прайшло ў Дэрпце і Пецярбургу, ён, разам са сваім братам –гісторыкамі, прафесарам Пецярбургскага універсітэта, штогод, пад час летніх канікулаў прыязджаў на радзіму, дзе веў асветніцкую дзейнасць сярод мясцовага насельніцтва. Пасля сканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта, вучыўся ў Дэрпцкім універсітэце. На прыканцы вучобы ў апошняй вну (1832) атрымаў ступень доктара медыцыны. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, у якім на працягу 28 год (1833-1861) узначальваў кафедру заалогіі. Прафесар (1835). Член шматлікіх рускіх і замежных прыродазнаўча-навуковых таварыстваў. Увогуле, Сцяпан Сямёнавіч быў у Расіі адным з нямногіх папулярызатараў навукі сярод шырокіх мас чытаючай публікі.У сяр. ХІХ ст. у Расіі амаль што не выдавалася навукова-папулярнай літаратуры, нават перакладная. Быў адзіным з нямногіх вучоных, працы якіх ведалі не толькі навукоўцы. Напрыклад, папулярныя нарысы аб шэрагу мясцовасцей Фінляндыі і Карэльскага перашыйка, напісаныя пасля падарожжаў па гэтых мясцінах у 1852-1854 гг., садзейнічалі масаваму прыезду туды экскурсантаў і пачынаючых даследчыкаў прыроды. Але ж найбольш вядомай навукова-папулярнай працай нашага земляка была “Гісторыя зямной кары”. У канцы 1850-х гг. у Расіі, дзякуючы заезджаму нямецкаму антрэпрэнеру, які знаёміў гледачоў і слухачоў у Імператарскім цырку (С.-Пецярбург) з геалагічным развіццём Зямлі пры дапамозе чарадзейнага ліхтарыка і вельмі нядрэнных малюнкаў, але дрэннага тэксту, рускія адукаваныя слаі грамадства загаварылі аб юрскім моры, іхтыязаўрах, плезіязаўрах, аб Лапласавай тэорыі паходжання планеты. Таму праца С.С.Кутаргі атрымала свайго чытача і з’явілася першым арыгінальным рускім выкладаннем геалогіі для шырокага кола насельніцтва. С.С.Кутарга зрабіў для развіцця геалогіі нямала. На працягу 20 год (1842-1861) ён з’яўляўся старшынёй Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, заснавальнікам першых рэгулярных выданняў прац таварыства, працаваў прафесарам мінералогіі і геалогіі Галоўнага педінстытута (Пецярбург). За працы па геалогіі ён атрымаў свае вышэйшыя ўзнагароды. Узнагароджаны і найбольш ганаровай і ўніверсальнай ў тагачаснай Расіі – Дзямідаўскай прэміяй (1852). Так была адзначана яго 10-вёрстная геагнастычная карта Пецярбургскай губерні (вынік 10-гадовых даследаванняў геалагічнай будовы губерні; складаннем карты займаўся ў вольны час). 17 сакавіка 1853 г. Савет Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства за працу па стварэнні карты ўзнагародзіў С.С.Кутаргу залатым Канстанцінаўскім медалём (вышэйшай і адзінай у той час узнагародай ІРГТ). Карце прафесара Куторгі даў высокую адзнаку і першы лаўрэат Канстанцінаўскага медаля прыродазнавец Гофман.
С.С.Кутарга, як пісаў К.Я.Ціміразеў, уяўляў сабой, “чуть ли не последний экземпляр уже сходившего со сцены типа натуралиста, совмещавшего в себе почти все отрасли естествознания”.
Самай вялікай заслугай С.С.Кутаргі лічыцца азнаямленне студэнтаў з эвалюцыйнай тэорыяй Ч.Дарвіна. Гэта здарылася на адной з уводных лекцый агульнага курса заалогіі ў 11 аўдыторыі універсітэта ў верасні 1860 г. (кніга Дарвіна “Паходжанне відаў” пабачыла свет у лістападзе 1859 г.). Кутарга пазнаёміў студэнтаў з гэтай тэорыяй “со свойственным ему мастерством, в ясных, сжатых чертах изложения содержания этой удивительной книги, которая показывает нам органический мир в совершенно новом свете”. Так апісаў гэтую падзею тагачасны студэнт 1 курса, а потым вядомы вучоны –К.А.Ціміразеў. А менш чым праз год пасля гэтай лекцыі, 7 мая (25 красавіка) 1861 г. прафесара Кутаргі не стала.
АСНОЎНЫЯ ПРАЦЫ: Собрание сочинений. Т.1-2.-СПб., 1894; Геогностическая карта Петербургской губернии, 1852; Естественная история земной коры.-СПб., 1858; Общий закон появления, существования и исчезновения организмов: Б.-ка для чтения.-1850.-Т.99.-Ч.1; Описание нескольких видов окаменелостей из долины Салгира при Симферополе.-СПб., 1834; Химические законы образования, разрушения и преобразования минеральных форм.-СПб., 1850.
БІБЛІЯГРАФІЯ: Куторга С.С. //БелСЭ.-Мн., 1972.-Т.6; Куторга С.С. //БСЭ.-2-е изд.-М.,1954.-Т.24; Дамінікоўскі Ф. Браты Куторгі //Беларусь.-1946.-№8; Куторга С.С. //Караткевіч У. Мсціслаў.-Мн.,1985; Куторга С.С. //Ткачоў М.А., Трусаў А. А. Старажытны Мсціслаў.-Мн., 1992; Куторга С.С. //Фёдорова В.П. Развитие методики естествознания в дореволюционной России.-М., 1958; Пузыревский П. Краткий очерк жизни и трудов С.С.Куторги //Записки С-П. минералогического общества. Сер.2.-1867.-Ч.2; 9. Радзіма Куторги С.С. //Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Магілёўская вобласць.- Мн., 1986; Кутарга Сцяпан Сямёнавіч //Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энц.даведн. - Мн., 1995; Болатаў А.М. С.С.Куторга //Географы і геолагі – ураджэнцы Магілёўскай вобласці.-Магілёў, 1995.-С.16-19; Кутарга С.С. //Выпускнікі і навучэнцы Магілёўскай мужчынскай гімназіі (1809-1999).-Магілёў, 1999; Болатаў А.М. С.С. Куторга // Нашы знакамітыя землякі: географы і геолагі – ураджэнцы Магілёўскай вобласці: Біёграфа-бібліяграф. даведнік / Аўтары-склад.: А. Катлёнак, Г. Рыдзеўскі, У. Хамякоў і інш.; Пад агульн. рэд.І.М. Шарухі. – Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2004.
А.М. Болатаў, І.М. Шаруха
Кусов Е.А. | Кучко-Алейникова Л.П.
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!