Наверх

Геаграфію забудзеш – шмат праблем набудзеш!

Опубликовано: 1580 дней назад (27 февраля 2015)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 2 раза — последний 27 февраля 2015
Просмотров: 728
+2
Голосов: 2
В редакции Геоверсума оказалась статья известного белорусского экономико-географа, кандидата географических наук Вячеслава Николаевича Сосновского. Автор статьи затрагивает проблему недооценки географических факторов при создании, размещении и модернизации различных социально-экономических объектов в Республике Беларусь, рассуждает о роли и месте прикладной географии в современной экономике, науке и образовании. Статья носит дискуссионный характер, поэтому ждём ваших отзывов и комментариев.


=========================================================================

Геаграфію забудзеш – шмат праблем набудзеш!

Такая назва артыкула не выпадковая. Мне, як эканамісту-географу, даводзіцца часта аналізаваць выбар месца пры размяшчэнні розных новых аб’ектаў, якія ствараюцца ў нашай краіне ў апошнія гады. Вымушаны канстатаваць, што такі выбар ў большасці выпадкаў пакідае сумнае ўражанне. Вось толькі некалькі прыкладаў.

Месца для Беларускай АЭС, будаўніцтва якой ужо распачата ў Астравецкім раёне, было выбрана найперш зыходзячы з гідралагічных, сейсматэктанічных, інжынерна-геалагічных умоў. Безумоўна, яны патрабуюць абавязковага ўліку. Аднак ёсць і іншыя, не менш важныя. Напрыклад, наколькі эканамічна апраўданым з’яўляецца яе пабудова ў Астравецкім раёне? Вядома, што гэты рэгіён не адносіцца да індустрыяльна развітых у Беларусі. Куды пойдзе электраэнергія АЭС? На якую адлегласць яна будзе перадавацца? Сцвярджаецца, што яе можна будзе нават экспартаваць. Але ж побач ствараецца АЭС у Калінінградскай вобласці Расіі. Ды і Польшча распачынае атамны праект, а Літва не збіраецца яго канчаткова закрываць. Яшчэ больш пытанняў узнікае ў сувязі з экалагічным чыннікам. Будаваць на адлегласці 10-15 км ад Нарачанскага нацыянальнага парку вытворчыя аб’екты можна было б толькі тады, калі б гэта была не АЭС, а АЗС. Вядома нават вучням сярэдняй школы, што над Беларуссю пануюць заходнія паветраныя масы. Што будзе з краінай, яе людзьмі, калі, не дай Божа, здарыцца нешта падобнае накшталт Чарнобыльскай катастрофы? А хто можа гарантаваць, што такое не паўторыцца? Гарант канстытуцыі? Ужо сам факт такой канцэнтрацыі атамнай энергетыкі ў названым рэгіёне прымушае задумацца. Я ўжо не кажу пра сродкі на будаўніцтва, якія давядзецца вяртаць за атрыманую пазыку з боку Расіі не адно дзесяцігоддзе той самай электраэнергіяй. Пры гэтым сучасныя энергетычныя магутнасці Беларусі, па меркаванні спецыялістаў, недавыкарыстоўваюцца, а цана на арганічнае паліва, у адрозненні ад урану, можа нават змяншацца.

Напэўна, мне могуць запярэчыць і сказаць, што тут усё пралічана, праект прайшоў розныя экспертызы і г.д. Як навуковец і чалавек, які пражыў ужо 60 гадоў, могу ўпэўнена сцвярджаць: тое, што здаецца сёння правільным ці, кажучы навуковай мовай, аптымальным, праз пэўны час можа выглядаць зусім інакш. Хуткае развіццё грамадства, змены ў сацыяльна-эканамічным і палітычным яго жыцці патрабуюць не толькі аператыўных, але і граматных, адказных рашэнняў. Ні ў якім разе нельга забывацца аб тым, што памылкі пры размяшчэнні любых гаспадарчых аб’ектаў не выпраўляюцца, а жорстка караюцца праз неабходнасць губляць сродкі на новае іх будаўніцтва альбо рэканструкцыю.

Дазволю сабе невялічкае адступленне і нагадаю, што галоўнае прызначэнне навукі – прадбачыць, пракладваць дарогу там, дзе грамадства сутыкаецца з невядомым, часам небяспечным. Як і кожная грамадская навука, сацыяльна-эканамічная геаграфія павінна імкнуцца прадбачыць, да якіх вынікаў могуць прывесці новыя з’явы і працэсы. А калі яны нясуць небяспеку грамадству – папярэдзіць і прадухіліць іх.
На жаль, адсутнічаюць глыбокія разважанні і ацэнкі навукоўцаў і ў сувязі са стварэннем у Смалявіцкім раёне Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парка. Адных эканамічных ацэнак адносна прарыву на інвестыцыйным фронце тут недастаткова. Такія маштабы прыцягнення замежнага капіталу і працоўнай сілы (калі не памыляюся, звыш 500 тыс. чалавек) паўплываюць не лепшым чынам не толькі на нацыянальную структуру насельніцтва, але і на яго занятасць, узмоцняць ціск на спажывецкі рынак, прыродны комплекс складанага ў экалагічных адносінах рэгіёна.

Эканоміка-геаграфічнае становішча, безумоўна, чыннік важны, але ні адным ім патрэбна кіравацца пры выбары месца для такога складанага аб’екта. Як вядома, значнае месца ў парку зойме хімічная вытворчасць, для якой водны чыннік адыгрывае не апошнюю ролю. Лічыць, што для яе хопіць вады вярхоўяў такіх рэк, як Волма і Уша было б памылковым. Дастаткова паглядзець на ўзровень вады ў гэтых водных крыніцах у цяперашні час, у іх вусці, каб пераканацца ў гэтым. І потым, у Беларусі ёсць іншы міжнародны аэрапорт, акрамя Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”. Аднак галоўнае заключаецца ў тым, што стварэнне такога парка на захадзе краіны, рэальна наблізіла б яго прадукцыю да еўрапейскага спажыўца і паспрыяла б збліжэнню ўзроўняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў Беларусі.

Вышэйнагаданыя прыклады пакуль не атрымалі поўнага практычнага ўвасаблення. Таму тое-сёе яшчэ можна было б паправіць, хаця, калі казаць шчыра, механізм запушчаны і спыніць яго не проста. Прызнаваць свае памылкі здольныя далёка не ўсе, нават Прэзідэнт.

Яшчэ адзін прыклад недарэчнага будаўніцтва ўжо рэалізаваны. Праўда, ён носіць больш лакальны характар, але ад гэтага не губляе сваёй вастрыні. Больш таго, дазваляе ўжо адчуць рэальныя страты. Не буду хаваць, што дадзены прыклад я ведаю, так бы мовіць, з нутры, таму як часта бываю ў аг.Заполле і гп.Смілавічы (мая малая Радзіма), якія у ім фігуруюць.

Справа ў тым, што пасля рэканструкцыі аўтадарогі М-4 Мінск – Магілёў (участак Мінск – Смілавічы) жыццё людзей, якія карыстаюцца ёю, умовы вядзення гаспадаркі, істотна пагоршылася. Размова ідзе найперш пра тры населеныя пункты: аг.Заполле, в. Снежкі (размешчаных па левы бок дарогі, калі рухацца з Мінска) і в.Карзуны (справа ад дарогі). У выніку такой рэканструкцыі цяпер даводзіцца здзяйсняць лішні круг (5 км), каб патрапіць з в.Карзуны ў аг.Заполле і такі самы круг, каб патрапіць з аг.Заполле ў в.Карзуны. Заўважу, што вышэйнагаданыя вёскі нельга аднесці да малых. Так, у аг.Заполле пражывае 1300 чалавек, у в.Карзуны – 450, у в.Снежкі – 130 чалавек. Пры гэтым практычна ўсе аб’екты сацыяльнай інфраструктуры (сярэдняя школа, ФАП, дзіцячы садок, бібліятэка, лазня, аддзяленне раённага КБА і інш.) сканцэнтраваны ў Заполлі. У многіх сем’яў радня ў суседніх вёсках. Да таго ж каля Карзуноў распачата буйная індывідуальная забудова на 149 участкаў, і хутка яшчэ дабавіцца жыхароў, якія таксама сутыкнуцца з патрэбай даступнасці сацыяльна-культурных аб’ектаў.

Што ж прапанавана ў якасці “злучальніка” паміж населенымі пунктамі? Як ні дзіўна – адкрытая эстакада! Яе вышыня звыш 10 метраў ад падэшвы дарогі. Здавалася б, што за праблема? Аднак яна ёсць. Бальшыня вяскоўцаў – людзі сталага ўзросту, для якіх пад’ём нават на такую вышыню ўяўляецца не простай задачай. Не намнога прасцей узабрацца на такі “Эверэст” і маладой маці з дзецьмі, асабліва зімой, каб яны своечасова патрапілі ў школку ці дзіцячы садок. А як пераадолець гэту перашкоду на кані? Адсутнасць шумаабаронных шчытоў, якія, здавалася б, абавязкова павінны быць у гэтым месцы (адлегласць ад трасы да першых дамоў не перавышае 10 метраў), зразумець могуць толькі людзі глухія.

Што казаць пра жывых, калі нават памерлых з Заполля і Сняжкі, каб правесці ў апошні шлях, трэба весці ў накірунку на Мінск, затым развярнуцца праз кіламетраў 5 і рушыць на Смілавічы (там размешчаны могілкі). Пагадзіцеся, што гэта нейкае дзікунства. Не толькі ў мяне, але і ў большасці грамадзян, якія сутыкнуліся з такімі падыходамі да рэканструкцыі, склалася ўражанне, што яе прает распрацоўваў у лепшым выпадку студэнт-дыпломнік. Куды прасцей (напэўна, і танней) было б пабудаваць падземны пераход. Тым больш, што такія пераходы на трасе існуюць і злучаюць, як правіла, населеныя пункты меншыя па колькасці жыхароў за вышэйнагаданыя.

Я ўмысна адразу спыніўся на сацыяльным аспекце створанай гора-праектантамі праблеме, таму як жывем мы, калі верыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у сацыяльна-арыентаванай дзяржаве. Аднак ёсць яшчэ і эканамічны яе аспект. Большая частка сельскагаспадарчых зямель ААТ ”Запольскае” (60%), дзве малочна-таварныя фермы размешчаны на другім баку аўтадарогі М-4, г.зн. штодзённа даводзіцца спальваць сотні літраў бензіну і саляркі, каб патрапіць на патрэбныя аб’екты. А колькі даводзіцца іх спальваць у час уборкі і нарыхтоўкі кармоў! Заўважу, што дадзенае прадпрыемства далёка не лідар у сельскагаспадарчай вытворчасці Чэрвеньскага раёна. А хто падлічыць, колькі каштуе і будзе каштаваць спаленае паліва аўтааматарамі, якія едуць на працу ў Мінск, з Мінску да сваіх бацькоў і па іншых справах і кожны раз вымушаны накручваць нікому не патрэбныя кругі? Колькі часу і грошай будзе згублена пры гэтым? Як эканаміст-географ, магу ўпэўнена сцвярджаць, што тэндэнцыя да ўзмацнення маятнікавай міграцыі захаваецца і надалей, бо звязана ў значнай ступені з недахопам працоўных месцаў на вёсцы.

Прыкладаў такога “навуковага абгрунтавання” будаўніцтва, на жаль, шмат і тычацца яны не толькі вытворчых аб’ектаў. Мяне не проста здзіўляе, а ўзрушае тое, што назіраецца пры размяшчэнні сучасных гандлёвых цэнтраў (так званых “Прастораў”, “Карон”, “Еўраоптаў” і інш.). Даводзіцца назіраць, калі два такія “магазіны” ствараюцца літаральна на адзін і другі бок дарогі (Мінск, вул.Маякоўскага , прыпынак “вул.Сяменава”). Вядома, што ўжо сёння па забяспечанасці насельніцтва гандлёвай плошчай Беларусь перагнала шэраг еўрапейскіх краін. Навошта бяздумна “ляпіць” такія “гандлёвыя монстры”?

Некалькі слоў пра абгрунтаванасць мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў. Тое, што часам назіраецца пасля яе правядзення, таксама здзіўляе. З вуснаў Прэзідэнта аднойчы прагучала наступнае (перадаю сутнасць): “Правялі мадэрнізацыю, а пра тое, на якіх рынках будзе рэалізавана прадукцыя, не падумалі”. Пра што ідзе размова? Пра дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, пра цэментныя заводы … Дык той самы цэмент яшчэ можна пераарыентаваць на будаўніцтва дарог, што, дарэчы, і будзе рабіцца. А што будзем рабіць з прадукцыяй дрэваапрацоўчых камбінатаў? Не вазіць жа яе ў краіны Афрыкі. Хаця такі заклік да Ўрада Беларусі адносна, праўда, малочнай прадукцыі, Прэзідэнт рабіў раней.

Зразумела, газета – не тое месца, дзе трэба весці грунтоўныя навуковыя спрэчкі. Для гэтага ёсць іншыя “пляцоўкі”. Скажу шчыра, са свайго боку я імкнуся засяродзіць увагу на праблемах тэрытарыяльнай арганізацыі жыцця грамадства на старонках спецыялізаваных часопісаў. Апошні надрукаваны ў часопісе “Земля Беларусі за 2014 у №3 і закранае праблему спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці адміністрацыйных раёнаў краіны. Аднак чытаюць іх не заўсёды тыя, каму прызначана інфармацыя. Глыбока перакананы ў тым, што праблемы, якія тычацца значнай колькасці людзей, павінны адкрыта абмяркоўвацца грамадствам. Толькі такі шлях дазволіць пазбегнуць памылак і наблізіць нас да дэмакратыі.

Сваімі сённяшнімі разважаннямі мне хацелася б найперш прыцягнуць увагу да геаграфіі як навукі і школьнага прадмета. З прыведзеных прыкладаў бачна, што ў сучасных умовах прысутнасці географаў пры абгрунтаванні размяшчэння народнагаспадарчых аб’ектаў амаль не адчуваецца. Шукаць вінаватых – справа не ўдзячная. Тым не менш хочацца падкрэсліць, што, з аднаго боку, здымаць поўнасцю адказнасць з сябе і іншых сваіх калег эканамістаў-географаў, асабліва практыкаў, за яўныя памылкі пры размяшчэнні, мне не хацелася б. Не сакрэт, што часта там, дзе трэба “біць у званы” назіраецца поўная цішыня, а часам і падтрымка сумніўных праектаў. З другога боку, наколькі шырока яны ўцягнуты ў прыняцце рашэнняў, ці звяртаюцца чыноўнікі Ўрада за правядзеннем экспертызы да спецыялістаў гэтага профілю? Калі меркаваць аб сучасным стане галоўнай у краіне ўстановы ў галіне праектавання (гэта інстытут Белдзяржпраект), адказ відавочны. Як пісала “Наша Ніва” у №45 за 3 снежня 2014 г.: “сам інстытут хутчэй мёртвы, чым жывы”.

У гэтай сітуацыі мне бачыцца толькі адно выйсце: як мага больш грунтоўна ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў праектыроўшчыкаў у час іх навучання. Праўда, нельга забывацца аб тым, што геаграфічнага складальніка ў гэтай падрыхтоўцы амаль няма і вельмі сумніўна, што ён з’явіцца ў бліжэйшыя гады. Таму выйсце трэба шукаць не ў студэнцкай аўдыторыі, а ў школьным классе, павялічыўшы гадзіны на вывучэнне прыкладной геаграфіі. Сённяшнія 1-2 гадзіны на тыдзень не могуць сфарміраваць прасторавага мыслення, а без яго жыць і працаваць не магчыма. Усё наша жыццё адбываецца ў часе і прасторы, а выбар месца (для пабудовы прамысловага прадпрыемства, для адпачынку, для гандлю і інш.) заўсёды будзе вызначальным у прасторавым жыцці. Мы нават не заўважаем, наколькі цесна яно звязана з гэтым прадметам. Назвы населеных пунктаў – гэта тапаніміка, перамяшчэнне з аднаго населенага пункта ў другі – геаграфія транспарту, знаёмства з культурай і побытам насельніцтва – этнагеаграфія, гандаль з замежнымі краінамі – геаграфія гандлю і г.д. Дзе, як не на ўроках геаграфіі, можна атрымаць веды, якія складаюць брэнд Беларусі і іншых краін свету. Часта з вуснаў кіраўніка дзяржавы, іншых чыноўнікаў можна пачуць, што эканоміка Беларусі зарыентавана на экспарт. А што мы рэальна ведаем пра ёмістасць сусветнага рынку з пункту гледжання паглынання нашай прадукцыі? Геаграфічны маркетынг – гэта не гульня ў новыя словы, а патрэба сённяшняга дня і вучыць яго асновам неабходна ўжо ў школе. На маю думку, асноўны акцэнт пры вывучэнні геаграфіі, асабліва ў старэйшых класах, трэба рабіць менавіта на прыкладную геаграфію. А “прыкласціся”, як сведчаць прыведзеныя факты, ёсць да чаго.

З павагай, Сасноўскі Вячаслаў Мікалаевіч, канд. геагр. навук, дацэнт.
Обсуждаем тестовую версию ГИС «Геоинформационная система развития агроэкотуризма районов Брестской и Гродненской областей»
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!