Наверх

Крубич-Лебедев Борис Ал.

Опубликовано: 107 дней назад (14 февраля 2020)
Блог: SharukhoGEO
Просмотров: 27
0
Голосов: 0
Барыс Аляксеевіч Крубіч-Лебедзеў (1893-1962)
Геабатанік, фізіка-географ, прыродазнавец, член геаграфічнага таварыства, адзін з першых членаў батанічнага таварыства, педагог. Нарадзіўся 8 верасня 1893 г. у сталіцы імперыі ў сям’і служачага Варшаўскай чыгункі; з дварані. У дзяцінстве часта бываў у Марыінскім тэатры, дзе працавала артысткай яго бабуля, не аднойчы сядзеў на каленках у самога Ф. Шаляпіна. Ужо з дзяцінства добра разбіраўся ў музыцы і тонкасцях тэатральнага мастацтва. Пасля сканчэння класічнай гімназіі патрыятычна настроены юнак паступіў добраахвотнікам на вайсковую службу ў 3-і Фінляндскі полк. Прапаршчык (1915), падпа¬ручнік (1916), паручнік (1917), камандаваў узводам, паўротай, ротай, прымаў удзел у жор¬сткіх баях Першай імперыялістычнай у Галіцыі, Цэнтральнай Прусіі. Быў інтэрніраваны разам з часткамі 4-й Арміі, але збег з палону. Пасля рэвалюцыі ўрад Савецкай рэспублікі запрасіў яго ў якасці ваенспеца на службу, якой ён аддаў 10 сваіх самых лепшых год жыцця (1917-1926). Крубіч-Лебедзева чакала бліскучая вайсковая кар’ера, але ён, чым далей служыў, тым больш адчуваў, што армія – не яго стыхія. Як ён напіша пазней у сваёй аўтабіяграфіі, “нягледзячы на франтавыя ўмовы шмат працаваў у галіне прыродазнаўчых навук”, бо навакольная прырода яго з маленства. І гэтая акалічнасць вырашыла яго далейшы лёс. З 1926 г. распачаў працу, што была звязана з вывучэннем раслін, іх геаграфіі. У 1926-1930 гг. працаваў лабарантам, загадчыкам Центральнай базы хімфармгандлю (Ленінград), уваходзіў у склад стандартызацыйнай камісіі па лекава-тэхнічнай сыравіне, кансультантам па раслінах у розных савецкіх установах. Закончыў курсы пры Галоўным Батанічным садзе АН СССР (тым самым Аптэкарскім агародзе, які быў заснаваны яшчэ Пятром Вялікім). У 1930-1931 гг. працаваў разам з праф. Ю. Воранавым у гербарыі Галоўнага Батсада, цікавіўся пытаннямі вывучэння Каўказскай флоры. Прыкладна ў гэты ж час актыўна займаецца самаадукацыяй. Акрамя ўдасканалення ведаў па французскай мове і латыні (вывучаў ў гімназіі), шмат часу аддаў вывучэнню нямецкай і іспанскай моў. Свабоднае валоданне мовамі садзейнічала знаёмству з замежнымі літаратурнымі крыніцамі па прыродазнаўству. Набыўшы грунтоўныя веды па прыродазнаўству, адчуў неабходнасць перадаваць іх іншым. З 1931 г. выкладае прыродазнаўча-геаграфічныя дысыпліны ў школах Ленінграда. Прафесар Ленінградскага педінстытута С. Паўловіч убачыў у Крубіч-Лебедзеве яркага метадыста і з гэтай прычыны запрасіў яго на працу асістэнтам па кафедры методыкі прыродазнаўства ЛДПІ імя М. Пакроўскага. Але ў Барыса Аляксеевіча не было дагэтуль пасведчання аб вышэйшай адукацыі. Тады ён паступае на завочнае аддзяленне таго ж факультэта, дзе сам і выкладаў. Удзельнік абароны Ленінграда (начальнік медыка-санітарнай каманды, загадчык пажарнай часткі сіл СПА). У 1942 г. яго хворага ледзь угаварылі на эвакуацыю з горада (у гэты час загінуў яго сын Леанард, 1924-1942). З цяжкім сэрцам пакідаў навуковец сваю ленінградскую кватэру, у якой заставалася велізарная бібліятэка – толькі кніг па прыродазнаўству налічвалася больш за 5 тысяч. У эвакуацыі (г. Сернаводск Куйбышаўскай вобласці) працаваў дырэктарам школы (1942-1944). У лістападзе 1944 г. быў запрошаны на працу ў разбураны вайной Магілёў. Яго прызначылі дэканам геаграфічнага факультэта і загадчыкам кафедры прыродазнаўства. Чытаў курсы геаграфіі раслін на геаграфічным факультэце педінстытута, батаніку і методыку прыродазнаўства на прыродазнаўча-геаграфічным аддзяленні настаўніцкага інстытута. Яго намаганнямі стала папаўняцца інстытуцкая бібліятэка (сотні кніг былі атрыманы ў падарунак ад ленінградскіх, маскоўскіх вну, некалькі соцен – з яго асабістых фондаў). Ён паспяхова перадаваў студэнтам набыты ў ленінградскіх навучальных установах станоўчы вопыт, вучыў збіраць гербарый, рабіць табліцы, аплікацыі, малюнкі, праводзіць палявыя даследванні. Як дэкан займаўся і выхаваўчай працай. Ён вельмі любіў музыку, добра яе ведаў, імкнуўся любоў да музычнага мастацтва прывіць студэнтам і выкладчыкам. У 1946 г. набыў рэдкую па тых часах радыёлу “Мінск”, якая хутка была пераўтворана народнымі ўмельцамі ў партатыўны праігрывацель. З яго дапамогай ён стаў чытаць лекцыі спачатку для студэнтаў, а потым і для больш шырокай аўдыторыі слухачоў. Слава музыказнаўцы хутка абляцела Магілёў, яго з вялікай ахвотай сталі запрашаць у розныя ўстановы. 29 кастрычніка 1946 г. Б.А.Лебедзеў па стану здароўя (па вуснай заяве, афіцыйная версія; неафіцыйная – з прычыны жорсткай крытыкі кіраўніцтва інстытута, за тое што «неоднократно оговаривался репликами, чуждыми советской современности») быў вызвалены з займаемых пасад і пераехаў на жыллё ў Ленінград. Не адзін год пасля гэтага да вучонага прыязджалі яго магілёўскія калегі-географы: хто за метадычнай дапамогай, хто параіцца, хто папрацаваць з яго багатай навуковай бібліятэкай, хто проста, падчас камандзіровак, стажыровак; некалькі разоў у яго квартыраваў П.А. Лярскі, калі прыязджаў на сустрэчу з акад. Л.Бергам, па справах напісання кандыдацкай дысертацыі. Памёр вычоны ў 1962 г.
АСНОЎНЫЯ ПРАЦЫ: К вопросу о засоренности лектехсырья //Химико-фармацевтический журнал. –1927; Жуки-вредители лектехсырья //там жа; 1928; Бабочки-вредители лектехсырья // там жа; Клещи-вредители лектехсырья и меры борьбы с ними //там жа; Какие лекарственно-технические растения следует собирать в Ленинградской области. - Л., 1929; Спорынья //Разноэкспорт. - 1929.-№6; Анис и кориандр //там жа.-1929.-№7; Материалы к составлению Госстандарта на лектехсырье //Госстандарты на лектехсырье.-Л., 1929; Биологический словарь для учителя естествознания. - Л., 1939.
БІБЛІЯГРАФІЯ: Ратобыльский Н.С. География в Могилёвском педагогическом институте // География в школах и вузах Белоруссии. - Мн., 1975; Лярский П.А. Первый послевоенный декан геофака // Універсітэцкі веснік.(Магілёў).-1998.-№12; Шаруха І. 65 гадоў геафаку МаДУ // Геаграфія: праблемы выкладання.- 1999.- №3; 4. Лярский П.А., Шарухо И.Н. Б.А. Крубич-Лебедев //Прафесары і выкладчыкі геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстутута (1934–1978): Біябібліяграфічны даведнік /Склад. І.М. Шаруха /пад агульн. рэд. І.М. Шаруха, Т.М. Шаруха. – Магілёў, 2000.
І.М.Шаруха
Красовский Вл. Ив. | Ксензов С.И.
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!