Наверх

100-год--Юбілей БНР—святкуем разам!

Опубликовано: 85 дней назад (1 марта 2018)
Рубрика: Без рубрики
Просмотров: 217
-1
Голосов: 3
Усім суседзям па 100.Стагоддзе абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі – найважнейшая дата кожнага Беларуса! Аднак не толькі нашая краіна сёлета святкуе стагоддзе незалежнасці. У 1918 годзе пра свой суверэнітэт заявілі ледзь не ўсе нашыя суседзі – апроч Расеі.

Краіны Балтыі, Украіна, Польшча і Беларусь – усе сёлета адзначаць першае стагоддзе абвешчання незалежнасці. Тады, перабываючы паміж дзвюма імперыямі, якія гінулі, – расейскаю і нямецкаю, – яны вырашыліся на самавызначэнне.
«Незалежнасць, парадачнасць – вось гэтая гістарычная нашая мінуўшчына, яна даражэйшая, чымся тая нафта», – казаў Аляксандр Лукашэнка.


Святкаванне 100-годдзя Літоўскай Рэспублікі

Сто гадоў таму і нашыя паўночныя суседзі аднавілі сваю незалежнасць. Прывітаць Літву з пачаткам сто першага года суверэнітэту на мінулым тыдні зʼехаліся амаль усе хаўруснікі ды суседзі.

«Тое быў надзвычай імклівы палёт у будучыню, у вольны свет. Нас намагаліся спыніць і знішчыць, сілаю сцерці любы напамін пра першую рэспубліку. Тады народ ізноў падняўся на барацьбу за незалежнасць. Мы працягваем справу першых заснавальнікаў дзяржавы», – заявіла ў Вільні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Літоўскія колеры і разнастайная звязаная з літоўскаю дзяржаўнасцю прадукцыя. Госці Вільні не змогуць не заўважыць, што краіна ўсцяж жыве гэтым святам. У сваю чаргу нашыя паўднёвыя суседзі, якія першыя ў той бурлівы год абвесцілі пра незалежнасць, кажуць пра Украінскую Народную Рэспубліку надзвычай знаёмыя словы.
«Калі б нашыя слаўныя продкі далёкага 18 года не пасеялі зерне ідэі незалежнасці, яна б ніколі не разраслася да практычна аднагалоснага падтрымання на рэферэндуме 1991 года», – сказаў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.
Без абвешчання Беларускай Народнай Рэспублікі можна было і не марыць пра савецкую Беларусь, а пасля пра незалежнасць.

БНР і УНР, нягледзячы на тэрытарыяльныя спрэчкі, вялі шчыльную дыпламатычную супрацу, а Кіеў нават выдаў Менску крэдыт на чатыры мільёны расейскіх рублёў. У выніку ўкраінскія незалежніцкія сілы паклалі свае спадзяванні ў Польшчы, якая абвесціла суверэнітэт толькі ў лістападзе, але мела куды мацнейшую пазіцыю.
Каментуе Віктар Рос, экс-амбасадар Польшчы ў Малдове і Арменіі, выкладчык «Collegium Civitas» у Варшаве:
«Была такая спроба стварыць кааліцыю паміж Пілсудскім і Пятлюрай супраць бальшавікоў, але Пілсудскі ад гэтага адмовіўся, што смутна адбілася на палітычны перспектывах Украіны, якая не здолела абараніць сваю незалежнасць і была падзеленая».
Падзялілі на Рыжскім міры і тэрыторыю БНР. Усе краіны, што святкуюць сёлета стагоддзе незалежнасці, не засталіся суверэнныя пасля Другой сусветнай вайны. Але менавіта з гэтых датаў пачынаюць адлік сваёй самастойнай гісторыі.
«Для Польшчы гэта проста новае нараджэнне, гэта сон страшны, што цягнуўся ўсё XIX стагоддзе, калі ствараліся еўрапейскія краіны, умацоўваліся, рабіліся сапраўднымі дзяржавамі. А Польшча, тым часам падзеленая паміж трох захопнікаў, з цяжкасцю захоўвала сваю народную ідэнтычнасць», – працягвае Віктар Рос.

«Да сённяшняга дня шмат якія беларусы, што не вельмі ўсведамляюць гістарычныя працэсы, называюць Беларусь рэспублікаю. А ў слова «рэспубліка» ўкладаюць гэты сэнс правінцыі – часткі, не сапраўднай краіны, самастойнай, а часткі», – працягвае Уладзімір Мацкевіч.

Пры гэтым з навуковага гледзішча – гэта не праблема беларусаў як нацыі. Варта памятаць, што за мінулыя сто гадоў беларускі народ цалкам сфармаваўся.

«Мы маем такую гетэрагенную нацыю. То бок нацыю рознага паходжання. І з крыві і са свядомасцю былой ідэнтычнасці і як грамадзянская нацыя, што складаецца з людзей, якія выпадкова ў 1990 годзе мелі прапіску ў Беларусі. У нас ёсць усе адметныя чыннікі нацыі. Тэрыторыя, дзяржава і мова – незалежна ад таго, што ёй мала карыстаюцца», – лічыць Уладзімір Мацкевіч.
Сто гадоў таму, калі ў Менску ўпершыню залунаў бел-чырвона-белы сцяг і Рада Першага ўсебеларускага зʼезду заклікала беларускі народ «здзейсніць права на самавызначэнне», большасць беларусаў сябе лічыла ў найлепшым выпадку тутэйшымі. Шлях даўжынёю стагоддзе не быў просты, дакладна мог быць больш удалы, але цурацца ўласнае гісторыі ды сумаваць па імперскай велічы наўрад ці варта.
Запрашэнне ў падарожжа па мясцінах Дунін-Марцінкевіча | Беларус адзін пройдзе на лыжах 400 км праз усю Ісьляндыю
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!