Наверх

Чаму геафаку БДУ не хапіла абітурыентаў, або Як змены ў пераліку ўступных экзаменаў могуць сапсаваць набор?

Опубликовано: 13 дней назад (13 октября 2016)
Рубрика: Без рубрики
Редактировалось: 1 раз — 13 октября 2016
Просмотров: 66
+1
Голосов: 5
У ліпені пасля залічэння на бюджэтную форму навучання некалькі ўніверсітэтаў абвясцілі дадатковы набор. Нечакана было ўбачыць у гэтым спісе Белдзяржуніверсітэт і тым больш спецыяльнасці, якія традыцыйна карысталіся вялікім попытам як у абітурыентаў, так і ў работадаўцаў. Калі б некалькі гадоў назад хтосьці сказаў, што на “Геалогію і разведку карысных выкапняў” прымуць усіх жадаючых і нават застануцца вольныя месцы, у гэта немагчыма было б паверыць. Тое ж і са спецыяльнасцямі “Геаінфармацыйныя сістэмы” і “Гідраметэаралогія”. Сітуацыя не проста крыўдная, а ў найвышэйшай ступені несправядлівая. Чаму так адбылося? Паспрабуем разабрацца.
Дзмітрый Іваноў.Дэкан геаграфічнага факультэта БДУ Дзмітрый Іваноў:

“На жаль, большасць патэнцыяльных абітурыентаў і іх бацькоў часта думаюць, што геаграфія зводзіцца да ведання таго, дзе знаходзяцца розныя краіны. Маўляў, калі ёсць навігатар, дык навошта вывучаць геаграфію. Між тым гэта вельмі рознабаковая навука, якая вывучае ўсе праблемы сучаснага свету: эканамічныя, палітычныя, экалагічныя, сацыяльныя. Ахапіць усе працэсы, што працякаюць на планеце, і звесці іх у адзінае можа толькі геаграфія. Ніякая іншая спецыяльнасць ні на адным факультэце не дае выпускніку такога шырокага кругагляду і светаразумення, як любая спецыяльнасць геаграфічнага профілю. Нашы выпускнікі вельмі добра арыентуюцца ва ўсіх сусветных падзеях, ведаюць іх першапрычыны і ўмеюць даваць ім адэкватную ацэнку”.
Уапошнія гады на геаграфічным факультэце была даволі ўдалая схема залічэння. Усе абітурыенты здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па геаграфіі, матэматыцы і мове (рускай ці беларускай), а потым залічваліся на розныя спецыяльнасці ў залежнасці ад набраных балаў. Агульны конкурс істотна павышаў шансы абітурыентаў на паступленне, і яны ахвотна здавалі адпаведныя тэсты. Тым больш што з сертыфікатамі па матэматыцы і геаграфіі можна было паступаць яшчэ і на спецыяльнасці турыстычнага профілю, напрыклад, у эканамічны ўніверсітэт ці ўніверсітэт фізкультуры. Тады самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі на геаграфічным факультэце былі “Геаінфармацыйныя сістэмы” і “Геалогія і разведка карысных выкапняў”. На іх паступала шмат алімпіяднікаў, а прахадныя балы на месцы, што заставаліся пасля іх залічэння, дасягалі 330. Сёння на геафаку тыя часы ўспамінаюць з настальгіяй…
Як паведаміў дэкан факультэта Дзмітрый Леанідавіч Іваноў, цяперашняя гісторыя з недаборамі бярэ пачатак яшчэ ў пазамінулым годзе. Тады на дзве спецыяльнасці — “Геаінфармацыйныя сістэмы” і “Геалогія і разведка карысных выкапняў” — здачу геаграфіі пры паступленні ўвогуле адмянілі, а ў якасці ўступных экзаменаў увялі фізіку і матэматыку. Гэтае рашэнне прымалася без удзелу геаграфічнага факультэта, і для многіх такое рашэнне стала сапраўдным шокам. Проста хтосьці вырашыў, што паколькі ў БНТУ ёсць спецыяльнасць “Геалогія і здабыча карысных выкапняў” і пры паступленні туды здаюць фізіку і матэматыку, то і на геафаку трэба зрабіць такія ж уступныя выпрабаванні.
Падобная сітуацыя склалася і з “Геаінфармацыйнымі сістэмамі”. Напачатку гэта быў напрамак спецыяльнасці, і калі яго павысілі да спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы (зямельна-кадастравыя)”, то ў Агульнадзяржаўным класіфікатары яе аднеслі да тэхнічных навук. Абітурыентам, адпаведна, прапаноўвалася здаваць у якасці ўступных экзаменаў фізіку і матэматыку.
На геафаку адразу заявілі, што такая камбінацыя экзаменаў вельмі няўдалая і бацькі закідаюць факультэт просьбамі вярнуць геаграфію, што ў выніку і адбылося. Міністэрства адукацыі мусіла ўжо на этапе ўступнай кампаніі прымаць меры. Паколькі частка дзяцей рыхтавалася да здачы геаграфіі, а частка пачала рыхтавацца да фізікі, то спецыяльнасць падзялілі на дзве часткі: адны дзеці здавалі геаграфію і матэматыку, а другія — фізіку і матэматыку. Апошнія, дарэчы, прайшлі тады на факультэт без конкурсу, былі залічаны ўсе, хто падаў дакументы.
Да ўступнай кампаніі 2015 года геафаку ўдалося вярнуць геаграфію ў якасці ўступнага іспыту на факультэт. Што да спецыяльнасці “Геалогія і здабыча карысных выкапняў” (яна ўваходзіць у вучэбна-метадычнае аб’яднанне БНТУ), то цяпер сюды патрабаваўся ўжо зусім экзатычны камплект экзаменаў: руская ці беларуская мова, геаграфія і фізіка.
Ва ўніверсітэце разумелі, што з такім камплектам сертыфікатаў здзейсніць набор на спецыяльнасць будзе надзвычай складана. Таму, каб не пакідаць яе ў адзіноце, было прынята рашэнне стварыць групу спецыяльнасцей і ўвесці экзамен па фізіцы яшчэ на “Гідраметэаралогію” і “Геаінфармацыйныя сістэмы” і потым правесці агульны конкурс. На жаль, гэтая мера не спрацавала.
“Сёлета ва ўсёй краіне гэтае спалучэнне прадметаў — геаграфіі і фізікі — здавалі ўсяго 64 абітурыенты, — гаворыць Дзмітрый Іваноў. — Бюджэтны прыём на адпаведныя спецыяльнасці быў 57 чалавек (29 — на геафак БДУ, 5 — на ваенны факультэт БДУ і 23 — на спецыяльнасць “Геалогія і разведка карысных выкапняў” у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны). Але выйшла так, што вызначаны парог на цэнтралізаваным тэсціраванні (20 балаў па геаграфіі і 10 балаў па фізіцы) пераадолелі ўсяго 54 чалавекі. Банальна на ўсіх не хапіла абітурыентаў! На геафак было залічана 26 чалавек, на ваенны факультэт — 3 чалавекі”.
Пётр Лопух.Старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Пётр Лопух:

“На жаль, прэстыж геаграфіі моцна знізіўся, бо сёння яе трэба здаваць толькі на лічаныя спецыяльнасці. Раней экзамен па гэтым прадмеце здавалі пры паступленні на міжнародныя адносіны, і гэта правільна, бо будучым дыпламатам трэба арыентавацца ў розных глабальных працэсах. А зараз будучыя дыпламаты добра ведаюць мовы, а геаграфіі не ведаюць. Акрамя таго, геаграфію раней здавалі пры паступленні на эканамічныя спецыяльнасці, што таксама ўзнімала цікавасць да яе сярод моладзі.

Яшчэ адна прычына зніжэння прэстыжу геаграфіі — у тым, што ў школе яе часта выкладаюць не спецыялісты. Урокі вядуць тыя, каму не хапае гадзін па іншых прадметах. Зразумела, яны не могуць зацікавіць школьнікаў, бо гэты прадмет не іх.

Між тым геаграфія — адзіны прадмет у школе, які валодае комплексным метадам аналізу і прагназавання ўсіх працэсаў і з’яў, у тым ліку развіцця грамадства, змянення клімату і г.д. Не прыніжаючы значэння фізікі, хіміі, гісторыі, хачу адзначыць, што менавіта геаграфія вывучае сацыяльныя і прыродныя з’явы ў комплексе, што ў выніку і фарміруе светапогляд кожнага вучня.

Нездарма студэнты геаграфічнага факультэта незалежна ад таго, на якой спецыяльнасці вучацца, авалодаўшы комплексным падыходам, могуць лёгка ўпісацца ў грамадства і знайсці сваё месца ў навуцы і вытворчасці”.
Пасля правядзення дадатковага набору факультэту ўдалося дабраць студэнтаў на спецыяльнасці “Геалогія і разведка карысных выкапняў” і “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Маладыя людзі, якія напачатку падалі дакументы ў ГДУ імя Францыска Скарыны, але не прайшлі па конкурсе, паступілі ў БДУ. Залічаны таксама двое грамадзян Луганскай вобласці. Але на “Гідраметэаралогіі” ўсё роўна засталіся вольныя месцы. І не таму, што спецыяльнасць не запатрабавана, а таму, што пералік экзаменаў аказаўся надзвычай няўдалым. Многія абітурыенты разумелі, што з сертыфікатамі па фізіцы і геаграфіі можна паступаць на вельмі вузкі спектр спецыяльнасцей, і вырашылі не рызыкаваць.
У выніку набор на згаданую групу спецыяльнасцей быў фактычна правалены. Там жа, дзе абітурыенты традыцыйна здавалі геаграфію і матэматыку — спецыяльнасці “Геаграфія (напрамак “геадэмаграфія”)”, “Геаграфія (напрамак “навукова-педагагічная дзейнасць”)” , “Геаэкалогія”, — адбыўся нармальны набор.
Самае крыўднае, што цяперашні пералік экзаменаў на спецыяльнасці геаграфічнага факультэта застанецца нязменным і ў будучым годзе. Летам універсітэт падрыхтаваў пісьмо ў Міністэрства адукацыі з просьбай вярнуць на ўсе спецыяльнасці геаграфічнага факультэта ў якасці ўступнага экзамену матэматыку замест фізікі. Ініцыятыву падтрымалі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па спецыяльнасці “Геалогія і разведка карысных выкапняў”, Белгідраметцэнтр — па спецыяльнасці “Гідраметэаралогія”, Дзяржаўны камітэт па маёмасці — па спецыяльнасці “Геаінфармацыйныя сістэмы”. Аднак па правілах заяўкі на пералік прадметаў уступных выпрабаванняў павінны падавацца не пазней, чым за 10 месяцаў да пачатку рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэсціраванне. Паколькі адпаведнае пісьмо было накіравана ў Міністэрства адукацыі ў ліпені, то геафаку адмовілі.
“Важна не тое, здавалі ці не здавалі абітурыенты фізіку на цэнтралізаваным тэсціраванні, а тое, на якім узроўні ім чытаецца фізіка падчас вучобы ва ўніверсітэце. Маладыя людзі з высокімі баламі па геаграфіі здольны засвоіць фізічныя дысцыпліны, можа, нават лепш, чым тыя, хто прыходзіць з нізкімі баламі па фізіцы”, — гаворыць дэкан.
Безумоўна, на геаграфічным факультэце не збіраюцца сядзець і чакаць паўтарэння сёлетняй сітуацыі. Распрацавана сістэма прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, школамі, профільнымі класамі і настаўнікамі. Штомясяц на факультэце запланавана правядзенне дзён адкрытых дзвярэй. Зроблены пэўныя папраўкі ў плане набору на наступны год у бок павелічэння колькасці месцаў на тыя спецыяльнасці, дзе на ўступных экзаменах здаюцца традыцыйныя прадметы (геаграфія і матэматыка). На перспектыву разглядаецца магчымасць адкрыцця на факультэце новых кірункаў (профіляў), запатрабаваных сярод абітурыентаў і ў гаспадарцы краіны.
Сурацоўнікамі факультэта разам з вядучымі метадыстамі краіны распрацавана новая канцэпцыя геаграфічнай адукацыі для сярэдніх устаноў адукацыі, якая пачала працаваць з гэтага года. Істотна змянілася структура ўсяго вучэбнага курса, у тым ліку ў 11-х класах уведзены новы курс, у якім разглядаюцца ўсе глабальныя праблемы сучаснасці. Гэта, безумоўна, павінна павысіць цікавасць выпускнікоў школ да геаграфіі як вучэбнай дысцыспліны і навукі ў цэлым.
Як паведаміў загадчык кафедры агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Пётр Сцяпанавіч Лопух, супрацоўнікі факультэта прымуць удзел у шэрагу семінараў, якія праводзяцца па ініцыятыве Нацыянальнага інстытута адукацыі ў абласных цэнтрах для настаўнікаў і метадыстаў геаграфіі. Яны раскажуць, як зацікавіць школьнікаў вывучэннем геаграфіі на павышаным узроўні. Дарэчы, такія семінары ўжо праведзены ў Брэсце і Гомелі. Сёлета ў трох установах адукацыі Мінска пачалі працаваць спецыялізаваныя класы па геаграфіі, і стаіць мэта, каб іх колькасць павялічвалася і ў сталіцы, і ў рэгіёнах. Акрамя таго, для будучых абітурыентаў на факультэце працуе школа юных географаў, геолагаў і краязнаўцаў, больш інтэнсіўна пачала працаваць завочна-дыстанцыйная школа географаў, на базе факультэта дзейнічаюць тэматычныя навуковыя гурткі для школьнікаў.
Зрэшты, па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне, ці можа ўсё гэта прымусіць абітурыентаў здаваць на геаграфічны факультэт экзамен па фізіцы.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

"Настаўніцкая газета", 22.09.2016
9 мая произойдет редчайшее космическое событие
Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!